Ала Гулюк,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
Сярэдняя школа № 207 г. Мінска
Мэты ўрока:
- Вучні вызначаць прычыны, мэты і ход паўстання 1794 года; будуць ведаць прычыны паражэння паўстання і гібелі Рэчы Паспалітай.
- Фарміраванне навыкаў працы з медыятэкстамі, развіцце крытычнага мыслення, уменне працаваць у парах, рабіць вывады, вызначаць галоўнае.
- Выхаванне талерантнасці, патрыятызму, працавітасці і імкнення да новых ведаў і адкрыццяў.
Мэты ўрока на мове вучняў:
- Зможаце прааналізаваць прычыны паўстання 1794 года, мэты і вынікі.
- Зможаце ахарактарызаваць грамадскія погляды і чалавечыя якасці Т. Касцюшкі. Выкажыце свае адносіны да А. Суворава.
- Даведаецеся, хто такія касінеры, сэнс “Паланецкага ўніверсала”.
- Зможаце крытычна ставіцца да крыніц інфармацыі.
Абсталяванне ўрока:
Медыятэксты з Вікіпедыі, пытанні для аналізу тэкстаў, музычная афарбоўка, фотаздымкі помнікаў.
Ход урока
Ключавое пытанне. Гучыць паланез “Развітанне з Радзімай” Міхаіла Клеафаса Агінскага
Настаўнік: Чаму Міхал Клеафас Агінскі назваў свой паланез “Развітанне з Радзімай”?
Першы этап. Актуалізацыя ведаў. Адказы на пытанні:
- Калі адбыліся першы і другі падзелы Рэчы Паспалітай?
- Якія ставілася шляхта Рэчы Паспалітай да падзелаў краіны?
- Што змянілася ў Рэчы Паспалітай пасля прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 года?
- Ці здольная была Рэч Паспалітая пераадолець палітыка-эканамічны крызіс?
Другі этап.
Параўнайце лозунгі “Вольнасць! Цэласнасць! Незалежнасць!” і “Свабода! Роўнасць! Братэрства”. Адкажыце на пытанні:
- Які лозунг і чаму выкарыстоўвалі паўстанцы 1794 года?
- У чым блізасць лозунгаў паўстанцаў Рэчы Паспалітай і Французскай рэвалюцыі?
- Абапіраючыся на лозунг паўстання 1794 года вызначыце прычыны паўстання і мэту.
Вызначэнне мэты ўрока: вучні з дапамогай настаўніка.
Настаўнік: выкарыстоўваючы мультымедыя распавядае пра Тадэвуша Касцюшку, факты з яго жыцця.
Трэці этап. Асноўны. Праца з медыятэкстамі. Праца ў парах.
Настаўнік: Ці ведаеце вы, што такое Вікіпедыя?
Гэта шматмоўная агульнадаступная Інтэрнэт-энцыклапедыя свабоднага распаўсюджвання, якую ствараюць супольнай працай добраахвотныя аўтары і каардынуе некамерцыйная арганізацыя Фонд Вікімедыя, якая знаходзіцца ў Сан-Францыска.
Распачатая ў 2001 годзе, Вікіпедыя з'яўляецца найбуйнейшым і найпапулярнейшым даведнікам у Інтэрнэце і надзвычай хутка развіваецца. Вы можаце ёй карыстацца, аднак дадзеныя Вікіпедыі трэба таксама правяраць, бо кожны чалавек можа яе правіць і ўносіць свае змены. Не ўсе людзі, нажаль, сумленныя. І могуць дадаваць несапраўдныя дадзеныя. Вікіпедыя ствараецца на 286 мовах свету. І на розных мовах артыкулы пра адну і тую ж падзею могуць быць вельмі розныя. Таму, каб праверыць сапраўднасць фактаў трэба глядзець, на якія крыніцы спасылаюцца ў артыкуле, ці ёсць першакрыніцы. Звяртаю ўвагу, што беларуская Вікіпедыя ёсць на афіцыйным правапісе і на тарашкевіцы.
Праца ў парах з артыкуламі з Вікіпедыі
(артыкулы для працы пры адсутнасці інтэрнэта мэтазгодна раздрукаваць, а тэксты і выявы з артыкулаў вывесці на экран)
- Артыкул у Вікіпедыі “На чале паўстання” у артыкуле “Тадэвуш Касцюшка”.
- Артыкул у Вікіпедыі “Паўстанне Касцюшкі 1794 года. Штурм Прагі” у артыкуле “Аляксандр Сувораў”
(У дадзеных тэкстах Прага – гэта частка Варшавы)
Знайдзіце адказы на пытанні:
- Якія падзеі апісваюцца ў дзвух тэкстах?
- З якімі асобамі вы пазнаёміліся ў першым і другім тэкстах?
- Якія адносіны ўзніклі ў вас да герояў гэтых тэкстаў?
- У чым вы заўважылі супярэчнасці?
- Ці можам лічбы загінулых у першым і другім тэкстах лічыць фактамі? Адказ абгрунтуйце.
- Якое пытанне вы хацелі б задаць настаўніку?
Дыскусія па пытаннях.
Настаўнік: Прывядзіце некалькі прыкладаў ушанавання памяці ў нашай краіне Т. Касцюшкі? А Суворава? Як вы мяркуеце, чаму так адбываецца і якія могуць быць прычыны?
(Фота помнікаў, назвы вуліц, музеі).
Падвядзенне вынікаў.
Настаўнік:
- Як вы мяркуеце, чаму сялян-паўстанцаў называлі касінеры?
- Чаму паўстанне не падтрымала асноўная маса насельніцтва, г.зн. сяляне? (Настаўнік растлумачвае сэнс “Паланецкага ўніверсала” пасля адказаў вучняў).
- Чаму паўстанне пацярпела паражэнне?
- Чаму сяляне і мяшчане ў асноўным спакойна, нават абыякава ўспрынялі распад Рэчы Паспалітай?
- Чаму многім удзельнікам паўстання прыйшлося “развітацца” з Радзімай?
Падрыхтаваць паведамленне (стар. 151 падручніка, пытанне 9:
- Ці былі альтэрнатывы падзелам Рэчы Паспалітай?)
Крытэрыі да паведамлення:
Абгрунтаваць свой адказ на аснове фактаў, прывесці прыклады з гісторыі.
Рэфлексія. Настаўнік: на ўроку мы пазнаёміліся з медыятэкстамі Вікіпедыі, для вас гэтая праца зусім новая. Тэксты не з падручніка, да якіх мы прызвычаіліся. Адкажыце на пытанні:
- Хацелі б вы выкарыстоўваць на ўроку не толькі тэксты падручніка? Чаму?
- Ці была праца з медыятэкстамі карыснай?
- Што для вас было новым?
- Ці можам мы давяраць кожнаму тэксту з Вікіпедыі?
- Ці хацеў бы я стаць стваральнікам Вікіпедыі? Чаму?