28 лістапада на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў конкурсу метадычных матэрыялаў «Адукацыя для свабоды. Ноўтбук актыўнаму настаўніку - 2015» сабраліся больш за 30 педагогаў з розных куткоў Беларусі. Цырымонію вёў вядомы «падарожнік-дылетант» Юры Жыгамонт. Інтрыга захоўвалася да канца, бо настаўнікі даслалі вельмі якасныя распрацоўкі ва ўсіх трох намінацыях, і журы было складана вызначыць лідэраў.
Сёлета ў конкурсе перамаглі:
Ала Лазіцкая – дырэктар СШ №2 г. Століна, выкладчыца рускай мовы і літаратуры/ «Медыяадукацыя як сродак фарміравання інфармацыйнай граматнасці вучняў»: распрацоўка майстра-класа для педагогаў і бацькоў;
Наталля Катчанка – настаўніца замежнай мовы Нясвіжскай гімназіі/ «Mass Media»: распрацоўкі ўрокаў англійскай мовы для 10 класа;
Галіна Сухава – настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №5 г. Віцебска/ Урокі па творах Міколы Гусоўскага і Івана Чыгрынава: распрацоўкі ўрокаў беларускай літаратуры для 9 і 11 класа.
Спецыяльнымі прызамі былі адзначаны ўрокі, дасланыя гісторыкамі Наталляй Бартошык са Случчыны («Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў БССР») і Людмілай Гурыновіч з Камянца («Заходняя Беларусь у складзе Польшчы. Наш край у 1921–1931 гг.»), а таксама блог кінаклуба Івана Песенкі з Бабруйска.
Падарункі атрымалі і аршанскія вучні - удзельнікі праекта «Бабуліна навука, або смачна есці!» ды іх настаўніца Алена Панкратава.
Павіншаваць пераможцаў прыехаў музыка Юры Несцярэнка, стваральнік дыска «Альбом школьных песень», які ўсе удзельнікі цырымоніі атрымалі ў падарунак.
Таксама некалькі песень у падарунак настаўнікам выканаў Адась Матафонаў, якога настаўнікі добра ведалі як выканаўцу з дыскаў «Дзіцячы альбом» і «З Новым годам!».
Nastaunik.info і Таварыства беларускай школы далучаюцца да віншаванняў і выказваюць падзяку ўсім, хто далучыўся да арганізацыі конкурсу і фармавання прызавога фонду: Асамблеі НДА Беларусі, Асацыяцыі дадатковай дадукацыі і асветы, Арт-сядзібе, FOJO-медыяінстытуту, Аб'яднаным мас-медыя, Цэнтру Супольнасьць, клубу Імагуру, а таксама сябрам журы, валанцёрам і прэсе, якая не абмінула падзею.
Гл. таксама: Вінцук Вячорка: Медыяадукацыя – каб узгадоўваць у вучняў крытычнае мысленне і беларусацэнтрычны погляд на свет