Намесніца старшыні Таварыства беларускае школы кажа пра розніцу паміж ідэалогіяй і каштоўнасцямі, і пра тое, якіх рэформаў патрабуе беларуская адукацыя, каб Беларусь не ператварылася ў Прыднястроўе.
Аляксей З.
Намесніца старшыні Таварыства беларускае школы Тамара Мацкевіч узяла ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі «Форум 2000» у Празе, якая сёлета была прысвечаная ўзаемасувязі паміж дэмакратыяй і адукацыяй.
Адукацыя савецкая і беларуская
АЗ: Часта можна пачуць пра высокі ўзровень тэхнічнай адукацыі ў Савецкім Саюзе. Наколькі вы падзяляеце такое меркаванне і калі падзяляеце, дык ці захаваўся гэты ўзровень у сучаснай Беларусі?
ТМ: Па-першае, адукацыя савецкага часу можа і была добрая, але для тых мэтаў, якія ставіла перад ёй дзяржава — найперш для абслугоўвання ваенна-прамысловага комплексу і стрымлівання актыўнасці людзей. Прыродазнаўчыя навукі і матэматыка былі на нядрэнным узроўні, гуманітарная адукацыя на нізкім узроўні, а грамадзянская адукацыя цалкам замененая прапагандай. Але для нас няправільна пераносіць гэтую мадэль, бо мы ж не такая краіна — я спадзяюся, мы не збіраемся ні на каго нападаць, — а да таго ж цяпер ужо існуе глабальнае інфармацыйнае грамадства. Ад дзяцей, ад маладых людзей патрабуюцца зусім іншыя якасці, каб яны мелі перспектыву працаўладкавання ў глабальным савеце, каб яны самарэалізаваліся. Таму савецкая сістэма — якая б яна ні была добрая ці дрэнная — зусім не падыходзіць Беларусі.
АЗ: Але часам можна пачуць, што менавіта дзякуючы савецкаму падмурку ў адукацыі сучасная Беларусь, напрыклад, мае добрых праграмістаў, якія могуць працаваць на міжнародныя кампаніі.
ТМ: Пагаджуся, што беларусы — разумная нацыя, здольная да навук. Вядома ж, есць і падмурак у тэхнічнай адукацыі. Я сама, як чалавек з адукацыяй у дакладных навуках, не магу не пахваліць сябе і сваю адукацыю (смяецца). Матэматыка ніколі не перашкаджала ніводнаму гуманітарыю — гэта логіка, гэта ўменне крытычна мысліць. Сучасная беларуская адукацыя яшчэ не паспела знішчыць той пласт выкладчыкаў, якія маюць веды. Але адукацыя гэта не толькі веды, яна мае тры вымярэнні — веды, уменні і каштоўнасці. Аднымі ведамі нічога не зробіш. Калі чалавек ведае закон і ўмее ім карыстацца, у яго таксама павінны быць каштоўнасці. Ён павінен ведаць, што закон нельга парушаць, што закон распаўсюджваецца на ўсіх. Калі б тыя міліцыянеры, якія хлусліва сведчаць супраць апазіцыянераў, мелі цэласную адукацыю — веды, уменні і каштоўнасці — мы б мелі іншае грамадства. Аднымі ведамі — хоць у дакладных навуках, хоць у гуманітарных — не дасягнеш развіцця грамадства і дабрабыту, якія патрэбныя цяпер Беларусі.
АЗ: За гады ад набыцця незалежнасці ў чым, на Вашую думку, сістэма адукацыі палепшылася, а ў чым пагоршылася, у параўнанні з савецкай?
ТМ: Я б сказала, што сістэма дэградавала па ўзроўні ведаў. Школы кіруюцца вертыкаллю, якая не дае настаўніку свабоды развівацца, самарэалізоўвацца і даваць добрыя вынікі. У плане ведаў школа дэградавала, дэградуе і не відаць, дзе яна спыніцца.
У гуманітарных навуках, мне здаецца, лукашэнкаўская адукацыя яшчэ не паспела знішчыць тое, што мы паспелі зрабіць у 1990-я гады, калі былі напісаныя новыя падручнікі, вольныя ад ідэалогіі, калі настаўнік атрымаў свабоду ў выбары метадалогіі. Гэтае пакаленне крышку пакаштавала свабоды і праўды, і беларусы хоць крыху ўсвядомілі сябе беларусамі. Пры гэтым мова знішчаецца яшчэ больш чым у савецкія часы.
Як «Жыве Беларусь!» прыраўноваюць да «Хайль Гітлер!»
АЗ: Калі б заўтра памянялася ўлада і вы сталі міністрам адукацыі, што вы найперш зрабілі б для адукацыйнай рэформы?
ТМ: Мне цяжка сябе ўявіць міністрам, я б дакладна ім не была, але я ведаю процьму людзей, якія маглі б імі быць не ў гэтай лукашэнкаўскай сістэме. Але першы крок — даць прафесійную свабоду настаўнікам, то бок прыбраць бюракратыю са школы, прыбраць ідэалагічную працу, абавязкі збіраць грошы з бацькоў, мыць вокны, паліваць кветкі, рамантаваць і гэтак далей. Тут не трэба вынаходзіць ровар. Дэмакратычныя краіны проста ствараюць рамкавую дзяржаўную праграму, дзе кажацца, што дзеці такога ўзросту пры сканчэнні такога класа павінны ведаць тое ці тое. Далей настаўнік мае свабоду, якую праграму выбраць, які выбраць падручнік або самому стварыць падручнік, праграму, вынайсці свой шлях і методыку. Тады ў школу пойдуць прафесіяналы, якія будуць ведаць сваю місію і прыйдуць туды для самарэалізацыі, а не для выканання загадаў.
АЗ: Вы гаворыце пра рамкавыя праграмы для ведаў, але на пачатку тлумачылі, што ведаў недастаткова, патрэбныя яшчэ і ўменні ды каштоўнасці. Ці ня ёсць каштоўнасці сінонімам той самай ідэалогіі?
ТМ: Каштоўнасці і ідэалогія — гэта розныя рэчы. Тут таксама не трэба нічога вынаходзіць. Есць еўрапейскія дакументы, дзе гэта называецца attitude у адносінах да прадмету. Напрыклад, для матэматыкі гэта жаданне ведаць праўду. Гэтыя attitutdes — стаўленне, устаноўкі — таксама прапісваюцца ў рамкавых праграмах і набываюцца з дапамогай адпаведных методык, якія, дарэчы, вельмі добра засвойваюць нашыя настаўнікі.
Каштоўнасці выхоўваюцца, ідэалогіі індактрынуюцца. Я сама — ахвяра савецкай адукацыі і вельмі добра ведаю, што такое індактрынацыя. Гэта ўстаноўкі кшталту: Амерыка гэта кепска, Расія гэта добра. Гэтыя краіны кепскія, а гэтыя добрыя.
Яшчэ ў пятым клясе на ўроках геаграфіі я ведала, што Польшча лепшая за Заходнюю Германію, бо яна бліжэйшая да нас, да Савецкага блоку. Гэта канкрэтная індактрынацыя, бо гэта давалася без крытычнага мысьленьня, без аналізу, без дыскусій.
Тое ж самае цяпер адбываецца ў падручніку беларускай гісторыі за 10 клас — там паўсюль фактычна стаіць знак роўнасці паміж «беларускім» і «фашысцкім». Там есць фразы кшталту, што падчас акупацыі адраджалася беларуская культура, і ў беларускіх школах трэба было вітацца словамі «Жыве Беларусь!» або «Хайль Гітлер!» Я сама з дыктафонам прайшлася па тых людзях, якія атрымлівалі адукацыю ў беларускіх школах падчас нямецкай акупацыі — яны, дзякуй Богу, яшчэ жывыя — і запыталася ці такое было. У іх школах гэтага не было. Не было вітанняў з Гітлерам, не было яго партрэтаў, немцаў яны ў школе не бачылі, проста выкладанне вялося на беларускай мове, праходзілі Купалу, ставілі «Паўлінку». Я распытвалася ў людзей і з заходняй Беларусі, і з усходняй. Але ў падручніках так напісана, і мне здаецца, што гэта свядомая індактрынацыя, каб беларускае звязаць з фашызмам. Фашызм, смерць, кроў — знакавыя словы, адразу робіцца страшна і гэта працуе на ўзроўні падсвядомасці на несфармаванае дзіця.
Паводле той метадалогіі, якая выкарыстоўваецца ў дэмакратычных краінах, была б дыскусія: Як вы думаеце, што адчувалі партызаны, што калабаранты, чаму яны рабілі так? У дзяцей бы развівалася крытычнае мысленне. Яны б маглі аналізаваць і рабіць высновы. Гэта і называецца прывецьце каштоўнасцяў.
«Расея мэтанакіравана разбурае сістэмы адукацыі»
АЗ: На міжнароднай канферэнцыі «Форум 2000» Вы паўдзельнічалі ў дыскусіі пра расійскі ўплыў на сістэмы адукацыі постсавецкіх краін. Што для Вас было найбольш цікавым?
ТМ: Мяне вельмі ўразіла дыскусія з удзелам прадстаўнікоў трох акупаваных Расіяй тэрыторыяў — Прыднястроўя, Чачні і Крыму. Прыднястроўе ўжо амаль 25 гадоў пад расійскай акупацыяй, чачэнцы кажуць пра 12 гадоў пасля другой іх вайны, а Крым ужо больш за год. Мы пачулі як Расія мэтанакіравана разбурае там сістэмы адукацыі. Гэта прыводзіць да змяншэння якасці чалавечага капіталу, да эміграцыі, да дэградацыі грамадстваў. Я пераносіла тое, што яны кажуць, на беларускую сітуацыю, і я магла б падпісацца пад 90 працэнтамі іх словаў. Іх адукацыйныя сістэмы пад уплывам Расіі «дэ юрэ», а нашая «дэ факта».
У нас таксама знішчаецца нацыянальная мова, не вядзецца на ёй справаводства. У нас таксама разбураецца сістэма адукацыі з дапамогай бюракратыі і неўласцівых настаўнікам абавязкаў. Грамадзянская адукацыя заменена вайскова-патрыятычнымі шэсцямі і мітынгамі. Калі Прыднястроўе — гэта нашая будучыня, то гэта страшна.
АЗ: Якія крокі варта цяпер рабіць, каб такога не адбылося?
ТМ: Па-першае, беларусы павінны ўсвядоміць сябе беларусамі. Тады мы зразумеем, што гэта нашая справа — рабіць адукацыю якаснай. Калі гэта не атрымоўваецца ў варожай да беларускамі дзяржаве, то трэба рабіць гэта самастойна па-за дзяржавай. Мне прыемна адзначыць, што вялікая частка беларусаў гэта ўсведамляе. Беларусы не растуць дурнямі. Калі яны не атрымліваюць веды ў школе, дык атрымліваюць у рэпетытараў, на курсах, займаюцца самаадукацыяй. Беларусы даволі адукаваная нацыя не дзякуючы, а насуперак сістэме адукацыі.
Па-другое, што ўжо больш цяжка, беларусы павінны ўсвядоміць, што ім трэба не толькі веды, але і гэтае каштоўнаснае стаўленне, актыўную пазіцыю ў будаванні і адстойванні свайго, у супраціўленні антыбеларускаму, якое робіцца ці нашай, ці суседняй дзяржавай, без розніцы. У адраджэнні мовы, вывучэнні праўдзівай гісторыі.
Па-трэцяе, для беларусаў вельмі важнай цяпер робіцца моўная кампетэнцыя. Трэба ведаць не толькі сваю мову, але абавязкова ведаць хаця б ангельскую мову, як мінімум. Калі мы жывем, не ведаючы ангельскай мовы, у нас ствараецца ілюзія, што мы інфармаваныя, жывучы ў расейскамоўнай прасторы. Але мы атрымоўваем інфармацыю, якая несвабодная і апрацаваная фільтрамі расійскай аўтарытарнай сістэмы пад свае інтарэсы. І гэта тычыцца не толькі палітычных падзеяў, але і навуковай літаратуры.
20.09.2015