Акцыя «Дзякуй табе, настаўнік!»

Марына Берднік, «Брестский курьер» 

Вельмі цёплыя успаміны застаюцца амаль у ўсех са школы. Так і у мяне, толькі  светлыя, прыемныя, яскравыя. Многа ў Бярозавіцкай сярэдняй школе Пінскага раёна таленавітых і вопытных настаўнікаў. Усе яны – сапраўдныя  спецыялісты па сваіх прадметах. Іх вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі на розных раённых алімпіядах. Але найбольш яскрава мне ўспамінаецца настаўніца біялогіі і геаграфіі Ніна Мікалаеўна Варабей.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Ніна Мікалаеўна нарадзілася 28 верасня 1953 года ў вёсцы Табулкі Пінскага раёна, Брэсцкай вобласці, у сям’і калгаснікаў. З  1-га па 8 клас вучылася ў Табульскай васьмігадовай школе. У 9-10-я класы пашла ў Парэчча, менавіта там можна было атрымаць сярэднюю адукацыю. Уставала рана, трэба было выходзіць у 8 гадзін, каб прайсці 5 кіламетраў пешшу і не спазніцца на ўрокі.

У 1970 годзе Ніна Мікалаеўна паступіла Ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Яе мара стаць настаўніцай біялогіі і геаграфіі збылася. Вучыцца ў інстытуце ёй было цікава, таму што часта вандравалі па свеце з мэтай вывучэння прыроды. За час вучобы Ніна Мікалаеўна пабывала ў Карпатах, на Каўказе (Тбілісі, Кіславодск, Адлер, Сочы), на Чорным, Азоўскім морах, у Крыму (Севастопаль, Ялта, Бахчэсарай), на Балтыйскім моры, у Прыбалтыцы (Рыга, Вільнюс, Кохтла-Ярва), Санкт-Пецярбургу. Пяць гадоў праляцелі вельмі хутка. І вось размеркаванне – Пінскі раён, вёска Бярозавічы.

З 1975 года Ніна Мікалаеўна працуе настаўніцай у школе. Яна выкладае біялогію і геаграфію. Да сваёй працы адносіцца вельмі сумленна. На ўроках Ніна Мікалаеўна стараецца зацікавіць вучняў сваім прадметам.  Яна часта дае творчыя заданні, таму вучэбны матэрыял і запамінаецца лёгка, а дамашнія работы выконваюцца з радасцю. Кожны год настаўніца возіць сваіх вучняў на алімпіяды, канферэнцыі, дзе тыя атрымоўваюць прызавыя месцы. Многія з іх ужо пайшлі па яе слядам і зараз працуюць настаўнікамі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Не менш Ніна Мікалаеўна любіць працаваць на зямлі.

Гэта дзякуючы яе фантазіі і працавітым рукам на тэрыторыі школы заўсёды прыемна знаходзіцца. Ад ранняй вясны да позняй восені на клумбах цвітуць розныя каляровыя кветкі. Таксама па яе прамове ў двары школы быў створаны цудоўны вугалок “Бабуліна сядзіба”.

Гэта невялічкі сялянскі дворык, агароджаны лазовым плотам. Там ёсць аптэкарскі агарод, кветкава-дэкаратыўны і палявы аддзелы, агароднія культуры і сама “бабуліна хатка”.

Але асобнай увагі заслугоўвае краязнаўча-этнаграфічны музей, у які Ніна Мікалаеўна ўклала ўсю сваю душу. Заснаваны ён 4 красавіка 1984 года. Дапамагалі рэалізоўваць гэтую ідэю другія настаўнікі і вучні. Такі школьны музей адзіны ў Пінскім раёне. Там працуюць 3 залы: “Хлеб – усяму галава”, “Беларускі лён”, “Сялянская хата”.

Першы зал – “Хлеб – усяму галава”. Тут экспануюцца прадметы, якія выкарыстоўваюцца для атрымання хлеба.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Справа на сцяне – выява бяскрайняга жытнёвага поля. Тут жа стаяць снапы жыта, ячменю, аўса, пшаніцы, трэцікале. У куце – драўляныя вілы, цапы, лапаты. Справа – дзяжа, у якой рашчынялі цеста, лапата, на якой сажалі хлеб у печ. У левым куце стаяць рабочыя жорны для атрымання мукі, каля іх розныя па памеру ступы. У іх таўклі крупы. Экспануюцца саламяныя, лазовыя кашы, карзіны, карабаны, у якіх захоўвалі зерне, крупу, муку. Тут жа і гарчыкі, сеўнікі для пасеву збожжа. На пярэдняй сцяне стэнд, які паказвае развіццё зернявой гаспадаркі ў КУСП”Бярозавічы”.

Далей ідзе другая зала – “Беларускі лён”. У музеі прадстаўлены 2 віды сыравіны: лён і воўна.

Лён з галоўкамі, абкалочаны, вылежаны. Сабраны ўсе прылады працы для апрацоўкі лёну і для вырабу ільняной тканіны: церніца (льномялка), трапала з трапачкай, грабяні для часання лёну, чаўнок, ціўка, прасніца з кудзеляй, верацёна з ніткамі, потак, снавальніца, кросны. На стэндзе ўзоры палатна: кужэльнае, радавое, ручніковае, кудзельнае. Экспануецца традыцыйнае адзенне, якое дзеліцца на мужчынскае і жаночае, летняе і зімовае, паўсядзённае і святочнае. У гэтай зале ёсць і вясельнае адзенне жаніха і нявесты. Тут жа прадстаўлены і ручнікі 19-20 стагоддзяў. На пярэдняй сцяне размешчаны рамкі з прыгожымі вышыўкамі аднавяскоўцаў Ніны Мікалаеўны.

Трэцяя зала “Сялянская хата” зроблена ў выглядзе хаты селяніна. Яна мае невялікія памеры – 12 квадратных метраў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

 

Пры ўваходзе ў “хату” справа размяшчаецца печ з комінам. У вуглу, каля печы, знаходзіцца качарэжнік – месца, дзе стаіць чапяла, памяло, вілы для гаршкоў, мяцёлка. Над печчу вісіць цыбуля, ляжаць валка і качалка. Супраць печы размяшчаецца гаспадарчы кут, дзе каля дзвярэй можна ўбачыць маслабойку, сальніцу, апалкі, даёнку. Далей, уздоўж сцяны, стаіць шырокая лава. На сцяне вісіць драўляная паліца з кухонным посудам: гаршкамі розных памераў, місамі, збанамі для малака, лыжкамі.

НН с детьми

Тут жа на сцяне крук, дзе вісіць ручнік, якім выціралі рукі. За печчу – запек, на ім ляжыць сяннік, засланы тканай посцілкай. Побач дзіцячая калыска, падвешаная пад столь. Над запекам уздоўж сцяны замацавана жэрдка, дзе вісіць адзенне, каля запека ляжаць лыка і лапці, а ў кутку стаіць невялікі куфэрак.  Найбольш шаноўнае месца ў хаце – покуць (чырвоны кут). Раней покуць выконвала важную ролю у паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуці вісіць абраз, упрыгожаны ўзорным ручніком, за ім пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў, зелак вярбы. На покуці стаіць стол, засланы абрусам. Над сталом вісіць лямпа-газніца. Сцены хаты і столь пабелены. На сценах – рамкі з фотаздымкамі, упрыгожаныя ручнікамі. У хаце 2 невялікіх акенцы, завешаныя вышытымі фіранкамі. На падлозе ляжаць тканыя ходнікі.

Збіраліся экспанаты ўсёй вёскай.

Так, дзякуючы арганізацыйным здольнасцям Ніны Мікалаеўны, непатрэбныя рэчы з гарышчаў многіх дамоў ператварыліся ў прадметы, якія служаць дапаможнікамі пры вывучэнні культуры Беларусі. Сярод іх ёсць і кросны, і патэфон, і, нават, бівень маманта.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Пры музеі працуе краязнаўчы гурток. Узначальвае яго Ніна Мікалаеўна. У школе праводзяцца экскурсіі па ўсіх залах музея для вучняў сваёй школы, дзетак дзіцячага сада, вучняў суседніх школ раёна. Экскурсаводамі з’яўляюцца навучэнцы 9-11 класаў – удзельнікі краязнаўчага гуртка. Настаўнікі гісторыі, геаграфіі, беларускай літаратуры, выяўленчага мастацтва, пачатковых класаў, выкарыстоўваюць матэрыялы музея пры падрыхтоўцы ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Дзякуючы гэтаму, вучні могуць не толькі пачуць ці прачытаць пра культуру і жыццё беларускага народу, але і паглядзець на працэс збора і апрацоўкі лёну, выраб тканіны з яго, пашыў нацыянальнага адзення, патрымаць у сваіх руках прылады працы і посуд.

Вось ужо 40 гадоў аддана працуе Ніна Мікалаеўна ў Бярозавіцкай школе. Яна многае зрабіла для яе развіцця. І зараз, ужо на пенсіі, яна працягвае аддаваць усю сябе для таго, каб прывіць цікавасць вучняў да сваіх прадметаў, да культуры Беларусі і любоў да сваёй Радзімы. Гэта яе мара, увасобленая ў жыццё. І каб увасобіць такую мару, трэба быць высокаадукаваным, сумленным і проста добрым чалавекам.

Фота аўтаркі