Леанарда ЮРГІЛЕВІЧ, «Газета Слонімская»
Гэта, канешне, недарэчна, што нашы дзеці, як і пераважная большасць дарослых, не ведаюць роднай мовы. Таму вельмі радасна, што ў Дзятлаўскім дзіцячым садку №2 ёсць беларускамоўная група
Дзеткі беларускамоўнай групы са сваёй выхавацелькай
Дваццаць пяць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія на наступную восень пойдуць у школу, ужо другі год па спецыяльнай праграме вывучаюць родную мову. Не сакрэт, што для іх гэта складана, бо і дома, і ўсе наўкола пастаянна ўжываюць мову суседняй дзяржавы, але выхавальніца — мілая і добрая Наталля Іванаўна Кучынская — кумір для дзетак. Яна настойліва вядзе іх па сцяжынцы ведаў, дзень за днём адкрываючы чароўнае гучанне беларускай мовы.
—Мы кожны тыдзень карыстаемся роднай мовай і ў час заняткаў, і на прагулцы,— кажа Наталля Іванаўна. — Адзін раз у тыдзень праводзім заняткі пад назвай «Развіццё беларускага маўлення». На працягу дня ў групе гучыць родная мова, і толькі яна.
Каб зацікавіць дзетак, выхавальніца развучвае з імі беларускія прыказкі, прымаўкі, чытае казкі, вершы, у час гульні карыстаецца лічылкамі на роднай мове. Усё робіцца з мэтай навучыць дзетак роднаму слову, зацікавіць іх, паказаць хараство і мілагучнасць мовы продкаў.
Канешне, толку будзе няшмат, калі хлопчыкі і дзяўчынкі будуць вывучаць мову толькі ў садку, таму выхавальніца зацікаўлівае і бацькоў. Напрыклад, нядаўна прайшло свята пад назвай «Восеньскі кірмаш», у якім прынялі актыўны ўдзел мамы і таты. Мама Мішы Бойка Вольга Васільеўна была гаспадыняй свята — Восенню. На «кірмашы» гучалі беларускія песні, вершы, дзеці танцавалі «Беларускую польку».
Да свята малыя разам з бацькамі зрабілі з прыроднага матэрыялу розныя вырабы і вельмі ганарыліся гэтым. Калі паказвалі і расказвалі кожны пра сваё, вочкі свяціліся радасцю. Колькі фантазіі, колькі крапатлівай працы! Было падкрэслена, што гэта агародніна, садавіна, кветкі, грыбы і іншае вырасла на нашай такой багатай, такой прыгожай зямлі. Тут і вожык, на калючкі якога наколаты чырвоныя ягады шыпшыны, і звяркі са сланечнікавых семачак, пладоў каштана і шмат чаго яшчэ. Даша Семянюк паказала свае работы «Восеньскія дары». У прыгожым кошычку — грыбок, вінаград, яблыкі, грушы. Усё з густам аформлена.
Наталля Іванаўна Кучынская
У садок на розныя мерапрыемствы пастаянна прыходзяць бацькі. Нядаўна мамы ў нацыянальных касцюмах пагулялі з дзеткамі ў беларускія гульні. Так, мама Паліны Палуносік Таццяна Вячаславаўна ведае шмат такіх гульняў, чаму і навучыла выхаванцаў групы.
Вельмі цікава праходзяць сустрэчы з супрацоўнікамі Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі (яны тут частыя госці). Шмат цікавага даведаліся хлопчыкі і дзяўчынкі з гутаркі «Беларусь — мая краіна», якая прайшла нядаўна. Бібліятэкары расказалі пра новыя дзіцячыя кнігі беларускіх аўтараў, пагулялі з малечай у розныя гульні, апранулі дзетак у беларускія нацыянальныя касцюмы.
У Дзятлаўскім краязнаўчым музеі праводзяцца тэматычныя выставы спецыяльна для дзяцей. Там таксама гучыць роднае слова.
Вялікае значэнне для навучання роднай мове, пазнання роднага горада маюць тэматычныя экскурсіі. Дзеткі не проста ходзяць і разглядваюць будынкі, якія маюць гістарычнае значэнне, але і слухаюць аповед пра іх на роднай мове.
Выхаванцы беларускамоўнай групы ўжо і самі прапагандуюць роднае слова: ходзяць у малодшыя групы і расказваюць казкі на роднай мове, гуляюць з меншымі дзецьмі ў гульні, паказваюць невялічкія пастаноўкі.
Як ручаінкі зліваюцца ў рэкі, так і родныя словы ў вуснах гэтых дзетак зліваюцца ў светлую, непаўторную, мілагучную беларускую мову. Верыцца, што з цягам часу ёй будуць карыстацца ўсе беларусы, і мова будзе жыць вечна, як і наша святая зямля.