«Хто куды, а мы на дно!» Працуем з загалоўкамі артыкулаў

"Хто куды, а мы на дно!" - Вы пра што падумалі? Газета “Звязда”, напрыклад, пад такім загалоўкам змясціла інфармацыю пра дайвераў, вучань, які пісаў свой артыкул пад такім загалоўкам – пра расійскіх футбалістаў, якія расходавалі пасля паражэння 200 тысяч долараў у рэстаране на элітнае шампанскае і тым самым зганьбавалі сваю каманду.
Ідэю працы з загалоўкамі артыкулаў Таццяна Барткевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Глыбокага, прывезла з міжнароднага семінару, які адбыўся 27 верасня 2016 г. на базе Нацыянальнага інстытута адукацыі. Настаўніца на другі ж дзень прапанавала вучням напісаць свой артыкул пад пэўнай назвай загалоўка газеты (яна іх падрыхтавала загадзя). Потым раздала артыкулы прафесійных журналістаў і прапанавала параўнаць, як па-рознаму можна зразумець пасыл загалоўкаў. Гэта вельмі зацікавіла вучняў. Я чытала іх артыкулы, было цікава.  Загалоўкаў было шмат, але найбольш змястоўныя артыкулы атрымаліся пад загалоўкамі:

1.“Сапраўдныя мужчыны”

2.“Калі б людзі маглі гаварыць”

3. “Навукоўцы раскрылі сакрэт дэжавю”

4. “Нельга запаліць іншых, калі не гарыш сам”.

Па выніках такой творчай работы набралася матэрыялу на сваю ўласную газету.

https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/img_2399.jpg

Такі змястоўны і практыканакіраваны ўрок быў  праведзены Барткевіч Таццянай Фёдараўнай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Глыбоцкай раённай гімназіі ў 11 класе, дзе мова вывучаецца на павышаным узроўні. Праграмай адводзіцца параўнальна многа гадзін на развіццё маўлення вучняў. Пры вывучэнні тэмы “Публіцыстычны стыль мовы” была магчымасць скарыстаць ідэю, якую прапанаваў чэшскі гісторык Павел Мартыноўскі.

Мэтай гэтага віду працы было паспрыяць развіццю ўмення аналізаваць тэкст, фармуляваць яго тэму і галоўную думку, развіваць творчыя здольнасці вучняў. Акрамя таго, гэта форма работы наглядна паказала, што адны і тыя ж словы ў розных людзей выклікаюць розныя асацыяцыі. Вучням было цікава: што пішуць журналісты пад такім загалоўкам. Атрымалася, што не толькі самі пабылі ў ролі журналістаў, але  прачыталі і прааналізавалі газетны артыкул,напэўна, з большай цікавасцю, чым калі-небудзь…

Іна Шымко, г. Глыбокае

Спампаваць урок 11 кл. Тэма "Функцыянальныя стылі (публіцыстычны) і жанры, стылеўтваральныя сродкі" (doc)

https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/clip.gif