Беларускія бацькі навучыліся аб'ядноўвацца, каб іхным дзецям ставала якаснага чытва на роднай мове. Гэтым тыднем распачаўся збор грошай на выданне кніг пра Алісу і пра Караліну.
Стварыць не толькі кнігу, але і кола яе чытачоў ды саўдзельнікаў – не навіна для тых, хто піша, перакладае, ілюструе і выдае беларускамоўныя творы. Літаратурна-забаўляльны дзіцячы часопіс «Гарбузік», напрыклад, быў некалі прыдуманы і распачаты сябрамі супольнасці «Нашыя дзеткі». Дзякуючы краўдфандынгу пабачылі свет вясёлыя вершаваныя «Нататкі таткі» Андрэя Хадановіча, падлеткавы раман-фэнтэзі «Сем камянёў» Аляксея Шэіна, «Дзіцячыя заМовы» Глеба Лабадзенкі, «Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя» Міхася Зізюка. Неўзабаве выйдзе беларуска-англійскі слоўнік у малюнках «Наш дом» (збіраюцца сродкі і на яго лакалізацыі па-нямецку, па-польску, па-французску ды па-японску).
Гэтым тыднем распачаўся збор грошай на два цікавыя і вельмі важныя выданні.
Першае беларускае выданне казкі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса»
Класічны твор Льюіса Кэрала рэкламаваць не выпадае. На беларускую мову «залаты» тэкст пераклала Вера Бурлак, за што атрымала прэмію часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Праілюстравала выданне Кацярына Дубовік, уганараваная першай прэміяй Цёткі за найлепшае мастацкае аздабленне дзіцячай кнігі. Каманда праекта плануе выдаць казку якраз да Калядаў – яна стане выдатным падарункам.
Даведацца больш і далучыцца да праекта на ulej.by
Выданне пераклада сучаснай класікі – аповесці «Караліна» Ніла Гэймана
«Караліна» – дзіцячая аповесць пра адвагу, небяспеку, сяброўства і вернасць, напісаная ў 2002 годзе брытанскім пісьменнікам Нілам Гэйманам. Твор атрымаў мноства літаратурных прэміяў, быў перакладзены на 30 моваў. Аповесць пераклала Дар'я Вашкевіч, праілюставала Алена Медзякова. Паводле ўмоваў кантракту, па-беларуску надрукаванымі могуць быць толькі 500 асобнікаў кнігі. Гэта значыць, кніга абавязкова стане каштоўным рарытэтам!
,
Даведацца больш і далучыцца да праекта на talaka.by