Магчымасці фарміравання медыяграматнасці навучэнцаў, структура ўрокаў гісторыі з выкарыстаннем медыятэкстаў, сацыяльныя медыя ў практыцы работы настаўнікаў былі разгледжаны на рэспубліканскім семінары “Медыяадукацыйны падыход у выкладанні гісторыі і грамадазнаўства ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, які прайшоў у Нацыянальным інстытуце адукацыі. У ім узялі ўдзел настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства, метадысты з розных куткоў рэспублікі.
Сёння лічбавы медыякантэнт становіцца масава даступным пры дапамозе шматлікіх мабільных прылад. Маладыя людзі актыўна выкарыстоўваюць магчымасці новых медыя, самастойна вырабляюць кантэнт, напрыклад, абменьваюцца фота- і відэаролікамі ў інтэрнэце, дзе ствараюць уласныя сайты, вядуць блогі, удзельнічаюць у дыскусіях на форумах. Аднак у створаных імі медыяпаведамленнях часта адсутнічае логіка і аргументацыя, прысутнічаюць неправераныя звесткі, правакацыйныя выказванні, часам праяўляецца нецярпімасць. Медыятызацыя нашага жыцця праяўляецца ў тым, што для маладога чалавека нормай жыцця з’яўляецца пастаянная прысутнасць і сеткавая камунікацыя са сваімі равеснікамі. Сацыяльныя медыя вельмі моцна ўплываюць на стаўленне маладых людзей да сябе, да іншых, успрыманне сябе як часткі навакольнага свету, фарміраванне ўласнага “я”. І неабходна пераадолець лічбавы разрыў у валоданні ІКТ паміж моладдзю і людзьмі больш сталага ўзросту.
Апытанне ўдзельнікаў семінара паказала, што фарміраванне медыяграматнасці ў школе адбываецца па-рознаму: хтосьці з настаўнікаў актыўна працуе ў гэтым напрамку, хтосьці пачынае толькі рабіць першыя крокі, а хтосьці ўвогуле толькі чуў пра медыяадукацыйны падыход. У асноўным і педагогі, і вучні пры падрыхтоўцы да заняткаў выкарыстоўваюць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, электронныя гугл-сэрвісы.
Як адзначалася, фарміраванне медыйнай кампетэнтнасці вучняў патрабуе зусім іншага стылю работы настаўніка. У даследаваннях брытанскіх вучоных прадстаўлены шэраг тэндэнцый, якія паўплываюць на школьную адукацыю і выклічуць пэўныя змяненні ў ёй. Сярод іх — масавае адкрытае сацыяльнае навучанне; канструяванне навучання на падставе аналітычных звестак, перавернуты клас, метанавучанне (навучанне вучыцца); дынамічная ацэнка (ацэнка працэсу навучання), навучанне праз падзеі і інш. А ці будуць педагогі адпавядаць гэтым змяненням?
У сувязі з гэтым у цяперашні час актуальнасць набывае паняцце медыяадукацыі. Пад медыяадукацыяй разумеецца адукацыя, арыентаваная на набыццё навучэнцамі ведаў аб камунікацыях і сродках масавай інфармацыі, выкарыстанне сродкаў камунікацыі для творчага самавыяўлення, ацэнку праўдзівасці і дакладнасці інфармацыі, суаднясенне інфармацыі і ведаў і г.д. Мэты медыяадукацыі арыентаваны на фарміраванне ўменняў працаваць з інфармацыяй: навучанне ўспрыманню і перапрацоўцы інфармацыі, развіццё крытычнага мыслення, уменне разумець прыхаваны сэнс таго ці іншага паведамлення, супрацьстаяць маніпуляванню свядомасцю індывіда з боку СМІ.
Для таго каб навучыць школьнікаў медыяадукацыйным уменням і сфарміраваць у іх асновы інфармацыйнай культуры, педагогу неабходна ўлічваць два асноўныя моманты: першы — псіхалагічныя магчымасці школьнікаў па ўспрыманні інфармацыі, другі — змястоўны аспект той інфармацыі, якая ўздзейнічае на індывіда.
Нельга недаацэньваць важнасць вывучэння прынцыпаў і законаў, па якіх ствараюцца паведамленні масмедыя, як і з якой мэтай яны распаўсюджваюцца, што пры гэтым адбываецца з інфармацыяй. Варта памятаць, што масмедыя не адлюстроўваюць, а рэпрезентуюць рэчаіснасць. Таму і ўзнікае з’ява “паралельнай школы” — навучэнцы ўбіраюць тую інфармацыю, якую атрымліваюць па каналах СМІ, не ўнікаючы ў яе дакладнасць, надзейнасць і г.д. Таму адной з задач медыяадукацыі ў школе павінна стаць навучанне атрыманню сэнсаў з сімвалічнага ўяўлення навакольнага свету і працэсаў, што працякаюць у ім. Гэта будзе магчымым у тым выпадку, калі навучэнцы будуць разумець, па якіх законах “жыве” інфармацыя ў масмедыя.
Неаспрэчнымі плюсамі мультымедыйнага прадстаўлення інфармацыі з’яўляюцца выявы, спасылкі на розныя вэб-сайты, відэавыявы ў рэжыме рэальнага часу. Гэта станоўчы бок пытання. Праблема ж заключаецца ў тым, што інфармацыя, прадстаўленая ў камп’ютарным мультымедыйным выглядзе, валодае іншымі ўласцівасцямі, чым інфармацыя з падручнікаў, кніг. Вобразнасць як спецыфічнасць формы падачы інфармацыі ў інтэрнэце можа быць вырвана з агульнага адукацыйнага кантэксту. Увага прыкавана да фрагмента тэксту, прычым адзін фрагмент аднаго і таго ж паведамлення можа знарок супярэчыць іншаму фрагменту. Пасля простага назірання за вобразамі з’яўляюцца разрозненыя факты, эмацыянальныя водгукі і асобныя гукі, якія не маюць ніякай структуры. У адрозненне ад кнігі, якая прымушае думаць, пераўтвараць словы ў ідэі і довады, служыць для змянення мадэлі бачання свету, пры мультымедыйнай падачы інфармацыі ўзнікаюць цяжкасці фармулявання таго, што прадстаўлена. Без дапамогі спецыяльных інфармацыйных уменняў складана крытычна асэнсоўваць інфармацыю. У сувязі з гэтымі тэндэнцыямі неабходна навучыць дзяцей сумяшчаць работу ў інтэрнэце з іншымі відамі пазнавальнай актыўнасці. Неабходна дапамагчы навучэнцу сфарміраваць цэласнае ўяўленне аб інфармацыйным рэсурсе. Напрыклад, выкарыстанне дадатковых матэрыялаў (у тым ліку і школьных падручнікаў) дапамагае вызначыць дакладнасць, навуковасць таго ці іншага інфармацыйнага паведамлення. Навучэнцы вучацца дакладна фармуляваць тое, пра што даведаліся, і параўноўваць са звесткамі, атрыманымі ў школе, з падручнікаў ці іншых друкаваных крыніц. Толькі ў гэтым выпадку адукацыйны патэнцыял сеткі можа быць выкарыстаны поўнасцю.
Акрамя таго, сучасная інфармацыя прадстаўляецца ў розных жанрах, стылях, мае розную адрасную накіраванасць, па-рознаму інтэрпрэтуюцца адны і тыя ж факты. Наколькі падлеткі гэтую інфармацыю ўспрымуць, будзе залежаць ад таго, навучаны ці не навучаны яны аналітычнай рабоце з інфармацыяй, ці валодаюць крытычным мысленнем, інфармацыйнымі ўменнямі. Гэта, у сваю чаргу, параджае неабходнасць узмацнення ўвагі на навучанне школьнікаў успрыманню інфармацыі і фарміраванню інфармацыйнай культуры.
Алена Аляксандраўна Палейка, метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА, адзначыла, што большасць педагогаў атаясамліваюць медыйныя і інфармацыйныя кампетэнцыі, аднак іх трэба размяжоўваць. Інфармацыйная граматнасць падкрэслівае важнасць доступу да інфармацыі, яе ацэнкі і этычнага выкарыстання. Медыйная граматнасць робіць акцэнт на здольнасці разумець функцыі медыя, ацэньваць якасць выканання гэтых функцый і ўступаць у рацыянальнае ўзаемадзеянне з медыя ў інтарэсах самавыяўлення.
Медыяадукацыйны патэнцыял маюць усе адукацыйныя прадметы. Так, на ўроку хіміі вучням можна прапанаваць прааналізаваць этыкеткі з пункту гледжання ўтрымання ў тых альбо іншых рэчывах шкодных інгрэдыентаў. Вывучэнне ролі сродкаў масавай камунікацыі і іх уплыву на грамадства падчас работы з крыніцамі сацыяльнай інфармацыі розных часоў адбываецца у першую чаргу на ўроках гісторыі і грамадазнаўства. Прычым дзеючыя адукацыйныя стандарты, канцэпцыі і вучэбныя праграмы па гэтых прадметах ўтрымліваюць пэўныя медыяадукацыйныя складнікі. У цяперашні час існуюць рэальныя магчымасці для фарміравання і развіцця медыя- і інфармацыйных кампетэнцый усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў школе нават без медыяадукацыйнага стандарту. Медыяадукацыйны падыход у выкладанні гісторыі азначае, што педагогі павінны працаваць з медыятэкстамі на ўроках сістэматычна, а не стыхійна. (Дарэчы, медыятэкст — гэта тэкст любога медыйнага віду і жанру: відэафрагмент, кіно, рэкламны ролік, выявы на адзенні і г.д.) Для гісторыка асноўныя рэсурсы — гістарычныя крыніцы (анлайн-архівы з адкрытым доступам для вучэбных мэт), сацыяльныя сеткі, фота, фільмы (фільмы пэўнай эпохі аб гэтым часе, старыя і новыя фільмы аб той ці іншай гістарычнай падзеі), інфаграфіка, плакаты і карыкатуры, відэа.
А.А.Палейка акрэсліла пэўныя прыёмы і метады рэалізацыі медыяадукацыйнага падыходу ў выкладанні гісторыі і грамадазнаўства ў школе. Так, каб навучыць дзяцей стратэгіям, навыкам работы з медыяпаведамленнямі, уменню аналізаваць, настаўнік можа прапанаваць вучням знайсці паведамленні пра тыя ці іншыя гістарычныя падзеі з розных крыніц. Дзеці агучваюць розныя пункты погляду, якія даюць медыя. Пры гэтым задача настаўніка — не паказаць вучням, хто мае рацыю, а хто не, а толькі даць інструмент, каб кожны сам змог прааналізаваць свае тэксты і зрабіць высновы, каб вучні зразумелі, што адзіная крыніца інфармацыі не заўсёды даносіць праўду. Бывае, што медыя хлусяць, а бывае, па-рознаму інтэрпрэтуюць падзеі.
Для аналізу медыятэксту настаўнік можа прапанаваць шэраг пытанняў:
* хто падрыхтаваў матэрыял (аўтарства);
* на каго ён разлічаны (аўдыторыя), каму інфармацыя выгадная (мэты стварэння);
* каму належыць гэтая крыніца інфармацыі;
* ці прадстаўлены крыніцы інфармацыі (дакладнасць);
* пра што гэтае паведамленне;
* якія ідэі, каштоўнасці або пункты гледжання ўтрымліваюцца ў гэтым паведамленні (змест);
* што замоўчваецца, застаецца недагавораным за знешняй абалонкай паведамлення, які яго невербальны сэнс (метады ўздзеяння).
Ці яшчэ, пры вывучэнні аповесці У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” дзецям можна прапанаваць зняць рэкламны ролік, у якім, згодна з усімі правіламі рэкламы, неабходна данесці да сваіх аднагодкаў, чаму ім трэба прачытаць гэты твор. Такое заданне, можна не сумнявацца, нікога з дзяцей не пакіне абыякавым.
Святлана Анатольеўна Кудраўцава, начальнік аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі НІА, звярнула ўвагу на вэб-сэрвісы для падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў, арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў па гісторыі і грамадазнаўстве з выкарыстаннем медыятэкстаў. Аб асаблівасцях работы з фотаздымкам як медыятэкстам расказала прысутным метадыст вышэйназванага аддзела Алена Мікалаеўна Чарнова.
***
Удзельнікі семінара сышліся ў агульным меркаванні, што сёння важна вучыцца і вучыць дзяцей успрыманню і выкарыстанню інфармацыі з розных крыніц, што спрыяе развіццю асобы, дапамагае чалавеку ў прыняцці рашэнняў, выбары адпаведных стратэгій паводзін і дзейнасці, а таксама важна быць паспяховым і адказным аўтарам звычайных, аўдыя- і відэатэкстаў, якія размяшчаюцца на сайтах, у блогах, на форумах.
Наталля Калядзіч. Фота аўтара.
nastgaz.by