Надзея Нікалаева, zviazda.by
Метад актыўнай ацэнкі ўсё больш захоплівае беларускіх педагогаў. Яна становіцца ключавой як на ўроках, так і на экзаменах на пацвярджэнне вышэйшай катэгорыі. У конкурсе «Настаўнік года» паспяхова выступаюць тыя педагогі, якія ўжо асвоілі метад актыўнай ацэнкі. А некаторым яна дапамагла стаць і настаўнікам-метадыстам (гэту катэгорыю маюць у краіне сёння ўсяго 150 педагогаў).
Ёсць меркаванне, што школьная адукацыя ў будучыні зведае значныя змены: са школы знікнуць адзнакі, званкі, заўвагі ў дзённіках і выклікі бацькоў. А ў якасці альтэрнатывы ацэньвання застанецца толькі фіксацыя прагрэсу паспяховасці вучняў... Але пакуль што наша школа «танцуе» вакол адзнак, высокіх, сярэдніх і нізкіх. Вось толькі ці можа нізкі бал матываваць дзіця да навучання? Што працуе больш эфектыўна: адзнака ці вусны каментарый? Як правільна задаваць пытанні вучням і фармуляваць задачы на ўрок? Як займець у калектыве аднадумцаў і знайсці агульную мову з бацькамі? Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся падчас падагульняючай сустрэчы выпускнікоў чацвёртага дыстанцыйнага курса «Стратэгія актыўнай ацэнкі».
Святлана Іванюшына, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №1 горада Лагойска: «Хто змог веды гэтыя ў сэрцы прыняць, інакш больш не зможа, бадай, працаваць!»
Сусветны трэнд
— Актыўная ацэнка (АА — Аўт.) прымяняецца сёння настаўнікамі ў многіх краінах свету. Практыка сведчыць, што менавіта гэтая сістэма навучання дае найбольшы адукацыйны эфект, — падкрэслівае прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай ЗАПРУДСКІ. — Найлепшым аргументам у яе падтрымку можа быць адукацыйны досвед Фінляндыі, дзе АА — найбольш распаўсюджаная методыка. Фінскія вучні займаюць самыя высокія пазіцыі ў даследаваннях РІSА (Міжнародная праграма па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў. — Аўт.). Дзякуючы той жа актыўнай ацэнцы, у пяцёрку самых паспяховых еўрапейскіх краін, па выніках РІSА, уваходзяць Эстонія і Польшча. Важна, што і наша Міністэрства адукацыі таксама вельмі станоўча ставіцца да актыўнай ацэнкі: з 2013 года ў 10 установах агульнай сярэдняй адукацыі краіны рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект па яе ўкараненні.
Між іншым, ідэі, закладзеныя ў яе падмурак, нарадзіліся зусім не на Захадзе, а на беларускай зямлі.
— Пра выдатнага педагога, заснавальніка гуманнай педагогікі, Льва Выгоцкага ведае сёння кожны амерыканскі, польскі і нямецкі настаўнік, — расказвае намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара МАЦКЕВІЧ. — Ён нарадзіўся ў Оршы, вучыўся ў Маскве... Усе свае ідэі Выгоцкі сфармуляваў у Гомелі — калі выкладаў для беднаты, у педвучылішчы, школе для дашкольных педагогаў. Ездзіў па Беларусі з лекцыямі. А ў Маскву яго запрасілі ўжо хворага — толькі для таго, каб ён паспеў аформіць свае працы. Ідэі Выгоцкага здзейснілі рэвалюцыю, забяспечылі пераход ад педагогікі ведаў — да педагогікі развіцця. Яны былі распрацаваныя для нашага псіхатыпу і ментальнасці, таму так добра прыжываюцца ў Беларусі, ва ўсёй Еўропе і на кантынентах, дзе жывуць перасяленцы з Еўропы.
Наталля Герман і Таццяна Князева: "Нашы вучні моцна залежаць ад адзнак".
Інтрыга на ўроку
Між іншым, Таварыства беларускай школы ўжо не першы год арганізуе праграму дыстанцыйнага навучання актыўнай ацэнцы. Да руху педагогаў, якія пажадалі перагледзець свае метады навучання, далучаюцца ўсё новыя энтузіясты, прычым з ахвотных трапіць на дыстанцыйныя курсы ўтвараецца конкурс. Попыт перавышае магчымасці. Сёлета пасведчанні атрымалі 72 педагогі, якія цягам шасці месяцаў пад кіраўніцтвам ментараў крок за крокам спасцігалі новую філасофію і ўводзілі ў сваю практыку элементы актыўнай ацэнкі.
Слухачы дыстанцыйных курсаў канстатавалі: атмасфера ў класах з актыўнай ацэнкай стала больш добразычлівай, навучанне — больш матываваным, самаацэнка вучняў — больш высокай, а самі дзеці — больш камунікабельнымі.
— Дыскусія, якая завязваецца на ўроку, працягваецца цяпер і на перапынку, што не можа не радаваць педагога, — прызнаецца настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы №5 горада Смаргоні Ларыса ВАЛЫНЕЦ. — Для мяне вельмі важна, каб мае вучні здабывалі веды для сябе, а не для адзнак. Насамрэч, ведаць на памяць дзясяткі гістарычных дат — не галоўнае. Куды больш важна — разумець прычынна-выніковыя сувязі тых ці іншых гістарычных падзей.
Тамара Мацкевіч і Мікалай Запрудскі: "Ідэі, закладзеныя ў падмурак актыўнай ацэнкі, нарадзіліся на беларускай зямлі".
— Актыўная ацэнка не дазваляе ведам прайсці міма вучня, што часта бывае на звычайным уроку, — падтрымлівае калегу настаўніца гісторыі Бобрскага вучэбнага-педагагічнага комплексу яслі-сад—сярэдняя школа Крупскага раёна Яніна ПУШКІНА. — Самі дзеці кажуць, што, калі на ўроку прысутнічае ключавое пытанне, становіцца больш цікава працаваць, бо захоўваецца інтрыга.
— Нашы вучні маюць залежнасць ад адзнак. Яны прызвычаіліся атрымліваць іх на кожным уроку, — канстатуе настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 18 г. Пінска Наталля ГЕРМАН. — Актыўная ацэнка лечыць страх перад выстаўленнем адзнакі, яна змяняе стаўленне дзяцей да навучання. Да іх прыходзіць большая адказнасць, бо яны аказваюцца ў сітуацыі, калі самі асэнсоўваюць кожны этап сваёй дзейнасці, вучацца быць неабыякавымі, актыўна прымаць рашэнні і планаваць.
А калі паспяховасць у класе, дзе выкарыстоўваецца актыўная ацэнка, паляпшаецца ў некаторых вучняў усяго за дзве вучэбныя чвэрці на 1—3 балы, гэта не можа не зацікавіць адміністрацыю і калег, якія пра актыўную ацэнку мала што чулі.
Каб рукі не апускаліся...
Адна з галоўных праблем, пра якую кажуць педагогі, заключаецца ў тым, што часцей за ўсё ўкараняць актыўную ацэнку ім даводзіцца ў сваёй школе ў адзіночку. Значна прасцей было б, калі б і іншыя настаўнікі-прадметнікі выкарыстоўвалі тую ж методыку. Ёсць меркаванне, што выкарыстанне актыўнай ацэнкі ў чыстым выглядзе магчыма толькі ў пачатковай школе, дзе ў першым і другім класах уведзена безадзнакавая сістэма навучання і дзе ацэньванне носіць якасны характар. Да таго ж і вучняў там чатыры гады вядзе адзін педагог...
"Актыўная ацэнка — цудоўны спосаб прафілактыцы прафесійнага выгарання".
Польскія трэнеры Цэнтра грамадзянскай адукацыі Іаанна Соцька і Агнешка Агусіньска правялі для беларускіх педагогаў майстар-клас на тэму «Змена падганяе змену». Падчас яго настаўнікі пераканаліся, што любыя змены нясуць як новыя шанцы і магчымасці, так і пагрозы. Стратэгія прымусу — не лепшы саюзнік ва ўкараненні актыўнай ацэнкі. Хутчэй, наадварот: прымус выклікае варожасць з боку педагогаў, якія вымушаны падпарадкоўвацца свайму кіраўніцтву насуперак уласным перакананням. Адзінае, што прымушае іх прыняць змены, — гэта страх страціць працу. У Польшчы ёсць шмат прыкладаў, калі вучні, у якіх толькі адзін настаўнік практыкаваў на сваіх уроках актыўную ацэнку, натхнялі на яе засваенне і іншых педагогаў.
— Актыўная ацэнка — галоўны вораг фармалізму. Я працую з ёй ужо чацвёрты год плюс вяду ў раёне пастаянна дзеючы семінар па актыўнай ацэнцы, — дзеліцца сваім досведам дырэктар сярэдняй школы № 2 горада Століна Ала ЛАЗІЦКАЯ. — З чаго пачынаць? Спачатку трэба знайсці хоць бы аднаго аднадумца ў школе, каб было лягчэй. Блізкія нам ідэі літаральна лунаюць у паветры, але не трэба крыўдзіцца на тых, хто іх не разумее і не прымае. Свядомасць вельмі цяжка змяніць, бо мы шмат гадоў працавалі па-іншаму. Але калі мы жадаем, каб дзіця развівалася, то мы да яго павінны прыстасоўвацца, а не яно да нас. Са сваімі васьмікласнікамі я працую па актыўнай ацэнцы з пятага класа, з дзесяцікласнікамі — з сёмага. І, як вынік, мы ўжо не можам працаваць па-іншаму. Галоўнае, каб рукі не апускаліся. Нават калі вы будзеце ленавацца жыць па законах актыўнай ацэнкі, бо зваротная сувязь — вельмі працаёмкі працэс, вы ўсё роўна ўжо не зможаце зрабіць выгляд, што гэтага досведу не было ў вашым жыцці, бо ваша свядомасць ужо змянілася.
"Галоўнае, каб рукі не апускаліся..."
Новая роля педагога
Паколькі ключавым элементам стратэгіі АА з'яўляецца пастаянная інтэрактыўная зваротная сувязь, выпускнікоў дыстанцыйнага курса цікавіла, як можна зменшыць часа- і працаёмкасць настаўніцкага каментарыя?
— Зваротная сувязь — гэта магчымасць выратаваць і вярнуць у адукацыйны працэс найбольш слабых вучняў, бо дзецям нецікава, калі ў класе адбываецца разбор толькі найбольш тыповых памылак. Кожны хоча чуць, найперш, пра сябе — пра свае поспехі і няўдачы, — падкрэслівае Мікалай Запрудскі. — Я мяркую, што адзін са спосабаў змешыць працаёмкасць — выкарыстоўваць зваротную сувязь як мага часцей. Тады яна ўбудуецца ў вашу сістэму і вам стане прасцей працаваць. А калі выкарыстоўваць зваротную сувязь толькі эпізадычна, то сістэмай яна ніколі не стане. А яшчэ трэба распрацаваць стратэгію: дзе мы ставім адзнаку, а дзе забяспечваем вучню зваротную сувязь...
Дарэчы, польскія настаўнікі стварылі ў «Фэйсбуку» суполку «Сшытак АА», дзе яны абменьваюцца досведам, фотаздымкамі, карыснымі ідэямі і парадамі. Яны лічаць правільным, калі новае не навязваецца зверху, а ідзе знізу і развіваецца натуральным шляхам. Беларускія настаўнікі таксама вырашылі скарыстаць сацыяльную сетку ў якасці пляцоўкі для аб'яднання аднадумцаў і стварылі ў «Фэйсбуку» суполку «Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання».
Прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай ЗАПРУДСКІ:
— Сямігадовы вопыт укаранення ў Беларусі актыўнай ацэнкі сведчыць, што яна можа паспяхова прымяняцца ў нашай школе. У 91-м артыкуле Кодэкса аб адукацыі пералічаны патрабаванні да адукацыйнага працэсу. І там, у прыватнасці, ёсць патрабаванне выкарыстоўваць кампетэнтнасны падыход. Актыўная ацэнка якраз і фарміруе ў вучняў такія ключавыя кампетэнцыі, як адказнасць, узаемадзеянне і самастойнасць.
Для педагога актыўная ацэнка — гэта прыняцце іншай уласнай прафесійнай пазіцыі і сваёй ролі на ўроку. Акрамя таго, гэта разуменне іншай, самастойнай, пазіцыі вучня. Гэта шлях да змен як унутры сябе, так і навокал.
Даведка «Звязды»:
Актыўная ацэнка — гэта стратэгія навучання, у межах якой вучні маюць магчымасць пастаянна бачыць і разумець свае поспехі (і радавацца ім), памылкі (працаваць над імі). Актыўная ацэнка падказвае вучню, у якім кірунку рухацца далей, матывуе і прымушае браць на сябе адказнасць за сваё навучанне.
Пры актыўнай ацэнцы ў вучня няма залежнасці ад адзнакі. Адна са стратэгій АА — вучымся на памылках. Калі педагог дае магчымасць памыляцца, істотна змяняюцца паводзіны вучняў, яны смялей пачынаюць выказвацца, дзяліцца цікавымі ідэямі, задаваць пытанні, агучваць гіпотэзы.
Пры выкарыстанні метаду АА вельмі важным з'яўляецца супрацоўніцтва школы і бацькоў, якіх трэба зрабіць сваімі саюзнікамі. Яно грунтуецца на супольным абмеркаванні дасягненняў дзяцей у працэсе навучання і стварэнні найлепшых умоў для іх развіцця.
nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу