Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда
Гэта можа залежаць ад умення сфарміраваць сваю стужку навін у сацыяльных медыя.
70% падлеткаў, нягледзячы на забарону, карыстаюцца падчас урокаў мабільнымі тэлефонамі ці іншымі гаджэтамі. Да такіх высноў прыйшлі аналітыкі Цэнтра даследаванняў сучаснага дзяцінства Інстытута адукацыі ВШЭ, апытаўшы больш за пяць тысяч маскоўскіх школьнікаў ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў.
Ёран Андэрсан: «Інфармацыя паступае да моладзі з тысяч розных крыніц. І кожны карыстальнік сацыяльных сетак таксама аўтаматычна становіцца крыніцай масмедыя».
Сёння казаць пра ўплыў інтэрнэту на дзяцей і падлеткаў у прынцыпе няправільна, бо ён стаў для іх асяроддзем пражывання. Для пошуку адказу на пытанне «Як трэба жыць?» нашым бацькам даводзілася траціць гады, а пакаленне Z атрымлівае яго за долі секунды. Ад усіх іншых папярэдніх пакаленняў гэтых юнакоў і дзяўчат адрознівае тое, што яны з дзяцінства знаёмыя з лічбавымі тэхналогіямі. Літаральна нарадзіліся з іPad у руках.
— Інфармацыя самага рознага кшталту стала настолькі даступнай, што, не пытаючыся нашай згоды, сама льецца з кожнага тэлевізара, радыё або высвечваецца на экране камп’ютара. Прычым яна не проста льецца патокам, а неназойліва вучыць і выхоўвае, пакідаючы далёка ззаду бацькоў і настаўнікаў з іх патрабаваннямі, муштраваннем і маралізатарствам. У сітуацыі, якая склалася, здзіўляе і насцярожвае той факт, што мы, дарослыя, пад уплывам яркіх малюнкаў, ёмістых фраз, захапляльных гісторый дазволілі інфармацыі маніпуляваць нашай свядомасцю і, падпісаўшыся пад уласным бяссіллем, самі ж далі ёй (інфармацыі) магчымасць выхоўваць і вучыць сваіх дзяцей, — дзеліцца сваім меркаваннем старшы выкладчык кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка Міхаіл КУДЗЕЙКА. — Таму сучасная сістэма адукацыі не можа ігнараваць праблему ўплыву медыя. Заплюшчыць вочы і сказаць, што такой праблемы няма, — значыць уступіць адукацыйную ролю «паралельнай школе», якая існуе па сваіх медыязаконах жыцця, часта чужых грамадскіх нормах маралі і права. І калі айчынная сістэма адукацыі толькі спрабуе разабрацца, што ёсць медыяасвета і якую ролю яна адыгрывае ў жыцці чалавека, то шведскі вопыт дэманструе нам вельмі шырокі спектр спосабаў павышэння медыяадукаванасці падрастаючага пакалення…
— Яшчэ 20 гадоў таму я стаяў перад вучнямі і настаўнікамі і вучыў іх чытаць газеты, цяпер жа я вучу іх таму, як крытычна ставіцца да той інфармацыі, што ёсць у мабільных сродках. Раней захоўваў для працы сотні выразак з газет, а сёння іх мне замяніў інтэрнэт, — канстатуе шведскі медыяпедагог Ёран Андэрсан, які прыняў удзел у медыясемінары для беларускіх педагогаў з інавацыйных пляцовак, што прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (у гэтым навучальным годзе ў Беларусі зацверджана 27 інавацыйных пляцовак па праблемах медыяадукацыі. — Аўт.). — Медыяландшафт моцна змяніўся. Інфармацыя паступае да моладзі з тысяч розных крыніц, і калі б мяне папрасілі вызначыць галоўны пункт медыяасветы, то я сказаў бы, што гэта ўменне крытычна ставіцца да таго, што ты чытаеш…
Даследаванні, праведзеныя шведскім медыясаветам, сведчаць, што 80 працэнтаў дзяўчатак ва ўзросце 16 гадоў кожны дзень праводзяць у інтэрнэце больш за тры гадзіны. Больш за палову шведскіх падлеткаў ва ўзросце 16 гадоў гуляюць у камп’ютарныя гульні больш за тры гадзіны на дзень. 80 працэнтаў 12-гадовых дзяцей маюць смартфон. І больш за палову дзяцей у пяцігадовым узросце ўжо ўваходзілі ў інтэрнэт.
— Тады паўстае заканамернае пытанне: як абараніць падрастаючае пакаленне ад непраўдзівай і негатыўнай інфармацыі, якая распаўюджваецца ў інтэрнэце з хуткасцю свету? — задае зусім не рытарычнае пытанне Ёран Андэрсан. — Раней, калі дзеці вярталіся са школы, бацькі ў іх пыталіся: «Як прайшоў дзень у школе?» А цяпер трэба цікавіцца: «Як прайшоў дзень у інтэрнэце?» Межы паміж віртуальным і рэальным жыццём сціраюцца.
Па словах Ёрана, тое, што адбываецца ў сацыяльных медыя, нагадвае выбух, і ў настаўніка не заўсёды хапае часу, каб усё гэта адсачыць.
— Дваццаць гадоў таму мне было вельмі важна ведаць, якія адносіны складваюцца паміж вучнямі ў класе, каб не дапусціць цкаванне адных другімі, а сёння цкаванне перанеслася ў віртуальную прастору — туды, дзе няма дарослых і можна не баяцца пакарання. Між іншым, шведскія школьнікі масава пакідаюць «Фэйсбук», таму што там знаходзяцца іх бацькі. У мяне чацвёра ўнукаў рознага ўзросту, і яны ўжо не выкарыстоўваюць свае акаўнты ў «Фэйсбуку», — распавядае Ёран. — Педагогі павінны тлумачыць вучням, што кожны карыстальнік сацыяльных сетак таксама аўтаматычна становіцца крыніцай масмедыя. Вельмі шмат падлеткаў выкладваюць у інтэрнэце інфармацыю, якую нельга размяшчаць, і яны не разумеюць наступстваў сваіх бяздумных паводзін.
Шведскім школьнікам расказваюць на ўроках пра этычныя правілы для прэсы, тэлебачання і радыё і прыводзяць прыклады этычных і неэтычных паводзін журналістаў і карыстальнікаў сацыяльных сетак, якія па-рознаму асвятляюць адны і тыя ж падзеі.
У 2000-х гадах у Швецыі адбыўся гучны выпадак з замахам на забойства. 20-гадовы хлопец паспрабаваў забіць сваю дзяўчыну, ударыўшы яе каменем па галаве, але тая па шчаслівай выпадковасці выжыла. За некалькі дзён ёй было зроблена сем аперацый. 19-гадовая дзяўчына доўга знаходзілася паміж жыццём і смерцю. Пра яе паведамлялі тэлебачанне і радыё, пісалі газеты. Усе з хваляваннем сачылі за яе лёсам. Але ў прэсе не згадваліся ні імя дзяўчыны, ні імя маладога чалавека, які падазраваўся ў замаху на забойства. У першым выпадку не ведалі, ці дала б яна сама згоду на тое, каб усім стала вядомае яе імя (дзяўчына знаходзілася ў непрытомнасці). А ў другім — абаранялі сям’ю забойцы, якая ў гэтым выпадку была таксама пацярпелай. Калі дзяўчына ўстала на ногі, яна сама расказала журналістам сваю гісторыю, і з таго часу пра Эму вельмі шмат пісалі ў Швецыі. Але гэта было яе рашэнне.
А вось на даволі папулярным у Швецыі інтэрнэт-рэсурсе flashback.se вельмі шмат каментатараў адкрыта заклікалі забіць маладога чалавека, якога ў выніку пасадзілі на 12 гадоў. «Змест гэтага партала надзвычай сумніўны, там прысутнічае шмат нецярпімасці да людзей і падзей, што адбываюцца ў грамадстве. Тым не менш, калі я пытаюся ў вучняў, хто яго чытае, то высвятляецца, што чытаюць усе, — канстатуе Ёран. — Мяркую, многія саромеюцца прызнацца, што і самі ўваходзяць у лік каментатараў».
Вось самыя тыповыя фразы, якія сустракаюцца ў інтэрнэце ў маладзёжным асяродку: «Здорава, што табе таксама падабаюцца каты», «Усе ведаюць, што ты дрэнна пахнеш», «Ідзі і накладзі на сябе рукі».
— Толькі ўявіце сабе, што мы з вамі п’ем каву і хтосьці ў кампаніі кажа: «Ідзі і застрэлься». Ці такое магчыма? — пытаецца Ёран. — А вось у інтэрнэце падобныя «прапановы», на жаль, не рэдкасць.
Разам з тым сацыяльныя сеткі могуць быць і адным з самых магутных стымулаў для навучання. Вельмі важна, каб вучні ўмелі правільна сфарміраваць сваю стужку навін у сацыяльных медыя. Бо яна можа складацца як з фотаздымкаў коцікаў, так і з ролікаў, якія дапамагаюць засвоіць законы фізікі, расказваюць пра тайны Сусвету, вучаць спраўляцца з рашэннем матэматычных задач, знаёмяць з робататэхнікай. І калі педагогі навучаць дзяцей гэта рабіць, то сацыяльная сетка перастане быць проста акенцам для забавак, а пераўтворыцца ў дадатковы канал для навучання.
nіkalaeva@zvіazda.by
Фота аўтара