Як пацярпелі крушэнне, як ішлі 36 кіламетраў пешшу і іншыя прыгоды гімназістаў з Маладзечна

«Рэгіянальная газета»

У чэрвені вучні маладзечанскай гімназіі №10 адправіліся ў паход па рэках Вузлянка і Нарачанка. Пра тое, з чым гімназістам давялося сутыкнуцца на шляху, распавядаюць удзельніцы паходу Паліна Баштык і Аляксандра Рогач.

Сёлета ў чарговы раз вучні і бацькі нашага 9 “Б” класа адправіліся ў турыстычны паход па Вілейшчыне. Гэтыя мясціны добра ведае сям’я Рогачаў.
Мы рушылі ў байдарачны паход з вёскі Узла. Сабралі тры лодкі, спакавалі рэчы і адчалілі. Не паспелі мы праплысці і паўхвіліны, як натрапілі на першую перашкоду – велізарнае дрэва, якое перакрыла ўсю раку. Давялося выходзіць з байдарак і пераносіць іх.
Аднак не толькі дрэва, але і мель, карчы, кусты вымушалі нас заходзіць у халодную ваду з наседжаных месцаў.

Удзельнікі паходу па рэках Вузлянка і Нарачанка. Спераду ў байдарцы сядзіць Аксана Філістовіч,  далей – Марыя Кавалёнак, Аляксандра Рогач і Ягор Новік

Удзельнікі паходу па рэках Вузлянка і Нарачанка. Спераду ў байдарцы сядзіць Аксана Філістовіч, далей – Марыя Кавалёнак, Аляксандра Рогач і Ягор Новік. Фота Юрыя Рогача.

Як “Дзьмухаўцоў” здзімала, а “Глінамесы” заселі ў гліне

Калі мы даплылі да зліцця рэк Вузлянкі і Нарачанкі, нас чакаў сюрпрыз – сустрэча з першай настаўніцай Аленай Баштык, класным кіраўніком Ірынай Рыбаковай і бацькам Сашы Рогач, Юрыем Анатольевічам, які распавёў нам пра гісторыю гэтых мясцін.

Першы перакус.

Паміж вёскамі Любкі, Каралеўцы і Вуткі ёсць прыдарожны камень-помнік у памяць бою паміж свянцянскім атрадам Густава Чаховіча і царскімі войскамі. Бітва адбылася 5 чэрвеня 1863 года на гэтым месцы і была прайграная. Забілі 31 паўстанца, а атрад адступіў у Свянцянскі павет. Цяпер гэта месца называецца Біты Лог. Помнік ўстанавіў вядомы краязнаўца Вілейшчыны Анатоль Рогач.

Дзякуючы намаганням Анатоля Рогача ў Вілейскім раёне пастаўлена каля 20 помнікаў і памятных знакаў. Разам з журналістам Сымонам Барысам ён напісаў кнігу нарысаў “Нарачанка і яе берагі”.

У гэтым маляўнічым кутку адбыўся другі этап паходу і змена экіпажа. Жартам экіпаж з дзяўчатамі назвалі “Дзьмухаўцамі”, таму што іх байдарку ўвесь час “здзімала”, плылі ад берага да берага. Экіпажу лодкі з бывалымі плыўцамі Палінай Баштык і Радзівонам Цінцявіцкім далі назву “Глінамесы”, бо, засеўшы на гліністым беразе, доўга выцягвалі байдарку. Самай хуткай была “Сіняя страла”, у якой азартна веславалі байдарачнік з досведам Аляксандр Баштык і дылетант Ірына Рыбакова.

Так мы працягвалі шлях яшчэ дзве гадзіны да нашай стаянкі, дзе ў гэты час другая частка нашай кампаніі ўладкоўвала лагер: распальвала вогнішча, гатавала ежу, ставіла палаткі. А бацькі Цімафея Будая частавалі нас гарбатай з сапраўднага рарытэтнага самавара!

Ноччу, па традыцыі, ля вогнішча былі песні пад гітару, гульні, розныя аповеды.

Як наша байдарка ледзьве не пайшла на дно

Назаўтра зноў у дарогу. Толькі самыя моцныя і заўзятыя турысты выстаялі і паплылі далей. На паўшляху “Глінамесам” прыйшлося “швартавацца”: байдарка зачапілася за корч і парвалася тканіна, якой яна была абцягнутая. Пакуль да пацярпелых “крушэнне” падаспела дапамога, Цімафею Будаю ўдалося ліквідаваць цечу. І турысты зноў рушылі ў дарогу.

Ад стаянкі да “гавані” мы прайшлі каля 16 кіламетраў і выйшлі на бераг ля вёскі Нароча. Тут нас чакалі клапатлівыя бацькі, якія дапамагалі сабраць рэчы і пагрузіць ў машыны. У Маладзечна вярталіся хоць і змораныя, але задаволеныя. Наш паход быў цяжкі, але пазнавальны, не толькі турыстычны, але і краязнаўчы. Яшчэ больш нам сталі блізкімі і зразумелымі радкі Алеся Ставера з верша “Нарачанка”:

Сінім вечарам ці сінім ранкам,
Як засвеціць расой сенажаць,
Нарачанка мая, Нарачанка,
Выйдзі, выйдзі мяне сустракаць.

У мінулыя гады мы пабывалі ў вёсцы Заброддзе, дзе знаходзіцца музей Першай сусветнай вайны, а таксама плылі на байдарках па маршруце Вілія-Нарачанка. Мяркуем, наступныя паходы будуць не менш захапляльныя і пазнавальныя.

Паліна БАШТЫК, Аляксандра РОГАЧ, вучаніцы 9 “Б” класа гімназіі №10 Маладзечна. 

Даведка “РГ”. Швартавацца – замацоўвацца за прычальныя прыстасаванні пры дапамозе тросаў.