Язэп ПАЛУБЯТКА, «Газета Слонімская»
На абласной сустрэчы прадстаўнікоў адукацыі ў жніўні пракурор вобласці Віктар Марозаў прапанаваў увесці ў навучальных установах электронны кантроль, каб абмежаваць доступ у іх пабочных асобаў. Пра гэта паведамляла “ГС” у №36 ад 2 верасня 2015 года.
Каго Віктар Марозаў падразумяваў пад пабочнымі асобамі, канкрэтна не ўдакладніў (хіба што тэрарыстаў).
Абласное кіраўніцтва адукацыі, не спытаўшы думкі на гэты конт бацькоў ды не правёўшы публічнага абмеркавання таго пытання, ініцыятыву падтрымала і для апрабавання ідэі выказалася здзейсніць тое на асобных школах Гродна і Мастоўскага раёна.
1 верасня ў СШ №2 Мастоў вучні і іх бацькі даведаліся, што неўзабаве тут паставяць, як у метро, турнікеты, а навучэнцы будуць трапляць у школу па імянных чыпах.
Папярэдне ў “ГС” выказвалася думка настаўніка адной з мастоўскіх школ, што тое не перашкодзіць вучням сыходзіць з урокаў. Калі глыбей глянуць на тую праблему, то гэтае новаўвядзенне правакуе такое кола праблемаў, што яно не варта таго.
Мінусы для бацькоў
Чыпы, як вынікае, будуць мець настаўнікі, вучні ды тэхнічны персанал.
Каму ад гэтага новаўвядзення будзе дрэнна? Найперш за ўсё бацькам, асабліва малодшых класаў. Цяпер яны змогуць давесці дзіцё да ганка ды там пасля заканчэння ўрокаў чакаць немаведама колькі часу, бо дзіцё проста можа загуляцца або настаўніца затрымае яго. І бацькі працяглы час будуць стаяць на вуліцы пад дажджом ці ў завіруху, калі, напрыклад, у дзіцяці няма мабільніка і з ім немагчыма звязацца.
Бацькі таксама будуць пазбаўлены прамога кантакту з настаўнікам, не змогуць хаця б апасродкавана паўплываць на выхаваўчы працэс дзіцяці. Тут ужо і настаўніку прасцей адмежавацца ад непажаданых бацькоў: захачу — сустрэнуся, захачу — не.
Можна будзе паспрабаваць выклікаць настаўніка праз вахцёра, але той можа падысці або не падысці, спаслаўшыся на занятасць. Тыя ж самыя бацькі будуць пазбаўлены магчымасці пабачыць, у якіх умовах выхоўваецца іх дзіцё, і выказаць на гэты конт свае меркаванні кіраўніцтву школы.
Плюсы для адміністрацыі школы
Адміністрацыя навучальнай установы будзе адчуваць сябе спакойней і па іншай прычыне. Сюды адразу не змогуць трапіць незапланаваныя камісіі з нечаканай праверкай. Аднак у такім выпадку ў школу не змогуць трапіць, калі нейкае здарэнне, супрацоўнікі МНС, міліцыя, медыкі. Увайсці вышэйзгаданыя ў памяшканне змогуць толькі пасля таго, як вахцёр паведаміць “каму трэба”, а той будзе вырашаць, каго прапусціць, каго не.
Як выказаўся з гэтае нагоды адзін з бацькоў, новаўвядзенне выгадна адміністрацыі школы, “каб галаву не дурылі”.
У такім выпадку ствараецца ўражанне, што нашыя школы неўзабаве ператворацца ў замкнёную касту — не хочацца параўноўваць з турмой, дзе без вонкавага доступу тут можа тварыцца абы-што.
Ні для каго не сакрэт, што бывалі здарэнні, калі бацькі, выпадкова наведаўшы школу, выяўлялі там несумяшчальныя з выхаваўчым працэсам учынкі. А турнікет можа такія ўчынкі схаваць ад галоснасці. Вось цана той бяспекі: ніхто не ўвойдзе, ніхто не ўбачыць, ніхто не даведаецца.
Яшчэ раз вернемся да выхаваўчага працэсу пры турнікетнай сістэме навучання. У настаўнікаў пачатковых класаў узнікла меркаванне як рэакцыя на праблему “ўваходу-выхаду”, што яны падчас перапынку будуць выгульваць дзетак у калідоры, а не на вуліцы.
Тэхнічны бок
Шырока абмяркоўваецца пытанне тэхнічнага забеспячэння эксперыменту.
У ідэале, як гэта ўяўляецца пракурору вобласці, дзіцё падыходзіць да турнікета, прыкладае чып, а бацькі атрымліваюць SMS-паведамленне, што яно ў школе. Нават калі ўсе бацькі ці тыя, хто апякае дзіцё, маюць мабільныя тэлефоны, узнікае такое пытанне: хто будзе плаціць за такія паведамленні? Бацькі!
Бацькі паехалі ў адпачынак за мяжу, часова за ім назірае хтосьці са сваякоў. Каму ў такіх выпадках слаць паведамленні? Ці вырабляць новы чып?
Дзеці, як звыкла, рэчы губляюць. Як тады ім патрапіць у школу? Па даведцы, пакуль зробяць новы чып? Даведка не мае фотакарткі, і ёю можа скарыстацца іншы.
Тэхніцы звыкла ламацца. Як тады быць? Хто паведаміць бацькам, хто іх дзіцё ў школе? Яны пачнуць хвалявацца і абавязкова паедуць у школу. Нават калі там ім патлумачаць сітуацыю, то яны ўсё роўна захочуць упэўніцца, што іх дзіцё там. Уявіце сабе: ідзе ўрок, адчыняюцца дзверы класа, на парозе з’яўляецца раз’ятраная мама з адным пытаннем: ці яе дзіця на занятках? І так раз пяць ці болей запар. Як будзе ў такім выпадку пачуваць сябе настаўніца і каго вінаваціць у такіх выпадках?
Як дзеці ідуць у школу? Як дарослыя на працу: у самы апошні момант пераступаюць парог школы. Турнікетаў абмежаваная колькасць. Утвараецца калейка. Вучань спазняецца. Настаўніца пачынае нервавацца. Лічы, урок сарваны.
Да эксперыменту ніхто не падрыхтаваны
Такіх нюансаў мноства, і абмяркоўваюцца яны спантанна. Гэта ўсё гаворыць пра тое, што да правядзення эксперыменту ніхто не падрыхтаваны. Не падрыхтаваны яго арганізатары, бо дакладна не пралічылі ўсіх магчымых сітуацый і дзеянняў. Яны нават не падлічылі, у колькі іх гульні абыдуцца падаткаплацельшчыкам. Праўда, нядаўна з’явіліся прыкладныя лічбы: устаноўка падобнай сістэмы кантролю на дзве школы сягае 160 мільёнаў рублёў. А колькі будзе каштаваць абслугоўванне тае тэхнікі?
Ні маральна, ні псіхалагічна да таго не падрыхтаваны настаўнікі, бацькі, а тым болей вучні.
У нармальных краінах так не робіцца, калі сёння падаюць ідэю эксперыменту, які закранае дзяцей, а заўтра яго пачынаюць праводзіць. Папярэдне праводзяцца грамадскія слуханні, апытанне думкі, дыскусіі, і толькі пасля таго прымаюцца рашэнні. І прымаюцца яны галосна, а не калуарна, вузкім колам чыноўнікаў. А эксперыменты над дзецьмі далікатная, тонкая і небяспечная рэч. І асноўнае, што школа не турма, там выхоўваюць, а не абмяжоўваюць пэўныя правы.
І найперш ім (чыноўнікам) варта было звярнуцца да міжнароднага вопыту. Увядзенне электроннай сістэмы кантролю ў навучальных установах у свеце не прыжылася, а падобная сістэма пропуску не гарантыя большае бяспекі. Як прыклад таму: выпадак у мінскім метро.