«Краіна казак» з’явілася на Google Play

bk-brest.by

Гэта праграма аб’ядноўвае ў сабе дзіцячыя кнігі, песні і калыханкі.

1

Карыстальнікі мабільных прыладаў на базе Android могуць бясплатна спампаваць цэлую кніжную палічку праілюстраваных ды агучаных кніг на беларускай мове. Акрамя таго, праграма парадуе малечу музыкаю ды спевамі: у асобным раздзеле яны знойдуць цудоўныя песенькі гурта “Агатка” на словы вядомых беларускіх паэтаў, а таксама зборнік тэматычных песенек-размінак.

2

Для самых маленькіх — некалькі дзясяткаў беларускіх калыханак: сучасных і аўтэнтычных, улюбёных і малавядомых. Бацькі змогуць не толькі выкарыстаць плэер і праслухаць спевы разам з дзецьмі, але і прачытаць словы, вывучыць іх, каб наступным разам праспяваць калыханку самім.

5

Стваральнікі “Краіны казак” спадзяюцца, што дзякуючы гэтай праграме, якая дае лёгкі доступ да твораў на беларускай мове, больш бацькоў пачнуць чытаць дзецям беларускія кнігі, і беларуская мова перастане быць для дзяцей “другою роднаю”.

“На сённяшні дзень сапраўды існуе такая праблема, — дзеліцца сваім меркаваннем  каардынатарка праекту Таццяна Цуканава, — дзецям няма дзе пачуць беларускую мову. Мы стварылі праграму з якасным і бясплатным кантэнтам, каб заахвоціць беларусаў чытаць дзецям па-беларуску файныя кнігі, слухаць і спяваць калыханкі ды вясёлыя песенькі на словы беларускіх паэтаў, шанаваць сваё і гадаваць дзетак беларусамі.”

“У праграме ёсць асобны раздзел з беларускімі калыханкамі, дзе мы аб’ядналі добра вядомыя і ўпадабаныя калыханкі ды аўтэнтычныя спевы з архіву Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору — распавядае стваральнік праграмы Алесь Булойчык. — Мы спадзяемся, што гэты раздзел будзе вельмі карысны маладым бацькам.” “Калыханка – гэта тое, што чуюць дзеці з самага маленства, і хіба не цудоўна, калі гэта будзе аўтэнтычны мілагучны спеў на беларускай мове?”, — дадае дызайнер Людміла Навакоўская.

Спампаваць праграму можна з Google Play (https://play.google.com/store/apps/details?id=org.alex73.android.dzietkam)

Стваральнікі “Краіны казак” плануюць дапрацоўваць і развіваць праграму. Кожны можа дапамагчы заўвагамі ды прапановамі, даслаўшы іх на адрас kazki@googlegroups.com.