І, шаноўныя “гасударавы людзі”. Расійская мова не была маім выбарам, бо да пяці год я размаўляў па-беларуску, пакуль не трапіў у дзяржаўную сістэму адукацыі. Я перайшоў на расійскую, наадварот, таму, што ў мяне не было іншага выбару.
Беларускай мове мяне навучыла бабуля. Я гэта зразумеў нядаўна, калі слухаў стары аўдыёзапіс з сямейнага архіва. З магнітафона даносіўся рыпучы гук — старэйшы брат запісаў на плёнку маю балбатню. Калі я слухаў запіс, моцна ўразіўся, што ў пяць год размаўляў па-беларуску. Гэта потым я пайшоў у школу, дзе мне “выправілі рэч”, а тады я размаўляў натуральна — як мяне навучыла баба Ганна.
Калі ў старэйшых класах я пісаў сачыненне, настаўніца рускай мовы выправіла “баба Ганна” на “баба Анна”, хаця яна заўсёды была Ганнай. Не толькі гэта — шмат чаго наша “ацечаственная” сістэма адукацыі ўва мне “выправіла”, але, відаць, не ўсе мае хібы ўгледзела, бо ў трыццаць я ізноў перайшоў на мову.
Беларуская мантра
Усё жыццё я чую мантру: “Беларуская мова — наша матчына мова, мова Купалы і Коласа. Яе трэба шанаваць і захоўваць. А теперь давайте поговорим о серьёзном”.
Сёння от і высокі чыноўнік апраўдвае неўжыванне мовы ў судовай практыцы Коласам і Купалам. Маўляў, няможна на мове класікаў зачытваць прысуды забойцам. І мне хочацца даць яму па ілбе драўлянай лыжкай, якую я сам выразаў і якую пагрызла мая мыш Верачка. Я ўпэўнены, што і Колас з Купалам выразалі б лыжкі і далучыліся б да збіцця высокага чыноўніка. Разам мы б мо выбілі з яго башкі тую мантру, ці хаця б наставілі гузакоў у якасці кампенсацыі за маральныя страты. Мне от цікава, паважаны чыноўнік, калі ваша бабуля, прабачце мяне грэшнага, ішла ср.ць, яна пераходзіла на расійскую мову?
Я б не здзівіўся, калі б пачуў тое ад трактарыста ці даяркі. Але ад таго, хто, як у нас кажуць, вялікім чалавекам стаў, хочацца чакаць большай мудрасці і большай адказнасці. А нашы чыноўнікі — гэта наша бяда. Яны ўвабралі ў сябе самыя паганыя беларускія якасці. І пакуль вагаюцца, як увесці адну дадатковую гадзіну беларускай мовы, каб нікога не пакрыўдзіць і не згубіць свае месцы, вырастае новае пакаленне беларусаў, для якіх Купалу трэба чытаць са слоўнікам.
“Уведамляю вас, што мы пака жывы”
От я раней думаў, што звужэнне ўжытку беларускай мовы да пэўных сфераў — гэта такая глыбінная філасофія, якая ўзнікла як механізм самазахавання. То бок, калі нашыя самыя мудрыя прашчуры адчулі небяспеку для мовы, яны ноччу ў лесе вакол свяшчэннага вогнішча зладзілі нараду і вырашылі схаваць мову ў тыя мантры пра Коласа і Купалу, каб пры спрыяльных умовах, калі спёка спадзе і пойдзе дождж, мова пачала расці з сухоха насення і зноў забуяла. Але не, час ідзе, а расійскія серыялы паказваюць у кожнай вясковай хаце. І беларуская мова вымываецца нават стуль, дзе яна трывала сядзела.
Мая знаёмая пісьменніца неяк сказала, што любіць жывую вясковую мову і не ўспрымае тую, якой гавораць у рэдакцыях газет. Я таксама часта наракаю на слоўнікі, што яны недастаткова прудкаўскія. Аднак рэгіянальныя жывыя гаворкі не маюць рэзерву для ўтварэння нацыі. Мова рэдакцый такі рэзерв мае. Гэтак сталася з усімі мовамі свету — яны ўсярэдніліся да зручнай і зразумелай ўсім формы. Не выключэнне і “великий и могучий русский язык”. Яму толькі больш пашчасціла на нашай зямлі. Праз шырокі распаўсюд на тэлебачанні, у афіцыйнай сферы да яго хутка прызвычаіліся, і ніхто з беларусаў не жаліцца, што расійская мова недастаткова жывая, не такая, як у расійскіх сёлах.
А беларускай літаратурнай мове не пашчасціла зусім. Мая маці, якая выдатна ўмее размаўляць на нашай рэгіянальнай варыяцыі беларускай мовы, не можа чытаць беларускія кнігі і газеты — літаратурная мова для яе – напаўзамежная. Мама сустракае мяне з аўтобуса словамі:
— І кашуля вісіць, і дурань дрыжыць.
А калі мы праходзім па беразе Прыпяці, кажа:
— Во, ужо крыгі плывуць.
— А што такое крыгі?
— Крыгі і е крыгі.
Але яна звоніць мне і просіць дапамагчы напісаць пляменніку сачыненне:
— Бо я беларускую мову не ведаю.
Яе не ведае і мой пляменнік, хоць вучыцца ў маёй школе, у маёй настаўніцы. У нас з пляменнікам розніца ва ўзросце — дваццаць гадоў. Шаноўныя чыноўнікі з Міністэрства адукацыі, от адкажыце мне, як такое можа быць?
А калі будзе чарговы перапіс насельніцтва, маці запіша сябе носьбітам расійскай мовы, бо яе яна ведае, як “па-граматнаму” сказаць “я люблю картоплю і лісянкі”. А як на мове Купалы — не.
Атрымліваецца, што ёсць народная мова, ёсць “правільная” расійская, на якой дакументы складаюць. А яшчэ ёсць беларуская, але то мова класікаў, а не наша. Яна не мае ўжытку: на ёй не вядзецца справаводства, не зачытваюцца прысуды забойцам, не паказваюць серыялы. Адно толькі — яна матчына, і яе чамусьці трэба захоўваць.
У мяне ёсць ліст, які ў 1937 годзе напісаў майму прадзеду прудкаўскі сваяк Васіль. Добра відаць, што ўжо тады беларускі селянін імкнуўся быць “граматным”: “Уведамляю вас, што мы пака жывы”. Васіль працаваў касірам у Аўцюках, “уволілся з работы і здавал дела ў Мазыры, был там целую неделю”. Чалавек ламаў сваю мову, каб здаваць “дела” і мець працу. Паперкі ж па-расійску запаўняць трэба. Але ў месцах, якія не тычацца службовых спраў, Васіль пераходзіў на беларускую мову: “Учора яна прасіла, каб мы напісалі табе, як яна мучыцца. Яна кажа, каб Андрэй быў, ён бы дзесяць раз прыйшоў мяне даведацца”. Бы розныя людзі пісалі той ліст.
Поп саграшыў, а дзяка вешаюць
І, шаноўныя “гасударавы людзі”, не трэба валіць з хворай галавы на здаровую, кажучы, што ў нас ёсць выбар, як размаўляць. Моўная палітыка — не справа даярак, трактарыстаў і касіраў з Аўцюкоў, а ваша. Як той кажа, поп саграшыў, а дзяка вешаюць. Расійская мова не была маім выбарам, бо да пяці год я размаўляў па-беларуску, пакуль не трапіў у дзяржаўную сістэму адукацыі. Я перайшоў на расійскую, наадварот, таму, што ў мяне не было іншага выбару.
За год, што я жыву на Палессі, у мяне склалася ўражанне, што палешукі сумуюць па мове. Усюды ёсць вырадкі, але агульнае стаўленне да беларускіх словаў вельмі прыязнае. Прадаўчыха шырока ўсміхаецца, калі мы з сябрам уваходзім у краму, і гучна вітае нас:
— Добры дзень, шаноўныя.
Дваюрадны брат, які да мовы ставіўся абыякава, пасля дзвюх дыскусій са мной едзе на зарабаткі ў Расію і вучыць там калегу-таджыка беларускім словам. Кажа яму:
— Што ты як чурка? Кружка, кружка… Карэц!
Аксана, якая мае дыплом філолага, моцна здзіўляецца, што беларуская мова – не правінцыйнае адгалінаванне расійскай:
— Как так? Нас же учили! Нас же учили…
Наступным разам яна кажа мне:
— Прывітанне! А можна я буду размаўляць з табой па-беларуску?
Можна. Размаўляй са мной па-беларуску.