У Мядзеле вучні захапілі ўладу ў школе

Алесь Высоцкі, «Рэгіянальная газета»

Праўда, камандавалі яны толькі адзін дзень. У Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі 16 красавіка прайшоў Дзень самакіравання.

Больш за 60 вучняў 9-11 класаў узялі на сябе ўсю ўладу ў школе. Праводзілі ўрокі, дзяжурылі на паверхах, выдавалі кнігі ў школьнай бібліятэцы, на перапынках “круцілі” любімыя песні настаўнікаў.

Старшакласнікамі сталі настаўнікамі

Старшакласнікамі сталі настаўнікамі. Фота Кацярыны Адамовіч.

Да ролі настаўнікаў давялося сур'ёзна рыхтавацца. Школьнікі складалі планы-канспекты ўрокаў, падбіралі прэзентацыі і наглядны матэрыял. Задумваліся, чым заняць шумных малышоў на перапынках. Але затое спадабалася, як іх прымалі меншыя вучні: нават адпускаць не хацелі.

Фота Кацярыны Адамовіч.

Праўда, працы настаўнікам-дублёрам выдалася больш. Ім яшчэ давялося спраўляцца з двума новымі класамі – 12 “А” і 12 “Б”.

У дванаццацікласнікаў на дзень ператварыліся педагогі школы. Урокі ім дасталіся досыць лёгкія: музыка, выяўленчае мастацтва, інфарматыка і інтэграваны урок. А дзеці пастараліся зрабіць іх цікавымі. Напрыклад, на ўроку музыкі вывучалі песню “ДДТ” “Что такое осень”. Дзеці з сабой гітары захапілі, і ў ролі Юрыя Шаўчука выступілі.

Аценьвалі веды вучняў у спецыяльных кантрольных лістах. Тут жа заўвагі пісалі – і дарослым таксама.

Пасля ўрокаў адбыўся педсавет. Выступалі з дакладамі дублёр дырэктара школы Яўген Лушчык і яго намеснікі. Выказвалі прапановы, як палепшыць дысцыпліну ў школе. Напрыклад, праводзіць міні-конкурс на самага прыкладнага вучня дня.

Па выніках Дня самакіравання правялі анкетаванне. Вучні дзяліліся, што хацелі б праводзіць падобнае мерапрыемства часцей. Бо Дзень самакіравання апошні раз быў у школе год восем таму. Адрадзілі яго цяпер, у Год моладзі.

Паспрабаваўшы настаўніцкага хлеба, ацанілі вучні, што праца педагога хоць і цяжкая, але цікавая і пазнавальная.

– Таму, магчыма, Дзень самакіравання дапаможа каму з вучняў абраць прафесію настаўніка, – кажа намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Алена Паршута.

Фота Кацярыны Адамовіч.

Фота Кацярыны Адамовіч.