Наша слова, 11 сакавіка 2015 г.
Адукацыя з'яўляецца ці не самым цяжкім кірункам працы для ТБМ. У пачатку 2014 года Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў лічбы, якія сведчасць аб далейшым скарачэнні працэнту вучняў беларускамоўных навучальных устаноў. За апошні навучальны год колькасць вучняў у беларускамоўных школах скарацілася з 16,4% да 15%. Колькасць дашкольнікаў ва ўстановах, што выхоўваюць па-беларуску, скарацілася з 11,4% да 11%. Нарэшце, калі летась па-беларуску вучылася 700 студэнтаў, то ў гэтым навучальным годзе - дзесьці 600, гэта 1 з 640 студэнтаў.
У межах маніторынгу моўнай сітуацыі ў Беларусі мы чарговы раз накіруем Міністэрству адукацыі запыты і прапановы на гэты конт. У прыватнасці, варта запытаць ці з'яўляецца гэтае скарачэнне вынікам мэтанакіраванай палітыкі міністэрства. Калі не, то якая канкрэтна палітыка (мэты, тэрміны, сродкі, адказныя асобы) маецца ці плануецца, каб выправіць сітуацыю.
Але патрабаванні да дзяржавы распрацаваць і рэалізаваць паўнавартасную палітыку пашырэння беларускамоўнай адукацыі - гэта толькі адзін з патрэбных кірункаў дзейнасці. Трэба папулярызаваць беларускую мову сярод саміх дзяцей і іх бацькоў. Пагатоў, ёсць цудоўныя прыклады. Усім вядомая папулярнасць шэрагу арыгінальных курсаў беларускай мовы, напрыклад, "Мовы нанова".
Яшчэ адным кірункам дзейнасці ў галіне беларускамоўнай адукацыі можа стаць заснаванне летнікаў па вывучэнні беларускай мовы ці па ўдасканаленні валодання мовай. Не выключана, што такіх сёння ў Беларусі няма. Таму гэтую, пакуль свабодную нішу, можа першай заняць менавіта ТБМ. Моўныя летнікі - вельмі распаўсюджаная ў свеце з'ява. Часта яны арганізоўваюцца для вывучэння нейкай замежнай мовы. Але ёсць і традыцыя моўных летнікаў, мэта якіх - засваенне роднай мовы, якая не ўжываецца ці мала ўжываецца ў штодзённым побыце. Напрыклад, такія лагеры распаўсюджаны ў некаторых плямёнах карэнных амерыканцаў у ЗША.
У прынцыпе, арганізацыя летнікаў не новая справа для асобных арганізацый ТБМ. Трохдзённае мерапрыемства для юнакоў ладзілася Гомельскай арганізацыяй. У 2014-ым годзе Нясвіжская арганізацыя стала сузаснавальнікам турыстычнага летніка на радзіме Якуба Коласа, дзе дзецям прапаноўвалася размаўляць выключна па-беларуску. Тым не менш, гэта не былі летнікі, спецыяльна накіраваныя на ўдасканаленне валодання мовай.
Для заснавання такога летніка трэба будзе прадумаць шмат арганізацыйных момантаў: як узаемадзейнічаць з мясцовымі ўладамі, дзе знайсці спонсараў і памяшканне, як арганізаваць харчаванне і г.д. Гэта складаныя але вырашальныя задачы. Ёсць багата людзей, якія маюць досвед падобнай працы, а таксама спецыяльнай літаратуры. Маюцца нават дапаможнікі па арганізацыі як летнікаў па замежнай мове, так і лагераў, мэта якіх - адраджэнне мовы роднай. Зараз спынімся толькі на некаторых аспектах праблемы.
Працягласць змены ў такім летніку можа быць рознай. Моўныя летнікі прапануюць шырокі дыяпазон варыянтаў: ад тыдняў да двух выходных дзён. Летнік можа быць арганізаваны не толькі для дзяцей, але і для сем'яў з дзецьмі. У прынцыпе, можна арганізаваць не толькі ўласна летнік, але і "зімнік" і г.д.
Запатрабаваным можа быць летнік з мэтай "натуралізацыі" мовы, развіцця зносінаў на беларускай мове ў побыце. Такі летнік будзе прызначаны для дзяцей, якія маюць моўныя веды ў межах школьнай праграмы, але ў штодзённым побыце мову не выкарыстоўваюць. Дадатковай мэтай летніка можа быць пашырэнне лексічнага запасу. Верагодна, магчыма арганізаваць і летнік для людзей з вельмі нізкім узроўнем валодання мовай. Можна прапанаваць і варыянт выязнога моўнага клубу, мэта якога не ўдасканаленне мовы, а проста зносіны на беларускай мове, напрыклад, у кантэксце нейкай тэматычннай дзейнасці.
Ёсць летнікі, дзе засваенне мовы з'яўляецца адзінай галоўнай мэтай. Але паколькі мова можа засвойвацца і ў кантэксце іншай дзейнасці, летнік можа быць спартовым, прыродаахоўным, краязнаўчым, гістарычным і г.д. Уявіце, напрыклад, этнабатанічны ці прыродаахоўны летнік. Дзеці ідуць у паход у лес, а кіраўнік распавядае ім пра расліны, падкрэсліваючы іх беларускія назвы. У час адпачынку ладзіцца абмеркаванне ўбачанага, і дзеці самі выкарыстоўваюць тэматычную лексіку. Тут можна прапанаваць цэлы шэраг актыўнасцяў на замацаванне, напрыклад, напісанне кароткіх нататак для сценгазеты на "тэму дня" і г.д.
Урокі мовы ці семінары па мове ў тэматычным летніку могуць як праводзіцца, так і адсутнічаць. У апошнім выпадку засваенне мовы будзе адбывацца толькі ў кантэксце іншай дзейнасці. Але калі ў летніку ставіцца мэта ўдасканалення выкарыстання мовы, то метадычны аспект павінен быць прапрацаваны на высокім узроўні. Нават калі ўрокі мовы ці семінары не праводзяцца, і калі летнік тэматычны, для кожнага дня ці тэмы трэба сфармуляваць дакладныя дыдактычныя задачы: які моўны матэрыял і ў які тэрмін дзеці павінны засвоіць. Трэба аргументавана падабраць адпаведныя віды дзейнасці. Напрыклад, трэба падрыхтаваць спісы слоў і фраз для засваення з ілюстратыўным матэрыялам, практыкаванні на замацаванне матэрыялу (якія будуць выкарыстоўвацца ў спецыяльна вылучаныя для гэтага моманты тэматычнай актыўнасці), тэсты і іншыя формы праверкі засвоенага і іншае. Адной з такіх формаў праверкі могуць стаць тэксты з заданнямі, выкананне якіх патрабуе разумення інструкцыі на мове, кшталту гульні "пошук скарбаў па карце". Натуральна, можна выкарыстоўваць і шэраг моўных гульняў, напрыклад, крыжаванкі, анаграмы, паліндромы, рэбусы і шмат чаго іншага.
Этнаграфічны ці гістарычны летнік можна правесці ў выбітных з пункту гледжання гісторыі мясцінах. Ён можа суправаджацца экскурсіямі, сустрэчамі са спецыялістамі, пісьменнікамі, інсцэніроўкамі гістарычных падзеяў, тэатральнымі пастаноўкамі, інтэлектуальнымі гульнямі на пэўную тэматыку і г.д. Магчымыя варыянты моўна-літаратурнага і моўна-тэатральнага летнікаў, а яшчэ тэмай летніка можа стаць журналістыка.
Часта ў моўных летніках выкарыстоўваецца "метад пагружэння". Згодна яму мова, якой навучаюць, выкарыстоўваецца паўсюдна ці амаль паўсюдна. Некаторыя з перавагаў метаду пагружэння наступныя. Засваенне мовы можа ісці лягчэй і натуральней у кантэксце паўсядзённай дзейнасці. Пэўныя фразы і словы паўтараюцца кожны дзень, што спрыяе іх замацаванню, а ў нашым выпадку і "натуралізацыі". Гэта, напрыклад, распаўсюджаныя маўленчыя формулы, тыпу вітанняў, а таксама лексіка са сфер дзейнасці, якімі займаюцца ў летніку, напрыклад, спорт ці ахова прыроды. Метад пагружэння дазваляе ледзь не ўвесь час у летніку выкарыстаць для засваення мовы.
Метад пагружэння звычайна ўключае акультурацыю, пагружэнне у культуру, звязаную з мовай, якая вывучаецца. Гэта актуальна і ў нашым выпадку, бо дзеці нярэдка інтэграваныя ў беларускую культуру хіба фармальна. Возьмем для прыкладу "акультурацыйныя" летнікі некаторых супольнасцяў карэнных амерыканцаў, якія працуюць па прынцыпе "моўных гнёздаў". Моўныя гнёзды - гэта варыянт метаду пагружэння, пры якім дзеці, а таксама і іх бацькі, якія не выкарыстоўваюць родную мову ці выкарыстоўвюць яе абмежавана, жывуць пэўны час у асяроддзі прадстаўнікоў старэйшага пакалення носьбітаў мовы. Паміж пакаленнямі адбываецца натуральная камунікацыя, у ходзе якой мова і засвойваецца.
У згаданых амерыканскіх летніках навучанне адбываецца падчас назірання за традыцыйнымі відамі дзейнасці старэйшын і слухання іх тлумачэнняў на мове, а потым пры спробах дзяцей самастойна ажыццяўляць гэтую дзейнасць. Тэмамі дня ў такіх летніках могуць быць рыбалка і апрацоўка рыбы народнымі метадамі, выраб макасінаў, традыцыйныя гульні і г.д.
Мы таксама можам выкарыстаць метад "моўных гнёздаў", арганізаваўшы летнік у мясцовасці, жыхары якой захавалі як мову, так і традыцыйныя віды дзейнасці. Дзеці могуць наведваць вёскі, слухаць, гутарыць, назіраць і ўдзельнічаць.
Ёсць меркаванне, што чым глыбейшым будзе пагружэнне, тым лепей, таму можна падключаць усе даступныя элементы культуры: кулінарыю, музыку і г.д. Напрыклад, можна арганізоўваць частаванне нацыянальнымі стравамі, кулінарныя спаборніцтвы і паказы строяў, саматужныя канцэрты і выступы запрошаных калектываў, караоке-клубы і г.д. Ёсць навучальныя курсы тыпу "Гісторыя пэўнай краіны ў песнях" - мы таксама можам зрабіць такі.
Увогуле, летнік з выкарыстаннем метаду пагружэння рашае шэраг праблем нашай моўнай сітуацыі. Напрыклад, для многіх дзяцей, нават тых, хто добра валодае мовай, дзякуючы школе, не з'яўляецца натуральным размаўляць па-беларуску ў кантэксце штодзённай актыўнасці. Акрамя таго, дзеці не аточаны асяродкам людзей, з якімі можна на гэтай мове паразмаўляць. Прычым летнік дапаможа наладзіць камунікацыю ў нязмушанай форме, калі ніхто не наракае за памылкі, праз гульню і ў кантэксце захапляльнай дзейнасці.
Трэба прадумаць, як спрыяць пагружэнню ў мову і ў вольны час. У прыватнасці, у лагеры мусяць быць беларускамоўныя бібліятэка і відэатэка, у тым ліку мастацкія фільмы, мультфільмы і вучэбныя відэаматэрыялы.
Дзяцей варта заахвочваць выкарыстоўваць мову і пасля летніка. Напрыклад, можна прапанаваць стварыць беларускамоўную суполку ў сацыяльных сетках ці збірацца дзеля сумеснага правядзення пэўных мерапрыемстваў.
У летніку можна выкарыстаць палажэнні Інтэгратыўнага лінгва-псіхалагічнага трэнінгу І. М. Румянцавай. Ён быў распрацаваны для выкладання замежнай мовы, але можа быць прыдатным і для ўдасканалення мовы роднай. Адно з палажэнняў заключаецца ў тым, што мова павінна засвойвацца ў кантэксце развіцця псіхічных працэсаў навучэнцаў (памяці, мыслення і г.д.), а таксама развіцця іх асобасных якасцяў, напрыклад, упэўненасці ў сябе, настойлівасці і г.д. Гэта важна, бо робіць засваенне любой мовы падобным да засваення першай, якое, натуральна, працякала ў кантэксце агульна-псіхічнага развіцця.
З гэтай нагоды на ўроках мовы па названым метадзе шырока выкарыстоўваюцца элементы псіхалагічнага трэнінгу: практыкаванні па развіцці пазнавальных працэсаў і асобасных якасцяў. Можна распрацаваць спецыяльную праграму, паводле якой такія практыкаванні будуць праводзіць выкладчыкі мовы, а можна запрасіць і псіхолага. Напрыклад, калі казаць пра развіццё мыслення, то выкладанне мовы можна спалучыць з развіццём уменняў рашэння лагічных задач, трэнінгам крэатыўнасці, інтэлектуальнымі гульнямі і г.д.
Пры нашай моўнай сітуацыі дзеці могуць адчуваць сябе няёмка, ненатуральна, размаўляючы па беларуску не на ўроку. Таму ў летніку можа быць карыстным праводзіць наступныя практыкаванні з арсеналу псіхалагічных трэнінгаў: практыкаванні на разняволенне, зняцце псіхалагічных бар'ераў для зносін, развіццё лідарскіх якасцяў і г.д. Натуральна, варта развіваць камунікатыўныя ўменні: рытарычныя (у тым ліку праз арганізацыю дэбатаў), уменні актыўнага слухання, самарэпрэзентацыі, вядзення перамоваў і г.д.
Для ажыцццяўлення задумы летніка ТБМ можа аб'яднаць намаганні з іншымі арганізацыямі. Гэта могуць быць структуры, што працуюць па тэматыцы летніка: спорт, этнаграфія і г.д.; ВНУ (напрыклад, можна запрашаць студэнтаў-педагогаў у летнік на практыку); моўныя курсы і іншыя.
Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ