Апошні званок – сьвята для школьнікаў і настаўнікаў.
Школьнікі дачакаліся нарэшце таго часу, калі можна будзе самым вырашаць куды пайсьці: у кінатэатр, на канцэрт, на пляж, ці ўвогуле застацца ля кампутара дома. Больш ніхто ня будзе “грузіць”, каб ісьці на “кіналекторый”, у музэй, запоўніць месцы гледачоў на спаборніцтвах “руководзяшчых работніков”, альбо на “КВНе міліцэйскіх работнікаў”. Не трэба больш рабіць выгляд, што вучні вывучаюць прадметы школьнай праграмы, а не адбываюць час па школьнаму раскладу. Можна казаць – адвучыліся.
Сьвята для настаўнікаў, бо наблізіўся адпачынак, калі нарэшце будзе магчыма на кароткі час адмежавацца ад абрыдлага па самае нельга “руководзяшчего” дэбізма. Менавіта так – дэбізма (ад слова дэбізм), а ніяк не іначай, бо мяжа разумнага сэнсу ўжо даўно перакрочана і тыя, хто некалі сапраўды зьяўляўся настаўнікам зараз часта нагадваюць істотаў псіхіятрычнай клінікі, бо нават ужо не заўважаюць, што з імпэтам выконваюць патрабаваньні, якія ня маюць нічога агульнага са здаровым сэнсам і здаровай галавой. Дазваляю сабе гэткае сцьверджаньне, бо сам зьяўляюся прадстаўніком гэтай самай фармацыі, якую сёньня можна сфармуляваць, як шклоўская сыстэма дэадукацыі і дэвыхаваньня. Сыстэма, пры якой адзінымі сродкамі адукацыйна-выхаваўчай працы зьяўляецца хлусьня, прымус, імітацыя, запалохваньне. Так ёсьць нажаль і бяз крыўдаў, малапаважаныя калегі. Нас ўжо не паважаюць нават былыя школьныя троечнікі, якія сёньня прывялі да нас сваіх дзяцей. Ды за што нас паважаць, калі мы самы губляем павагу да сябе, калі намі можна маніпуляваць, як тымі цацкамі зь вядомай французкай камэдыі “Цацка”. Дзе наша звычайная чалавечая годнасьць? Якое выхаваньне мы можам даць дзецям, калі прамаўчаўшы падстаўляем іх, бо няхочацца высоўвацца, няхочацца згубіць пару цалковых так званай прэміі, калі шчыра фальсыфікуем выбары, калі распавядаем заведама хлусьлівыя рэчы, у якія ня верым нават самы?
Адукацыйныя працэсы, ды і ўсе астатнія ў краіне таксама можна абазначыць адным ёмкім словам – КАРЭІЗАЦЫЯ, па аналогіі з бліскучымі дасягненьнямі дынастыі Кімаў і ідэалёгіі чучхе.
Дык вось, беларускае чучхе пасьпяхова прышчапляецца падрастаючаму пакаленьню ў нашай краіне менавіта беларускім настаўніцтвам. Дык ці можам мы – настаўнікі, крыўдзіцца за тое, што нас не паважаюць, тады, калі наша дзейнасьць вельмі часта выходзіць за межы здаровага сэнсу, чалавечай маралі, годных учынкаў?
Вяртаючыся да сьвята “Апошняга званка”, варта заўважыць, што усё у настаўніцкіх руках і тое, што добра, і што дрэнна – на настаўніцкім сумленьні. Шчыра кажучы, хочацца, каб ён, гэткі “ апошні званок”, сапраўды стаўся апошнім ва ўсёй цяперашняй сыстэме адукацыі Беларусі, каб заўтра зазьвінеў новы сапраўдны звон, які б дайшоў да кожнага сэрца і кожнай душы беларусаў.
Урачыстая лінейка прысьвечанаю заканчэньню навучальнага года ў Нясьвіскай школе №3 адбылася 30 траўня. Гэтак званая беларуская школа, дзеці якой чамусьці дрэнна разумеюць родную мову, а настаўнікі карыстаюцца ёй не часьцей чым нямецкай, альбо ангельскай…
Урачыстая мерапрыемства ў беларускай школе, ніводнага слова на роднай мове: пачынаючы з вядучых і заканчваючы выступленьнямі запрошаных і бацькоў…
Ці трэба яшчэ аб нечым казаць? Аб якім выхаваньні можа ійсьці гаворка? Аб якім патрыятызме, грамадзянскай пазыцыі, чалавечай і нацыянальнай годнасьці, грамадзянскай сьвядомасьці і актыўнай жыцьцёвай пазыцыі можна ўзгадваць? Усё сапраўднае, сьвятое замененае фальшыўкай, фэйкам, падробкай. Так ад нас нехта патрабуе…
А хто тады мы, настаўнікі? І ці не злачынства супраць Беларусі і супраць беларусаў зьдзяйсьняе школа? Чаго варты наш прафесіяналізм, калі мы не разумеем простых фундаментальных рэчаў? Каго мы выхаваем, калі самы ня маем годнасьці, калі можам толькі дэманстраваць рабскую пакорлівасьць ды паслухмянасьць?
Нам не падабаецца, што вучні заўжды размаўляюць у школе расейскім матам не на кога не зьвяртаючы ўвагі, а часам і настаўнікаў пасылаюць у прысутнасьці класа на тры літары? Гэта сёняшняя норма, гэта “павага” да нас, настаўнікаў. Чаго вартыя - тое і маем. Галоўнае, каб правялі “платныя ўрокі” пры бясплатнай адукацыі, далі пляны па макулатуры, металалёме, плястыкавых бутэльках, адпрацаваных батарэйках, сабралі грошы на падпіску, суботнікі, юбілеі…
На спаборніцтвах у Расеі школьнай камандзе з Беларусі падсунулі шыльдачку з надпісам “Белоруссия”… Нічога, прастаялі пад ёю, пасьля яшчэ размясьцілі ў раёнцы і на школьных стэндах. А што тут такога? Моцная каманда, перамагае на спаборніцтвах, нават на міжнародных… А што гэта за каманда такая, з адкуль? Чым ганарыцца і што мае за душой? Мае – пшык.
Можна уявіць сабе, як бы павяла сябе ў Маскве любая іншая каманда з былых савецкіх рэспублік, напрыклад, з Прыбалтыкі, Арменіі, альбо Грузіі, калі б ім падсунулі нешта аналягічнае. Думаецца яны бы з гонарам, у ветлівай форме, прапанавалі б арганізатарам засунуць гэтую шыльдачку сабе ў вядомае мейсца. Яны, але не мы. Цікава, а калі б на шыльдачцы напісалі б - “Бульбашы”, дык таксама праглынулі б і зрабілі выгляд, што нічога не здарылася.
Пры гэткіх раскладах можна канстатаваць толькі адно, чым меней такое настаўніцтва будзе увіхацца ў сваёй працы, тым больш карысьці атрымаецца ў пляне выхаваньня будучыні Беларусі. Бо вядома, што цяжэй выпраўляць някчэмныя муры, чым будаваць хату з чыстага матэрыялу.
Круцяцца ў вальсе хлопчыкі і дзяўчынкі, гучаць на "веліком і могучем" прамовы настаўнікаў, запрошаных, бацькоў, праходзяць урачыстай калёнай "у сьветлую будучыню" выпускнікі школы, зьвініць "апошні званок" у руцэ маленькай дзяўчынкі, а ў думках мільгаціць надзея: Бог дасьць і гэта будуць апошнія званочкі, якія абвяшчаюць аб пахаваньні нацыянальнай адукацыі. Абваліцца савецка-калгасная чучхе і ўсе мы зможам уздыхнуць вольна. Ня трэба будзе больш хлусіць і выкручвацца настаўнікам, у школу пойдзе працаваць, а не адбываць тэрмін (5 гадоў "хіміі") моладзь, вучняў не трэба будзе прымушаць да вучобы, бо стане ўсё на сваё месца і будуць бачны прыярытэты адукацыі над кайлом ды ломам. Час прысьпешвае да пераменаў.
Алесь Язьвінскі, настаўнік з 39-гадовым стажам