Настаўнік – у новай сістэме каардынат

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда

Яшчэ Чэрчыль казаў, што настаўнікі валодаюць уладай, пра якую прэм’ер-міністры могуць толькі марыць. Але сітуацыя змянілася, інтэрнэт па сіле ўздзеяння на маладых людзей істотна перавышае магчымасці сучаснага настаўніка.  Калі раней першакласнікі задавалі пытанні: "Хто? Дзе? Чаму?", то цяпер пачалі пытацца "А ці праўда, што ...?"

 

Сучасныя дзеці прызвычаіліся атрымліваць інфармацыю невялікімі гукавымі порцыямі –  6-8-секунднымі байтамі. Карцінкі ў тэлевізары і на камп’ютары пастаянна змяняюцца, а час працы з кнігай, наадварот, скарачаецца. Сучасным вучням стала цяжэй утрымліваць сваю ўвагу, а настаўніку – адпаведна ўтрымліваць увагу класа. Ці змяніліся задачы, якія стаяць перад педагогам? Чаму і як вучыць дзяцей? Ці трэба падаваць на ўроку інфармацыю ў “разжаваным” выглядзе? Увогуле ці маюць каштоўнасць механічна завучаныя факты і даты? Ці можна вучыць дзяцей так, як гэта рабілі 30 гадоў таму, бо многія па-ранейшаму лічаць савецкую школу эталонам. Што трэба змяніць у сучаснай беларускай школе, каб ўпэўнена рухацца наперад? Як педагогу заваяваць аўтарытэт у дзяцей?

Абмеркаваць гэтыя пытанні мы запрасілі у канферэнц-залу “Звязды” начальніка Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі  БДПУ, кандыдата педагагічных навук, дацэнта, намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Адукацыя і выхаванне”Аляксандру ПАЗНЯК, загадчыка лабараторыі выхавання асобы  Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдата педагагічных навук,  дацэнта Анатоля ГЛІНСКАГА, пераможцу Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2011”, старшага выкладчыка Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МДЛУ, настаўніка англійскай мовы мінскай гімназіі № 24, кіраўніка Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў Рэспублікі Беларусь Інэсу ЗУБРЫЛІНУ, суперфіналіста рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года—2011”, настаўніка біялогіі і хіміі Лугаваслабодскай сярэдняй школы Мінскага раёна Алену ГАРБАР, лаўрэата рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь –2006”,  настаўніка біялогіі гімназіі №8 г.Мінска Вольгу ЛАГУНОВУ (усе трое маюць найвышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” і з’яўляюцца членамі клуба “Хрустальны журавель”), намесніка старшыні Таварыства беларускай школы, кіраўніка інтэрнэт-партала nastaunik.eu Тамару МАЦКЕВІЧ, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства смаргонскай СШ №5 Ларысу ВАЛЫНЕЦ і заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, педагога-метадыста вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганну ДАБРЫНЕЎСКУЮ.