Інеса ЗУБРЫЛІНА: Настальгія пра мінулае...

Настаўнік, выхавальнік, акцёр, менеджар… чалавек сапраўды шматбаковы, бо выкладаць прадмет, які, магчыма, і прыйшоўся даспадобы яшчэ ў школе, не так проста, як можа здацца на першы погляд. Дрэнны той настаўнік, якога не цэняць дзеці і кажуць, што яго прадмет нецікавы. У апошні час аб гэтым даводзіцца чуць даволі часта…

А яшчэ не так даўно настаўнікаў называлі майстрамі, прысвячалі вершы і паэмы. Перад імі знімалі капялюш, іх шанавалі і паважалі. Чаму ж сёння гэтага няма, з чым даводзіцца сутыкацца настаўнікам у сучасным грамадстве спажыўцоў?

У савецкі час стаўленне да настаўніка будавалася на разуменні (а ў каго яго не было — цвёрдым стэрэатыпе) яго важнай грамадскай ролі. Настаўнік успрымаўся як чалавек, які несумненна ствараў грамадскую карысць: ён нёс веды і культуру шырокім масам. Гэтыя масы адгукаліся не толькі на жорсткую ўстаноўку партыі і ўрада, але і на асацыяцыю фігуры настаўніка з сацыяльнымі выгодамі. Высокія вынікі навучання былі адной з галоўных умоў атрымання добрай зарплаты, пераезду з вёскі ў горад, а з простага горада ў сталіцу. Аб гэтым, можа, ніхто не гаварыў уголас, але гэта адчувалася. Як правіла, настаўнікі працавалі бескарысліва за рамкамі сеткі ўрокаў. Гэта выклікала адпаведны водгук у вучняў — падзяку і павагу.

Рамкі, у якіх заціснуты настаўнік на сучасным этапе, сціскаюцца няўмольна. І многія пачынаюць настальгіраваць па мінулым: “Савецкая адукацыя была лепшай у свеце… Навошта нешта рэфармаваць? Вазьміце старыя падручнікі і ідзіце ў клас”. Але савецкая школа была самай лепшай у свеце толькі таму, што мы ніякай іншай не ведалі. І самі сабе гаварылі пра гэта.

Мяне вельмі трывожыць імкненне палітыкаў, чыноўнікаў і нават вучоных і настаўнікаў зноў адгарадзіцца ад усяго свету, ад усяго іншага, нязвыклага і не зусім (а часам і зусім) незразумелага. Прынцып “усё новае — гэта добра забытае старое” ўжо не працуе. Сёння нельга вучыць так, як гэта рабілі 30 гадоў назад, бо сучасныя дзеці так вучыцца не будуць, таму што яны іншыя. Сёння асноўнымі прынцыпамі адукацыйнай палітыкі павінны стаць развіццё, разнастайнасць і свабода, а азірацца назад — гэта ўтопія. Развіццё немагчыма ў замкнёнай, закрытай, ізаляванай ад знешняга свету сістэме, а ў сучаснай адукацыі — тым больш, бо паспяховая адукацыйная палітыка — гэта заўсёды напружаная змена норм і правіл школьнага жыцця (у шырокім сэнсе) на фоне грамадскіх рэформаў. Можна заплюшчыць вочы і заткнуць вушы, забараніць унутры краіны інтэрнэт або мабільную сувязь, але ад гэтага свет мяняцца не перастане. Мы проста на нейкі час будзем ізаляванымі, але з часам веды ўсё роўна прасочацца, таму жыць мінулымі каштоўнасцямі немагчыма, перамены непазбежныя. Апошнія 50 гадоў час сканцэнтраваны на радыкальных зменах у тэхналогіях, эканоміцы, палітыцы… Калі раней сродкі сувязі і распаўсюджвання інфармацыі, спосабы вытворчасці, сродкі перамяшчэння мяняліся на працягу жыцця не аднаго пакалення, то зараз усё гэта і многае іншае адбываецца за час вучобы дзіцяці ў школе. Нават не буду прыводзіць прыклады, настолькі гэта відавочна.

Рамкі, у якіх заціснуты настаўнік на сучасным этапе, сціскаюцца няўмольна. І многія пачынаюць настальгіраваць па мінулым: “Савецкая адукацыя была лепшай у свеце… Навошта нешта рэфармаваць? Вазьміце старыя падручнікі і ідзіце ў клас”. Але савецкая школа была самай лепшай у свеце толькі таму, што мы ніякай іншай не ведалі.

Але тут узнікае драматычная праблема для школы, для ўсёй сістэмы адукацыі. Калі не заўважаць, якія адбываюцца змены, то лёгка страчваецца сам статус інстытута адукацыі. Гэта значыць, дзеці па-ранейшаму ходзяць у школы і ўніверсітэты, але паколькі гэтыя школы і ўніверсітэты ніякай сувязі з рэальным светам не маюць, то дзеці спасцігаюць жыццёва важныя рэчы ў іншых месцах і ад іншых людзей, а не ад тых, каму дзяржава плаціць зарплату. Страчваецца матывацыя, настаўнікі і выкладчыкі моцна дэградуюць, становяцца маргіналамі, адбіраючы час у дзяцей і грошы ў бацькоў і не даючы ўзамен жыццёва важных ведаў або навыкаў.

Для тых грамадзян, якія прадстаўляюць уладу і саму дзяржаву, гэтая акалічнасць, вядома, крыўдная: што ж гэта робіцца? Яны, разумееш, начэй не спяць, пра народ клапоцяцца, а дзеці да жыцця зусім не падрыхтаваныя.

І пачынаюцца размовы пра тое, што трэба штосьці мяняць! Чаму б не так, як было раней, калі адукацыя была лепшай у свеце? І каб менш было гэтага ўплыву з Захаду. І ўжо нават сярод настаўнікаў ствараюцца аб’яднаннi за вяртанне ў СССР… Усё лагічна. І гэта вельмі зразумелая тактыка. Я яе не падтрымліваю, але разумею вытокі і ўстаноўкі, таму што альтэрнатыва занадта складаная і ў плане, і ў рэалізацыі.

Альтэрнатыўная адукацыйная палітыка накiравана на тое, каб старанна, скрупулёзна, вельмі ўважліва вывучаць і аналізаваць змены ў грамадстве i, улiчваючы iх, мадэляваць адукацыйную сiстэму. Самае складанае тое, што мяняць правілы і нормы ў сістэме трэба адначасова і ўзважана (падрабязна абмеркаваўшы і з грамадзянамі, і з выканаўцамі), і імкліва (пакуль не наступіў новы цыкл перамен). А гэта практычна немагчыма, бо перамены пранікаюць у свядомасць людзей нецэнтралізавана, асабліва сёння. Практычна кожны настаўнік ці дырэктар у стане даведацца, што новага адбываецца ў краіне і свеце, і змяніць сваю дзейнасць па сваім меркаванні. Але ж даведацца ён у стане, а вось каб змяніць, патрэбен дазвол, таму што адукацыя кіруецца па прынцыпе сілавой структуры, гэта значыць, асноўным механізмам кіравання адукацыяй з’яўляецца кантроль. Жорсткі цэнтралізаваны кантроль. Спосаб кіравання — праверка. Як бы яна ні называлася — хоць маніторынг. І гэта вельмі эфектыўная мадэль. Нават законы ў краіне мяняюцца, напрыклад, уводзяцца аўтаномныя арганізацыі або ўстанаўліваецца самастойнасць школ, а методыкі праверкі правяраючых амаль такія ж, як пры савецкай уладзе. Я, вядома, перабольшваю, але незанадта. Ці спрыяе павышэнню справаздачнасці і матывацыі нешта мяняць узмацненне кантролю ці жорсткасць праверак? Як пабудаваць у краіне кіраванне адукацыяй, каб і сістэма функцыянавала, і дзейнасць развівалася? Ці можа развівацца велізарная сістэма, у якой дробязна рэгламентуецца, правяраецца і патрабуе справаздачы кожны крок? Гэта відаць на прыкладзе валтузні з падручнікамі. Відавочна, што папяровы падручнік перастаў быць асноўнай крыніцай ведаў для школьніка. Але ва ўсіх нарматыўных актах зацверджана норма закупак папяровых падручнікаў. І зараз нават перайсці на іншы — сеткавы, воблачны ці які яшчэ — нявыгадна! І ад гэтага пакутуюць самі выдаўцы — ім нявыгадна фінансаваць такія інавацыйныя распрацоўкі. Гэты фарс і цырк магчымы толькі таму, што кіраванне адукацыяй цэнтралізаванае. Ці можна ўявіць, каб зімой уся краіна насіла валёнкі, ці наадварот, летам усе хадзілі выключна ў шортах? Магчыма, калі формай адзення кіруе не сам чалавек у адпаведнасці са сваім густам і патрэбамі, а ізаляванае ад умоў надвор’я ведамства, для якога справаздачнасць важней здаровага сэнсу. Як бы мы ні стараліся, але напісаць можна толькі тыпавы, а не ўніверсальны для ўсіх падручнік. І гэта вельмі добра, калі настаўнікі шукаюць, распрацоўваюць і карыстаюцца падручнікамі і дапаможнікамі, матэрыял якіх лічаць найбольш зразумелым і эфектыўным для работы са сваімі навучэнцамі, бо ў кожнага з нас яны розныя.

Практычна кожны настаўнік ці дырэктар у стане даведацца, што новага адбываецца ў краіне і свеце, і змяніць сваю дзейнасць па сваім меркаванні. Але ж даведацца ён у стане, а вось каб змяніць, патрэбен дазвол, таму што адукацыя кіруецца па прынцыпе сілавой структуры, гэта значыць, асноўным механізмам кіравання адукацыяй з’яўляецца кантроль. Жорсткі цэнтралізаваны кантроль. Спосаб кіравання — праверка.

Спадзяюся, настаўнiкам не трэба даказваць, што адзнакі нельга лічыць галоўным паказчыкам узроўню ведаў, тым больш што крыніцы ведаў могуць быць рознымi. Нават сярод тых вучняў, хто старанна вучыцца, больш за палову любяць атрымліваць новыя веды па-за школьнымі сценамі. Гэта варта ўлічваць: замест таго, каб спрабаваць падцягнуць адзнакі па ўсіх прадметах, можна дазволіць школьніку засяродзіцца на тым, што яму сапраўды цікава, тым больш што цяпер усё адбываецца так хутка, што cамаадукацыя з’яўляецца адзінай правільнай стратэгіяй. Здольнасць да самаадукацыі сёння крытычна важная. Падумайце самі, колькі вашых знаёмых займаецца тым, чаго ў іх школьныя гады наогул не існавала. Цi ведалi мы, напрыклад, што такое лагiстыка? А сёння гэта адна з топавых спецыяльнасцей сярод абiтурыентаў.

Разважаючы пра сакрэт поспеху яшчэ некалькi гадоў назад, многія звязвалi яго з наяўнасцю вялікага аб’ёму ведаў і прэстыжнага ўніверсітэцкага дыплома. I падобная логіка была зразумелая: першыя дваццаць гадоў жыцця чалавек, як правіла, траціць на атрыманне адукацыі, нам пастаянна здаецца, што неабходна яшчэ пра нешта даведацца ці атрымаць яшчэ адзін дыплом. Але гэта памылковае меркаванне. Нам казалі: “Калі старанна вучыцца ў школе, паступіць у добрую ВНУ і скончыць яе з адзнакай, то поспех у жыцці гарантаваны”. Магчыма, так і было пяцьдзясят гадоў назад. Але сёння ўсё інакш. Калі вы хочаце дасягнуць поспеху ў сучасным свеце, варта заняцца атрыманнем навыкаў, карысных у рэальным жыцці, і працаваць над выпрацоўкай такіх якасцей і навыкаў, якія дазволяць вам апынуцца значна наперадзе дыпламаваных выдатнікаў. І не важна, вучыліся вы ва ўніверсітэце або не. Але людзі кажуць: “Ёсць прызнаныя аўтарытэты, і з гэтым трэба змірыцца”. Гэты міф ідзе сваімі каранямі яшчэ ў часы, калі “партии было виднее”, а працы палітыкаў і эканамістаў 80-гадовай даўнасці служылі адзiнай крыніцай тэорыі і практыкі для ўсіх відаў дзейнасці — ад навукі і медыцыны да жывапісу і літаратуры. Цяпер практычна ў любой сферы перагляд догмаў і канцэпцый адбываецца ў сярэднім кожныя 5—6 гадоў. Галава на плячах і здольнасць да аналізу і даследавання — гэта куды важней, чым непахісная вера ў тое, што “всё сказанное в граните отливается”. Калі б гэты міф быў праўдай, то ніякага Стыва Джобса, Біла Гейтса, Марка Цукерберга не было б. Гэтыя людзі дасягнулі поспеху перш за ўсё таму, што цалкам адмаўлялі ўсялякія правілы. Прычым адсутнасць правіл не азначае, што трэба пераходзіць вуліцу на чырвонае святло цi есці рукамі замест відэльца і нажа. Адсутнасць правіл азначае, што няма ўніверсальнага рэцэпта, якога трэба прытрымлівацца, каб усе вакол былі задаволеныя і адпавядалі схеме “дзіцячы сад — школа — інстытут — работа — жаніцьба — дзеці — кватэра ў крэдыт — унукі — старасць — пенсія — смерць”.

Адукацыю ў ВНУ мы атрымліваем не для таго, каб прытрымлівацца правіл, а каб павысіць свае веды ў пэўнай сферы і стварыць нешта новае, што ідзе насуперак старой схеме таварна-грашовых, сацыякультурных і тэхналагічных адносiн i сувязей у грамадстве. Але ўзнікае парадаксальная сітуацыя: чым больш ведаеш, тым менш адчуваеш сябе паспяховым. Усё гэта таму, што сапраўдны поспех мае мала агульнага з фармальнай адукацыяй. Толькі ўявіце: Уільям Шэкспір не скончыў нават сярэднюю школу, але ён стварыў амаль 2 тысячы англійскіх слоў і напісаў самыя выбітныя літаратурныя творы ў гісторыі чалавецтва. Марк Твэн скончыў толькі 5 класаў, але яго кніга “Прыгоды Гекльберы Фіна” лічыцца самым вялікім амерыканскім літаратурным творам. Генры Форд наогул не меў ніякай універсітэцкай адукацыі, толькі некалькі класаў пачатковай школы, але ён кардынальна змяніў вытворчы працэс і ўсю аўтамабільную індустрыю. Джон Д.Ракфелер кінуў школу падлеткам, каб пачаць працаваць. Пазней ён адкрыў гіганцкую нафтавую кампанію Standard Oil і стаў самым багатым чалавекам у гісторыі чалавецтва. Альберт Эйнштэйн не скончыў сярэднюю школу і праваліў уступныя экзамены ва ўніверсітэт. Але менавiта ён — аўтар тэорыi адноснасці, якi апублікаваў больш за 300 навуковых прац, атрымаў Нобелеўскую прэмію і лічыцца адным з найвялікшых розумаў XX стагоддзя. Стыў Джобс вучыўся ва ўніверсітэце ўсяго шэсць месяцаў, але яго вынаходствы ў тэхналогіі мабільнай сувязі і кінематаграфічнай мультыплікацыі сталі, магчыма, самымі рэвалюцыйнымі за апошнія 50 гадоў.

Як бачыце, нямала вядомых ва ўсім свеце людзей мелі мінімальную або ўвогуле ніякай фармальнай адукацыi, але гэта не перашкодзіла ім увайсці ў гісторыю чалавецтва, таму сёння змены, якія адбываюцца ў сусветнай адукацыйнай прасторы (перш за ўсе ў той яе частцы, якая рэферэнтна айчыннай адукацыі), патрабуюць ад нашай школы новага спосабу арганізацыі адукацыйнага працэсу, заснаванага на індывідуальным развіцці асобы, фарміраванні ў навучэнцаў уменняў самастойна думаць, прымаць рашэнні, дакладна планаваць дзеянні, эфектыўна супрацоўнічаць, быць адкрытым для новых кантактаў і культурных сувязей.

Такім чынам, ці варта спрабаваць жыць з аглядкай на мінулае? Ці варта будаваць паветраныя замкі пра вяртанне да шчаслівага савецкага дзяцінства?

Адзінае, пра што не варта забываць і што павінна застацца непарушнай спадчынай савецкай школы, — гэта НАСТАЎНІК, бо ніякія вучэбныя камп’ютарныя праграмы, воблачныя тэхналогіі і фільмы не заменяць настаўніка, які з натхненнем робiць сваю справу. У ім дзеці не прамінуць убачыць асобу, чый аўтарытэт — галоўная і няўхільная ўмова любога педагагічнага наватарства. Але настаўнік павінен стаць мабільным і адкрытым, бо самае важнае сёння — гэта не толькі навыкі і здольнасці, а разуменне неабходнасці і гатоўнасці мяняцца. Вельмі важна, ці могуць людзі эфектыўна працаваць у камандзе. Важна, каб яны задавалі правільныя пытанні і маглі разважаць, выпрацоўваць новыя ідэі, а гэта немагчыма, калі дзеці вучацца ў рамках ранейшай, кансерватыўнай, адукацыйнай сістэмы.
Можа, лепш зламаць сябе і сістэму ў сабе, каб стаць зразумелым і адкрытым для тых, дзеля каго мы кожны дзень уваходзім у клас? Школа павінна стаць адкрытай — адкрытай для новых ідэй, празрыстай для грамадства і, зразумела, для сваіх вучняў.

Настаўніцкая газета, Інеса ЗУБРЫЛІНА.