Вікторыя Русілевіч, Лідская газета
Сад«Дажыліся! – думалася мне па дарозе ў дзіцячы садок №35. – Тое, што дзеці ходзяць у беларускамоўную групу, што вывучаюць родную мову, перайшло ў ранг сапраўднай навіны». Але тут жа папракнула сябе за не па гадах бурклівы настрой. «Таксама мне, прыклад для пераймання, – не без папроку казала ўжо самой сабе. – І чаму здзіўляюся? Сама ж на рускай мове і размаўляю, і пішу большасць матэрыялаў, і кнігі чытаю, а роднай карыстаюся час ад часу. Тут і самой не шкодзіла б запісацца на якія курсы».
З такімі думкамі я ўвайшла ў садок і паднялася на другі паверх, у групу № 8. «Добры дзень!» – загаманілі ў адзін голас малыя, убачыўшы мяне ў дзвярах. Павітаўшыся, усе тут жа вярнуліся да сваіх важных спраў: адны працягнулі збіраць канструктар, другія – наводзіць парадак у беларускай «хатцы», трэція – складваць па ўзоры беларускія арнаменты.
– Беларускамоўная група ў нас існуе ўжо пяць гадоў, – расказала загадчыца дзіцячага сада № 35 Ірэна Яцкевіч. – Навучанне ў ёй пачынаецца з трохгадовага ўзросту і працягваецца да самага выпуску. Сёлета выхаванцамі групы з'яўляюцца 23 шчырыя і ўсмешлівыя дзіцяняты.
Ірэна Уладзіславаўна са шкадаваннем звярнула ўвагу на тое, што некаторыя бацькі ўспрымаюць гэтую групу з асцярогай. Яны лічаць, што іх дзецям будзе вельмі цяжка ў школе, дзе прадметы выкладаюцца ў асноўным на рускай мове. Але гэта памылковае меркаванне. Сучасныя дзеці ўспрымаюць беларускую мову як замежную. Таму калі пераходзяць на наступную ступень навучання, урокі на ёй даюцца ім вельмі цяжка. Вось і атрымліваецца, што, ідучы ў першы клас, хлопчыкі і дзяўчынкі толькі-толькі пачынаюць вучыцца дасканала размаўляць, пісаць і чытаць на роднай мове, што непазбежна вядзе да пагаршэння адзнак. «Абавязкам нашага садка было адкрыць такую групу хаця б па той прычыне, што большасць нашых выпускнікоў вучыцца ў суседняй школе №15, у якой ёсць беларускамоўны клас», – дадала ў канцы загадчыца.
Працуюць у групе № 8 два таленавітыя і маладыя педагогі Кацярына Конан і Ганна Чэкан, якія, між іншым, па сваёй адукацыі з'яўляюцца выкладчыкамі беларускай мовы і літаратуры.
– Павагу да мовы мы выхоўваем на занятках праз фальклор і народныя гульні, – тлумачыць методыку навучання Ганна Іосіфаўна. – Чытаем творы беларускіх пісьменнікаў, знаёмімся з беларускай культурай, абрадамі. Далучаем малых да роднай мовы паступова, параўноўваючы і супастаўляючы рускую і беларускую мовы. Так ім лягчэй арыентавацца.
У гэтым годзе Ганна Чэкан плануе паказаць дзеткам абрад калядавання, які ладзіўся на нашай зямлі на працягу стагоддзяў. Дзяўчынкі і хлопчыкі пераапрануцца ў казу, мядзведзя, чорта і пойдуць каляднай світай па іншых групах. Ідэя вельмі спадабалася бацькам, якія прапанавалі зазірнуць у такім выглядзе і да іх на месца працы. Увогуле, таты і мамы падтрымліваюць педагогаў ва ўсім. Сёлета, напрыклад, яны дапамаглі ўладкаваць у групе па-сапраўднаму беларускую «хатку».
…Вяртаючыся ў рэдакцыю, я думала пра тое, як усё ж такі добра, што ў Лідзе ёсць такія дзіцячыя садкі, дзе дзеці могуць вучыць родную мову. На жаль, пералічыць іх можна па пальцах: беларускамоўныя групы ёсць у дзіцячых садках №№ 26 і 35, таксама ў нашым горадзе дзейнічаюць два поўнасцю беларускамоўныя садкі – №№ 24 і 36.
Для роздуму
Паводле перапісу насельніцтва за 2009 год, па-беларуску дома размаўляюць 23,43% беларусаў. Адпаведна роўна столькі ж маленькіх грамадзян нашай краіны могуць пачуць беларускую мову да школы. Шанцы пачуць яе ў дзіцячым садку яшчэ меншыя. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на сённяшні дзень 90% дашкольнікаў ходзяць у рускамоўныя дзіцячыя садкі.
АКСАНА КАСПОРСКАЯ З СЫНАМ МІШАМ:
– Так склалася, што ў гэтай групе я працую памочнікам выхавальнікаў, таму сын заўсёды ў полі маёй ўвагі. Яму вельмі падабаецца беларуская мова, падабаюцца беларускія казкі, песні. Мы і дома чытаем па-беларуску. Што тычыцца іншых дзетак, ім заняткі на роднай мове таксама толькі ў радасць. А з якім задавальненнем яны гуляюць у беларускай «хатцы»!
СВЯТЛАНА КАРТАНОВІЧ З ДАЧКОЙ ДЫЯНАЙ:
– У беларускамоўную групу я аддала сваё дзіця без роздумаў. Мы жывём у Беларусі, таму важна ведаць сваю родную мову. Да таго ж, у школе дачцэ будзе лягчэй. Не выключаю нават, што аддам яе ў беларускамоўны клас. Дыяне вельмі падабаюцца беларускія абрады, традыцыі і нават словы. Яна называе іх прыгожымі.
АНАСТАСІЯ РОЧАВА З СЫНАМ ВАДЗІМАМ:
– У гутарцы майго сына час ад часу праскокваюць беларускія словы. Адразу знервавалася ад такой трасянкі, а потым абрадавалася. Мая старэйшая дачка ў садку хадзіла ў рускую групу, і беларуская мова ў школе выклікае ў яе нямала складанасцей. Ёй не зразумелыя словы «садавіна», «агародніна», у той час як Вадзім лёгка імі аперыруе. Таму не трэба баяцца таго, што напачатку дзіця будзе блытаць беларускія і рускія словы. Гэта адбываецца толькі кароткі час, пасля чаго ўсё становіцца на свае месцы і дзве мовы пачынаюць суіснаваць раўнапраўна. Ну а карысць ад білінгвізму (папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. – заўвага аўтара) ўжо даўно з’яўляецца фактам.