Праз год дзейнічала ўжо пяць беларускіх пачатковых школ

“Вучэнне свет, а невучэнне – боты, – раніцой устаў – і на работу!” – жартаваў некалі адзін мой знаёмы дзядок. Усё жыццё гэты “цёмны” чалавек адрабіў у калгасе – не было зусім ніякай адукацыі. Сям’я была бедная, вучыцца не было калі. Цяпер яго ўжо няма на гэтым свеце, памёр гадоў дзесяць таму.

На сваім адносна маладым веку мне давялося бачыць людзей, якія нарадзіліся яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адпаведна, і выхоўваліся яны ў даволі суворыя часы, калі дзецям простых людзей бракавала адукацыі. Не кожны мог дазволіць сабе такую раскошу. Адна бабулька так да канца жыцця і не навучылася пісаць – ставіла крыжык у патрэбнай графе замест подпісу. Так і жыла. Нават бальшавіцкі лікбез не дапамог.

Гэта цяпер мы маем агульнаадукацыйную школу, універсітэт, магістратуру, аспірантуру, курсы, перападрыхтоўку, другую вышэйшую. А за грошы дык наогул усё што захочаш, толькі плаці! Зробяць з цябе і лагіста, і праграміста, і дызайнера – галоўнае жаданне. Нашым продкам сто гадоў таму жылося нашмат цяжэй.

У Расійскай імперыі сістэма адукацыі была досыць хаатычнай і вызначалася наяўнасцю розных відаў школ, ніякім чынам паміж сабою не звязаных. Яны ў сваю чаргу знаходзіліся ў розных ведамствах і органах мясцовага самакіравання. Так, існавала вялікая колькасць відаў пачатковых школ: аднакласныя, двухкласныя, міністэрскія, земскія, царкоўна-прыходскія, гарадскія, місіянерскія. Тагачасныя школы адрозніваліся і паводле тыпу: вышэйшыя пачатковыя вучылішчы, мужчынскія і жаночыя прагімназіі, духоўныя вучылішчы, гандлёвыя школы і г.д. Усё гэта сведчыла аб стыхійнасці і саслоўнасці навучання ў Расійскай імперыі, а таксама аб вялікай розніцы паміж навучальнымі ўстановамі.

У той час фінансаванне школы было слабым – па гэтым паказчыку тэрыторыя сучаснай Беларусі займала апошняе месца ў Еўропе. Ды і што за дзіва, калі сама сістэма народнай адукацыі ў пачатку XX стагоддзя развівалася вельмі марудна. Дадзеныя школьнага перапісу 1911 г. сведчаць аб тым, што на 100 жыхароў прыпадала 4,04 навучэнца. На адну пачатковую школу прыпадала 11,3 населенага пункта, 1416 жыхароў; адна школа абслугоўвала вучняў сельскай мясцовасці на тэрыторыі ў 29,8 кв. вярсты. Пра навучанне на роднай мове гаворкі нават не вялося.

У кнізе Максіма Лужаніна “Колас расказвае пра сябе” будучы класік беларускай літаратуры, а таксама выдатны настаўнік Якуб Колас так успамінаў сваё пачатковае навучанне: “…школу я скончыў, калі мне было гадоў дванаццаць. Вучыўся толькі дзве зімы, пачаў адразу з другога аддзялення: ад навукі Яські Базылёвых нешта ўсё ж такі засталося ў галаве.

Настаўнікам у нас быў нейкі Корзун, чорны, як цыган. Каму больш дзякаваць за першыя барозны навучання, Яську ці яму, не ведаю. Адно скажу, калі я, ужо будучы настаўнікам, злаваўся на вучняў і гатоў быў выкпіць каго-небудзь з іх або пакараць, дык заўсёды стрымліваў сябе: “Ты ж не Корзун”.

Граматна пісаць навучыўся сам. Рабіў такім чынам: перапісваў байкі па памяці, а пасля правіў па кнізе. Добрую памяць меў, дапамагала”.

У 1908 годзе на Магілёўшчыне, у маёнтку памешчыка Гардзялкоўскага і пры яго падтрымцы, Колас адкрывае школку для мясцовых дзяцей, дзе вучыць іх на роднай мове. Школа дзейнічае ўсяго некалькі месяцаў і не мае легальнага становішча, а заняткі адбываюцца ў атмасферы сакрэтнасці. Сам Якуб Колас потым вельмі скупа згадваў гэты перыяд: ”…быў пры рэдакцыі, пакуль не прыйшло пісьмо ад памешчыка Гардзялкоўскага. Ён хацеў арганізаваць беларускую школу і прасіў параіць настаўніка. Паехаў я тады ў вёску Сані на Магілёўшчыну. Дацягнуць да канца года не ўдалося: усчынілася следчая справа. Гардзялкоўскі, хоць і не дабыў я тэрміну, разлічыўся цалкам, заплаціў мне залатымі пярсцёнкамі”. Справа была праз нелегальны настаўніцкі сход, да арганізацыі якога меў непасрэднае дачыненне Якуб Колас. За гэта ён трапіў за краты амаль на тры гады. Удзел у сходзе браў яшчэ адзін будучы класік беларускай літаратуры, таксама настаўнік, Іван Фёдараў, больш вядомы пад псеўданімам Янка Маўр.

Наступная спроба арганізаваць беларускую школу, зноў жа нелегальная, была ў 1911 годзе, калі за справу ўзялася Алаіза Пашкевіч. Праўда, вынік быў такі ж, як і ў выпадку з Якубам Коласам: школка доўга не пратрымалася і не мела масавасці.

І толькі ў 1915 годзе, калі на нашыя землі прыйшло ліхалецце Першай сусветнай вайны, беларусам удалося атрымаць сваю школу на роднай мове. Сто гадоў таму, 13 лістапада 1915 года, дзякуючы намаганням Баляслава Пачопкі і Алаізы Пашкевіч, у сталіцы былога Вялікага Княства Літоўскага была ўтвораная першая сталая беларуская школа. Менавіта яна паклала пачатак масавай адукацыі дзяцей на беларускай мове. Праз год дзейнічала ўжо пяць беларускіх пачатковых школ. Яны былі ў Лідзе, Гародні, Крынках і іншых населеных пунктах. Праз недахоп настаўнікаў-беларусаў вельмі востра стаяла кадравае пытанне. Менавіта таму разам з першай беларускай школай у Вільні пачаліся і першыя настаўніцкія курсы.

Гэтыя падзеі маюць вялікае значэнне для гісторыі Беларусі, і не толькі таму, што дзеці беларусаў атрымалі законнае права вучыцца на роднай мове. Вядомую фразу расійскага паэта Яўгена Еўтушэнкі “Поэт в России – больше, чем поэт”, можна на беларускі манер перафразаваць як “настаўнік ў Беларусі – болей чым настаўнік”. Бо тыя, хто вёў наш народ да ведаў, спрабаваў зрабіць яго лепшым, адукаваным і роўным сярод іншых, заўжды рабіў болей, чым проста выкладаў.

Сярод тых, хто ў той ці іншай форме займаўся настаўніцкай дзейнасцю, мы ведаем багата годных і адданых беларускай справе людзей. Дастаткова паглядзець на біяграфіі і супаставіць іх з акалічнасцямі жыцця: так, да прыкладу, існуе наўпростая сувязь паміж Слуцкай гімназіяй, якая паўстала ў горадзе ў 1917 годзе, і Слуцкім збройным чынам. Згаданы вышэй Якуб Колас, акурат у Слуцку, будучы выкладчыкам беларускай мовы, пазнаёміўся ў 1924 годзе з былым паўстанцам і настаўнікам па сумяшчальніцтве Юркам Лістападам, які арганізаваў разам са сваімі вучнямі патрыятычную “контррэвалюцыйную” групу. Але пра гэта іншым разам.

Сёння важна разумець, што ўжо праз некалі гадоў пасля з’яўлення першай беларускай школы і адкрыцця першых беларускіх настаўніцкіх курсаў паўстане і беларуская дзяржава. Спачатку гэта будзе Беларуская Народная Рэспубліка, пасля яе прынцыпы падхопіць і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Што цікава: 13 лістапада, дата з’яўлення легальнага беларускага школьніцтва, будзе адзначацца, як у савецкай Усходняй, так і ў Заходняй Беларусі.

Канстанцін Касяк, budzma.by