У Беларусі вакол «Пагоні» адбываюцца дзіўныя рэчы: сімвал занесены ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў, ёсць на гербах гарадоў і абласцей – а хлопцаў, якія надзелі з ёю цішоткі, выганяюць з навучальнай установы.
Пры гэтым міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч на пытанне, ці лічыцца правапарушэннем майка з «Пагоняй» ці бел-чырвона-белы шалік, адказвае:
– Прыдумляць нейкія новыя патрабаванні не мае права ні супрацоўнік органаў унутраных спраў, ніхто – гэта вызначыў заканадаўца. А такіх нормаў (пакаранне за майку з «Пагоняй» і г.д. ) я не бачыў у Адміністрацыйным кодэксе. І ні ў якім іншым дакуменце. Не магу пацвердзіць наяўнасць такой нормы . Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч лічыць, што навучэнцы, якія надзелі майкі з «Пагоняй» – як зорачкі, свецяць у цемры. Паводле яе словаў, гэтыя кадэты - сапраўдныя беларускія афіцэры, якімі краіна можа ганарыцца.
Некамерцыйная арганізацыя «Арт Сядзіба» зыніцыявала акцыю салідарнасці #ПагоняПобач. Калі «Пагоні» няма на дзяржаўных будынках Беларусі, то гэта не значыць, што яе няма ў беларусаў! «Арт Сядзіба» заклікае публікаваць у сеціве уласныя фота з «Пагоняй», пазначаць іх хэштэгам #ПагоняПобач і распавядаць пра сваё стаўленне да герба. Таксама яны прапаноўваюць самастойна распаўсюджваць «Пагоню» ў выглядзе налепак, магнітаў, значкаў, бранзалетаў, цішотак і любых іншых рэчаў.
Падтрымаць жа кадэтаў Ястрамбельскай школы-інтэрната можна, падпісаўшы петыцыю ці звярнуўшыся непасрэдна да міністра адукацыі.