Што было зроблена сёлета для павышэння якасці тэстаў

11.08.2016

Галоўнае — не балы на ЦТ, а матывацыя на атрыманне прафесіі?

Надзея Нікалаева, zviazda.by

Для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні зарэгістравалася каля 101 тысячы чалавек. Палову з іх склалі выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі гэтага года. Між іншым, школы, гімназіі і ліцэі выпусцілі сёлета ў дарослае жыццё крыху больш як 57 тысяч адзінаццацікласнікаў, такім чынам атрымліваецца, што амаль кожны з іх паспытаў шчасця на цэнтралізаваным тэсціраванні. Іншае пытанне, наколькі паспяховай аказалася іх спроба...

Дзе рыхтуюць стабальнікаў?

Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ вынікамі ЦТ 2016 года застаўся задаволены.

— 100 балаў удзельнікі тэсціравання паказалі ў 330 выпадках. У 2015 годзе было выдадзена 277 стабальных сертыфікатаў. Пятнаццаць абітурыентаў атрымалі 100 балаў па двух вучэбных прадметах і тры — па трох. Стабальным вынікам могуць пахваліцца 276 выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі бягучага года: з іх 135 гімназістаў, 39 выпускнікоў ліцэяў, 102 выпускнікі сярэдніх школ, а таксама 3 абітурыенты, якія скончылі ўстановы адукацыі за межамі Беларусі, — паведаміў Вадзім Богуш. — Пэўная частка абітурыентаў паказала дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі, што дазволіла арганізаваць конкурсны адбор абітурыентаў у ВНУ і ССНУ.

Сёлета мы ўсе назіралі высокую шчыльнасць уладальнікаў высокіх балаў на некаторых асабліва прэстыжных у моладзі спецыяльнасцях. Каб стаць студэнтам пэўных факультэтаў, у чаргу выстраіліся абітурыенты, якія мелі 360, 370 балаў і нават больш. На некаторых спецыяльнасцях колькасць месцаў на бюджэтнай форме навучання — адносна невялікая. Да таго ж на гэтыя спецыяльнасці падаюць свае дакументы і пераможцы алімпіяд. Таму канкурэнцыя нават паміж уладальнікамі сертыфікатаў у дыяпазоне ад 90 да 100 балаў назіралася вельмі вострая. Магчыма, для пэўнай часткі абітурыентаў тэсты ўжо трэба ўскладняць, інакш прыёмныя камісіі не змогуць у будучыні іх ранжыраваць.

З іншага боку, вялікая колькасць стабальных вынікаў — гэта добрая матывацыя для тых, хто яшчэ толькі плануе сваё паступленне. Сведчанне таго, што з тэстам можна справіцца і што мэтанакіраванасць навучэнца будзе ў выніку ўзнагароджана.

Усяго на бюджэтную форму навучання было прынята 27 тысяч 113 чалавек, у тым ліку на дзённую форму навучання — 22 462. На ўмовах мэтавай падрыхтоўкі прынята 2 210 чалавек. У навучальных установах сельскагаспадарчага профілю прыём на завочную форму навучання будзе праходзіць у канцы каляндарнага года.

Без зніжэння планкі

Дадатковы набор быў аб'яўлены на 144 бюджэтныя месцы, якія засталіся вакантнымі (112 месцаў — на дзённай і 32 месцы — на завочнай форме навучання). І хоць парогавыя значэнні балаў падчас дадатковага набору не зніжаліся, практычна ўсе свабодныя месцы запоўніліся з другой спробы.

— У дадатковы набор у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова конкурс на спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка» склаў 2,2 чалавека на месца, — расказаў Вадзім Богуш. — Прычым, у асноўны набор прахадны бал быў 131, а ў дадатковы — 166. Конкурс на спецыяльнасць «Фізіка і інфарматыка» склаў 1,4 чалавека на месца. Прахадны бал у асноўны набор — 175, а ў дадатковы — 205. У Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце конкурс на спецыяльнасць «Матэматыка і інфарматыка» — 2,8 чалавека на месца (прахадны бал у асноўны набор — 110, а ў дадатковы — 168).

І ўсё ж на 18 бюджэтных месцаў на дзённай форме навучання (на геафаку ў БДУ, у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце і Універсітэце фізічнай культуры) так і не знайшлося ахвотных. Для параўнання: у 2015 годзе нават пасля дадатковага набору не ўдалося запоўніць 144 месцы.

Што тычыцца платнай формы навучання, то колькасць запоўненых месцаў склала 28,3 тысячы, а гэта 80% ад запланаванага. У дзяржаўных ВНУ запоўнена больш як 24 тысячы месцаў (у 2015 годзе — 27,9 тысячы): 11,9 тысячы — на дзённай форме, столькі ж — на завочнай і 276 месцаў — на вячэрняй форме навучання.

Тая акалічнасць, што прахадныя балы на некаторыя спецыяльнасці на платнай форме навучання аказаліся ўдвая меншымі, чым на бюджэце, або ўвогуле з прычыны адсутнасці конкурсу на платныя месцы залічваліся ўсе, хто падаў дакументы, кіраўніцтва Міністэрства адукацыі не бянтэжыць. Як і даволі нізкія прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці, асабліва на кірунак, звязаны з фізікай, матэматыкай і інфарматыкай (ад 110 да 130).

Вадзім Богуш упэўнены, што галоўнае — гэта матывацыя на атрыманне той ці іншай прафесіі.

— Студэнты-першакурснікі маюць вельмі розны ўзровень падрыхтоўкі, але наш вопыт сведчыць, што матываваныя студэнты карыстаюцца магчымасцю дагнаць сваіх больш паспяховых аднакурснікаў і падцягнуць свае веды да ўзроўню, які дазваляе паспяхова рэалізаваць сябе ў прафесіі, — падкрэсліў ён. — З іншага боку, нам трэба думаць над тым, як прыцягнуць на педагагічныя спецыяльнасці больш таленавітых і матываваных маладых людзей. У гэтым плане найбольш паспяхова працуе Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, які выхоўвае для сабе будучых абітурыентаў яшчэ са школьнай парты. Безумоўна, больш ранняя прафарыентацыя прымусіла б многіх выпускнікоў больш адказна і з лепшымі ведамі падыходзіць да прыёмнай кампаніі і здачы экзаменаў. У сваю чаргу існаванне мінімальнага парогавага значэння на ЦТ дазваляе «адсекчы» зусім слабых абітурыентаў пры паступленні як на бюджэтныя, так і на платныя месцы.

Журналістаў цікавілі таксама перспектывы ўкаранення сістэмы электроннага залічэння ва ўсіх беларускіх ВНУ. Пакуль што сістэма залічэння з улікам указаных абітурыентамі ў заяве прыярытэтных спецыяльнасцяў дзейнічае толькі ў БДУІР.

— Мы гэта пытанне з парадку дня не здымаем. Але арганізацыя так званай камп'ютарнай сістэмы залічэння ў адной установе адукацыі і ў рамках некалькіх устаноў адукацыі — гэта дзве абсалютна розныя задачы, — падкрэсліў Вадзім Богуш. У кожнай ВНУ ёсць пэўныя асаблівасці ў парадку прыёму. Мы гэта пытанне абмяркоўвалі, але пакуль няма такой стройнай сістэмы, якая б пры ўмове электроннага залічэння задаволіла ўсіх.

Стаць аўтаслесарам ці машыністам?

Вадзім Богуш нагадаў, што да 14 жніўня працягваецца прыём дакументаў у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы на ўмовах аплаты. І да 20 жніўня абітурыентаў чакаюць ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Згодна з зацверджанымі кантрольнымі лічбамі прыёму, у 2016 годзе для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі плануецца прыняць 32,6 тысячы чалавек. Па стане на 5 жніўня на дзённую форму атрымання адукацыі ўжо падалі дакументы 23 106 чалавек (76,4% ад кантрольных лічбаў прыёму): у тым ліку 15 тысяч чалавек — на аснове агульнай базавай адукацыі, 7,5 тысячы — на аснове сярэдняй адукацыі і 633 — на аснове спецыяльнай адукацыі. Найбольшая колькасць дакументаў пададзена ва ўстановы прафтэхадукацыі Мінска, Мінскай і Гомельскай абласцей.

Найбольш запатрабаванымі ў моладзі з'яўляюцца прафесіі памочніка машыніста цеплавоза (электравоза), электрамеханіка цягнікоў, кухара, аператара сувязі, цырульніка, слесара па рамонце аўтамабіляў, абліцоўшчыка-плітачніка.

У структуры прыёму мяркуецца захаваць тэндэнцыі мінулых гадоў: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі будуць складаць каля 80 працэнтаў. Пры гэтым прадугледжваецца скарачэнне прыёму па профілях «Мастацтва і дызайн» (на 31,8 працэнта ў параўнанні з папярэднім годам), «Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» (на 22,6 працэнта), «Тэхніка і тэхналогіі» (на 9,2 працэнта). У той жа час будзе павялічаны прыём па профілях «Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне» (на 13,1 працэнта), «Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва» (на 11,8 працэнта).

Для ўдасканалення структуры падрыхтоўкі з улікам зменлівай патрэбы рэгіянальных рынкаў працы ў 2016 годзе быў спынены прыём па 183 незапатрабаваных і адкрыта падрыхтоўка па 142 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Упершыню ў 2016 годзе ажыццяўляецца набор на новую прафесію «Манціроўшчык шын і шынапнеўматычных муфтаў» у Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання.

Што было зроблена сёлета для павышэння якасці тэстаў:

— упершыню заданні па геаграфіі і гісторыі Беларусі з невербальнай формай падтрымкі (карты, ілюстрацыі, схемы і г.д.) былі прапанаваныя ў колеры, пры гэтым увесь картаграфічны і ілюстрацыйны матэрыял тэста быў прадстаўлены ў знаёмым для абітурыентаў выглядзе (каляровы фон максімальна набліжаны да малюнкаў у атласах і вучэбных дапаможніках);

— была праведзена карэкціроўка заданняў па матэматыцы, хіміі і фізіцы з улікам стандартных (звыклых для абітурыента) фармулёвак навучальных дапаможнікаў, павялічана ўдзельная вага задач практыка-арыентаванай накіраванасці. У тэставых заданнях лічбавыя даныя падабраныя такім чынам, каб мінімізаваць вылічальныя памылкі;

— зменены час выканання заданняў тэста па хіміі (у 2015 годзе — 120 хвілін, у 2016 годзе — 150 хвілін) у сувязі з павелічэннем колькасці заданняў, якія мадэлююць найпрасцейшы хімічны эксперымент;

— удасканалена канструкцыя заданняў па дзяржаўных мовах (беларускай і рускай): структурным ядром з'яўляўся адаптаваны тэкст з комплексам заданняў, якія дазваляюць вызначыць не толькі ўзровень моўных ведаў, але і культуру маўлення і мыслення ўдзельніка экзамену;

— прыведзены ў адпаведнасць з узроставымі асаблівасцямі асноўнай масы абітурыентаў тэксты, прадстаўленыя ў экзаменацыйных матэрыялах па замежных мовах, што спрыяла падтрыманню ўвагі абітурыентаў у працэсе іх чытання.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА