Для дыгітальных вучэбных аўдыторый будучыні патрэбны дыгітальныя навучальныя матэрыялы. Вырашэннем гэтай праблемы з’яўляюцца Open Educational Resources (OER). Ужо існуе першы нямецкі OER-падручнік біялогіі, аднак Германія можа шмат чаму навучыцца ад арганізацый у іншых краінах.
Навучальныя матэрыялы, якімі можна свабодна карыстацца, знаходзяцца ў рэжыме анлайн, маюць ліцэнзію, якая дазваляе іх апрацоўку і распаўсюд – менавіта такое агульнае азначэнне можна даць Open Educational Resources (OER). Ханс Ведэніг і Хайко Пшыходняк прадставілі падручнік сваёй мары гэтак сама адкрыта і вольна і нядаўна вынайшлі Schulbuch-o-mat – платформу, на якой можна ствараць OER-падручнікі для школ. Іх першым праектам стаў школьны падручнік біялогіі для сёмага і восьмага класаў, які змяшчае тэмы, якія адпавядаюць берлінскай вучэбнай праграме для галоўных, рэальных, агульнаадукацыйных школ і гімназій.
Бясплатныя школьныя падручнікі
«Для нас было важна не кінуць выклік выдавецкай галіне, а звярнуць увагу на незадавальняючы стан рэчаў», – кажа Ханс Ведэніг. Аднойчы ўвечары яны сядзелі разам з Хайко Пшыходнікам, абодва былі незадаволены школьнымі падручнікамі сваіх сыноў: састарэлая інфармацыя ў дарагіх падручніках, якія змушана выкарыстоўваюцца на занятках шмат гадоў і ў якіх не бярэцца пад увагу той факт, што школьнікі ў часы смартфонаў і планшэтаў інакш карыстаюцца медыя-сродкамі. Акрамя таго, існуе шмат навучальнага матэрыялу, бо настаўнікі самастойна рыхтуюць свае заняткі, а вось месца, дзе можна было б сабраць гэты матэрыял і прапанаваць для карыстання іншым, не было.
Schulbuch-o-mat павінен стаць таксама і месцам, платформай, на якой настаўнікі змаглі б сабраць матэрыялы і весці аб іх дыскусію – свайго роду Вікіпедыяй для навучальных матэрыялаў. «Спачатку нам хацелася б стварыць першы вольны падручнік і гэтым прадэманстраваць, што можна рабіць і інакш», – кажа Ведэніг. Абодва сабралі 10.000 еўра на краўдфандынгавай платформе startnext.de і распачалі рэалізацыю праекта па стварэнні першага нямецкага OER-падручніка біялогіі. Сёння падручнік ужо гатовы і мае ліцэнзію Creative-Commons-Lizenz CC BY-SA. Гэта азначае, што яго змест можна выкарыстоўваць пры ўмове, калі будзе названае імя аўтара, а апрацоўка будзе ажыццяўляцца пры захаванні такіх самых умоў. Пры гэтым настаўнікі могуць выкарыстоўваць матэрыял ва ўсіх федэральных землях пры ўмове, што выкарыстаны змест будзе адпавядаць рамачным вучэбным праграмам для выкладання прадмета іх федэральных земляў. Хаця ў большасці федэральных земляў існуе практыка атрымання дазволаў на карыстанне школьнымі падручнікамі, яна дзейнічае толькі ў выпадку кніг, за якія трэба плаціць. «Немагчыма спыніць кардынальныя змены на рынку школьных падручнікаў, – кажа Ведэніг. – Тое, што на кніжным рынку і ў музычнай індустрыі адбудуцца перамены, было даўно зразумела».
Перавагі ў параўнанні з папяровымі падручнікамі
Сандра Шон з Даследчага таврыства ў Зальцбургу (Salzburg Research Forschungsgesellschaft), якое спецыялізуецца на інфармацыйных тэхналогіях, таксама лічыць, што павінны адбыцца перамены: «Зразумела, што ў такім выпадку неабходна будзе змяніць бізнэс-мадэлі. Чаму менавіта выдавецтвы школьных падручнікаў павінны быць застрахаванымі ад зменаў?» Пытанне палягае ў тым, колькі часу пройдзе да таго моманту, калі перамены дойдуць да вучэбных аўдыторый. Даследчыца Шон ужо мае досвед у справе стварэння адкрытых навучальных матэрыялаў. Разам з Марцінам Эбнерам з Тэхнічнага ўніверсітэту ў Грацы, прыкладна сотняй аўтараў, 80 рэцэнзентамі ды іншымі памочнікамі яна стварыла электронную кнігу «Падручнік для навучання з дапамогай тэхналогій» (Lehrbuch für Lehren und Lernen mit Technologien – L3T). «Пры гэтым мы хацелі не прадэманстраваць, што можна стварыць падобную кнігу, маючы няшмат грошай, але давесці, што OER – вартая рэч», – кажа Шон. Напрыклад, у Аўстрыі Міністэрства адукацыі замовіла і прафінансавала распрацоўку дапаможніка для настаўнікаў, які ўключаў у сябе фрагменты заняткаў і паведамленні настаўнікаў аб досведзе іх выкарыстання. Кіраўнікі праекта зрабілі свой выбар на карысць варыянта OER. Пасля таго, як навучальны матэрыял будзе размешчаны ў рэжыме анлайн і атрымае адпаведную ліцэнзію, карыстацца ім зможа неабмежаваная колькасць настаўнікаў, пры гэтым яны таксама вельмі хутка змогуць рабіць у ім праўкі.
OER-арганізацыі ў Польшчы і Нарвегіі
Пакуль у Геманіі існавала толькі адна арганізацыя, задачай якой было вышукванне неправамерна створаных копій школьных падручнікаў на камп’ютарах у школах, іншыя краіны паводзілі сябе больш рашуча: у 2012 г. у Польшчы быў распачаты сапраўдны наступ у галіне OER – рэалізацыя праекта «Дыгітальная школа» – каля 11 мільёнаў еўра былі выдаткаваны на стварэнне вольных і свабодна даступных навучальных матэрыялаў для чацвёртага і шостага класаў. Усе гэтыя матэрыялы маюць ліцэнзію CC-BY-Lizenz, іх можна выкарыстоўваць, пазначаючы імя аўтара. У Нарвегіі распрацоўкай OER-матэрыялаў займаецца арганізацыя «Нэшнл дыгітал лёрнінг арэна» (National Digital Learning Arena – NDLA), якая фінансуецца дзяржавай. Матэрыялы прызначаны ў першую чаргу для першай і другой ступеняў сярэдняй адукацыі, іх якасць забяспечваецца ў супрацоўніцтве з універсітэтамі ды іншымі ўстановамі.
У Германіі ўрад робіць першыя крокі ў справе развіцця OER. У актуальнай версіі кааліцыйнай дамовы кіруючых партый ХДС/ХСС і СДПГ напісана наступнае: «Разам з прадстаўнікамі федэральных зямель і іншымі актарамі з адукацыйнай сферы плануецца стварэнне агульнай стратэгіі «Дыгітальнае навучанне», якая мае на мэце карыстанне магчымасцямі новых медый у справе забеспячэння якаснай адукацыі. Як школьныя падручнікі, так і навучальны матэрыял у ВНУ павінны знаходзіцца ў вольным доступе, неабходна пашыраць практыку выкарыстання свабодных ліцэнзій і фарматаў». У дзяржаўным бюджэце на 2015 г. на мэты развіцця OER упершыню запланаваны два мільёны еўра.
Івона Пёпельбаўм, рэдактар-фрылансер з Гамбургу