Вольга ДУБОЎСКАЯ, nastgaz.by
Уключэнне ў інавацыйны рэжым для калектыву гімназіі № 1 Пінска імя Ф.Я.Перца стала абсалютна заканамернай з’явай. Як заўважыла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Аляксандра Анатольеўна Івашэвіч, да гэтага падштурхнуў прафесіяналізм педагогаў. А тэма “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі” зачапіла сваёй надзённасцю. Інавацыю ў сваю навучальную ўстанову з Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прывёз дырэктар гімназіі Алег Анатольевіч Засім.
Цяпер Алег Анатольевіч — кіраўнік інавацыйнага праекта і ідэйны натхняльнік для свайго калектыву. Ідэю дырэктара падхапілі адразу, дружна павучыліся на курсах “Медыяэкспрэс”, і з 2015/2016 навучальнага года калектыў гімназіі працуе ў інавацыйным рэжыме.
Асноўнай прычынай звароту менавіта да медыяадукацыі і медыякультуры стала наяўнасць вялікай колькасці самых розных гаджэтаў у гімназістаў. Педагагічны калектыў вырашыў пераламаць сітуацыю і накіраваць энергію сваіх навучэнцаў, узмоцненую сучаснымі смартфонамі, планшэтамі і камп’ютарамі, у больш плённае рэчышча, чым гульні. А менавіта ў вучэбны працэс.
У інавацыйнай групе працуюць педагогі розных узростаў і педагагічных традыцый, што, безумоўна, уплывае на ўсіх удзельнікаў калектыву, бо калі побач твой калега свабодна карыстаецца воблачнымі тэхналогіямі, стварае квест-гульні, то гэта стымулюе да самаўдасканалення і цябе. Акрамя таго, праект праз мерапрыемствы ахоплівае куды больш дзяцей і настаўнікаў, чым першапачаткова планавалася. Напрыклад, у гімназіі ёсць класныя кіраўнікі, якія афіцыйна не ў праекце, але ў праекце вучні іх класаў, таму ўскосна яны таксама маюць дачыненне да інавацыі.
А калі ў гімназію прыязджаюць медыяадукатары з іншых краін, то, натуральна, у такіх сустрэчах прымаюць удзел як мага больш настаўнікаў, бо гэта цікава, павучальна і мае дачыненне да кожнага.
“Адным з кірункаў мадэлі інавацыйнага праекта, якая рэалізуецца, з’яўляецца павышэнне медыякампетэнтнасці і медыядасведчанасці ўдзельнікаў праекта праз вочныя і завочныя дыстанцыйныя курсы, а таксама семінары. 29 верасня на базе нашай гімназіі адбыўся міжнародны навукова-практычны семінар з удзелам чэшскіх экспертаў у галіне медыяадукацыі. Тэмай сустрэчы стала “Медыяадукацыя як інавацыйная практыка і сродак развіцця крытычнага мыслення школьнікаў”.
“На семінары выступілі эксперты і каардынатары праграм Чэшскай Рэспублікі П.Данек, П.Марціноўскі, І.Бенеш. Яны расказвалі, як праз доўгатэрміновыя праекты ўкараняецца медыяадукацыйны кампанент у працэс навучання і выхавання ў пачатковай школе, а таксама ў старэйшым звяне на ўроках гісторыі.
На семінары былі і навуковыя кіраўнікі нашага інавацыйнага праекта. Гэта навуковы супрацоўнік лабараторыі сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі А.А.Палейка і начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі А.У.Радзевіч”, — расказаў дырэктар Алег Анатольевіч.
Першая гімназія Пінска дасягнула немалых поспехаў у практычнай рэалізацыі інавацыйнага праекта, што і паспрыяла прыняццю рашэння правесці міжнародны семінар менавіта на базе гэтай установы. У прыватнасці, для аператыўнага абмену інфармацыяй паміж членамі творчай групы, пастаяннага цеснага ўзаемадзеяння паміж сабой у гімназіі створана закрытая суполка “МедыяПерцы”. Тут размяшчаецца найбольш карысная інфармацыя аб інавацыйнай дзейнасці, абмяркоўваюцца праведзеныя мерапрыемствы, выкладваюцца і каменціруюцца конкурсныя матэрыялы, акрамя таго, настаўнікі дзеляцца карыснымі спасылкамі па тэме праекта.
“Падчас рэалізацыі праекта мы актыўна ўкараняем медыяадукацыйны кампанент у працэс навучання і выхавання. Так, у кастрычніку мінулага года ў гімназіі ў рамках праекта адбыўся восеньскі дабрачынны кірмаш. У ходзе кірмашу група навучэнцаў выступала ў ролі пачынаючых карэспандэнтаў і брала інтэрв’ю ў аднакласнікаў і настаўнікаў гімназіі. На свяце быў арганізаваны прагляд і падведзены вынікі конкурсу на лепшы відэаролік пра восень.
У канцы студзеня ў гімназіі адбылося ўрачыстае адкрыццё кінаклуба выхаднога дня. За час існавання кінаклуба пад кіраўніцтвам педагогаў-наватараў вучні змаглі праглядзець і абмеркаваць шмат цікавых і карысных кінафільмаў і мультфільмаў, якія развіваюць крытычнае мысленне навучэнцаў.
Настаўнікі англійскай мовы ў рамках пазакласнай работы па прадмеце правялі ток-шоу “У свеце рэкламы”. Гімназісты паказалі гасцям ток-шоу, як яны навучыліся аналізаваць рэкламныя ролікі, шукаць іх адмоўныя і станоўчыя бакі.
У рамках праекта ў медыйным фармаце адбылося яшчэ адно ток-шоу — “Школьная форма: за і супраць”. У ходзе падрыхтоўкі да мерапрыемства вучні бралі інтэрв’ю ў супрацоўнікаў магазіна “Калінка”, у якім рэалізуецца адзенне дзелавога стылю. Навучэнцы старшых класаў стварылі відэаролікі, у якіх уздымалася пытанне школьнай формы.
Мы шмат часу ўдзяляем рацыянальнаму выкарыстанню гаджэтаў у адукацыйным працэсе. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з А.А.Палейка, мы авалодалі праграмай Plickers, а таксама сістэмай QR-кодаў і актыўна выкарыстоўваем іх на вучэбных занятках і ў пазакласнай рабоце. Мяркую, што кожны з прысутных на семінары панёс з сабой нешта новае, цікавае і карыснае”, — падзяліўся Алег Анатольевіч.
* * *
Напэўна, адным з самых актыўных педагогаў, якія сталі ўдзельнікамі інавацыйнага праекта, з’яўляецца настаўнік беларускай мовы і літаратуры Павел Іванавіч Лічэўскі. Лічыцца, што інфармацыйныя тэхналогіі толькі для маладых, але такое меркаванне памылковае. Яны для тых, хто імкнецца ісці ў нагу з часам і хоча быць цікавым і актуальным для сваіх вучняў. Павел Іванавіч якраз з такіх педагогаў.
“Медыядасведчанасць з’яўляецца неабходнай умовай для паўнавартаснага ўключэння асобы ў грамадскае жыццё. Як адзначае прафесар кафедры педагогікі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Мікалай Іванавіч Запрудскі, пад медыядасведчанасцю беларускія педагогі разумеюць сукупнасць уменняў знаходзіць неабходную інфармацыю, яе аналізаваць, ацэньваць, а таксама ствараць свае медыяпаведамленні ў розных відах, жанрах і формах.
Я таксама паздзяляю такое азначэнне, і мая задача — спрыяць фарміраванню медыйна адукаванага маладога чалавека. А гэта значыць — з культурай зносін з медыя, выяўленымі творчымі і камунікатыўнымі здольнасцямі, развітым крытычным мысленнем, што забяспечвае аналіз, інтэрпрэтацыю і ацэнку медыятэкстаў.
З медыятэкстамі мы сустракаемся на кожным кроку. Перш за ўсё гэта рэклама, якая вельмі часта кідаецца нам у вочы. Мы з вучнямі аналізуем рэкламныя тэксты. Сродкам для нашага аналізу можа стаць любы рэкламны ролік. І калі мы аналізуем рэкламны ролік, то высвятляем, каму належыць пэўная крыніца інфармацыі, чаму ўладальнік укладвае ў яе грошы, каму яна адрасавана, што схавана за знешняй абалонкай гэтага паведамлення, а што ляжыць у аснове схаванага паведамлення, наколькі моцны ўплыў аказвае на наша светаўспрыманне рэклама і ўвогуле СМІ”, — пачаў нашу размову Павел Іванавіч.
Навучыўшыся крыху аналізаваць, педагог разам са сваімі вучнямі пачалі ствараць сваю рэкламу. Назвалі яе “Пінск — горад з вялікай літары” (так пра горад гаварыў Уладзімір Караткевіч). Спачатку былі праведзены двухгадзінныя заняткі, дзе дзеці пазнаёміліся з гісторыяй рэкламы, з моўнымі асаблівасцямі пабудовы рэкламных тэкстаў, стварылі слайды-памяткі па спецыфічных рысах рэкламы, патрабаваннях да яе, а затым вырашылі прарэкламаваць свой горад.
Для гэтага клас быў падзелены на 5 груп. Як заўважыў настаўнік, працавалі ў кабінеце інфарматыкі, бо патрэбен быў выхад у інтэрнэт. Шукалі матэрыял пра архітэктурныя славутасці Пінска — Езуіцкі калегіум, Францысканскі кляштар, касцёл Святога Карла Барамея, палац Мацея Бутрымовіча, Свята-Варварынскую царкву. Узялі альбомы ў бібліятэцы, некаторыя вучні прынеслі свае.
“Нашай задачай стала стварыць віртуальныя білборды. Кожная група стварала свой пра адзін з архітэктурных помнікаў. Да кожнага архітэктурнага помніка неабходна было прыдумаць характэрны слоган, напрыклад, да Францысканскага кляштара склалі такі: “Вера продкаў не згасла”, а да Езуіцкага калегіума, у якім цяпер знаходзіцца музей, — “Патрыярх пінскай даўніны — куфар багаццяў Палесся”, да касцёла Карла Барамея, у якім стаіць арган і ёсць музычная зала, — “Музыка і старажытнасць”. Акрамя таго, на кожным білбордзе размешчана кароткая інфармацыйна-гістарычная даведка. У выніку мы выканалі пастаўленую перад сабой задачу. Нашы віртуальныя білборды можна паглядзець у інтэрнэце”, — працягваў настаўнік.
Па меркаванні Паўла Іванавіча, стварэнне медыйных паведамленняў дазваляе сумяшчаць прыемнае з карысным — атрымліваць веды пра сродкі масавай інфармацыі, развіваць творчыя здольнасці, выказваць свой пункт погляду, атрымліваць асалоду ад творчага працэсу.
“Працуем мы і з экраннымі медыя. У інтэрнэце ёсць многа кароткіх ролікаў, і мы сваю ўвагу засяродзілі на кароткім фільме “Маленькі кавалачак крэйды”. Галоўны герой — хлопчык, які перажывае булінг. Яго зневажалі аднакласнікі, старэйшыя хлопцы, але галоўны герой пераадольвае ўсе цяжкасці і становіцца сапраўдным майстрам у сваёй любімай справе — танцах.
У час прагляду фільма аналізуем не толькі сюжэтную лінію і вобразы герояў, але адказваем на пытанні: што, акрамя сюжэтнай лініі, дапамагло выклікаць адпаведныя пачуцці? У якіх колеравых рашэннях створаны фільм? Чаму? Як пабудаваны кадр для кожнай жыццёвай сітуацыі? Што мы бачым у кадры? А што ў фокусе? Якая роля адводзіцца музыцы?
Звяртаем увагу на рух камеры, бо яна выконвае функцыю апавядальніка. Погляд камеры — гэта погляд чытача, бо глядач бачыць тое, што бачыць камера. Нядаўна прайшлі драму “Вечар” Аляксея Дударава. Прапанаваў вучням зрабіць інсцэніроўкі ўрыўкаў. Гэта было зроблена падчас урока ў класе, дзе вучні былі зноў падзелены на групы. Затым выбралі лепшыя інсцэніроўкі і цяпер спрабуем іх здымаць, а таму працуем над будовай кадра (што ў ім павінна быць, як мы ў ім сябе паводзім, для чаго, чаму).
Безумоўна, імкнёмся ствараць свае медыятэксты. У нас ёсць гімназічная газета “Мерыдыян”, куды пішам свае матэрыялы. Нядаўна ў нас прайшлі два значныя мерапрыемствы. Гэта сустрэча з чэшскімі медыяпедагогамі і акцыя “Чытаем па-беларуску з “Велкомам” з удзелам Аліны Талай і Юрыя Жыгамонта. Падчас першай і другой сустрэчы вучні 10-х класаў задавалі нашым гасцям пытанні. Цяпер дзеці іх апрацоўваюць”, — дзяліўся зместам сваёй інавацыйнай дзейнасці Павел Іванавіч.
У гэтым годзе ў гімназіі адважыліся на ўдзел у Міжнародным конкурсе эсэ і рэцэнзій на зададзены фільм “Па той бок экрана — 2016”. Вучаніца П.І.Лічэўскага Вераніка Буткевіч заваявала на ім 2-е месца. Яна пісала работу на фільм “Бен Ікс”. Гэта бельгійскі мастацкі фільм 2007 года пра маладога чалавека з сіндромам Аспергера. Вельмі цікавае кіно, таму мяркую, што Вераніка пісала захоплена.
“Калі гаварыць пра педагогаў-медыяадукатараў з Чэхіі, то заўсёды цікава сустракацца з тымі, хто любіць сваю прафесію і захоплена пра яе расказвае, — спыніўся на апошнім семінары Павел Іванавіч. — А з чэшскімі педагогамі сустракаюся ўжо другі раз (яшчэ была сустрэча з медыяадукатарам са Швецыі). Карысна тое, што яны менавіта практыкі, расказваюць і паказваюць тое, што рабілі і робяць самі.
Напрыклад, сустрэча са спецыялістам са Швецыі была карыснай інфармацыяй пра сістэму работы з экраннымі медыя (як яны ствараюць сваё школьнае тэлебачанне). Мы павучыліся стварэнню рэпартажу, рабоце з медыятэкстамі. У гэты раз да нас завіталі чэшскія настаўнікі пачатковых класаў і гісторыі. Настаўнік пачатковых класаў дзяліўся праектнымі метадамі работы, а настаўнік гісторыі паказваў, як яны працуюць з картамі, карыкатурамі. Гэтыя ж віды дзейнасці можна выкарыстаць і на ўроку літаратуры”.
Настаўнік павінен мяняцца разам з усім светам і ў будучыні бачыць не толькі праблемы, але і перспектывы, не скарацца новаўвядзенням, а актыўна выкарыстоўваць іх магчымасці і перавагі. Натаўніка вельмі добра ўспрымаюць, калі ён прыходзіць да вучняў з цікавымі прапановамі. Такімі думкамі падзяліўся ў канцы нашай размовы Павел Іванавіч. Для правядзення ўрокаў яму падабаецца звяртацца да інтэрнэт-рэсурсаў. Ён паспеў ужо асвоіць Plickers, QR-коды. І гэта толькі пачатак, які натхняе і яго калег.