Кіраўнік фізвыхавання з 19-гадовым стажам раіць бацькам урэшце выйсці за межы кватэры

Настасся Роўда«Рэгіянальная газета»

Кіраўнік фізічнага выхавання садка №1 у Маладзечне Наталля Сезіна бачыць, што з кожным годам здароўе дзяцей, якія прыходзяць у садок, пагаршаецца. З гэтай прычыны яна раіць яшчэ больш увагі надаваць фізічнай актыўнасці.

На занятках у садку №1

На занятках у садку №1На занятках у садку №1. Месца: Маладзечна. Фота Настассі Роўды.

“Для будучых педагогаў трэба ўвесці праверку матывацыі”

– У чалавека, які працуе з дзецьмі, мусіць быць шмат дадатковых якасцяў, – распавядае Наталля Іосіфаўна. – Падчас прыёму ў педагагічныя навучальныя ўстановы трэба праводзіць спецыяльны адбор. Калі чалавек ідзе вучыцца ў інстытут культуры, здае іспыты па спецыяльных творчых дысцыплінах. Штосьці падобнае трэба ўвесці і для педагогаў. Ва ўсялякім разе – праверку матывацыі і гатоўнасць працаваць з дзецьмі.

Ты мусіш быць артыстычным, бо дзяцей трэба зацікавіць. Ёсць розныя віды фізкультурных заняткаў. Навучальна-трэніровачныя падобныя да школьных. Ёсць яшчэ сюжэтныя, гульнявыя. Калі сюжэтныя, я магу быць у вобразе нейкага героя. Дзецям цікава, калі я мяняю інтанацыю ў голасе. Магу гаварыць ціха, магу гучна. Магу гуляцца з мімікай. Усё мае значэнне, – упэўненая спадарыня Наталля.

Наталля Сезіна стала лепшым работнікам адукацыі на Маладзечаншчыне ў 2014 годзе. У садку №1 яна працуе цягам 19 гадоў.

Кіраўнік фізічнага выхавання заўважае, што з кожным годам здароўе дзяцей, якія прыходзяць у садок, пагаршаецца. Цяпер гэта праблема актуальная для ўсяго свету. З гэтай прычыны варта яшчэ больш увагі надаваць фізічнай актыўнасці.

– Рух – натуральная патрэба дзяцей, – кажа Наталля Іосіфаўна. – На фізкультуры мы яе проста накіроўваем. Хаця гэтая патрэба мусіць быць натуральнай для ўсіх узростаў. Мы, мабыць, не зусім разумеем важнасць руху. Праз мышачную энергію выходзіць усё негатыўнае, што ўнутры нас. Чаму людзі цяпер у стрэсе, скардзяцца на дэпрэсіі? Дзеці разумеюць, яны адчуваюць гэта інтуітыўна, таму любяць бегаць, скакаць.

Мы ж вучым іх культуры руху, каб у іх сфарміраваліся адпаведныя навыкі. Каб яны потым маглі іх выкарыстоўваць ў паўсядзённым жыцці, – тлумачыць Наталля Сезіна.

Сумесныя фізічныя заняткі аб’ядноўваюць бацькоў і дзяцей

У садку №1 ёсць стэнды, “куткі здароўя”, дзе можна падгледзець карысныя парады бацькам па тым, як зберагчы здароўе дзіцяці.

– Я вітаю актыўную форму ўдзелу бацькоў у выхаванні дзяцей. Сумесныя фізічныя заняткі іх настолькі аб’ядноўваюць і збліжаюць! Мабыць, бацькі не да канца разумеюць важнасць гэтага. Пасадзіць дзіця глядзець мульцікі, вядома, можна. Я разумею, што ў гэты час бацькі могуць займацца сваімі справамі. Але сумесныя заняткі, у тым ліку і рухальныя, дапамагаюць стварыць сяброўскія, даверлівыя адносіны, – мяркуе Наталля Іосіфаўна.

Яна кажа, што часта даводзіцца тлумачыць бацькам, чаму гэта важна. І на такія сумесныя заняткі ў садок запрашаць вельмі настойліва.

 

– Прыходзяць са скептыцызмам: а навошта мне гэта трэба? Аднак сыходзяць задаволеныя. Яны на нейкі час забываюць пра свае праблемы. Гэта мы, выхавальнікі, кожны дзень знаходзімся ў атмасферы дзіцячага смеху, шуму. А хтосьці ля станка ці камп’ютара. Мы даём бацькам магчымасць вярнуцца ў сваё мінулае і зразумець, чым жыве іх дзіця, – кажа спадарыня Наталля.

Практычныя парады бацькам ад Наталлі Сезінай

Наталля Сезіна, кіраўнік фізічнага выхавання садка №1 у Маладзечне.

Наталля Сезіна, кіраўнік фізічнага выхавання садка №1 у Маладзечне.Наталля Сезіна, кіраўнік фізічнага выхавання садка №1 у Маладзечне.

1. Выходзьце за межы кватэры
Узгадайце, у што вы гулялі ў дзяцінстве: гумка, казакі-разбойнікі і гэтак далей. Перадайце веды дзіцяці.

2. Набывайце рэчы для заняткаў спортам
Цяпер за невялікія грошы можна набыць санкі, лыжы, канькі, мяч, ролікі, фрызбі, ракеткі і іншае.

3. Наведвайце басейны, спартыўна-забаўляльны цэнтр
Можна проста выйсці на стадыён любой школы і пагуляць на пляцоўцы, пакідаць мяч у кольца.