Кожны раз думаеш: ну чым яшчэ можна здзівіць настаўніка? Праверкай пячнога абсталявання? Гэта ўжо, прабачце, не навіна! Дзяжурствамі каля вадаёмаў, каб дзеці па лёдзе не хадзілі? Таксама старая як свет гісторыя. Але чарговы сюрпрыз не прымусіў сябе доўга чакаць: МНС зладзіла рэспубліканскую акцыю "За бяспеку разам", вось толькі прафілактыка пажараў чамусьці легла не на плечы мужных выратавальнікаў, а звалілася чарговай паперкай у школы.
Як вам такая гісторыя: школам даручылі забяспечыць "бяспеку пражывання непаўналетніх". Усё б нічога, бо ёсць разумныя прапановы ў чарговай паперы, накшталт прафілактычных гутарак з дзецьмі і іх бацькамі. Але ўсё гэта блякне на фоне аднаго з першых пунктаў дасланай у школы паперы: правесці маніторынг наяўнасці і стану вонкавага супрацьпажарнага водазабеспячэння і пад'ездаў да яго. Гэна во! А як учытацца ўважліва, дык і зусім шапка на галаве расце: педагогі павінны праверыць, ці няма ў вадаёмах донных адкладанняў і ці ў парадку пажарныя гідранты. Хараство ж, праўда? На ўсё пра ўсё - месяц. Настаўнікам застаецца хіба што жартаваць, маўляў, перекваліфікуемся ў вадалазаў і палезем дно сажалак даследаваць. Далей - болей. Менавіта настаўнік павінен вызначыць, дзе патрэбныя апазнавальныя знакі, каб прыехаўшыя на пажар ратавальнікі ведалі, адкуль браць ваду. Натуральна ўсе задакументаваць ў некалькіх асобніках. Словам, было б смешна, каб не была сітуацыя такой да абсурду сумнай.
Дзень за днём педагогам абяцаюць, што папер стане менш. Да канца вучэбнай чвэрці? А тым часам настаўнікі ездзяць па сем'ях і правяраюць, ці няма вошай у вучняў. Да канца года? А педагогі па-ранейшаму кантралююць, ці цвярозыя бацькі вучняў, на якіх мінулым тыднем выклікалі міліцыю, ці ёсць у іх дровы на зіму, ці гатовыя дзеці да халадоў... А тым часам з усіх бакоў гучаць абяцанні: спіс папер скароціцца да мінімуму. Для большай пераканаўчасці чыноўнікі яшчэ і дадаюць, маўляў, папрасі ў педагогаў скласці спіс неабходных, на іх думку, папер - яшчэ больш атрымаецца.
Вядома, хочацца верыць, што гэтым разам не палезуць педагогі даследаваць дно сажалак з прэснай вадой. Ім ужо сапраўды і без гэтага працы хапае. Хочацца верыць, што і ратавальнікі, складаючы паперу, укладалі ў мудрагелістыя фармулёўкі іншы сэнс. Ключавое слова - хочацца верыць. Але ўсё гэта, насамрэч, не важна. Куды важней пачуць адказы на два самыя важныя ў гэтай сітуацыі пытанні. Першы - да Міністэрства па надзвычайных сітуацыях: ці ёсць сэнс у такой "прафілактыцы"? Другі - да Міністэрства адукацыі: ці дачакаюцца настаўнікі надзейнай абароны ад неўласцівых ім абавязкаў?
Вольга Пасіяк, «СБ»