Даследчая праца давядзе да Стакгольма

Алесь Высоцкі, «Рэгіянальная газета»

Як даследчая праца можа стаць хобі і што трэба, каб прадставіць краіну на прэстыжным міжнародным конкурсе. Пра гэта раскажа адзінаццацікласнік гімназіі-інтэрната Мядзела Дзяніс Марач, які перамог на рэспубліканскім этапе Стакгольмскага юніёрскага воднага конкурсу.

Абышоў ён 126 вучняў, якія ўдзельнічалі сёлета. Яго праца “Комплексная экалагічная ацэнка стану рэк, прыгодных для нерасту прахадных ласасёвых рыб у Беларусі” напісаная па выніках даследаванняў у Астравецкім раёне.

Тэму выбіраў па хобі

Дзяніс пачаў займаецца даследчай дзейнасцю з сёмага класа. У гімназію прыехала навуковы супрацоўнік Нарачанскай  біястанцыі Белдзяржуніверсітэта Юлія Верас. Запрасіла ў гурток, каб паглыблена вывучаць біялогію і займацца даследчыцкай працай. Запісалася ў яго тады нямала вучняў. Але ўрэшце засталіся тры чалавекі: Алёна Грыгалёнак, Таццяна Кавалёнак і Дзяніс. Разам удзельнічаюць у даследаваннях.

Першая даследчая праца была прысвечаная рачулцы Дробня. Потым Дзяніс шукаў новую тэму – выбраў, звязаную з ласасёвымі рыбамі на Беларусі.

–  Маё хобі – рыбалка, таму і падабаецца вывучаць рыб, – тлумачыць. – Адразу не паверыў, што ў нас водзяцца ласасёвыя рыбы. Але калі пачаў займацца, з’ездзіў пару раз на Астравеччыну і пераканаўся, што так і ёсць.

Займаецца гэтай працай ужо чатыры гады.'

– Што за гэты час удалося зрабіць?

– Цалкам даследаваць маленькія рэкі ў Астравецкім раёне – прытокі Віліі. У год разы тры выязджаем. Праходзім кожную раку, глядзім на наяўнасць перашкод для рыбы, робім розныя вымярэнні, апісваем. Назапасілі шмат матэрыялаў па гэтых рэках.

Дапамагаюць хлопцу ва ўсім настаўніца біялогіі гімназіі-інтэрната Людміла Шчалкунова і ўжо ўзгаданая Юлія Верас.

Падчас даследаванняў Дзяніс правёў ацэнку стану рэк, якія выкарыстоўваюць для нерасту ласасёвыя.

Даследаваў больш дэталёва рэчкі Дудка, Сенканка, ручай Тартак – паколькі тут было больш за ўсё месцаў нерасту.

–  Падчас будаўніцтва гідраэлектрастанцый у Еўропе стваралі дамбы. Хоць і рабілі рыбаадводы, каб рыба магла прайсці, яе нашмат менш праходзіць па цячэнні. А якой удаецца, да Беларусі практычна не даходзіць і застаецца нерасціцца за мяжой, – тлумачыць ён. –  У нашай краіне засталося мала рэк, у якіх ёсць такія ласасёвыя рыбы, як кумжа і сёмга. Цяпер для іх застаўся толькі адзін шлях: па Віліі ў яе прытокі і ручаі. Таму трэба прыняць захады, каб захаваць іх, бо інакш не будзе такой магчымасці, каб у нашы рэкі заходзілі ласасёвыя рыбы.

–  Што гэтым рэкам пагражае?

–  Яны неглыбокія, і любое, нават невялікае, антрапагеннае ўздзеянне можа моцна змяніць гэтыя рэкі. Любы змыў з палёў можа парушыць хімічны склад вады, што не спадабаецца рыбам, і яны не будуць заходзіць туды на нераст. І браканьеры пагражаюць. Падчас нерасту ў лістападзе-снежні энтузіясты арганізуюць патрулі, сочаць, каб не было браканьераў. Пару дзён таксама патруляваў.

Праца Дзяніса актуальная і для Швецыі

За гэтыя гады Дзяніс неаднойчы быў прызёрам рэспубліканскага конкурсу біёлага-экалагічных работ. На днях стаў пераможцам 23 Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя Вярнадскага.

У рэспубліканскім этапе Стакгольмскага юніёрскага воднага конкурсу Дзяніс удзельнічаў два гады: летась заняў другое месца.

– Што неабходна, каб выйграць беларускі этап?

– Галоўнае, жаданне і энтузіязм, бо магчымасцяў цяпер шмат. У фінале журы глядзіць, наколькі моцна і якасна зробленая праца, наколькі яна актуальная, як прадстаўлена, задаюць пытанні.

Мяркуе Дзяніс, што паспрыяла таксама тое, што праца актуальная і для Швецыі.

– Ласасёвыя менавіта з Балтыйскага мора прыходзяць да нас у рэкі. І ў замежжы скарачаюцца месцы нерасту. Трэба прымаць захады, каб супрацьстаяць гэтаму. У Швецыі з 83 прыгодных для нерасту рэк ласасёвыя нерастуюць у 11.

– Ці ёсць практычнае значэнне вашай працы?

– Нашы даныя могуць выкарыстоўваць у розных краінах, дзе ёсць нераставыя рэкі – для паляпшэння іх стану. Там могуць скарыстацца інфармацыяй, каб не рабіць адну і тую работу. У выніку будзе  лягчэй захаваць падобныя рэкі.

Дзяніс Марач паездзе ў Стакгольм прадстаўляць Беларусь.  Фота Алеся Высоцкага.

Дзяніс Марач паездзе ў Стакгольм прадстаўляць Беларусь. Фота Алеся Высоцкага.

Плюс англійская мова

Дзяніс прызнаецца, што даследчая праца стала для яго як хобі.

– Я цікава праводжу час. Займаюся, чым мне падабаецца. А яшчэ яна дапамагае вывучыць штосьці новае. Навучыўся даследаваць рэкі, устанаўліваць асноўныя параметры, рабіць высновы. Мае працы больш звязаныя з экалогіяй, а гэта навучыла больш беражліва адносіцца да прыроды.

Конкурс і англійскую мову прымусіў падцягнуць. Яна на рэспубліканскім этапе абавязкова патрэбная –  інакш у склад каманды на міжнародны фінал не трапіш.

Прыкінуў Дзяніс, што на даследчую працу ў тыдзень сыходзіць цэлы дзень.  Кожную суботу ездзіць на Нарачанскую біястанцыю, займаецца даследчай працай. Калі атрымліваецца, выязджае на рэкі.  Плюс яшчэ дома займаецца, зводзіць увесь матэрыял у спрошчаны выгляд, каб было зразумела нават неспецыялістам.

– Не хочацца больш адпачыць, з сябрамі вольны час правесці?

– Сябры скарыліся з гэтым. Ведаюць, што ў адны дні пагуляю з імі. А ў вызначаны дзень займаюся толькі даследчай працай і цалкам канцэнтруюся на ёй.

– Твой рэцэпт: як зацікавіць моладзь даследчай працай?

– Нават і не скажу.  Калі ёсць цікавасць да такога занятку, то чалавек сам адарвецца ад камп’ютара, і пачне займацца. Мне проста адразу стала цікава: сам працэс даследавання, праца на сучасным абсталяванні.

Дзяніс збіраецца выбраць прафесію, што пераплятаецца з хіміяй і экалогіяй.

Узнагароду ўручае шведская прынцэса

Фінал Стакгольмскага юніёрскага воднага конкурсу пройдзе ў канцы жніўня.

Там будзе па адным удзельніку з больш чым 30 краін.

–  Выберуць толькі двух пераможцаў. Адзін абсалютны, які атрымае вялікую прэмію, плюс узнагароджанне школе, у якой вучыцца.  І яшчэ будзе заахвочвальны прыз за другое месца, – расказвае Дзяніс.

Уручае ўзнагароды спадчынніца трона Швецыі прынцэса Вікторыя. Удзельнікі таксама  прымуць удзел у міжнароднай канферэнцыі па праблемах вады.