Адным з кандыдатаў парламенцкіх выбараў у 96 акрузе Кастрычніцкага раёна г. Мінска з’яўляецца Алег Трусаў, вядомы беларускі грамадскі дзеяч і палітык, навуковец, археолаг, гісторык, аўтар шматлікіх выданняў, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, старшыня ТБМ.
Сваёй працоўнай і грамадскай дзейнасцю, у тым ліку як дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання (1990 – 1996), ён сцвердзіў сябе вопытным і прынцыповым, сумленным і справядлівым чалавекам, які плённа і прафесійна зможа працаваць у нацыянальным парламенце, абараняючы інтарэсы людзей.
У яго прадвыбарнай праграме: паляпшэнне экалагічнага стану Кастрычніцкага раёна, спыненне ўшчыльнення яго жыллёвай тэрыторыі, адкрыццё новых дзіцячых садкоў і гімназіі, у тым ліку з беларускай мовай навучання, здзяйсненне льготнага праезду ў грамадскім транспарце для студэнтаў і пенсіянераў, адмяненне ў Беларусі абавязковага размеркавання студэнтаў, правядзенне справядлівай пенсійнай рэформы і рэформы заробкаў, стварэнне сапраўды нацыянальнага ўніверсітэта, захады рэальнай падтрымкі беларускай мовы і культуры.
Алесь Лозка, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, старшыня РГА «Таварыства беларускай школы».