Лютаўскі нумар аналітычнага зборніка «PISA in Focus», які выдаецца пад эгідай Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), прысвечаны пытанням, звязаным са слабай паспяховасцю навучэнцаў* (вынікі PISA-2012): якія тыповыя характарыстыкі адстаючых вучняў; у чым заключаюцца прычыны недастатковага засваення імі ведаў.
Ніводная з 64 краін, якія ўдзельнічаюць у Міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA) у 2012 годзе, не змагла заявіць аб дасягненні кожным школьнікам базавага ўзроўню паспяховасці адначасова ў трох асноўных напрамках пісьменнасці - чытацкай, матэматычнай і прыродазнаўчай.
Прыблізна адзін з чатырох навучэнцаў у краінах АЭСР (каля 28%) знаходзіцца ніжэй за базавы ўзровень прынамсі ў адным з гэтых кірункаў. Самы вялікі працэнт вучняў са слабай паспяховасцю - у матэматыцы (23%). Паказчыкі чытацкай і прыродазнаўчай пісьменнасці знаходзяцца на ўзроўні 18%. Нізкая паспяховасць адразу ў трох напрамках адзначана прыкладна ў 12% школьнікаў.
Разам з тым у розных краінах звесткі значна адрозніваюцца. У пятнаццаці рэгіёнах, якія ўдзельнічалі ў PISA-2012, прынамсі адзін з двух навучэнцаў адстае па матэматыцы, у той час як у Ганконгу, Карэі, Шанхаі і Сінгапуры паказчыкі іншыя - менш чым адзін навучэнец з дзесяці.
У Бразіліі, Мексіцы, Тунісе, Турцыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Партугаліі, Расійскай Федэрацыі скарацілася колькасць вучняў са слабай паспяховасцю ў матэматыцы (вынікі PISA 2003 і 2012 гадоў). У Ізраілі, Карэі, Польшчы, Катары, Румыніі, Тайландзе, Турцыі ў 2012 годзе (у параўнанні з 2006 годам) палепшыліся вынікі ў прыродазнаўчым напрамку за кошт скарачэння колькасці вучняў, якія дасягнулі толькі першага ўзроўню.
У краінах, у якіх значная доля насельніцтва адчувае недахоп у асноўных уменнях і навыках, прагнозы доўгачасовага эканамічнага росту ставяцца пад пагрозу. Згодна з праведзеным на аснове PISA даследаваннем, пры ўкараненні рэформаў, скіраваных на зніжэнне колькасці вучняў са слабай паспяховасцю, атрыманы ў доўгатэрміновай перспектыве эканамічны прыбытак для краін АЭСР пакрывае большасць (калі не ўсе) выдаткі на сістэму адукацыі.
У апублікаванай на падставе вынікаў PISA справаздачы «Непаспяваючыя навучэнцы: Чаму яны адстаюць ад іншых і як дапамагчы ім дамагчыся поспеху» разглядаюцца фактары, якія часцей за ўсё прыводзяць да недастатковага засваення ведаў. Паводле звестак, пададзеных у дакуменце, у краінах АЭСР вучань з дабрабытнай у сацыяльна-эканамічным плане сям'і неімігранцкага паходжання, які размаўляе дома і ў школе на адной мове, жыве ў горадзе, наведваў прынамсі на працягу аднаго года дашкольную ўстанову адукацыі, навучаецца паводле агульнаадукацыйнай праграмы, мае пяціадсоткавую верагоднасць нізкай паспяховасці па матэматыцы. Недастатковае засваенне ведаў у гэтым напрамку (каля 83%) звязана з наступнымі фактарамі: гэта вучаніца з праблемнай у сацыяльна-эканамічным плане сям'і, якая размаўляе на розных мовах дома і ў школе, пражывае ў вясковай мясцовасці, не наведвала дашкольную ўстанову адукацыі, паўторна вывучала вучэбную праграму і праходзіць прафесійнае навучанне. Як паказана ў справаздачы, пол з'яўляецца ўнікальным фактарам рызыкі, здольным паўплываць на паспяховасць. Так, адзначаецца, што хлопчыкі больш адстаюць у чытанні і прыродазнаўстве, а дзяўчынкі - у матэматыцы.
Зніжэнне колькасці вучняў са слабай паспяховасцю з'яўляецца сярод іншага дзейсным спосабам павышэння эфектыўнасці адукацыйнай сістэмы. Разуменне фактараў, звязаных з недастатковым засваеннем ведаў школьнікамі, і маштабу праблемы - толькі першы і найбольш важны крок. Следам за ім неабходна стварыць заканадаўчую базу і выпрацаваць канкрэтныя дзеянні, якія дадуць кожнаму вучню рэальны шанец на дасягненне поспеху.
З поўным тэкстам перыядычнага выдання на англійскай мове можна азнаёміцца па спасылцы.
* Вучань са слабой паспяховасцю - гэта вучань, які набраў колькасць балаў, адпаведную першаму і / або другому ўзроўню адукацыйных дасягненняў. Патрабаванні да першага ўзроўню ў матэматычнай пісьменнасці: адказваць на дакладна зададзеныя пытанні, якія ўключаюць знаёмыя кантэксты, з наяўнасцю рэлевантнай інфармацыі; выконваць руцінныя аперацыі паводле наўпростых інструкцыяў у відавочных сітуацыях, а таксама дзеянні, якія амаль заўсёды відавочныя і вынік выканання якіх ідзе адразу. Патрабаванні да другога ўзроўню па матэматычнай пісьменнасці: інтэрпрэтаваць кантэксты, якія патрабуюць наўпростага вываду, і арыентавацца ў іх; здабываць рэлевантную інфармацыю з адзінай крыніцы і ўжываць адзіны спосаб прадстаўлення; карыстацца асноўнымі алгарытмамі, формуламі, працэдурамі для вырашэння задач, якія ўключаюць цэлыя лікі; літаральна інтэрпрэтаваць вынікі
Крыніцы:
Who are the low-performing students? [Electronic resource] // PISA in Focus / OECD. - 2016. - № 2 (February). - Mode of access: https://www.oecd.org/pisa/pisaproducts/pisainfocus/pisa-in-focus-n60-(eng)-final.pdf.
Low-Performing Students. Why They Fall Behind and How to Help Them Succeed [Electronic resource] // OECD. - 2016. - Mode of access: http://www.keepeek.com/Digital-Asset-Management/oecd/education/low-perfo....
Паводле adu.by