Чаму не ўся інфармацыя ў інтэрнэце раўназначная?

Меркаванне з адной крыніцы — яшчэ не ісціна

Паліць насоўку чарніламі, затым яшчэ дадаткова яе запэцкаць, пакласці ў нагрудную кішэню кашулі, завязаць тую на некалькі вузлоў, змясціць у пральную машыну, запусціць праграму і… чакаць цуду. Калі верыць рэкламе, то пры выкарыстанні новага цудадзейнага пральнага парашку нават пры тэмпературы ўсяго ў 40 градусаў пасля заканчэння мыцця насоўка вярне свой першапачатковы выгляд.
 

22-20

Ір­жы Трун­да: «Мы не шу­ка­лі пра­віль­ны пункт гле­джан­ня».

— Мы зрабілі тое ж самае ў школе, выкарыстаўшы стандартную пральную машыну, у якой мыюць спартыўную форму. Зразумела, што ніводная наша спроба не завяршылася такім поспехам, як у рэкламе: насоўка ўсё роўна заставалася запэцканай. Дзякуючы гэтаму вельмі простаму і нагляднаму эксперыменту (а вучні ўвесь працэс канспектавалі як дослед) для некаторых з нашых выхаванцаў стаў адкрыццём факт: зусім неабавязкова тое, што абсалютна сур’ёзна і «кампетэнтна» дэманструецца па тэлебачанні, павінна быць праўдай, — расказвае дырэктар базавай школы «Вратыслаўска» горада Прагі Іржы ТРУНДА. — Усе мы ведаем, што дзеці і падлеткі могуць даслоўна цытаваць дзясяткі рэклам, і яны не заўсёды крытычна ўспрымаюць пачутае.

Нядаўна група чэшскіх педагогаў па запрашэнні Нацыянальнага інстытута адукацыі наведала нашу краіну і правяла шэраг навукова-практычных семінараў ва ўстановах адукацыі Жодзіна, Гродна, Століна і Мінска, каб падзяліцца з беларускімі калегамі сваім досведам у медыяадукацыі.

— Пра медыяадукацыю мы ў нашай школе пачалі задумвацца прыкладна 15 гадоў таму, гэта значыць, за некалькі гадоў да таго, як аднайменны прадмет у Чэхіі стаў абавязковай часткай вучэбнай праграмы, — падкрэслівае спадар Трунда. — Напрыклад, ёй мы займаліся на ўроках чэшскай мовы пры разборы фельетонаў, пры знаёмстве з творчасцю вядомых літаратараў, якія былі яшчэ і журналістамі, — Яна Неруды і Карэла Чапека.

У якасці скразной тэмы медыяадукацыя зараз уключана ў абавязковую вучэбную праграму ўсіх базавых школ (базавыя школы ў Чэхіі разлічаны на вучняў ад 6 да 15 гадоў. — Аўт.). На нацыянальным узроўні сфармуляваныя чаканыя вынікі ад укаранення такой адукацыі, але кожная школа сама вырашае, будзе яна рэалізоўваць медыяадукацыю як асобны прадмет ці як тэму, якая вывучаецца ў рамках розных прадметаў, або ў школе будуць камбінаваць абодва гэтыя спосабы.
22-251

Да­від Клі­меш: «Ства­раль­ні­кі рэ­алі­ці-шоу ма­ні­пу­лю­юць на­шай свя­до­мас­цю…»

— Як вы думаеце, ці засвояць дзеці, скажам, закон Ньютана, калі ім пра яго не раскажуць у школе? А ці навучацца працаваць на камп’ютары і карыстацца сацыяльнымі сеткамі? Не сумняваюся, што многія нашы вучні больш упэўнена адчуваюць сябе ў ІТ-свеце, чым іх педагогі. Таму наша задача — навучыць іх не тэхналогіям, а як працаваць са зместам, — кажа педагог. — У вучэбнай праграме напісана, што вучань павінен умець арыентавацца ў праблемах сучаснага свету, але там нічога не сказана пра тое, што дзеці павінны вывучаць вайну ў Югаславіі, украінскі крызіс ці вайну ў Сірыі. Лічыцца, што настаўнік гісторыі — прафесіянал, які сам цудоўна ведае, чаму трэба вучыць дзяцей, каб не прапусціць нічога важнага. Рамкі па часе на тую ці іншую тэму яму таксама ніхто не вызначае. Чэхаў крызіс ва Украіне закрануў самым непасрэдным чынам, паколькі ў нашу краіну прыязджаюць бежанцы з гэтай краіны. І не ўсе медыя і карыстальнікі сацыяльных сетак ставяцца да гэтага факта аднолькава прыязна. Але для нас важна, каб вучні арыентаваліся ў сітуацыі. З гэтай мэтай настаўнік папрасіў вучняў знайсці паведамленне аб падзеях ва Украіне ў розных медыя, але з умовай, што хоць адна крыніца павінна быць замежнай. У класе, дзе давалася заданне, было пяць украінцаў (прычым, як з заходняй, так і з усходняй часткі краіны) і адзін расіянін. Цікава, што ўсе прынесеныя ў клас меркаванні адрозніваліся. Але мы і не шукалі правільнага пункту гледжання. Для нас было важным, каб вучні разумелі, што погляд, агучаны адной з медыякрыніц, не з’яўляецца ісцінай. Медыя могуць абапірацца на розныя меркаванні… У бягучым навучальным годзе праблематыка іміграцыйнай хвалі, якая накрыла Еўрасаюз, безумоўна, будзе на ўроках у цэнтры ўвагі.

Педагогі тлумачаць школьнікам, што ў кожнага чалавека ёсць права на ўласную думку, але меркаванне, якое абапіраецца толькі на асабісты досвед або інфармацыю, пачутую, напрыклад, ад іншых вучняў ці сяброў, не мае такой каштоўнасці, як інфармацыя, што абапіраецца на вывучэнне спецыялізаванай літаратуры, на навуковы досвед або даследаванне.

— Калі медыяадукацыя можа дапамагчы нам у вывучэнні фізікі, хіміі, гісторыі ці музычных дысцыплін, то я не бачу ніякіх прычын, каб яе не выкарыстоўваць, — кажа Іржы Трунда.

Напрыклад, на ўроках фізікі ў школе вучням прапанавалі ацаніць плюсы і мінусы розных энергетычных крыніц з пункту погляду іх уплыву на навакольнае асяроддзе. Школьнікі пералічвалі аднаўляльныя і неаднаўляльныя крыніцы энергіі. Дарэчы, на тэрыторыі Чэхіі знаходзяцца дзве атамныя станцыі — недалёка ад мяжы з Аўстрыяй. Многім суседства з мірным атамам не падабаецца, таму гучаць думкі, што энергію трэба здабываць з вугалю. У аўстрыйскіх медыя таксама даволі часта з’яўляюцца негатыўныя водгукі аб энергетычнай палітыцы чэхаў, гучаць розныя аргументы. Вучні павінны былі азнаёміцца з усімі меркаваннямі, у тым ліку з поглядамі жыхароў рэгіёнаў, дзе здабываецца вугаль. Гэта, дарэчы, рэгіёны з самай складанай экалагічнай сітуацыяй. Да таго ж здабыча вугалю вядзе да высялення прылеглых населеных пунктаў, таму людзі, якія там жывуць, лічаць атамную энергію вельмі добрым варыянтам. Ва ўсім гэтым давялося пераканацца і вучням.

8598

У Вратыслаўскай школе педагогі вельмі актыўна выкарыстоўваюць і магчымасці YouTube. На відэахостынгу яны выкладваюць карысную відэаінфармацыю і даюць вучням спасылкі. На пытанне, а ці не можа шкода ад YouTube, куды «зліваюцца» тысячы відэаролікаў штодня, пераважаць над карысцю, спадар Трунда кажа: «Ні ў якім разе. Менавіта таму мы і займаемся медыяадукацыяй, каб прывіць нашым вучням этыку знаходжання ў сацыяльных медыя. Пытанне пра забарону нейкіх інтэрнэт-рэсурсаў нават не можа ставіцца».

Падчас апошніх летніх канікулаў магчымасцямі YouTube скарысталася настаўніца музыкі. Яна выклала там відэа, дзе вучыла прыгожа спяваць чэшскі гімн. Справа ў тым, што музычная кампазіцыя мае вельмі складаны інтанацыйны малюнак, а таму праблематычная для выканання.

— Наша настаўніца падзяліла ўвесь гімн на часткі: спачатку яна спявала невялікі фрагмент, а затым вядомы музыкант прайграваў адпаведную мелодыю. Такім чынам, ва ўсіх была магчымасць паўтарыць толькі што пачутае. Калі я паглядзеў гэта відэа, то жахнуўся — як жа мы раней дрэнна пелі наш гімн! — усміхаецца дырэктар школы. — Затое 1 верасня, калі ўсе вучні сабраліся на стадыёне, мы сітуацыю выправілі…

Дацэнт кафедры маркетынгавай камунікацыі і сувязяў з грамадскасцю факультэта сацыяльных навук Карлава ўніверсітэта, журналіст Давід КЛІМЕШ упэўнены, што для выкладання медыяадукацыі недастаткова напісаць адзін добры падручнік і яе нельга загнаць у адзін навучальны курс. Медыяадукаванасць можа быць рэкламнай, фільмавай, электроннай і іншай.

— Вучням можна расказаць, як стваральнікі папулярных рэаліці-шоу маніпулююць свядомасцю прыхільнікаў такога тэлепрадукту. Да стварэння шоу прыцягваюцца добрыя псіхолагі, якія мадэлююць сітуацыі, правакуюць канфлікты паміж удзельнікамі, настолькі дэталёва прапрацоўваюць усе дэталі, каб у гледачоў было адчуванне ўласнай прысутнасці па іншы бок экрана, — кажа выкладчык універсітэта. — Дарэчы, бацькі ў Чэхіі вельмі сочаць за тым, што іх дзеці глядзяць па тэлебачанні, але зусім не ведаюць, што яны шукаюць у інтэрнэце. Прапануйце школьнікам ахарактарызаваць уласнае інфармацыйнае асяроддзе. Якія крыніцы інфармацыі стаяць у іх на першым месцы? Не сумнявайцеся, што гэта будуць сацыяльныя сеткі. Таму дзецям трэба тлумачыць, што не ўся інфармацыя ў інтэрнэце — раўназначная.

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда