Беларускае пяціборства – XV:
заданні
адказы
статыстыка
Наша слова
Як ужо паведамляла “НС”, у Магілёве праведзена чарговае Беларускае пяціборства. 9 лютага ў Магілёўскім універсітэце імя А.Куляшова адбылася цырымонія ўганаравання пераможцаў. З гэтай нагоды мы задалі некалькі пытанняў старшыні аргкамітэта Беларускага пяціборства Міхасю Булавацкаму.
Аргкамітэт
– Спадар Міхась, вы правялі чарговае, ужо пятнаццатае Беларускае пяціборства. Нагадайце, што гэта за спаборніцтва.
– Гэта спаборніцтва для навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў на якасць іх агульнай адукацыі. Умоўна кажучы, гэта абласная алімпіяда, толькі не па адной вучэбнай дысцыпліне, а па шэрагу найважнейшых. Сюды ўваходзяць матэматыка, мова, літаратура, гісторыя сваёй краіны і прыродазнаўства. Малады чалавек не павінен быць, адпаведна Казьме Пруткову, падобным да чырая, паўната ў якога аднабокая. Але арыентацыя на традыцыйныя прадметныя алімпіяды якраз і прыводзіць да стварэння такіх “аднабокіх”. Калі хлопец ці дзяўчына добра ведае фізіку і рыхтуецца да адпаведнай алімпіяды, то настаўнікі іншых вучэбных дысцыплін пачынаюць ставіцца да яго менш патрабавальна, нярэдка па прамой “падказцы” адміністрацыі. А ў выніку выходзяць з школы з добрым веданнем фізікі, але недавучанымі ў літаратуры, гісторыі, мове. Атрымліваецца чалавек гуманна недаразвітым. А добрае веданне законаў прыроды ў такога чалавека можа нават стварыць небяспеку для грамадства, бо невядома, як ён свае веды скарыстае. Хтосьці з паэтаў сказаў: розум павінен быць асардэчаным.
– Разумею вашу заклапочанасць гэтай праблемай. Але ці спрыяе пяціборства яе вырашэнню?
– Гавораць, што правільна пастаўленае пытанне – гэта палова адказу. Пяціборства дапамагае звярнуць увагу на праблему. І тут гаворка не столькі пра настаўнікаў ці кіраўнікоў адукацыі, а найперш пра саміх навучэнцаў. Ім жа, выдатным матэматыкам, фізікам (а перш-наперш такіх мы запрашаем на наша спаборніцтва), ставяць высокія адзнакі па мове, гісторыі. І яны прывыкаюць лічыць, што роднай мовай валодаюць, што гісторыю больш-менш ведаюць. І тут выяўляецца, што патлумачыць нейкую прыродную з’яву на роднай мове ці развязаць на мове матэматычную задачу – не хапае слоў. Развязак ведае, а перадаць яго словамі не можа. Чалавек вяртаецца дадому здзіўленым і збянтэжаным. Ён жа такога не чакаў! І некаторыя спрабуюць выправіць сітуацыю. Нам вядома, напрыклад, што двое ранейшых спаборнікаў набылі сабе руска-беларускі матэматычны слоўнік. Навошта ён ім? А каб пашырыць сваё валоданне роднай мовай. Можа, такіх і не двое. Нярэдкая з’ява, калі чалавек прыходзіць на пяціборства другі ці трэці раз (было і па чатыры разы) і з кожным разам паказвае ўсё больш высокі ўзровень валодання мовай ці ведамі ў гісторыі.
– Чым пятнаццатае пяціборства адрознівалася ад ранейшых?
– Наша спаборніцтва становіца ўсё больш папулярным. Раней мы дапускалі да яго ўсіх ахвотных. Але леташняе пяціборства, на якое прыйшлі 45 спаборнікаў, стварыла напружанне. Калі б прыйшлі яшчэ некалькі чалавек, то ўзнікала праблема, куды пасадзіць. Хаця ўніверсітэт дае нам вялікую аўдыторыю, але і яна мае абмежаванні. Мы ж рассаджваем так, каб яны сядзелі не побач адзін з адным. Таму зараз мы пачынаем прымаць удзельнікаў па папярэдніх заяўках. Паступіла 44 заяўкі, але некалькі чалавек па розных прычынах не прыбылі. У пятнаццатым пяціборстве бралі ўдзел 38 спаборнікаў. І яшчэ адна адметнасць. Мы рассылалі паведамленні па школах з просьбай гукнуцца аб атрыманні паведамлення. Адгукнуліся толькі тры школы. І мы пачалі дазвоньвацца, каб высветліць, ці атрымана паведамленне. На адзін такі запыт пачулі: “Што? Беларускае пяціборства? У нашай школе такі від спорту не практыкуецца.” Спачатку пасмяяліся з такога непаразумення, а потым задумаліся: а сапраўды чаму б не лічыць гэта відам інтэлектуальнага спорту? Вось жа шашкі, шахматы – спартыўныя гульні. У выніку ўпершыню пераможцы Беларускага пяціборства атрымалі, акрамя дыпломаў і прызоў, яшчэ і спартыўныя медалі.
Медалісты
– Раскажыце пра пераможцаў.
– Пра гэта прыемна распавядаць. Фактычна пераможцаў больш, чым тры, бо мы ўзнагароджваем таксама пераможцаў у асобных намінацыях. Першае месца заняў дзевяцікласнік 21-й школы г.Магілёва Ілля Касакоў, які годам раней быў другім. У яго самыя высокія балы па мове, літаратуры (дзякуючы, як ён напісаў у анкеце, свайму народу і настаўніцы Ю.Бузук) і па гісторыі (тут ужо дзякуючы найперш уласнай цікаўнасці да гістарычнай літаратуры). Таму, акрамя галоўнага прыза і залатога медаля, Ілля атрымаў тры адмысловыя прызы за перамогу ў асобных намінацыях. На другім месцы навучэнка выпускнога класа гімназіі № 3 г.Бабруйска Ангеліна Жыркевіч, якая паказала лепшы вынік ў развязванні матэматычных задач. Ангеліна ўдзельнічала ў пяціборстве чацвёрты раз і першыя тры разы станавілася пераможцай, таму застанецца ў гісторыі пяціборства як адзіная тройчы пераможца, перавысіўшы выдатны вынік яе старэйшай сястры Настассі, якая была двойчы пераможцай пяціборства. Абедзве дзяўчыны не раз перамагалі ў абласной алімпіядзе па матэматыцы, дзякуючы настаўніцкаму таленту іх маці Алены Юр’еўны, якая выкладае матэматыку ў той жа гімназіі, але – sic! – дзякуючы якой яны засвоілі і родную мову, і гісторыю сваёй краіны. Выдатны прыклад служэння сваёй Бацькаўшчыне! На трэцім месцы Ангеліна Бялясава (11 клас гімназіі № 1 г.Бабруйска). Клас Ангеліны мае фізіка-матэматычны профіль і натуральна, што і на пяціборстве яна паказала лепшы з усіх намінацый вынік у матэматычных заданнях, выказаўшы тым самым падзяку сваёй настаўніцы І.Барысевіч. Акрамя таго адмысловыя прызы атрымалі: Мацвей Дашкевіч з Мсціслава за лепшыя адказы на пытанні з гісторыі (у яго выніковае IV месца), Лізавета Багачова за лепшыя адказы на пытанні з прыродазнаўства (падзяка выдатнаму настаўніку фізікі Магілёўскага ліцэя № 1 А.Саковічу) і Наста Шухава з Асіповіч за лепшы развязак матэматычных задач (выніковае V месца), якая летась была другой. За свае поспехі Наста дзякуе настаўніцам матэматыкі А.Жыгадла і А.Кураковай, але і бацьку, які ўзбудзіў яе цікаўнасць да розных навук, да літаратуры.
Пераможцы
– Чым жа пяціборства, акрамя прызоў, прываблівае навучэнцаў?
– Сапраўды, прызы тут невялікія і не яны – галоўная цукерка. Хаця трэба сказаць, што з прызам аказваецца кожны ўдзельнік. Перад пачаткам спаборніцтва праводзіцца кніжная латарэя, дзе спаборнікі ў парадку выцягнутых нумароў выбіраюць сабе кнігі з тых, што нейкім чынам здабылі валанцёры ТБМ. А зараз там не толькі кнігі, але і наборы паштовак ці паштовак марак, – магчыма, нехта з філатэлістаў і спакусіцца. Але важней іншае. Гэта ж 9-11-я класы, калі вучні ўжо задумваюцца аб тым, дзе яны будуць па заканчэнні школы і што ім для гэтага трэба. Тры разы на год праводзіцца рэпетыцыйнае тэставанне па розных дысцыплінах. І ахвотных прайсці рэпетыцыю тэстаў заўсёды шмат. Нават за плату. А пяціборства дае ім яшчэ адну магчымасць параўнаць узровень сваёй адукацыі з узроўнем адукацыі сваіх аднагодкаў, каб убачыць недахопы гэтай адукацыі і паспрабаваць нешта паправіць. Прытым адразу па некалькіх дысцыплінах і без ніякай аплаты. Яшчэ адзін аспект: наша спаборніцтва мае не толькі вымяральна-кантрольную функцыю, але і адукацыйную. 100 хвілін спаборнікі думаюць, шукаюць адказы-развязкі, нешта знаходзяць, нешта не знаходзяць. І вось на такім эмацыйным узбуджэнні здаюць працы і… на выхадзе атрымліваюць аркуш з адказамі. Каб вы бачылі, ЯК яны чытаюць тыя адказы! Няцяжка зразумець, што прачытанае ў тым аркушы надоўга застанецца ў іх свядомасці, у іх памяці. Таму мы імкнемся падбіраць заданні так, каб яны закраналі істотныя рэчы з кожнай вучэбнай дысцыпліны, якія сапраўды варта ведаць і помніць.
– Патлумачце апошняе прыкладамі з апошняга Беларускага пяціборства.
– Калі ласка. Вось ці зможаце вы, напрыклад, патлумачыць розніцу паміж словамі “абое” і “абодва”. На жаль, не кожны настаўнік беларускай мовы зробіць гэта дакладна. Я сам раней блытаўся з гэтымі словамі. Як дапамагчы вучням усвядоміць гэтую розніцу, каб правільна словы скарыстоўваць? І мы ўключылі гэтае пытанне ў заданне па мове. Блізкіх да правільнага адказаў было ўсяго чатыры. 34 з 38 удзельнікаў не разумелі розніцы паміж словамі. Але яны не разумелі гэтага да дня пяціборства. А атрымаўшы на выхадзе аркуш з адказамі і ўважліва прачытаўшы тлумачэнне (а чытаюць ой як уважліва!), запомняць надоўга. Ці вось заданне з прыродазнаўства. Некалькі год таму мы прапаноўвалі патлумачыць прычыну змены дня і ночы і прычыну змены лета і зімы. Як бы можна пражыць, і не ведаючы гэтага. Але ж без гэтых ведаў што ў цябе за адукацыя! Тады тры спаборнікі не ведалі, чаму ноч змяняе дзень, а прычыну змены лета і зімы досыць прыблізна ведалі два ці тры спаборнікі. А тут жа вяршкі школьніцкай моладзі! Зараз захацелася паўтарыць гэтыя пытанні. Вынік такі: прычыну змены дня і ночы ведаюць 27 з 38, а прычыну змены лета і зімы (не зусім дакладна) – чатыры. Вось узровень нашай прыродазнаўчай адукацыі. Гэтым трыццаці васьмі мы дапамаглі сваім аркушамі з адказамі…
За працай
– Я зразумеў, што вы праводзіце Беларускае пяціборства, каб дапамагчы лепшым навучэнцам пашырыць і ўпарадкаваць сваю адукацыю?
– Пашырыць – наўрад ці. Мы не пашыраем і не паглыбляем. Мы вяртаем тое, што ўжо павінна быць, але чамусьці страчана. Ці па нейкай прычыне не набыта. Вось упарадкаваць – у нейкім сэнсе так, спрабуем. Але і не толькі…
– Што, маецца яшчэ нешта важнае ў ідэі Беларускага пяціборства?
– Маецца. Спаборнікі на дзве гадзіны трапляюць у беларускамоўны асяродак – дзе яшчэ яны такі асяродак знойдуць? 100 хвілін напружана думаюць, спрабуючы аформіць свае думкі беларускімі словамі, – на якім школьным уроку такое ўбачыш? І вось яшчэ: перад пачаткам спаборніцтва старшыня аргкамітэта робіць уступную прамову. Яна кароткая, хвілін 5-6. Сканцэнтраваць увагу на такі кароткі час любому чалавеку няцяжка і пачутае змясціць у сваёй свядомасці. Асабліва калі прамова змяшчае нязвыклую і цікавую інфармацыю. Дзе яшчэ яны пачуюць пра жыццёвую важнасць роднай мовы для існавання нацыі? Пра яе багатую гісторыю? Дзе яшчэ яны пачуюць, што матэматыка вымушана выконваць ролю логікі, бо логіку не засвоіў гімназіст Валодзя Ульянаў і таму яна з праграмы савецкай школы выкінута і дагэтуль не вернута? Дзе яшчэ яны пачуюць пра выдатнага матэматыка, навукоўца Барыса Кіта, які 70 гадоў жыве далёка ад Беларусі, але размаўляе чыстай мовай сваёй радзімы? Хто ім калі распавядаў пра масавы расстрэл беларускіх пісьменнікаў, “нацдэмаў” у адну кастрычніцкую ноч 1937 года?.. І ў гэты раз, калі я пачаў сваю прамову, мяне амаль не слухалі, бо спаборнікі запаўнялі анкеты. Але вось адзін-другі-трэці спыняліся пісаць, паднімалі галовы і ўслухоўваліся ў тое, што гучала. Услухоўваліся ўважліва і напружана, бо тое, што гучала, было для іх новым, нязвыклым і прыцягальна патрэбным. Тут яшчэ адна маленькая спроба “ўпарадкаваць” іх адукацыю.
– Зычым вам поспехаў у гэтай добрай справе!
– Дзякую!
Пытанні задаваў Зміцер Савіч
Фота Надзеі Бацілавай