«Бацькі.BY»

Выхаваўчы праект, зрэалізаваны ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце, а таксама аднайменная суполка для існых і будучых бацькоў-беларусаў.

На конкурс «Адукацыя для свабоды. Ноўтбук актыўнаму настаўніку» заявіла выкладчыца кафедры педагогікі БрДУ імя А.С. Пушкіна Вольга Крусь. Намінацыя «Медыяпісьменная сям’я». 

 

Калі мы толькі пачалі працаваць з народнай педагогікай, стала зразумелым, што асноўнай мэтай выхавання ў сям’і (у большай ступені арыентуючыся на палескую сям’ю) было выхаванне свабоднай творчай асобы. І гэтая мэта дасягалася вельмі простымі, але разам з тым геніяльнымі метадамі, пачынаючы з правільных цацак і ранняй адаптацыі дзяцей да працы. Тое, што сёння здаецца 17-гадоваму юнаку абсалютна складанай справай, для нашых продкаў было пасільнай задачай у 9 год. То бок, ранняе развіццё, школа Мантэсорры і г.д. – гэта добра перапрацаваны досвед мінулых пакаленняў. Не трэба выдумляць, трэба наўпрост умець карыстацца. Гэтым шляхам і ідзе праект. Прычым замест таго, каб апранаць беларусаў у лапці, што ўвесь час робіцца няўмехамі, якія бачаць этнічнае выключна ў вясковым, мы не адмаўляемся ад усяго багацця нацыянальнай культуры. У тым ліку, мы ўпэўненыя, што немагчыма выхоўваць дзяцей не ўлічваючы асаблівасці местачковай, гарадской, шляхотнай культуры, карыснага навуковага досведу нацыянальных вышэйшых навучальных установаў (калегіюмаў, віленскай навучальнай акругі, горы-горацкай акадэміі). Да таго ж, мы схільныя ўспрымаць карысныя вынаходніцтвы сучаснай педагагічнай думкі. Таму формы, якімі мы карыстаемся ў праекце, гэта інтэрактыўныя формы – трэнінг, майстар-клас, форум-тэатр, адкрытая прастора, дэбаты і інш. Вялікая ўвага надаецца таксама медыйнаму аздабленню заняткаў. Мы мусім улічваць той факт, што сёння моладзь у большай ступені адносіцца да візуалаў, таму вельмі важна, каб кожны занятак выкарыстоўваў якасныя меды прадукты – презентацыі, відэа, флэш-гульні і інш. Да таго ж якасны дызайн медыа прадуктаў спрыяе як эстэтычнаму так і патрыятычнаму выхаванню: беларускае стылёвае, прыгожае, моладзевае, яскравае, сучаснае значна лепей прымаецца моладдзю чым ідэалагічныя плакаты, выкананыя без разумення законаў гармоніі і ўсялякага густу.

Спампаваць апісанне і матэрыялы праекта (doc 1,5 Mb)