Замест таго, каб шукаць найлепшы дзіцячы цэнтр, гэта мама стварыла яго сама.
Мы размаўляем з адной з арганізатараў сямейнага цэнтра «Млын», што ва Уруччы, маладой мамай і прыгажуняй Вікай Язвінскай.
Я памятаю цябе яшчэ рускамоўнай студэнткай. Як адбылося, што са звычайнай дзяўчынкі вырасла беларускамоўная мама, адна з самых актыўных і канструктыўных з вядомых мне беларускамоўных мам?
У мяне заўсёды было добрае стаўленне да мовы, але, не буду хлусіць, нават ва ўніверсітэце я не думала, што пачну размаўляць на ёй у штодзённым жыцці.
Я думаю, што падмурак маёй беларускасці заклала яшчэ бабуля, якая жыла на вёсцы, дзе я дзіцём праводзіла штолета. Бабуля размаўляла на трасянцы з нейкім дыялектам, гэта была жывая і непаўторная мова.
На пятым курсе я прыйшла на працу ў рэкламную агенцыю, дзе пазнаёмілася са сваім мужам Змітром (саліст гурта Rahis). На адным з нашых першых спатканняў ён запрасіў мяне да сваіх сяброў, я пагадзілася, але ж яшчэ не ведала, што мяне там чакае.
Мы прыйшлі ў кампанію, дзе ўсе размаўлялі па-беларуску, дарэчы, мяне ніхто аб гэтым не папярэдзіў. Я ўвесь вечар прасядзела моўчкі, бо не ведала, як успрымуць тое, што я рускамоўная. Яшчэ доўгі час я размаўляла ў гэтай кампаніі па-руску, дзе мяне добра прынялі і ніхто не навязваў мне нічога, але, напэўна, карані і прыклад цудоўных людзей побач узялі сваё і праз некалькі год беларуская мова стала асноўнай мовай маіх стасункаў.
Таму, калі нарадзіўся наш Рычард, ці, па-дамашняму, Рысік, ужо не было пытанняў, на якой мове мы будзем яго выхоўваць, адказ быў адзін.
Цяжка расціць дзіцёнка беларускамоўным? Ці лёгка Рысіку размаўляць на дзіцячай пляцоўцы, з бабулямі-дзядулямі, суседзямі?
Трэба адзначыць, што мы не гадуем дзіцёнка ў гета і не абмяжоўваем яго кола стасункаў — у нас ёсць цудоўныя рускамоўныя сябры, з якімі Рысік находзіць агульную мову. На пляцоўцы я яго не прымушаю размаўляць толькі па-беларуску, лічу, што рабіць з-пад палкі будзе толькі горш, даю яму магчымасць самаму зразумець сітуацыю і зрабіць у будучым свой выбар.
Але дома, калі чуем рускія словы, просім сказаць тое ж па-беларуску. У свае тры гады ён ужо лёгка арыентуецца паміж мовамі і без праблем перакладае словы.
Бацькі Змітра таксама размаўляюць па-беларуску, мой бацька — па-руску. Мы нікому не навязваем свой пункт гледжання ў гэтым пытанні. Складанасцяў, канешне, болей, чым калі б мы размаўлялі па-руску. Галоўная праблема — гэта недахоп кніжак, гульняў і цацак на беларускай мове. Мульцікі глядзім і па-беларуску, і па-руску, але, калі ёсць аналаг мульціка з рускай агучкай на ангельскай, то выбіраем яго.
Я не раблю з двухмоўя нейкай праблемы, пакуль наша рэальнасць такая, якая ёсць, і гвалтаваць дзіцё, абмяжоўваць яго і нашае кола стасункаў па моўнай прыкмеце не лічу правільным. Я стараюся не думаць, цяжка ці не гадаваць дзіцё беларускамоўным, проста раблю ўсё магчымае, у тым ліку і сваім прыкладам, каб Рысік шанаваў мову, лічыў яе роднай і карыстаўся ёю ў дарослым жыцці.
Як рэагуе на вас грамадства? Вось у транспарце, на рынку, у паліклініцы?
Зараз карыстаемся дзвюма мовамі — беларускай і рускай у адпаведнасці з сітуацыяй, у мяне засталіся старыя рускамоўныя сябры, з некаторымі з іх я перайшла на беларускую, з некаторымі па звычцы працягваю стасавацца па-руску.
На мову грамадства рэагуе па-рознаму, у большасці добра.
Некаторыя, калі чуюць, што мы размаўляем па-беларуску, таксама пераходзяць на нашую мову, некаторыя выбачаюцца, што не ведаюць яе і просяць дазволу размаўляць са мной па-руску, большасць аніяк не рэагуе, як так і трэба.
Калі чуюць, што Рысік размаўляе па-беларуску, ёсць тыя, хто лічыць патрэбным папярэдзіць мяне пра складанасці, якія чакаюць яго ў будучыні, напрыклад, адсутнасці вышэйшай адукацыі на беларускай мове, але я жыву сённяшнім днём і лічу, што трэба вырашаць праблемы па меры іх паступлення.
Негатыву, звязанага з гэтым пытаннем, я не памятаю, але, калі ён і здараецца, стараюся не браць да галавы, разумею, што кожны мае права на свой выбар, і змяніць пазіцыю дарослага чалавека вельмі складана.
Была сітуацыя, калі ў адной з рускіх суполак livejournal я папрасіла мадэратара памяняць у метках назву нашай краіны з Белоруссии на Беларусь. У нас атрымалася вельмі гарачая дыскусія, я была абазвана нацыяналісткай і амаль што адпраўлена самі ведаеце куды.
Тады я моцна перажывала, што не змагла нічога даказаць і адстаяць сваю пазыцыю. Зміцер супакойваў мяне і сказаў, што галоўнае, што я пасадзіла ў галаву таго мадэратара зярнятка таго, што ён можа быць не правы, і каб не прымала на свой лік абмежаванасць і аднабаковасць гэтага чалавека.
Праз год гэты мадэратар не асабістым паведамленнем, а адкрыта ў каментах той самай суполкі выбачылася переда мной. Дагэтуль не ведаю, што паслужыла гэтаму, і як чалавек да гэтага прыйшоў, але зярнятка прарасло.
Прызнаюся, што ў некаторых сітуацыях адмыслова пераходжу на рускую мову, можа хтосьці лічыць гэта няправільным, але я не хачу, каб, напрыклад, у паліклініцы доктар, не зразумеўшы мяне, замест страўніка ныркі мне залекаваў.
Канешне, не заўжды прыемна плыць супраць плыні, але вельмі прыемна заўважаць, калі яна сама мяняе свой накірунак пад тваім ухілам.
Увогуле, мой прынцып, і не толькі ў пытанні мовы, — не даказаць камусьці штосьці, а паказаць сваім прыкладам. Гэта працуе.
Як з’явілася ідэя цэнтру?
Ідэя дзіцячага цэнтру для мяне вельмі старая, напэўна яна прыйшла, як Рысік нарадзіўся. Гэта распаўсюджаная думка сярод маладых мам. Яна пасядзела ў маёй галаве і знікла, бо на той момант не было фінансавых магчымасцяў. Аднак, як толькі Рысік з’явіўся, я была ўпэўнена, што не буду вяртацца на офісную працу.
Потым па волі лёсу я пачала супрацоўнічаць з адным дзіцячым цэнтрам у якасці маркетолага па вольным графіку, дзе і набрала першы раз беларускамоўныя групы. Мы папрацавалі амаль год, потым змянілася кіраўніцтва, якое не было зацікаўлена ў нас, і мы разыйшліся.
На той момант у нас з мужам была ўжо невялікая інтэрнэт-крама, з якой мы атрымалі ўзнагароду «Бізнес-старт-2014» у рамках тыдня прадпрымальніцтва, і я збіралася развіваць і займацца толькі ёй.
Аднак, ведаеце, калі ты чагосьці моцна хочаш і ставіш сабе мэту, нават не асэнсоўваючы гэтага, усё атрымліваецца неяк незалежна ад цябе, адкрываюцца магчымасці і патрэбныя людзі прыходзяць у тваё жыццё.
Так да мяне звярнулася мой цяперашні партнёр, а ў мінулым — мая ўніверсітэцкая аднагрупніца, якая марыла пра дзіцячы цэнтр, зрабіла ўжо пэўныя крокі ў гэтым накірунку і ведала, што ў мяне ёсць пэўны досвед у гэтым бізнесе. З гэтага ўсё і пачалося.
Ці цяжка гэта — адкрыць дзіцячы адукацыйны цэнтр? Якія патрэбныя дакументы? Ці складана набраць штат? Ці не баіцеся, што не знойдзеце дастатковую колькасць дзетак?
З пункту гледжання рэгістрацыі — гэта не так складана. Па-першае, трэба вызначыцца з формай уласнасці. З ІП увогуле за дзень усё робіцца. У нас ТАА, таму нам прасцей было, каб усе дакументы падрыхтавала юрыст, але гэта можна зрабіць і самастойна, у сеціве дастаткова інфармацыі. Потым за 30 хвілін мы падалі ўсё неабходнае на рэгістрацыю і праз тыдзень забралі ўвесь пакунак дакументацыі.
Потым трэба пабегаць, каб стаць на ўлік у падаткавую, ФСАН, аформіць касавы апарат. У нас ёсць выканаўчы дырэктар, таму гэтыя пытанні ўжо вырашала яна.
Галоўнае ў гэтай справе — каманда. Акрамя мяне, ёсць яшчэ два партнёры. Усё мамы з дзецьмі. Кожны з нас адказвае за свой кавалак справы, таму, калі ў кагосьці штосьці не атрымліваецца, ёсць каму падстрахаваць і дапамагчы. Акрамя гэтага, мы ўсё розныя, са сваімі моцнымі бакамі, кожны добры спецыяліст у сваім накірунку.
Адна б гэтага не зрабіла.
Са штатам педагогаў усё складаней — у нас высокія стандарты, а добры педагог — на вагу золата.
Страхі, што нешта не атрымаецца, канешне, ёсць. Бываюць моманты, калі хочацца апусціць рукі, схавацца ў норку і нічога не рабіць. Імкнёмся адганяць дрэнныя думкі і проста якасна рабіць сваю справу. Насамрэч, калі робіш тое, што любіш, калі сама праца матывуе, то ўсе складанасці лёгка пераносяцца.
Чаму «Млын»?
Само месца — млын — вельмі сімвалічнае. Тут перараджаецца збожжа для стварэння хлеба, які, як вядома, — «усяму галава».
Хлеб дае ежу, сілы для вялікіх і маленькіх спраў. Вось так і нашыя заняткі будуць напаўняць і мяняць у лепшы бок, як нашых вучняў, так і мы самі будзем развівацца разам з імі.
Чым, акрамя мовы, вы будзеце адрознівацца ад іншых цэнтраў?
Беларускамоўныя заняткі дапаўняюць нашу лінейку нароўнi з заняткамі на рускай мове. Мы імкнемся аказваць аднолькава якасныя паслугі для шырокага кола дзяцей і дарослых. Па-першае, няважна, на якой мове ты аказваеш паслугі, ты проста абавязаны рабіць гэта якасна. Павага да кліента і сэрвіс — вось тое, пра што павінен думаць кожны.
Па-другое, гэта прафесійны абгрунтаваны падыход ва ўсім. У плане дзіцячага развіцця гэта датычыцца ў першую чаргу неразумення некаторымі школамі і цэнтрамі прынцыпаў і этапаў развіцця дзіцёнка.
Патлумачу. Калі 1,5-гадовае дзіця саджаюць за парту, каб тое нешта рабіла на працягу 10-15 хвілін, гэта немагчыма. У гэтым узросце псіхіка малечы проста няздольная так доўга трымаць увагу на адным дзеянні. Ці калі 3-гадовым прапаноўваюць заняткі амаль што па тры гадзіны па некалькіх дысцыплінах, я гэтага не магу зразумець. Так, такія заняткі ў кароткачасовай перспектыве даюць хуткія вынікі, але ў дачыненні псіхікі дзіцяці і законаў яго развіцця гэта недапушчальна, на выхадзе маем стомленых школьнікаў, якім ужо нічога не патрэбна, абы адчапіліся.
Наш цэнтр у гэтым ракурсе будзе арыентавацца на своечасовасць навучання і ўзроставыя асаблівасці дзяцей.
Што датычыцца школьнікаў і падлеткаў, то ім мы прапануем цікавыя і сучасныя курсы, такія, напрыклад, як мультстудыя, дзе дзеці самі ствараюць мульцікі ад сцэнару і дэкарацый, да непасрэдна здымкаў і мантажу. У планах — курс рабататэхнікі.
І, па-трэццяе, Усе нашы заняткі вядуцца прафесійнымі і апантанымі сваёй справай педагогамі, для якіх праца з дзецьмі — гэта не проста праца, а справа жыцця. Акрамя гэтага, наша мара — зрабіць наш цэнтр не проста ўстановай дадатковай адукацыі, а месцам з асаблівай атмасферай, дзе кожны зможа рэалізаваць сябе, знайсці сяброў і аднадумцаў.
Сямейныя каштоўнасці — вось што мы закладаем у сэрца нашага цэнтра. Мы будзем ладзіць сямейныя святы, збіраць нашых сяброў і кліентаў проста паглядзець мультфільмы ці добрае кiно пад кубачак гарбаты, паразмаўляць і адпачыць.
Раскажы пра вашых настаўнікаў. Як вы іх выбіралі сярод іншых?
Патрэбныя людзі самі неяк прыцягваюцца. Наш галоўны прынцып — гэта любоў да таго, чым ты займаешся. Нельга якасна вучыць дзяцей і не любіць гэтую справу. Плюс быць сучасным у плане педагагічных методык, гатовым да зменаў і развіцця, падзяляць нашыя асноўныя прынцыпы.
Кожны педагог прыйшоў да нас сваім шляхам. Напрыклад, з выкладчыкам у нашых беларускамоўных групах Кацярынай Глухоўскай мы здаўна знаёмыя, яшчэ па працы ў іншым дзіцячым цэнтры.
У мяне нават не было сумневаў, каму першаму прапанаваць гэтае месца цяпер, бо Кася — вельмі шчыры, адкрыты чалавек, любіць дзетак і гарыць гэтай справай, укладаецца цалкам у кожны занятак.
А ці адшукаюць што-небудзь цікавае для сябе рускамоўныя мамы і дзеткі?
На сённяшні дзень мы прапаноўваем 17 курсаў для дзяцей і дарослых, тры з іх — на беларускай мове. Таму кожны зможа знайсці для сябе занятак па душы.
Рабіць стаўку толькі на беларускамоўныя курсы пакуль у нашых рэаліях немэтазгодна з пункту гледжання бізнесу. У планах ёсць пашырэнне беларускамоўнай лінейкі, але пытанне ў педагогах, бо мы вельмі сур’езна падыходзім да гэтага.
Ці будзе хапаць бізнес-маме часу на дзіця? А на мужа?
Мая сям’я — самае галоўнае ў маім жыцці. Рашэнне сысці з офіснай працы было звязана менавіта з тым, каб больш часу праводзіць з дзіцём і мужам. Тут галоўнае — правільна арганізаваць свой час і не патрабаваць ад сябе немагчымага.
Рысік не ходзіць у садок, таму ўсе справы робім разам — і ТАА рэгістравалі разам, і дакументы забіралі, і ў банк. Цякучыя справы імкнуся рабіць пад час яго сну. Моцна дапамагае Зміцер, калі трэба і з Рысікам пабыць, калі няма магчымасцяў зрабіць нешта разам.
Муж — мая моцная апора, упэўнена, што не змагла б рэалізавацца без яго ўсебаковай падтрымкі.
Насамрэч без моднага зараз тайм-менеджменту не абысціся, калі хочаш усё паспяваць. На пачатку сваёй працы з дзіцем я лічыла, што, чым больш я прысвячу часу працы, тым лепей, намагалася нешта рабіць і падчас сну дзіцёнка, і падчас гульні, і па начах. Як вынік — толькі незадаволенае дзіця, нервовая і нявыспаная я, памылкі ў працы. Аказалася, што маючы часовыя рамкі на пэўную працу, можна паспяваць куды болей. І яшчэ важны момант — слухаць сябе і сваё цела, даваць сабе адпачынак.
Немагчыма паспяваць ўсё і быць такой ідэальнай — і маці, і жонкай, і гаспадыняй, і бізнес-ледзі, і каб на сябе часу хапала. У мяне бывае ў кватэры гармідар, на абед толькі адна страва і тая самая простая, але мы заўсёды сходзім разам пагуляць — а ўвечары пасядзім са Змітром, проста паразмаўляем.
Што асабіста табе дала беларуская мова і культура? Што яна дасць тым мамам і тым дзецям, якія пачнуць свой шлях да мовы з вашага цэнтру?
Ведаеш, я не магу сказаць, што я такі моцна «культурны» чалавек, я чытаю калі-нікалі сучасную беларускую літаратуру, ведаю трошкі нашу гісторыю, але гэта не асноўныя мае зацікаўленасці.
А увогуле, прыход да гэтага даў нейкую ўнутраную моц і стрыжань, паразуменне, што ты там, дзе павінна быць і пакінуць нешта пасля сябе.
А тыя, хто прыйдуць да нас, атрымаюць самае галоўнае — асяроддзе, у якім хочацца рухацца, развівацца і змяняцца. Часта чую, што вось вы такія малайцы, я б так сама хацела, але ж няма дзе і з кім размаўляць, што саромеюся, бо размаўляю пакуль дрэнна, прыходзьце да нас, будзем вучыцца размаўляць разам, падтрымліваць адзін аднаго і сябраваць.
Як ты ставішся да хоумскулінга? Калі добра — дык табе яшчэ два пытанні: 1. Ці збіраешся аддаваць сына ў школу? Ці будзеш навучаць дома? і2. Чаму такі выбар?
Нам яшчэ 4 гады на вызначэнне (плануем з 7 год ісці, не раней). На сённяшні дзень у мяне ёсць довады як за навучанне ў школе, так і за хоўмскулінг.
Цяпер, напэўна, схіляюся аддаць у школу, а там глядзець, як пойдзе.
Калі патрапіць сапраўды чалавек і прафесіянал у якасці настаўніка, то думаю, што і шмат хваляванняў, якія звязаныя са школай, адразу пройдуць. Плюс самі бацькі павінны прымаць непасрэдны ўдзел у жыцці школы і ўплываць на гэты працэс, толькі тады можа штосьці там зменіцца.
Акрамя гэтага, трэба арыентавацца менавіта на свайго дзіцёнка.
Ёсць дзеці, якія добра адчуваюць сябе ў школе, ім там камфортна. Тады, з улікам моцнай падтрымкі з боку сям’і, не бачу сэнсу адтуль яго выдзіраць. Тут важна закласці ў галаву дзіця, што адзнакі — гэта не самае галоўнае, што бацькі любяць яго, не гледзячы на яго сярэдні бал. А ёсць іншыя дзеткі, для якіх школа — гэта катаванне, не гледзячы на іх там паспяховасць — такім лепей вучыцца дома. Трэба размаўляць са сваім дзіцем, будаваць даверлівыя адносіны з самага ранняга ўзросту, тады ў гэтым пытанні будзе прасцей вызначыцца.
Якім будзе мой сын — пакажа час. Галоўнае — я заўсёды на яго баку, і ён гэта ведае.
melnica-centr.by
пр.Незалежнасці, 185-314 (ст.м.Уручча)
+375 29 654 09 54
+375 33 654 09 61
vk.com/melnica_center
www.facebook.com/CentreMill
Фота: з асабістага архіва гераіні інтэрв'ю.
Ганна Севярынец, VELVET