Настаўніцкая газета 23 ліпеня 2016 года
Тэма дваццаць сёмага традыцыйнага летніка настаўнікаў фізікі ў Альхоўцы гучала так: «Сучасныя сродкі і метады ацэнкі якасці адукацыі вучняў». Праходзілі навучанне на курсах М.І.Запрудскага амаль 50 педагогаў, сярод якіх былі настаўнікі і іншых прадметаў: пачатковых класаў, гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, матэматыкі, інфарматыкі, хіміі і біялогіі. Паважаныя чытачы, мы спадзяёмся, што вам цікава будзе пачытаць меркаванні і ўражані «няфізікаў».
Уражанні настаўніка беларускай мовы
Як філолаг трапіў да фізікаў? Выпадкова? Не. Усё пачалося з навучання на курсах па актыўнай ацэнцы, на якіх я пазнаёміўся з настаўнікамі гэтага прадмета. Першае падарожжа ў летнік доўжылася цэлыя суткі, а другое – толькі паўтары гадзіны. І тут фізіка дапамагла мовазнаўцу і ў прамым, і ў пераносным сэнсе скараціць дарогу да краіны Педагогікі, Творчасці, Супрацоўніцтва.
Адкрываю свет нанова. «Сябе нанова адкрываю». Гэтымі перафразаванымі радкамі Алы Канапелькі і Яўгеніі Янішчыц хочацца працягнуць размову. 27-я змена ў летніку была прысвечана вывучэнню ключавых кампетэнцый, якія неабходны кожнаму ў штодзённым жыцці, і спосабам іх фарміравання і ацэнкі ў вучняў. Вось гэтую навуку я спасцігаў на працягу тыдня.
«Загавары, каб я цябе ўбачыў», – казалі старажытныя грэкі. Як прыемна было штохвілінна не толькі чуць, але і бачыць свайго суразмоўцу, які нават пра фізічныя, хімічныя, матэматычныя, біялагічныя з’явы расказвае на цудоўнай беларускай мове і вырастае ў цябе на вачах. Мала яшчэ гучыць беларуская мова ў штодзённых зносінах беларусаў, але толькі не сярод удзельнікаў летніка.
Веданне такой з’явы, як беларускі фальклор, правяралі падчас Купалля. Клопатаў хапіла і фізікам, і лірыкам. Але гарэла купальскае вогнішча, цвіла папараць-кветка для кожнага, хто ноччу адважыўся сустрэцца не толькі з Купалінкай і Купалішам, але і з Лесуном, Вадзяніцамі, Чортам, якія спынялі падарожнікаў са сваімі заданнямі на дарозе да запаветнага агеньчыка папараці. І плылі купальскія вянкі па рацэ Страча, і карагодзілі альхоўцы ў падыспані і ойры, і загадвалі жаданні, уздымаючыся над агнём купальскага кастра разам са знойдзенай кветкай папараці.
Цікавым і змястоўным быў факультатыў па камп’ютарнай грамаце, што праводзіў Анатоль Аўсейчык з Гродзенскага раёна. Там кожны ўдзельнік змог убачыць, як ствараецца слайд-шоу са здымкаў «Альхоўка- 2016» у праграме «ФоташоуPRO», кожны атрымаў адказы на свае пытанні. Я змог зрабіць сабе падобнае слайд-шоу і зараз гляджу нашу першую сустэчу ў 2015 го дзе пад музыку вядомай песні Алега Міцяева. Думаю, што хутка я змагу стварыць і другі аналагічны праект, каб удасканальваць сваю камп’ютарную кампетэнтнасць падчас работы з сэрвісамі WEB 2.0.
Шчасце – нідзе не спыняцца ў дарозе,
Спынішся – плынню адгоніць назад.
Радкамі з верша С.Грахоўскага хочацца пачаць развагі пра здольнасць суб’екта да самаразвіцця і самаўдасканалення шляхам усвядомленага і актыўнага набыцця новага сацыяльнага вопыту. У імклівым віры інфармацыйнага свету адкрываецца вялікая колькасць шляхоў да самаўдасканалення. І вельмі важна не заблытацца на звілістай дарозе да новых ведаў. Летнік у Альхоўцы якраз стаў для мяне гэтым маяком, які накіроўвае, будзем спадзявацца, не толькі мяне, але і маіх аднадумцаў, да спасціжэння вызначаных кампетэнцый. Бо кожны год альхоўскае братэрства збірае апантаных настаўнікаў для творчасці і супрацоўніцтва.
І свяціла сонейка, і ішоў дождж. Але работа кіпела ў кожнага, хто звязаў свой лёс з Альхоўкай на гэты тыдзень сустрэчы са старымі сябрамі і новымі знаёмымі ды адкрыццямі. Адкрыццямі традыцыйных і новых метадаў, сродкаў ацэнкі якасці адукацыі. Кожны з удзельнікаў не раз будзе захапляцца талентам Мікалая Запрудскага, метадычнай дасведчанасцю нашых кансультантаў – настаўнікаў-метадыстаў Галіны Сухавай, Алены Ананчыкавай і Элы Якубоўскай. А я разам з іншымі ўдзельнікамі ў захапленні ад размоў па-беларуску з кожным у летніку, хто нават у непагадзь напяваў:
Я так даўно марыў бачыць гэты дождж,
Што пральецца ў ясны дзень.
Дождж ішоў як з’ява, што вывучаецца географамі, фізікамі, а праліўся ў пераносным сэнсе, пра які ведаюць філолагі, кроплямі цікавасці і зацікаўленасці, новых ведаў і новых планаў, кроплямі шчырых размоў, слязінкамі пры развітанні з Альхоўкай-2016.
Уражанні настаўніка бялогіі
У канцы навучальнага года з нецярпеннем чакаю анонс Альхоўкі на сайце АПА або на nastaunik.eu, дасылаю заяўку і з заміраннем сэрца чакаю: запро сяць ці адмовяць. І вось яно – запрашэнне! Вырастаюць крылы! Лячу насустрач новым ведам, ідэям, чаканням, знаёмствам, а таксама на сустрэчу з альхоўскімі сябрамі. Дарэчы, людзей, з якімі пазнаёміўся ў Альхоўцы, з якімі правёў некалькі летнікаў разам, сапраўды можна назваць сябрамі.
Чаму мяне, настаўніка біялогіі, так вабіць летнік фізікаў і так хочацца там апынуцца яшчэ і яшчэ раз?
Па-першае, нестандартныя ўмовы і формы правядзення курсаў. Жыццё ў палатачным лагеры на жывапісным беразе Страчы, а заняткі ў Альхоўскай школе або ў «зялёным класе» на паляне палатачнага лагера. Да 15–16 гадзін – заняткі, якія пралятаюць непрыметна, бо ўсё цікава і карысна, а пасля – падрыхтоўка да традыцыйных мерапрыемстваў: Кацільёна (балю пры свечках), Купалля, Акадэміі, канцэрта першагодак і г.д. Нават арганізоўваецца паходная лазня на беразе Страчы, за якую адказны настаўнік фізікі з Жодзіна Аляксандр Якубоўскі. Карацей кажучы, жыццё ў летніку насычанае і часу сумаваць няма.
Па-другое, творчая атмасфера, якая ствараецца цікавымі, апантанымі педагогамі. Як кажа Мікалай Іванавіч Запрудскі, выпадковых людзей тут не бывае. Сюды злятаюцца з розных куткоў нашай краіны не толькі фізікі, але і матэматыкі, філолагі, біёлагі, хімікі. Дзякуючы таму, што думкі і дзеянні прысутных маюць аднолькавы напрамак, ствараецца сінергетычны эфект. Узнікае моцны зарад пазітыву, які назапашваецца на ўвесь наступны навучальны год.
Тэмы курсаў, якія праводзяцца ў летніку, заўсёды актуальныя, таму яны так вабяць настаўнікаў. Для мяне асабіста папярэднія курсы сталі штуршком да вывучэння стратэгіі актыўнай ацэнкі, паглыблення ў медыяадукацыю. У гэтым годзе кампетэнтнасны падыход і ацэнку якасці адукацыйнага працэсу кожны праламляў праз свой прадмет. Няма розніцы паміж урокамі фізікі, біялогіі або іншых прадметаў у плане пастаноўкі вучэбных мэт, крытэрыяў ацэнкі, распрацоўкі і прымянення кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў для развіцця ў вучняў ключавых кампетэнцый. Дзякуючы рабоце настаўнікаў у групах па прадметным прынцыпе, назбіралася шмат ідэй, якія былі пакладзены ў агульную скарбонку. Кожны настаўнік меў магчымасць працаваць з гэтымі ідэямі.
Французскі пісьменнік Антуан дэ Рывароль казаў: «Ідэя – гэта капіталы, якія прыносяць дывідэнты толькі ў руках талента». А ў Альхоўцы што ні педагог, то талент. Напрыклад, ідэю аб супрацоўніцтве паміж фізікамі і біёлагамі падкінуў настаўнік з Магілёва Аляксандр Плятнёў, які з’яўляецца адным з арганізатараў Магілёўскага фестывалю навукі. Дарэчы, гэты фестываль ужо мае міжнародны статус. Разам з вучнямі можна прыняць удзел у конкурсе прэзентацый «Навука і яе творцы», творчых работ «Я малюю навуку», навукова-даследчых работ «Гульні розуму».
Ідэю аб правядзенні чарговага пасяджэння раённага метадычнага фарміравання настаўнікаў біялогіі і хіміі, кіраўніком якога я з’яўляюся, падказаў настаўнік фізікі з Адэльскай школы Анатоль Аўсейчык. Дарэчы, ён мае за плячыма 27 катэгарыйных паходаў, якія ажыццявіў разам са сваімі вучнямі. Ён праводзіць экскурсіі і для ўдзельнікаў летніка. На гэты раз мы пабывалі ў Гервятах, у нацыянальным парку «Нарачанскі», на «Блакітных азёрах». Кожны год наша метадычнае фарміраванне праводзіць выязное пасяджэнне ў ахоўных мясцінах нашага раёна, вобласці. Мы ўжо пабывалі ў Ельні, Бярэзінскім запаведніку і цяпер пракладзём новы маршрут па экалагічнай сцежцы «Блакітных азёр».
Па прыездзе з Альхоўкі хочацца зрабіць сваім жыццёвым і прафесійным дэвізам словы У.Караткевіча з яго твора «Ладдзя Роспачы»: «Рабі нечаканае, рабі, як ніхто, і тады пераможаш».
Уражанні настаўніка хіміі
Лета бяжыць хутка: дзень – ноч, глядзіш – і тыдзень праляцеў. Шкада… Але мне ўдвая шкада, што ўжо скончыўся тыдзень з 4 па 9 ліпеня, які давялося правесці ў летніку каля вёскі Альхоўка Астравецкага раёна на беразе няспешнай ракі Страча. Чаму шкада? Ды таму, што гэта быў не проста летнік у прыгожым куточку амаль некранутай прыроды, але і вельмі цікавы педагагічны праект пад кіраўніцтвам Мікалая Іванавіча Запрудскага, прафесара кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Трапіў я ў Альхоўку амаль што выпадкова (калі дапусціць наяўнасць выпадковасцей у жыцці), бо курсы ў летніку ў першую чаргу разлічаны на фізікаў. Займаючыся на дыстанцыйных курсах «Медыяадукацыя ў школе», убачыў аб’яву пра курсы, зацікавіўся, прагледзеў дадатковую інфармацыю, водзывы і вырашыў абавязкова выслаць заяўку, у адказ на якую атрымаў запрашэнне.
Першыя гадзіны ў летніку нічым не здзівілі: ну, летнік, палатку паставіў, рэчы расклаў. Здзіўленне прыйшло крыху пазней, на першым коле, калі ўсе ўдзельнікі і арганізатары, стварыўшы «жывое» кола, гаварылі пра сябе, выказвалі свае спадзяванні наконт летніка. Тады прыйшло разуменне, што я – сярод апантаных людзей з усёй нашай краіны, якія неабыякава ставяцца да сваёй працы, жадаюць, каб наша педагогіка сапраўды ішла наперад нароўні з сусветнай практыкай.
А потым пачалося… Сказаць, што вольнага часу не было – гэта нічога не сказаць. Шчыльны графік заняткаў па тэме «Сучасныя метады і сродкі ацэнкі якасці адукацыі вучняў» складаўся не толькі з лекцый М.І.Запрудскага і запрошаных гасцей, але і з абавязковых практычных заняткаў па групах, на якіх праслуханы тэарэтычны матэрыял трэба было практычна прымяніць пры выкананні кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў. Па асобных тэмах праводзіліся факультатывы для зацікаўленых. Заняткі ў большасці праходзілі ў школе Альхоўкі, да якой ад летніка было хвілін 15–20 хады праз прыгожы сасновы лес, і доўжыліся гадзін да 16. А пасля вячэры… Пасля вячэры пачыналіся пазнавальна-забаўляльныя праекты, большая частка з якіх склалася «гістарычна» за час існавання Альхоўкі (а гэта 27 гадоў, не жартачкі).
Начное арыентаванне – сапраўды начное, з ліхтарыкамі, па карце, у незнаёмым лесе. Купалле – з вышыванкамі, пошукам папараць-кветкі, скокамі праз вогнішча. Лазня – у палатцы, каля напаленага камення, з духмянымі венікамі. Кацільён – незабыўны баль у лепшых традыцыях ХІХ стагоддзя. Канцэрт першагодак – на ім тыя, хто трапіў у летнік першы раз, паказвалі свае таленты.
Уласны час пачынаўся ў палатцы пасля першай гадзіны ночы і непрыметна пераходзіў у новы дзень са снеданнем, лекцыямі, абедам, практыкай. Тыдзень праляцеў непрыметна, прыйшоў час «развітальнага» кола. Нам выдалі пасведчанні аб канчэнні курсаў, спецыяльныя дыпломы, якія можна атрымаць толькі ў Альхоўцы, але не гэта было асноўным у апошні вечар. Галоўнай падзеяй былі выказванні людзей, поплеч з якімі вучыўся і працаваў гэты тыдзень, – яны натхнялі, гаварылі пра тое, што было сугучна з маімі думкамі, прымушалі задумацца над тым, што абышоў увагай.
Увогуле, акрамя фізікаў, у летніку было многа настаўнікаў іншых дысцыплін: хімікі, біёлагі, гісторыкі, філолагі, нават настаўнік пачатковых класаў. Былі і намеснікі дырэктара. Гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што праект натуральным чынам вырастае з монапрадметнага і паступова становіцца поліпрадметным. Такое пашырэнне «аўдыторыі», зразумела, пойдзе толькі на карысць як праекту, так і яго ўдзельнікам, бо веды і вопыт – гэта адзін з галоўных набыткаў у жыцці.
Такім чынам, навучанне ў летніку было для нас не толькі цікавым, але і вельмі карысным. У завяршэнне курсаў кожны гаварыў пра тое, што ён з атрыманымі ведамі і ўменнямі будзе рабіць далей. Так мы вызначалі кірункі нашага далейшага прафесійнага самаразвіцця.
Мікалай АТРАХІМОВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Варапаеўскай школы Пастаўскага раёна;
Вольга ЖЫТКАЯ, настаўніца біялогіі Ушацкай школы;
Юрый ТАРАСЕВІЧ, настаўнік хіміі Заслаўскай гімназіі.
Фота Анатоля АЎСЕЙЧЫКА.