Як беларускіх настаўнікаў вучаць медыяпісьменнасці

mediakritika.by

У артыкуле-аглядзе беларускіх праектаў, якія нясуць ідэі медыяпісьменнасці ў грамадства, Mediakritika.by закранула дзейнасць «Таварыства беларускай школы». І тады ж мы паабяцалі больш падрабязна распавесці пра дзейнасць арганізацыі ў гэтым кірунку.

Пра тое, як ТБШ заахвочвае настаўнікаў да распрацоўкі метадычных праграм па медыяпісьменнасці, як сумесна з партнёрамі ладзіць семінары і летнія школы для настаўнікаў і чаму практыка ў гэтай галіне шмат важнейшая за тэорыю распавядае Тамара Мацкевіч, намеснік старшыні РГА "Таварыства беларускай школы":

- Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Таварыства беларускай школы» зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь 30 жніўня 1996 года. Асноўнай мэтай ТБШ з'яўляецца: садзейнічанне стварэнню сучаснай сістэмы нацыянальнай асветы i адукацыі, спрыянне развіццю адукацыі на беларускай мове, культурна-асветная праца сярод дзяцей, моладзі i дарослых дзеля фарміравання ў ix нацыянальнай свядомасці i засваення iмi агульначалавечых каштоўнасцей

Сваю дзейнасць у галіне медыяпісьменнасці Таварыства беларускай школы распачало некалькі год таму. Прыемна адзначыць, настаўнікі пачалі ўсведамляць важнасць медыяпісьменнасці для перспектываў грамадства, існавання нацыі і незалежнасці. Беларусы на сабе адчулі, што мы жывем у стане інфармацыйнац вайны, аднак яшчэ не ўсе разумеюць, што  нашая зброя ў ёй – крытычнае мысленне і каштоўнасныя устаноўкі. Наогул, самы надзейны фільтр супраць хлусні і прапаганды ў медыя – гэта нашая нацыянальная і моўная ідэнтычнасць, усведамленне сваіх еўрапейскіх каранёў і цывілізацыйных каштоўнасцяў. Вось над гэтым мы і працуем.

У 2013—2015 гг. па ініцыятыве Таварыства беларускай школы (ТБШ) сумесна з Медыя-інстытутам FOJO (Швецыя) і іншымі адукацыйнымі арганізацыямі быў праведзены шэраг семінараў і летніх школ для соцень педагогаў. Больш за 30 педагогаў і метадыстаў прынялі ўдзел у адукацыйных стажах у Швецыі, Украіне, Чэхіі, Славаччыне. Мэтай гэтых сумесных мерапрыемстваў было пазнаёміць настаўнікаў з еўрапейскім досведам медыяадукацыі, навучыць уменням дэкадаваць медыяпаведамленні, адаптаваць замежны досвед для беларускіх умоваў.

Прыемна, што настаўнікі ўспрынялі важнасць праблемы. Колькасць практычных матэрыялаў, якімі папаўняецца раздзел “Медыякомпас” партала nastaunik.eu, гаворыць сама за сябе. У 2015 годзе нашыя адмыслоўцы і медыяпедегогі склалі і   апублікавалі аналітычную запіску «Медыяадукацыя. Еўрапейскія практыкі і беларуская рэчаіснасць» з аналізам і перспектывамі  медыяадукацыі ў Беларусі.

Для сябе мы вызначылі, што галоўнае – практыка.  Бо экспертаў-тэарэтыкаў заўсёды хапае. Мала тых, хто дасягае практычных вынікаў. Паспрыяў прыклад расіян, дзе напісана процьма тэарэтычных кніг і экспертных заключэнняў, але хто там бачыў медыйна пісьменнага чалавека?  Мы стараемся фармаваць медыйна-інфармацыйныя кампетэнцыі настаўнікаў падчас семінараў, трэнінгаў. У выніку, самі настаўнікі становяцца медыяпедагогамі і праводзяць майстар-класы для калег і, вядома, вучаць дзяцей. Такім чынам, медыяадукацыйны кірунак паступова з нефармальнай адукацыі распаўсюджваецца і ў фармальную сістэму адукацыі.  На жаль, не так хутка, як хацелася б.

Нядаўна ТБШ правяло конкурс метадычных матэрыялаў “Адукацыя для свабоды”  ў трох намінацыях: “Медыяадукацыя на ўроку”,  “Медыяадукацыя па-за ўрокам” і “Медыяпісьменная сям’я”. Шчыра кажучы, не ўсе настаўнікі, якія даслалі матэрыялы на конкурс, добра ўсведамлялі,  што медыяадукацыя – гэта не выкарыстанне ІКТ ў навучальным працэсе. І нават не навучанне бяспецы ў інтэрнэце. Аднак былі і вельмі якасныя распрацоўкі, за якія  настаўнікі атрымалі ноўтбукі. Прычым пераможцы распрацавалі цэлыя комплексы практычных матэрыялаў, гатовых для ўжывання ў навучальных установах. Усе гэтыя распрацоўкі знаходзяцца ў свабодным доступе.

Настаўнікі стварылі некалькі інтэрнэт-пляцовак для абмену досведам і матэрыяламі ў медыяадукацыі: на сайце nastaunik.eu створаны раздзел “Медыякомпас”, да суполак “Медыяадукатар” можна далучыцца ў сацыяльных сетках Google+ , Facebook.

Настаўнікі на гэтым не спыніліся. Цяпер яны пішуць метадычны дапаможнік-навігатар для калег. У яго больш за 16 аўтараў. Хутка ён пабачыць свет. Сама па сабе форма падручніка  – навігатар – дазволіць гэтаму выданню быць актуальным доўгі час. Бо кожная тэма будзе мець спасылку на інтэрнэт-старонку, якая будзе абнаўляцца і дадавацца новымі матэрыяламі.

Прыкладам, настаўнік-фізік ці настаўнік-гісторык заўсёды можа клікнуць на спасылку і паглядзець, што з актуальных медыйных падзеяў можна выкарыстаць на сваім уроку, каб дзеці разам з прадметнымі ведамі вучыліся аналізаваць навіны, распазнавайць фэйкі ды глядзець на свет сваімі вачыма.

Адзін з раздзелаў  кнігі будзе прысвечаны навучанню настаўнікаў пісаць артыкулы ў прэсу.  Медыякампетэнцыі ж уключаюць і актыўны удзел грамадства ў стварэнні медыяпрасторы. Тут прыдалася супраца ТБШ з журналістамі. Яны шмат у чам дапамагаюць педагогам.

У лютым 2016 года пачне працу пілотны курс дыстанцыйнага навучання “Медыяадукацыя ў школе”. Яго таксама робяць самі настаўнікі для сваіх калег. На гэты пілотны курс плануем набраць 30 чалавек, якія паступова на працягу 3-4 месяцаў будуць ўводзіць элементы медыяадукацыі ў сваю практыку на уроках і выхаваўчых занятках. 

І самае важнае, што беларускія настаўнікі выступілі ініцыятарамі стварэння беларускіх медыяадукацыйных асяродкаў, запачаткавалі інавацыйныя праекты ў сваіх школах, адаптавалі замежныя матэрыялы і стварылі ўласныя, якія выкарыстоўваюцца для эфектыўнай працы ва ўстановах адукацыі Беларусі.

Менавіта дзякуючы ініцыятывам «знізу» пашыраецца абазнанасць беларускіх педагогаў і іх вучняў у медыяадукацыі і медыякультуры. Разам з тым было б перабольшаннем сказаць, што медыяадукацыя стала агульнапрынятай практыкай у нашай краіне. Мы ўсё яшчэ маем справу з ініцыятывамі і досведам энтузіястаў – як асобных спецыялістаў, так і арганізацый, найперш недзяржаўных, грамадскіх – але не з масавай з'явай. А пагатоў не з рэалізацыяй агульнанацыянальнай праграмы навучання навыкам жыцця ў свеце інфармацыі.

Тым не менш не толькі грамадскія структуры, але і шырокая педагагічная грамадскасць паступова прыходзіць да агульнага разумення функцый медыяадукацыі ў Беларусі».