Як судзілі слонімскіх настаўнікаў за беларускія школы

Наталля ІВАНОВА, «Газета Слонімская»

Газета «Жыццё беларуса» ў 1925 годзе ў №10 за 10 кастрычніка пісала пра цярністы шлях і пакуты беларускага школьніцтва

Выкладчыкі і слухачы 1-х Беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні. У цэнтры сядзяць: Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачопка, Антон Луцкевіч. Вільня, май 1916 г. Фота з уласнага архіва Уладзіміра Ляхоўскага. 

Таварыства Беларускай школы ў студзені і паўторна ў ліпені адсылала просьбы ў Беластоцкі вокруг аб канцэсіі (дазволе) на прыватныя беларускія школы ў Слонімскім павеце ў вёсках Чамяры, Савічы, Пруды, Малы Угрынь, Лядзіны і Сцяткоўшчына, Рудаўка і Задвор`е. У пачатку жніўня былі адасланы просьбы наконт адкрыцця школьнага году яшчэ ў пяці школах — у вёсках Грабава, Хвінявічы, Азарычы, Скіпаровічы і Сліжы Пясковыя.

Гэтыя 13 прыватных школаў працавалі ўжо некалькі тыдняў, чакаючы канцэсіі. Яе не было. І слонімскі інспектар і стараста гэтыя школы пазакрывалі, настаўнікаў арыштавалі, некаторыя з іх ужо былі судом аштрафаваныя за тое, што вучылі.

Апрача настаўнікаў, у акружны суд у Горадні пацягнулі солтыса вёскі Задвор`е Базыля Сіняка за тое, што не данёс уладзе пра школу, а таксама солтыса вёскі Хвіневічы Данілу Сцецьку і гаспадароў, дзе была школа, у Хвіневічах Максіма Сіўка, і дзе жыла настаўніца Вера Катрач, Міхася Пархача, за тое, што далі памяшканне.

Суд у Слоніме 12 верасня судзіў настаўніцу Марыю Шундрык са школы ў Азарычах, а на 29 верасня быў назначаны суд у Дзятлаве на настаўніцу Веру Катрач са школы ў Хвіневічах, якой, напэўна, дадуць штраф ці назначаць адседку. Перад гэтым вучыцельку са школы ў вёсцы Пруды Н. Капітончык аштрафавалі дзесьці на 120 злотых, а вучыцелька з вёскі Лядзіны М. Белаусава і цяпер сядзіць у турме Слоніма за школу.

Такім чынам, 13 школ у Слонімскім павеце зачынена, а настаўніцтва сядзіць у астрозе за школу. Тым часам Міністэрства асветы наконт пераследавання і закрыцця беларускіх школ кажа, быццам нічога падобнага няма. Вось цытата: «...аб пераследаванні Беларускага школьніцтва няма і гутаркі. На практыцы да гэтага часу не было выпадку, каб Кураторыя адмовіла ў канцэсіі на адкрыццё прыватнай школы з беларускай мовай навучання, а існуючыя ад бягучага году прыватныя школы ані беларускія арганізацыі не стараліся дагэтуль, каб адкрыць школы. Дзеля гэтага няма падставы да рэвізіі палітыкі нацыянальнага пераследавання беларусаў, бо пераследаванне такое запраўды не існуе, а тым менш палітыка ў такім напрамку».

Нататка пра беларускую школу

Для міністэрства пераследавання беларускіх школ няма, а на справе канцэсій на іх не даюць, з адказам сумысля адкладваюць, школы закрыва­юць, а настаўніцтва судзяць ды штрафуюць — рэзюмую аўтар нататкі.

Дату 13 лістапада 1915 года ў міжваеннай Заходняй Беларусі і Беларусі ў 1920-я гады адзначалі як Дзень беларускай школы. Менавіта ў гэты дзень дзякуючы высілкам Баляслава Пачопкі і Цёткі (Алаізы Пашкевіч) была створана першая пастаянна дзейная беларуская школа ў Вільні, якая дала пачатак масаваму беларускаму школьнаму руху.

Сёння, праз сто гадоў пасля адкрыцця першай беларускай школы, казаць, што беларус мае сваю беларускамоўную школу, не выпадае. Мы ганарымся ўжо тым, што адкрываем хаця б беларускамоўныя класы ў школах з рускай мовай навучання.

«Жыццё Беларуса» — газета на беларускай мове, выдавалася ў Вільні, першы нумар выйшаў 19.8.1925. Выходзіла тры разы на тыдзень, апошні нумар выдадзены 12.11.1925 (агулам выдадзена 20 нумароў, з іх пяць канфіскаваныя). Газета закрытая з-за ўціску польскіх уладаў. Выступала ў абарону правоў беларусаў, у тым ліку права на родную мову.