У школу – па адзнакі ці па веды?

«Настаўніцкая газета» распачынае новы праект – інфармацыйнае суправаджэнне дыстанцыйнага курса для настаўнікаў па актыўнай ацэнцы (АА). Плануецца шэраг матэрыялаў, з дапамогай якіх чытачы: 1) пашыраць свае веды пра АА, 2) даведаюцца пра асаблівасці дыстанцыйнага навучання менавіта гэтай адукацыйнай тэхналогіі, 3) змогуць выкарыстоўваць у сваёй практыцы ідэі, на якіх яна будуецца, а таксама канкрэтныя метады і сродкі навучання.

У гэтым артыкуле аўтар тлумачыць актуальнасць увядзення АА, яе сутнасць, а таксама распавядае пра тое, як арганізавана навучанне на дыстанцыйным курсе і як будзе асвятляцца ў газеце працэс рэалізацыі праекта.

Да тэмы актыўнай ацэнкі наша газета звярталася неаднойчы. Ёсць шмат прычын для новых публікацый. Назавём некаторыя з іх.

Па-першае, назіраецца шмат прыкмет таго, што існуючая практыка кантролю і ацэнкі вучэбных дасягненняў вучняў мае істотныя недахопы:

• ацэншчык, як правіла, толькі настаўнік, вучні пазбаўлены адпаведных паўнамоцтваў;

• змест кантролю часцей за ўсё засакрэчаны, не заўсёды настаўнік думае пра крытэрыі ацэнкі;

• ацэньваецца толькі кагнітыўны складнік выніку навучання; амаль не ацэньваецца працэс набыцця ведаў;

• кантроль існуе асобна ад навучання: спачатку ідзе навучанне з рэдкім эпізадычным кантролем з боку настаўніка, а потым выніковы кантроль;

• бацькі не ўдзельнічаюць у ацэнцы;

• вучні адчуваюць прэсінг з боку настаўніка і бацькоў;

• настаўнік адчувае прэсінг з боку адміністрацыі, іншых правяраючых, вучняў і іх бацькоў і г.д.

Па-другое, мы маем шматлікія сведчанні настаўнікаў, што гэтая тэхналогія істотна павышае адказнасць вучняў за сваё навучанне і іх вучэбна-пазнавальную матывацыю. Павышаюцца і вучэбныя дасягненні навучэнцаў. Настаўнікі адзначаюць, што да новай практыкі навучання пазітыўна ставяцца не толькі вучні, але і іх бацькі. Паказальнымі з’яўляюцца словы настаўніцы, якая сказала літаральна наступнае: «Калі б не актыўная ацэнка, то сышла б са школы ў іншую сферу». Яна ўбачыла новыя магчымасці для павышэння выніковасці навучання, пачала атрымліваць большае задавальненне ад работы, чым гэта было раней. Вось словы педагога з Кобрына А.Чахомава: «…Я не бачыў раней такой зацікаўленасці тым, што адбываецца на ўроку. На мяне глядзелі і лавілі кожнае маё слова ўсе без выключэння. Дзяўчынка, якую можна аднесці хутчэй да слабых вучняў, выявіла небывалую раней актыўнасць у жаданні выконваць розныя заданні на дошцы і ў сшытку. Звычайна яна ціхенька сядзела на сваім месцы і выконвала тое, што загадана, але без асаблівага энтузіязму. Каштоўная сама сутнасць (стратэгія) сістэмы актыўнай ацэнкі. Усё накіравана на тое, каб матываваць вучняў атрыманнем якасных сістэматызаваных ведаў, а не адзнакі (якая не заўсёды аб’ектыўна ацэньвае веды і ўменні). І гэта заўважыла пераважная большасць вучняў, пра што і сведчаць іх водгукі. Аднак цяжка пераадолець ужо сфарміраваныя адносіны да адзнакі і навучання – многія ці нават амаль што ўсе ходзяць у школу па адзнакі, а не па веды».

Вопыт многіх настаўнікаў, дыдактычныя сістэмы якіх грунтуюцца на ідэях АА, высока ацэньваецца экспертамі – членамі журы розных этапаў конкурсу «Настаўнік года», членамі экзаменацыйных камісій на атрыманне (пацвярджэнне) настаўнікамі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, намеснікамі дырэктараў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія наведваюць урокі.

Па-трэцяе, міжнародны вопыт сведчыць аб эфектыўнасці актыўнай ацэнкі. Нагадаем, што пятнаццацігадовыя навучэнцы менавіта тых краін (Фінляндыі, Польшчы, Эстоніі, Галандыі), настаўнікі якіх карыстаюцца актыўнай ацэнкай, паказалі найлепшыя ў Еўропе вынікі ў даследаванні PISA-2012. У гэтым даследаванні правяраюцца ўменні, на якія арыентавана актыўная ацэнка: у прыватнасці, рабіць адказны выбар, самавызначацца на асабісты вынік, даследаваць, рабіць крытэрыяльную ацэнку і г.д. Значыць, прымяненне АА будзе спрыяць паспяховаму ўдзелу нашых вучняў у даследаванні PISA-2018.

Аўстралійскі прафесар Д.Хэці правёў вялікае даследаванне, у якім удзельнічалі настаўнікі, вучні і іх бацькі амаль што 70 краін. У выніку ён устанавіў фактары, якія пазітыўна і адмоўна ўплываюць на якасць адукацыі вучняў. Было ўстаноўлена, што першае месца сярод станоўчых фактараў займае актыўная ацэнка. Падрабязнасці можна прачытаць на сайце: https://nastaunik.eu/node/13359 .

Прафесары Каралеўскага каледжа ў Лондане Пол Блэк і Дылан Вільям даследавалі, як АА ўплывае на прадукцый насць навучання. Агляд больш чым 250 артыкулаў з розных краін свету паказаў, што АА можа падняць стандарты адукацыі, што гэтая методыка больш дапамагае слабейшым вучням, чым іншым. Англійскія вучоныя робяць выснову: АА ёсць інструмент, які ляжыць «у сэрцы эфектыўнага навучання». Іх кнігу «Унутры чорнай скрыні: павышэнне стандартаў навучання праз ацэнку» можна прачытаць на нашым сайце aacenka.by.

У сёлетнім дакладзе Адкрытага ўніверсітэта Вялікабрытаніі вылучаны 10 найбольш значных новаўвядзенняў, якія сур’ёзна мяняюць адукацыйную практыку ў бок павышэння яе эфектыўнасці. Адно з гэтых новаўвядзенняў – актыўная ацэнка (у дакладзе яна названа дынамічным ацэньваннем).

Такім чынам, існуюць сур’ёзныя падставы для пашырэння сферы выкарыстання АА ў школах нашай краіны.

Нагадаем, што АА не зводзіцца да кантролю і ацэнкі з боку настаўніка, не трэба яе разумець і толькі як далучэнне вучняў да ацэначнай дзейнасці. АА мае сістэмны характар, гэта тэхналогія, якая задае спецыфічныя патрабаванні да ўсіх кампанентаў дзейнасці настаўніка і вучняў: мэт, адбору зместу навучання і адукацыйнага працэсу і, канечне, кантролю, ацэнкі і карэкцыі працэсу і вынікаў навучання. У чым заключаецца спецыфіка гэтых патрабаванняў, будзе падрабязна разглядацца ў наступных артыкулах. Тут жа з дапамогай табліцы пакажам некаторыя з іх у скарочаным і абагульненым выглядзе.

Кампаненты
сістэмы “ўрок”
Традыцыйнае
навучанне
Актыўная ацэнка
  Мэты  
Як і кім вызнача-
юцца
Ставіць настаўнік
праз сваю дзей-
насць — указвае,
што сам будзе
рабіць на ўроку
Ставіць настаўнік
праз чаканы вынік
дзейнасці вучняў
Ці заўсёды вуч-
ні маюць сваю
мэту на ўрок
Не заўсёды Абавязкова
Мэтай задаец-
ца крытэрыяль-
насць для ацэнкі
У рэдкіх
выпадках
Абавязкова
  Змест  
Што з’яўляецца
прадметам
засваення
Вызначаныя ў
праграме прад-
метныя веды і
ўменні
Дадаткова: надпрад-
метныя вучэбна-
пазнавальныя і сацы-
яльныя кампетэнцыі
  Працэс навучання  
Формы арганіза-
цыі навучання
У асноўным
франтальная і
індывідуальная
Дадаткова: парная і
групавая
Метады
навучання
Пераважна тлу-
мачальна-ілюс-
трацыйны і рэп-
радуктыўны
У асноўным: эўры-
стычны, праблемны і
даследчы
Сродкі
навучання
Ілюстратыў-
ныя, маюць поў-
ную арыенціро-
вачную аснову
дзейнасці
Варыятыўныя, без
абавязковай арыен-
ціровачнай асновы
дзейнасці
Пытанні
настаўніка
да вучняў
Як правіла,
закрытыя
Як правіла, адкрытыя
Зваротная су-
вязь на занятках
Эпізадычна Пастаянная
і рознабаковая
Абмеркаванне
настаўнікам і вуч-
нямі, як ідзе пра-
цэс навучання
Амаль не бывае  Шырока прымяня-
ецца
Атмасфера ў
адукацыйным
працэсе
Бывае
напружанай
Псіхалагічна камфорт-
ная, спрыяль ная для
навучання
  Кантроль і ацэнка  
Хто ажыццяўляе Настаўнік У асноўным: узаема-
ацэнка і самаацэнка
вучняў
Фіксацыя ацэнкі  Абавязкова
адзнакай
У тым ліку адзнакай
Выкарыстанне
вядомых вучням
крытэрыяў
Эпізадычна Заўсёды
Выхадны кант-
роль на ўроку
Не заўсёды  Як правіла
Памылкі вучняў  Караюцца
зніжэннем
адзнакі
Разглядаюцца на-
стаўнікам і вучнямі як
сігнал для паляпшэн-
ня дзейнасці
Дамашняе
заданне
Не ўлічвае
вынікі ўрока
Факусіруецца на па-
мылках і поспехах
вучняў, якія выяўлены
выхадным кантролем
Далучэнне з да-
памогай крытэ-
рыяў бацькоў да
кантролю і ацэнкі
Не
практыкуецца
Прымяняецца

Такім чынам, АА рэалізоўваецца ў адпаведнасці з асобасна арыентаваным падыходам, які робіць вучня сапраўдным суб’ектам адукацыйнага працэсу.

Якія ў нашай краіне існуюць варыянты для авалодання настаўнікамі актыўнай ацэнкай?

1. Самаадукацыя і апрабацыя настаўнікамі на сваіх уроках прыдатных для іх дыдактычных сістэм ідэй, метадаў і сродкаў тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Для такой практыкі існуюць неабходныя ўмовы: акрамя мінулых і будучых публікацый у «НГ» і ў некаторых прадметных журналах («Пачатковае навучанне», «Фізіка»), гэта кнігі: 1) аўтара гэтага артыкула «Контрольнооценочная деятельность учителя и учащихся» і 2) «Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі», аўтарамі якой з’яўляюцца многія настаўнікі, што паспяхова выкарыстоўваюць АА на сваіх занятках.

2. Вельмі добры варыянт – работа настаўнікаў у творчых групах, калі яны разам вывучаюць, абмяркоўваюць рэкамендацыі па АА, плануюць урокі, потым іх наведваюць, а затым аналізуюць і карэкціруюць сваю дзейнасць. Для такой практыкі пажадана школе мець хаця б аднаго настаўніка – лідара па АА, які добра дасведчаны ў гэтай тэхналогіі і ўмела яе прымяняе на сваіх уроках. Добрыя магчымасці тут маюць педагогі 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх рэалізоўваецца адпаведны інавацыйны праект.

3. Навучанне настаўнікаў на тыднёвым павышэнні кваліфікацыі аўтара артыкула па тэме актыўнай ацэнкі, якое арганізоўвае Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. Упершыню такія курсы прайшлі летам 2010 года. У выніку многія ўдзельнікі паспяхова прымяняюць на сваіх уроках гэтую тэхналогію, а таксама праводзяць адпаведныя трэнінгі і майстар-класы.

4. Навучанне на спецыяльных семінарах, якія ладзяцца ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, а таксама непасрэдна ў школах. Яны праводзяцца ў формах трэнінгаў, майстар-класаў, а выкладчыкамі з’яўляюцца носьбіты тэхналогіі.

5. Вельмі папулярным з-за сваёй эфектыўнасці з’яўляецца дастанцыйнае навучанне, якое арганізоўвае і праводзіць Таварыства беларускай школы. У верасні зроблены чарговы набор (ужо чацвёрты), а ў пачатку кастрычніка пачаліся заняткі. Як заўсёды, мы мелі вялікі конкурс: амаль два чалавекі на месца. Залічаны больш за 90 настаўнікаў розных прадметаў. Дыстанцыйнае навучанне ажыццяўляецца на вядомай платформе moodle, але наш курс мае шэраг асаблівасцей. Настаўнікі запісваюцца на курс выключна добраахвотна, што абумоўлівае іх высокую матывацыю і актыўнасць. Доўжыцца ён больш за паўгода і ўключае 7 модуляў па асноўных кампанентах АА працягласцю каля трох тыдняў кожны. Настаўнікамі-ментарамі з’яўляюцца 16 дасведчаных у АА педагогаў, большасць якіх працуе ў школах і гімназіях, у кожнага – 6 студэнтаў (так мы называем настаўнікаў, якія вучацца). Па кожным модулі студэнты абавязкова выконваюць заданні. Гэтыя заданні выконваюцца на падставе апрабацыі адпаведных ідэй, метадаў і сродкаў у класе, а потым дасылаюцца на платформу. На справаздачы студэнты атрымліваюць зваротную сувязь ад сваіх ментараў. Выкананыя заданні і ментарскія каментарыі да іх адкрыты для ўсіх удзельнікаў: і ўсіх студэнтаў, і ўсіх настаўнікаў. Гэта важная акалічнасць, бо ў выніку на міні-платформах удзельнікаў, як і на агульным форуме, разгараюцца зацікаўленыя і карысныя дыскусіі. Змест і працэдуры навучання адпавядаюць патрабаванням АА, працуе формула: «Мы вучым таму, з дапамогай чаго вучым».

Цяпер спынімся на фармаце суправаджэння «НГ» нашага дыстанцыйнага курса. Кожны з наступных выпускаў будзе выходзіць амаль адразу пасля завяршэння чарговага модуля. Гэта будзе адзін ці больш матэрыялаў, аўтарамі якіх будуць нашы ментары (магчымы ўдзел іншых педагогаў, якія прайшлі навучанне ў мінулыя гады; іх ужо каля 200). Структура кожнага артыкула будзе прыблізна аднолькавай:

1) даволі грунтоўнае асвятленне сутнасці адпаведнага кампанента АА;

2) заданне, якое атрымалі студэнты;

3) некалькі прыкладаў справаздач студэнтаў і каментарыяў на іх з боку ментараў.

Мара каманды дыстанцыйнага курса па АА – далучэнне да працэсу яе засваення не толькі нашых студэнтаў, але і многіх іншых педагогаў. Мы цешым сябе думкай, што настаўнікі, метадысты, намеснікі дырэктараў школ не пакінуць без сваёй увагі публікацыі ў газеце, што будзе арганізавана вывучэнне і абмеркаванне матэрыялаў у розных метадычных фарміраваннях настаўнікаў, а таксама апрабацыя педагогамі ідэй і ўпадабаных імі метадаў і сродкаў, якія ўтрымлівае тэхналогія актыўнай ацэнкі. Мы спадзяёмся, што з боку калег да нашай каманды будуць прапановы і пытанні (дасылайце на адрас zaprudskyn@mail.ru), на якія, калі вы не будзеце супраць, адказы будуць змяшчацца ў газеце. Давайце разам зробім наш праект педагагічна значным і карысным як для вучняў і настаўнікаў, так і для адукацыі краіны.

Мікалай ЗАПРУДСКІ, кансультант дыстанцыйнага курса
Настаўніцкая газета, 20 кастрычніка 2015 года

Гл. таксама:
2. Якія мэты, такая і праца вучняў на ўроку 
3. НаШтоБуЗУ – інструмент для аб’ектыўнай ацэнкі поспехаў вучня