Настаўніцкая газета 16 красавіка 2016 года
Праблема літаратурнай адукацыі школьнікаў апошнім часам абмяркоўваецца вельмі актыўна. Высвятляць нагоду такой заклапочанасці не мае сэнсу: прычын больш чым дастаткова. Якасць адукацыі, паводле Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, – гэта «адпаведнасць адукацыі патрабаванням адукацыйнага стандарту, вучэбна-праграмнай дакументацыі адпаведнай адукацыйнай праграмы». Так,у дзяржаўным стандарце мэтай вывучэння літаратуры абвяшчаецца «выхаванне духоўна развітой асобы,фарміраванне гуманістычнага светапогляду, грамадзянскай свядомасці, пачуцця патрыятызму, любові і павагі да літаратуры і каштоўнасцей айчыннай культуры». Логіка і здаровы сэнс падказваюць, што якаснай адукацыю можна лічыць, калі яна адпавядае патрэбам індывіда, які яе набывае, а таксама патрэбам грамадства і часу. Думаю, пакуль мы не вызначымся з патрэбамі часу, грамадства і індывіда, са спісам ключавых кампетэнцый, якімі павінен авалодаць выпускнік школы, эксперыменты са зместам праграмы па літаратуры нічога не дадуць. На старонках «Настаўніцкай газеты», прадметных навукова-метадычных часопісаў дастаткова асвятляюцца прыёмы і метады работы з тэкстам мастацкага твора, аналізам мастацкага твора ў адпаведнасці з яго родава-жанравай спецыфікай. Асаблівую актуальнасць падобныя публікацыі набываюць у святле даследавання PISA, якое мусіць быць праведзена ў 2018 годзе па высвятленні ўзроўню чытацкай пісьменнасці беларускіх школьнікаў. Урокі літаратуры шкада марнаваць на дэмагогію патрыятычнага або маральнага зместу. Менавіта пад такой дэмагогіяй і разумеюць выхаваўчы аспект урока.
Выхаваўчую мэту ўрока старанна фармулююць настаўнікі краіны,спрачаюцца наконт дакладнасці фармулёвак, плануюць пасяджэнні метадычных аб’яднанняў, на якіх раскрываецца важны выхаваўчы аспект урокаў мовы і літаратуры. Вось тыповая тэма выступлення на педагагічнай нарадзе: «Патрыятычнае выхаванне на ўроках літаратуры», вось тэмы абагульнення педагагічнага вопыту: «Рэалізацыя задач ідэй маральнага выхавання на ўроках беларускай мовы і літаратуры», «Маральнае выхаванне на ўроках літаратуры» і інш. Трэба падкрэсліць, што бянтэжыць не сам факт, што так часта настаўнікі ў педагагічнай практыцы звяртаюцца дагэтай праблемы, а якасць і спосаб мыслення па вырашэнні заяўленай праблемы. Вось, напрыклад, урок літаратуры ў 6 класе па вывучэнні абразка Змітрака Бядулі «Зямля», мэта яго – выхаванне патрыятычных пачуццяў, любові да Бацькаўшчыны. Урок пачынаецца з ключавога, надумку настаўніка, пытання «Ці кожны чалавек павінен любіць родную зямлю?». Ні на хвіліну не задумваючыся, дзеці выдаюць запраграмаваны адказ: «Кожны!». Усю асноўную частку ўрока вучні знаходзяць аргументы сказанаму ў тэксце, вар’іруючы прыёмы і метады работы. У заключэнне настаўнік расстаўляе патрэбныя акцэнты: «Вы – будучыня краіны. Не забывайце аб зямлі, якая васнарадзіла, аб усім нашым народзе.Не трэба забываць аб сваёй нацыянальнай годнасці». Мабыць, выхаваўчая мэта ўрока лічыцца дасягнутай.
Гэты ўрок не горшы і не лепшы за ўрокі, дзе, на думку педагогаў, ажыццяўляецца маральнае або патрыятычнае выхаванне школьнікаў сродкамі прадмета. Ён, думаецца, проста тыповы. Між тым ніякай аксіёмай нельга стварыць перакананні. Перакананні не завучваюцца, не прымаюцца напавер, без доказаў. Яны ўзнікаюць з уласнага вопыту думкі і свядомасці чалавека, шляхам працы душы і барацьбы сумненняў.
Час ідзе, а з практыкі адукацыі івыхавання не знікае ілюзія прычынна-выніковай сувязі паміж словам, інфармацыяй і паводзінамі дзіцяці, ілюзія таго, што закон «Сказаў – зрабіў» працуе. Цяжар такой логікі пераносіцца ў методыку. Аднак цяпер загады самі па сабе выводзяць асобу школьніка з-пад настаўніцкага «масіраванага абстрэлу» магічнымі замовамі патрыятычнага або маральнага зместу. Прыкладны вучань іх запомніць і будзе паўтараць у патрэбных сітуацыях, свядомасць іншага выставіць маўклівую заслону з уласнага перажытага вопыту. У любым выпадку сітуацыя нездавальняючая. Успамінаю ўрок літаратуры ў 7 класе па тэме «Маральны выбар герояў апавядання Змітрака Бядулі «На Каляды к сыну». Яркія прыёмы стварэння мастацкага вобраза вельмі хутка пераканалі маіх вучняў у амаральнасці паводзін Лаўрука. Падпалі пад асуджэнне і практыцызм, і эгаізм, і няўдзячнасць, і кар’ерызм героя. Я была амаль упэўнена ў тым, што выхаваўчая мэта ўрока «разуменне і прыняцце вучнямі такіх маральных каштоўнасцей, як павага, удзячнасць да людзей, да свайго блізкага асяроддзя…» дасягнута. Калі б не мадэляванне будучага жыцця сваіх вучняў, якое я запланавала ў якасці рэфлексіі: «Дзеці, сёння ў кожнага вучня нашай краіны ёсць магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў любым універсітэце свету. Для гэтага патрэбна ведаць мову, на якой вядзецца навучанне, мець добры вынік па экзаменах за курс сярэдняй школы і пераканаўчы адказ на пытанне «Навошта вам патрэбна адукацыя?».
На прапанаванае пытанне дзеці адказалі шчыра: «Каб мець добрую работу», «каб добра зарабляць», і ніхто з іх не паставіў за мэту імкненне зрабіць лепшым жыццё сваіх блізкіх, палепшыць жыццё грамадзян сваёй краіны. Памылковасць жыццёвага выбару Лаўрука тут жа забылася. Што я зрабіла не так? Чаму каштоўнасці, якія так добра прынялі мае вучні з пазіцый герояў апавядання, сталі абсалютна не запатрабаванымі ў іх будучым жыцці? Можна, канечне, сказаць, што гістарычныя рэаліі часу, паказаныя ў апавяданні, не асацыіруюцца ў дзяцей з сучаснасцю, а значыць, лічацца непрыдатнымі для жыцця цяпер. Ці ж толькі ў гэтым справа?
Урок літаратуры трансліруе традыцыйныя каштоўнасці культуры. Але як адбываецца трансляцыя? Праз слова, праз паведамленні настаўніка і вучняў, праз адказы напытанні і дакладную ацэнку інфармацыі: «добра» – «дрэнна», «можна» і «нельга» і г.д. Гэтыя ацэнкі, як мяркуецца, павінны выканаць ролю арыенціраў у свядомасці школьнікаў. І не толькі школьнікаў.
Здавалася б, дробязь, але звярніце ўвагу, якая існуе практыка афармлення ўрока для друку ў метадычнай літаратуры. На кожнае пытаннеці заданне настаўніка прыводзіцца (павінен прыводзіцца, без гэтага не прымуць урок) правільны адказ вучня. Так для маладога настаўнікаў станаўліваецца ўзор разважання, аксіёма, якую толькі ў такім выглядзе трэба данесці вучням. Пры гэтым не прыцягваецца і не ўлічваецца такая рэальнасць, як асабісты вопыт дзіцяці, дзе ўжо існуюць перажыванні, сістэма каштоўнасцей, выбараў, паводзін, а значыць, і варыянты вырашэння заяўленай праблемы. Вось дзе хаваецца, на маю думку, пачатак раздваення: «Гавары правільна, а рабі так, як трэба, выгадна табе». Ледзь не паводле класіка! (Янка Купала «Тутэйшыя».)
Настаўнік літаратуры можа дапамагчы выспець і сфарміравацца вучнёўскаму жыццёва важнаму перакананню, калі чытанне мастацкіх тэкстаў будзе мець на мэце пражыванне іншага чалавечага вопыту, суперажыванне іншым чалавечым жыццям. І не ў якасці інструкцыі да дзеяння, а ў якасці карэкцыі існуючых каштоўнасных арыенціраў. З улікам перажытага, асэнсаванага і выпакутаванага цяпер урок па творчасці Змітрака Бядулі пачынаю з пытання «Навошта патрэбна адукацыя чалавеку?». Прымаю ўсе развагі вучняў, не крытыкую, не асуджаю, а пераконваю гісторыяй пра Лаўрука.
Так паступова ў маёй рабоце фарміравалася практыка правядзення ўрокаў, на якіх вучням не даваліся гатовыя маральныя высновы. З’яўляючыся членам асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў, членам рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель», актыўна прапагандую настаўнікам краіны сістэму дзейнасці, якая заахвочвае вучняў да пісьмовай і вуснай рэфлексіі над важнымі маральна-этычнымі праблемамі.
Вось, напрыклад, урок па вывучэнні апавядання Івана Навуменкі «Сямнаццатай вясной». Урок пачынаю з таго, што прашу вучняў выбраць адно з прыведзеных меркаванняў:
У час вайны трэба адмовіцца ад асабістага. Падпарадкаваўшы ўсе свае сілы барацьбе з ворагам, чалавечая асоба становіцца моцнай.
Адзінства асабістага і грамадскага ў чалавеку робіць яго моцным у змаганні з ворагам.
Нельга забываць пра каханне,бо толькі гэтае пачуццё можа дапамагчы чалавеку стаць моцным у змаганні з ворагам.
Такім чынам, абапіраючыся нажыццёвы вопыт, вучні робяць выбар. Далей настаўнік паведамляе, што сведчаннем паспяховай работы над ідэйным зместам апавядання стане той факт, калі ў канцы ўрокавы зможаце памяняць сваё меркаванне на аснове разважанняў, дзеянняў і ўчынкаў герояў апавядання ці, наадварот, яшчэ больш упэўніццаў выбранай пазіцыі. Словы настаўніка на гэтым уроку не патрыятычная замова, а даволі складаная, неадназначная сітуацыя, у якой прыходзіцца выбіраць: «Ёсць думка, меркаванне,што каханне існуе ў любы час, нават самы рацыянальны, такі, як вайна, яно можа крануць душу любога чалавека, а значыць, змяніць яго самога і яго светабачанне. У гады вайны, у час складаных жыццёвых выпрабаванняў адбываецца паскоранае фарміраванне асобы чалавека. Але цікава, што аказвае большы ўплыў нафарміраванне светабачання юнакоўі дзяўчат: каханне ці сумленне? І штона гэты конт думае сам аўтар, які свае адчуванні і думкі даверыў галоўнаму герою-апавядальніку – Цімоху».
А вось урывак з урока па апавяданні Міхася Стральцова «На чацвёртым годзе вайны», дакладней, прыклад выніковага задання ўрока, тыя складаныя маральныя праблемы, над якімі прашу задумацца вучняў і якія маюцьрозныя варыянты вырашэння. А паколькі я бачу неадназначныя прапановы вырашэння заяўленай праблемы, то тым самым маю рэальную магчымасць сродкамі ўрока падкарэкціраваць жыццёвую пазіцыю сваіх выхаванцаў.
• У апавяданні «На чацвёртым годзе вайны» Міхась Стральцоў звяртаецца менавіта да гэтага парадоксу: зло вымушае чалавека быць…, а ён, наадварот, становіцца…
• «Для таго, каб паставіць сябеў жыцці, каб не даць у крыўду сябе»…трэба быць жорсткім, патрабавальным да сябе і да іншых, бо…
• «Для таго, каб паставіць сябе ў жыцці, каб не даць у крыўду сябе» …трэба быць мяккім, спачувальным да свайго гора і гора іншых, бо…
На такіх уроках вядуцца палкія спрэчкі, натуральныя, без адтрэніраванай драматургіі. Вучні доўга пераконвалі мяне ў неабходнасці жорсткасці, маўляў, іх бацькі так і робяць у сённяшні, па-свойму няпросты, час.
Наступны блок майго вопытувы хаваўчай работы на ўроку літаратуры – скарбонка пытанняў і заданняў па арганізацыі асэнсавання характару галоўнага героя. Зноў прывяду прыклад з урока па вывучэнні апавядання Івана Навуменкі «Сямнаццатай вясной». Асноўная частка твора пачынаецца з таго, што на фасадзе школы, у якой вучыліся героі апавядання, быў вывешаны сцяг з чорнай свастыкай, а гэта азначала, што правілы, па якіх жылі, вучыліся, выхоўваліся 17 гадоў маладыя людзі, былі адменены, а на змену ім прыйшлі новыя: 1. Захоўваць агнястрэльную зброю. 2. Знаходзіцца на вуліцы пасля 23.00. 3. Танцаваць пад гармонік. 4. Збірацца ў станцыйным скверыку. 5. Чытаць лістоўкі пра непераможную германскую армію. 6. Працаваць ва ўстановах і на прадпрыемствах мястэчка.
Якія з пералічаных правіл героі апавядання Цішка Дрозд, Мікола і Сымон Біцюгі, Цімох – што назвалі сябе баявой групай, парушалі, а якіх прытрымліваліся. Па магчымасці патлумачце такі выбар герояў. (5 хвілін.)
Вучні запісваюць на паперы нумары правіл. Настаўнік праводзіць карэкцыю ведаў. Пад уплывам наступных падзей апавядання героі вымушаны будуць памяняць свае погляды, змяніць свае паводзіны. Што стала прычынай гэтага, паспрабуем высветліць.
У аснове такіх заданняў даволітрадыцыйны падыход па інтэрпрэтацыі тэксту, але ён дапамагае вучням самастойна «вырошчваць» сэнс не толькі ўчынкаў герояў,але і знаходзіць тлумачэнне сваім (правіла № 2).
Гульня «Віртуальны магазін» удала знаходзіць сваё прымяненне на ўроках па праблеме маральнага выбару герояў. Вось кароткаеяе апісанне:
«Я раздала кожнай групе (пары,вучню) 5 жэтонаў. Кожны жэтон – часцінка вас саміх. Гэтыя 5 жэтонаў будуць раўназначнымі суметых якасцей і магчымасцей, з якіх складаецеся вы як асоба. Калі мы пачнём гульню, вы будзеце стаяць перад выбарам: патраціць жэтоны ці сэканоміць. Наша гульня будзе праходзіць у форме аўкцыёну. На таргі будуць выстаўляцца адразу па дзве каштоўнасці. Кожны мае права выбраць любую ці ніводную з іх, але толькі не дзве адразу. Купіць можна толькі ў той момант, калі яна выстаўлена на продаж».
Лот 1
Добры дом (1 жэтон) ці аўтамабіль «Порш» выпуску 2016 года (1 жэтон).
Лот 2
Выдатная адукацыя (2 жэтоны) ці бізнес, які прыносіць высокі прыбытак (2 жэтоны).
Лот 3
Здаровая, моцная, вялікая сям’я (2 жэтоны) ці ўменне быць паспяховым ва ўсіх справах, праектах, якіх толькі пажадаеце (2 жэтоны).
Лот 4
Гарантыя шчаслівай, бесклапотнай старасці бацькоў (2 жэтоны) ці кар’ера (2 жэтоны).
Лот 5
Чыстае сумленне (2 жэтоны) ці цуд для чалавека, якога вы любіце (2 жэтоны).
Абмеркаванне праводзіцца па наступных пытаннях: «Якім набыткам вы найбольш задаволены?», «Прыйшлося пашкадаваць, што нечага не купілі?»
Хацелі б памяняць правілы гульні? У жыцці так не бывае. Нельга зрабіць адзін і той жа выбар, як немагчыма адмяніць наступствы ранней прынятага рашэння, нельга дабіцца ўсяго адразу ці выкарыстаць адразу ўсе магчымасці. Мы не ведаем загадзя, з чаго прыйдзецца выбіраць у будучым. Заўсёды будуць абмежаваны час, сілы, выбар магчымасцей. Такое «пагружэнне» ў сітуацыю маральнага выбару герояў спрыяе фарміраванню ўласных жыццёвых перакананняў, а не фармальнаму засваенню маральных высноў.
Сучасны ўрок літаратуры ўспрымаецца не як падстава для вядзення гутарак на патрыятычныя, маральныя, экалагічныя тэмы, а самі размовы не з’яўляюцца фактам адпаведнага выхавання школьнікаў. Аднак гэта інструмент для аказання патрэбнага ўплыву на фарміраванне светапогляду вучняў, каштоўнасных арыенціраў. Дзеля выхавання патрыятызму не патрабуецца чытаць шмат твораў адпаведнай тэматыкі і праблематыкі. Усё, што можа на ўроку адбыцца, – гэта тыя патрыятычныя пачуцці, якія ў школьнікаў ёсць, атрымае форму для свайго выяўлення. Мастацтва само па сабе ёсць спакуса, і мяжа дабра і зла ў мастацкім тэксце бывае занадта тонкай. Ды і незразумела, чаму выхаванне народнай маральнасці павінна быць ускладзена толькі на настаўнікаў беларускай літаратуры, надзеленых роўна тымі ж звычкамі, заганамі, што і іншыя прадстаўнікі грамадства.
Дык у чым жа заключаны выхаваўчы патэнцыял сучаснага ўрока літаратуры? У тэматычнай разнастайнасці твораў, уключаных упраграму, у гістарычным прынцыпе, пакладзеным у аснову вывучэння? На маю думку, у разуменні вучнем самога сабе, гісторыі і дзяржавы, любові і прыроды, шчасця і справядлівасці. Яно абавязкова з’явіцца, калі толькі будзе вынікам суаднясення ілюзорнага свету тэксту і рэальнасці яго асабістага вопыту.
Галіна СУХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска, член асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў «Імкненне», член клуба «Крыштальны журавель».