Алена ЗЕЛЯНКО, intex-press.by
Якіх прадметаў не хапае ў беларускіх школах, чаму адзнака - гэта прыгавор, а ЦТ – не ідэальная форма ацэнкі ведаў і чым стане адметны для беларускай адукацыі 2018 год, Intex-press расказала Тамара Мацкевіч, намесніца старшыні ГА «Таварыства беларускай школы».
Як вы ацэньваеце ўзровень беларускай адукацыі ўвогуле? Якія рэформы ей неабходны ў першую чаргу?
Пра ўзровень мы ўсе можам толькі здагадвацца. Мабыць, ён невысокі, пра што ўскосна кажуць вынікі ЦТ і вынікі маніторынгу, які правялі ў Нацыянальным інстытуце адукацыі. Рэформы патрэбны і ў сферы мэнэджменту адукацыі (каб зменшыць паўнамоцтвы начальства і камісій, даць больш правоў школам, настаўнікам, бацькам), і ў змесце, і ў методыках, і ў якасці прафесійнай падрыхтоўкі, і ў прынцыпах фінансавання. Што рабіць для гэтага – таксама ўсе ведаюць. У Міністэрстве ж не невукі сядзяць, інтэрнэт чытаюць, тэндэнцыі адсочваюць.
На цяперашні дзень Беларусь застаецца адной з нямногіх еўрапейскіх краін, якая не ўдзельчае ні ў адной з незалежных сістэм ацэнкі якасці. Аб чым, на ваш погляд, гэта сведчыць? Як вы ставіцеся да таго, што ў 2018 годзе Беларусь плануе далучыцца да міжнароднай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі PISA?
Да даследавання PISA я стаўлюся вельмі станоўча. Гэта незалежны і самы аб’ектыўны маніторынг якасці сярэдняй адукацыі, які існуе ў свеце. Яго праводзіць OECD (Арганізацыя экананамічнага супрацоўніцтва і развіцця), якая даследуе адпаведнасць адукацыі задачам сучаснай эканомікі і рынку працы. Краіны выкарыстоўваюць даследаванні PISA для таго, каб скарэктаваць навучальныя праграмы, палепшыць сваю адукацыйную сістэму. Толькі беларускія чыноўнікі дагэтуль баяліся глянуць у аб’ектыўнае люстэрка і ўбачыць сапраўдны стан нашай адукацыі. Баяцца яны і дагэтуль, вядома, не за адукацыю, а за сябе. Цяпер Міністэрства адукацыі атрымала мэтавы крэдыт Усясветнага банку і, спадзяюся, пасля 2018 года мы перастанем жыць ілюзіямі і будзем мець аб’ектыўную карціну. Бо рэформа наспела, але яе трэба рабіць абдумана, абапіраючыся на навуку і эканоміку, а не так, як у 2008 годзе, калі ўсім стала толькі горш, а адукацыя была адкінута назад у мінулае стагоддзе.
Ці вырас за апошнія гады, на Вашу думку, прэстыж прафесіі настаўніка?
Прэстыж прафесіі настаўніка нізкі, хаця сама прафесія, бадай, найлепшая для творчай самарэалізацыі чалавека. Пагадзіцеся – сваімі рукамі ствараць будучыню – не кожнаму выпадае такая магчымасць. Прычыны нізкага статусу настаўніка вядомыя і шмат разоў прапісаныя: каб настаўніка паважалі, трэба паважаць сябе – не прыніжацца, умець адстойваць свае прафесійныя і грамадзянскія правы, не хлусіць, не падпарадкоўвацца неправамоцным і амаральным загадам. Аднак пакуль яны заганяюць вучняў у БРСМы, падпісваюць на розныя газеты-часопісы, пакорліва запаўняюць процьму папераў замест таго, каб вучыць дзяцей, збіраюць подпісы за каго загадаюць, водзяць дзяцей на хакеі-парады, зрываючы з урокаў і гэтак далей – ніякай павагі да педагогаў не будзе. Хаця я асабіста ведаю процьму настаўнікаў з высокім статусам. Яны вельмі добрыя прафесіяналы і маюць моцную каштоўнасную і грамадзянскую пазіцыю. Іх паважаюць вучні, бацькі, да іх не чапляецца адміністрацыя, пабойваецца іншае начальства. Ды і зарабіць на хлеб з маслам, не прыніжаючыся, яны ўмеюць. Усё залежыць ад чалавека.
Ці патрэбны беларускай школе профільныя класы, якія паступова вяртаюцца пасля адмены ў 2008 годзе? Якім павінна быць профільнае навучанне ў ідэале?
Профільнае навучанне не трэба было адмяняць, і зараз профілі трэба развіваць і пашыраць, бо ў тым выглядзе, у якім іх вярнулі, яны не вырашаюць сваёй задачы. Профілі павінны забяспечваць патрэбы вучняў розных здольнасцяў, а таксама быць звязанымі з прафесіямі, якія патрэбны краіне і таму рэгіёну, дзе знаходзіцца школа. Напрыклад, у Швецыі вельмі папулярны музычны профіль у школах - дзяцей вучаць аранжыроўцы, прадусаррскай справе, і Швецыя займае трэцяе месца ў свеце па даходах ад музычнага бізнэсу.
Нашым школам не хапае тэхналагічнага профілю. А на што яшчэ арыентавана наша краіна, якія прафесіі у нас ў пашане – не ведаю. Пытанне пра профілі трэба вырашаць разам з міністэрствам эканомікі, бізнэс-супольнасцю, мясцовымі ўладамі.
Фото: dschap
У нашым горадзе з пачатку новага навучальнага года адкрываецца профільны педагагічны клас. Як вы ставіцеся да такога віду профільных класаў?
Гэта добра, пры ўмове, што ў Баранавічах не хапае настаўнікаў. Хаця гэтае рашэнне магло быць пралабіявана Міністэрствам адукацыі з мэтай запоўніць месцы ў неканкурэнтаздольных педагагіных універсітэтах, бо тыя даюць састарэлыя веды і не дабіраюць студэнтаў.
Калі наша дзяржава называе сябе сацыяльна-арыентаванай, то атрыманне першай выйшэйшай адукацыі павінна быць бясплатным для ўсіх.
Як вы ставіцеся да сістэмы ацэнкі ў беларускіх школах?
Я дзвюма рукамі за безадзнакавае навучанне, асабліва ў пачатковай школе. Адзнака ў балах, на мой погляд, – гэта прыгавор. Яна матывуе да навучання толькі самых здольных вучняў, а ў астатніх адбівае ахвоту вучыцца. Замест адзнакі настаўнік можа даць дзецям ацэнку ў выглядзе зваротнай інфармацыі: што атрымалася добра і над чым трэба папрацаваць, каб палепшыць свае дасягненні. Вучняў трэба хваліць і падказваць ім шлях развіцця, а не прывучаць да кнута і перніка ў руках настаўніка, якім з’яўляецца адзнака.
Практыка безадзнакавага навучання ў беларускіх школах ужо ёсць. Паводле загаду Мінстэрства адукацыі, па тэхналогіі актыўнай ацэнкі (так называецца тэхналогія безадзнакавага навучання) ў Беларусі адкрыты інавацыйныя пляцоўкі ў 10 школах. За сем год практыкі былі атрыманы добрыя вынікі ў павышэнні якасці ведаў вучняў, якія ацэньваліся тэстамі і кантрольнымі работамі. У інтэрнэце настаўнікі стварылі сайт aacenka.by, дзе дзеляцца сваім досведам безадзнакавага навучання, вядуць курс дыстанцыйнага навучання. Да яго можа далучыцца кожны настаўнік.
Як Вы можаце ахарактарызаваць змест школьных праграм і падручнікаў?
Змест школьных праграм занадта зарэгламентаваны. Міністэрства спускае шмат інструкцый, якія прапісваюць кожны крок настаўніка і пазбаўляюць яго творчасці, права выбару падручніка і стварэння аўтарскіх праграм. На мой погляд, павінна быць рамачная праграма Міністэрства, дзе прапісваецца, якімі ведамі і кампетэнцыямі павінен валодаць вучань адпаведнага ўзросту. А як гэтага дасягнуць, якія падручнікі выбраць – справа настаўніка і школы. Калі будзе права выбару падручнікаў – будзе і канкурэнцыя на іх рынку, і, адпаведна, будзе падвышацца іх якасць. А пакуль таленавітыя беларускія настаўнікі ствараюць сучасныя навучальна-метадычныя комплексы для расійскай школы – яны там канкурэнтаздольныя і могуць прадаць свой інтэлектуальны прадукт. І расійскія школы яго набываюць. А мы маем, што маем.
З новага навучальнага года ў вучняў другога класа павялічыцца колькасць гадзін беларускай мовы і літаратуры. Паступова гэта будзе адбывацца і ў іншых класах. Ці дастаткова такіх мер для папулярызацыі беларускай мовы ва установах адукацыі?
Дадатковая гадзіна беларускай мовы ў другім класе нічога не вырашае. Пытанне прысутнасці беларускай мовы ў школах не павінна рашацца касметычна, як гэта спрабуюць зрабіць зараз. Як толькі дзяржава перастане варожа ставіцца да нацыянальнай мовы і культуры свайго народу, будзе выдаваць законы на сваёй мове, весці справаводства, перавядзе на родную мову ВНУ, большасць школ адразу стануць беларускімі, без прымусу і агітацыі.
У ЗША не разумеюць, як можна плаціць за факультатывы. Яны плоцяць падаткі, на якія і ўтрымлівааецца школа, таму справа выкладчыкаў зрабіць усё магчымае, каб школьная сістэма працавала якасна і задавольвала ўсе адукацыйныя патрэбы дзяцей.
Якіх прадметаў, на Ваш погляд, не хапае ў беларускіх школах?
Не хапае прадметаў па выбару. Сусветная практыка паказвае, што абавязковых прадметаў павінна быць чатыры-пяць. Гэта, дарэчы, знізіла б нагрузку на вучняў. І чым старэйшы школьнік, тым больш у яго павінна быць прадметаў, якія ён выбірае сам, адпаведна сваім здольнасцям і будучай прафесіі.
Ці перагружаны, на Ваш погляд, беларускія школьнікі?
Нагрузка ў школе не вельмі вялікая. Але дзеці ўсё роўна стамляюцца, бо нерэфармаваная з савецкіх часоў школа дае ўсё менш і менш патрэбных ведаў, і дзеці, адбыўшы працоўны дзень у класах, вымушаны пасля школы бегчы на курсы, да рэпетытараў ці шукаць патрэбнае ў інтэрнэце.
Фото: klimkin https://pixabay.com
Як Вы ставіцеся да дадатковых заняткаў, факультатываў? Ці могуць яны быць платнымі?
Я не супраць дадатковых заняткаў і факультатываў, калі яны створаны пад патрэбы дзяцей і выходзяць за межы школьнай праграмы. Але не павінна быць факультатываў па матэматыцы ці рускай мове, ды яшчэ за грошы.
Аднойчы я размаўляла з амерыканскай мамай, якая ўдачарыла дванадцацігадовую дзяўчынку з Расіі. Яна мне распавядала, што інтэрнацкае дзіцё мае праблемы з англійскай мовай і патрабуе дадатковых заняткаў, таму яна піша лісты ў школу, каб там вылучылі т’ютара для яе дачкі. Калі я запыталася пра тое, чаму б ёй не наняць рэпетытара за грошы, яна доўга не разумела, што я прапаную. Калі зразумела – сказала, што яна плоціць падаткі, на якія і ўтрымліваецца школа, таму яе справа зрабіць усё магчымае, каб школьная сістэма працавала якасна і задавольвала ўсе адукацыйныя патрэбы дзяцей. Вось калі б такое стаўленне мелі нашы бацькі, дадатковыя платныя заняткі ў школе арганізоўваць не было б патрэбы.
Каб паступіць у ВНУ, беларускія школьнікі здаюць выпускныя экзамены, тэсціраванне, а некаторыя яшчэ і ўступныя экзамены. Ці апраўдана, на Ваш погляд, такая шматступеньчатая сістэма?
Школьныя выпускныя экзамены ў тым выглядзе, у якім яны праводзяцца, абсалютна не маюць сэнсу. Патрэбны знешні маніторынг пры заканчэнні як базавай, так і сярэдняй школы, паводле якога будзе выдавацца атэстат. Ці будзе гэты маніторынг сумяшчацца з ЦТ і ўступнымі іспытамі ў ВНУ – гэта тэхнічнае пытанне і справа спецыфікі саміх ВНУ.
Централізаванае тесціраванне — гэта аптымальная сістэма ацэнкі ведаў?
Аптымальная, але не ідэальная. ЦТ дае больш-менш аб’ектыўную карціну ведаў выпускнікоў і дазваляе пазбегнуць карупцыі пры паступленні. Але самі тэсты пакуль не дасканалыя. Яны патрабуюць дапрацоўкі, каб ацэньваць не толькі акадэмічныя веды, але і ўменне іх прымяняць. І само правядзенне ЦТ павінна быць менш стрэсавым для абітурыента. Я б дазволіла здаваць ЦТ некалькі разоў, па большым спектры прадметаў і выбіраць лепшы вынік.
Як вы ставіцеся да платнай вышэйшай адукацыі?
Кепска. Калі наша дзяржава называе сябе сацыяльна-арыентаванай, то атрыманне першай прафесіі павінна быць бясплатным для ўсіх. Для гэтага можна пераглядзець выдаткі на спорт, іншыя менш важныя рэчы. Наша краіна можа стаць багатай толькі за кошт інтэлекту і навукаёмістай вытворчасці. Для гэтага трэба інвеставаць у адукацыю. Так робяць усе, хто не мае вялікіх прыродных рэсурсаў.
У гэтым годзе наш Баранавіцкі ўніверсітэт выканаў план па набору студэнтаў на бюджэт. Спрос быў нават на педагагічныя спецыяльнасці, якія раней не цікавілі абітурыентаў. Аб чым гэта сведчыць?
Што ў краіне беспрацоўе. Асноўны аргумент абітурыентаў, які мне ўдалося пачуць, што школы, магчыма, закрываць не будуць, і можна будзе «перакантавацца», калі не ўдасца знайсці лепшую працу.