Адзіны беларускамоўны клас у Баранавічах: ёсць чаму павучыцца

Алена ЗЕЛЯНКО, «Intex-press» 

Бацькі дзвюх школьніц з Баранавіч паўтара года дабіваліся адкрыцця беларускамоўнага класа ў адной з гарадскіх гімназій. Для гэтага ім спатрэбілася напісаць дзясяткі лістоў у розныя інстанцыі і нават сустрэцца з намеснікам міністра адукацыі.

Настаўніца Іна Казлоўская праводзіць урок беларускай літаратуры ў 6 «Д» класе гімназіі №4. Фота: Аляксандр КОРАБ

Настаўніца Іна Казлоўская праводзіць урок беларускай літаратуры ў 6 «Д» класе гімназіі №4. Фота: Аляксандр КОРАБ

Адзіны ў горадзе беларускамоўны 6 «Д» клас пачаў працаваць у гімназіі №4 з другой чвэрці. Спачатку ў ім вучыліся толькі дзве дзяўчынкі – Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык. Зусім нядаўна да іх далучыўся трэці вучань – Арсеній Пісарчык.

Раней беларускамоўны клас існаваў у сярэдняй школе №14. У ім вучыліся Яся, Аліса і яшчэ адна дзяўчынка. У мінулым годзе, калі вучаніцы атрымалі пачатковую адукацыю, клас закрылі: кіраўніцтва горада палічыла, што фінансаваць клас дзеля некалькіх вучняў немэтазгодна. Яся і Аліса перайшлі ў гімназію №4.

Бацькі дзяўчынак звярталіся ў розныя інстанцыі і дамагаліся таго, каб іх дзеці змаглі вучыцца па-беларуску ў гімназіі. Яны пісалі звароты ў гарвыканкам, аблвыканкам, Міністэрства адукацыі, пракуратуру. Дайшлі нават да намесніка міністра адукацыі.

Чыноўнікі пераадрасоўвалі заявы ў іншыя інстанцыі, раілі вазіць дзяўчынак у беларускамоўную школу ў Жамчужным, прапаноўвалі арганізаваць беларускамоўнае навучанне ў складзе рускамоўнага класа.

– У кастрычніку нам патэлефанаваў дырэктар гімназіі і сказаў, што клас вырашылі адкрываць, – распавядае Таццяна Малашчанка, маці Ясі. 

Яся Малашчанка на ўроку беларускай літаратуры расказвае аб асаблівасцях лірычных вершаў. Фота: Аляксандр КОРАБ
Яся Малашчанка на ўроку беларускай літаратуры расказвае аб асаблівасцях лірычных вершаў. Фота: Аляксандр КОРАБ

На думку Тамары Мацкевіч, старшыні ГА «Таварыства беларускай школы», адкрыццё беларускамоўнага класа – хутчэй выключэнне, чым правіла.

– Я хачу парадавацца за дзяцей і за бацькоў, – кажа Тамара Мацкевіч. – Але не магу сказаць, што я рада за краіну. Гэты выпадак паказвае, што магчымасць вучыцца на роднай мове – гэта выключэнне, а не правіла.

Нядаўна ГА «Таварыства беларускай школы» ўнесла прапанову аб тым, каб у нашай краіне забяспечыць крокавую дасягальнасць школ з беларускай мовай навучання. Па словах Тамары Мацкевіч, пакуль заканадаўцы да ініцыятывы не прыслухаліся.

«На ўроку працы я наогул буду адзін»

Па словах Таццяны Малашчанкі, маці Ясі, дзяўчынцы вельмі падабаецца вучыцца ў новым класе. Яна стала больш актыўнай, руплівай, тым больш што адзнакі па ўсіх прадметах з-за малой колькасці вучняў з'яўляюцца амаль кожны дзень.

Змест падручнікаў на беларускай мове, па словах Таццяны, амаль нічым не адрозніваецца ад рускамоўных.

– Праграма такая ж, толькі ўсё на роднай мове, – распавядае Таццяна. – Праўда, пераклад у падручніках не заўсёды добры, бывае, замест беларускіх літар сустракаюцца рускія.

Таццяне здаецца, што кіраўніцтва гімназіі добра ставіцца да новага класа: «Я лічу, што нашым дзецям далі лепшых настаўнікаў. Можа, у хуткім часе беларускамоўны клас стане элітным».

Арсеній Пісарчык, вучань адзінага ў горадзе беларускамоўнага класа: «Выклікаюць да дошкі амаль на кожным уроку». Фота: Аляксандр КОРАБ
Арсеній Пісарчык, вучань адзінага ў горадзе беларускамоўнага класа: «Выклікаюць да дошкі амаль на кожным уроку». Фота: Аляксандр КОРАБ

Арсеній Пісарчык, які зусім нядаўна перайшоў у беларускамоўны клас, да гэтага вучыўся ў рускамоўным класе гімназіі №4.

– Настаўніца беларускай мовы распавяла, што ў нас адкрыўся такі клас, мне гэта адразу спадабалася, – кажа Арсеній. – Я вырашыў, што буду там вучыцца. Бацькі мяне падтрымалі.

Па словах хлопчыка, пераход на беларускую мову навучання для яго быў нескладаным.

– Выклікаюць да дошкі амаль на кожным уроку, нас жа ўсяго трое. А на ўроку працы я наогул буду адзін, – распавядае Арсеній.

Навучэнцы іншых гімназій горада, якія жадаюць вучыцца па-беларуску ў 6-м класе, могуць ужо зараз звяртацца ў гімназію №4. Вучням звычайных школ прыйдзецца пачакаць да наступнага навучальнага года і здаць іспыты па рускай, беларускай мовах і матэматыцы.

Фота: Аляксандр КОРАБ
Фота: Аляксандр КОРАБ