Наталля Тур, «Рэгіянальная газета»
У Ільянскай сярэдняй школе імя Грымаця працуюць два школьныя музеі: літаратурны і гістарычны. Трапляючы ў іх, цікавыя экспанаты і больш чым 20-гадовая гісторыя музеяў адыходзяць на іншы план, бо слухаеш экскурсію, якую тут праводзяць шасцікласнікі.
10 вучняў, а гэта Марыя Аўчыннікава, Наталля Камінская, Марыя Шмаргалава, Леў Стацюк, Ліза Артамонава, Ягор Моўчан, Антон Гаўрылік, Дзмітры Трубач, Уладзімір Буркевіч, Святлана Руткоўская, праводзяць экскурсіі ў музеі “Вілейшчына літаратурная” як для малодшых школьнікаў, так і для гасцей, якіх у школе бывае нямала.
Гісторыка-краязнаўчым музеем кіруе Людміла Маркевіч. Працуе ён ў школе ад 1995 года.
А літаратурна-краязнаўчы музей яшчэ ў 1992 годзе стварыла настаўніца гэтай школы Роза Шэрая, якая і сёння з’яўляецца яго адзіным кіраўніком.
Дзейнасць вучняў і калег Розы Канстанцінаўны, якія збіраюць фонды музея, не абмяжоўваецца толькі зборам матэрыялаў пра славутых людзей, чые вытокі тут, на Вілейшчыне. У цэнтры ўвагі і героі сённяшняга дня – дзеячы навукі і культуры, ветэраны, працаўнікі.
Экскурсіі, гэта далёка не ўся праца, якой займаюцца вучні са сваім кіраўніком.
Рэгулярна ладзяцца сустрэчы ў літаратурнай гасцёўні, вядзецца ліставанне з людзьмі, якія лёсам звязаныя з Вілейшчынай, праводзяцца прэзентацыі кніг і шмат чаго іншага.
– Мы праводзім экскурсіі з другога класа, – наперабой расказваюць дзеці. – Вельмі падабаецца. Асабліва, калі дарослыя дзякуюць і ўважліва слухаюць.
– А мне, – кажа Антон Гаўрылік, – аднойчы пап-корн падарылі ў якасці падзякі. Жанчына нейкая сказала, што ёй вельмі спадабалася экскурсія, а як падзякаваць мне, яна не ведала, бо з сабой быў толькі пап-корн.
– А ці бывае, што забываецеся сваю частку экскурсіі?
– Не, не бывае. А! У Льва было, – смяецца Маша Шмаргалава, – але мы ўсе ведаем частку экскурсіі адзін аднаго і, калі трэба, на дапамогу прыйдзем.
Дзеці прызнаюцца, што з імі за час працы экскурсаводамі здаралася шмат чаго. Было нават і такое, што нехта з хлопчыкаў бег на экскурсію і ўпаў акурат пад ногі нейкім пачэсным гасцям.
Але пра такія выпадкі дзеці расказваюць са смехам. І самая галоўная ўзнагарода для іх, гэта падзякі гасцей, настаўнікаў, аднакласнікаў і самых маленькіх вучняў ільянскай школы за тое, што шасцікласнікі з такой цеплынёй расказваюць пра знакамітых землякоў.
Вучань збірае калекцыю пагонаў на “Полі цудаў” у Ждановічах
Шасцікласнік Уладзімір Буркевіч, акрамя працы экскурсаводам у літаратурным музеі, у школе праводзіць уласную экскурсію. Ён расказвае пра танкі і самалёты.
Калекцыя Уладзіміра пачалася з таго, што аднойчы мама купіла яму часопіс з макетам танка ў маштабе 1:35. З цягам часу калекцыя ўсё папаўнялася і папаўнялася. І неўзабаве дома пачало не хапаць месца для ўсіх танкаў і самалётаў. Тады Уладзімір сабраў сваю калекцыю ў каробкі і аднёс у школу.
Цяпер ён з задавальненнем расказвае пра танкі часоў фінскай, Другой сусветнай войнаў, пра сучасныя танкі. Вова з заплюшчанымі вачыма можа расказаць пра асаблівасці кожнага экспаната са сваёй калекцыі.
Ён ведае на памяць, колькі важыў кожны танк, колькі адзінак іх было выпушчана, чаму ў адных танках бензабакі навясныя, а ў іншых схаваныя.
Танкі і самалёты – гэта далёка не ўсё, што цікавіць Вову.
Аднойчы ён выменяў у аднаго чалавека два гузікі з шыняля 1812 года за халву. З таго часу Вова збірае гузікі і пагоны.
Па гузікі і пагоны Валодзя ездзіць разам са сваёй мамай на рынак у Ждановічы, які вядомы многім пад назвай “Поле цудаў”.
– Тут за невялікія грошы, – кажа Уладзімір, – можна знайсці насамрэч цікавыя і рэдкія рэчы.
На пытанне, чаму Уладзіміра захапляе ваенная гісторыя, ён сціпла адказаў:
– Проста ж, пры дапамозе гэтых танкаў і самалётаў салдаты Вялікай Айчыннай вайны абаранялі маю Радзіму.