Інтэрнэт – гэта не сметніца, а інструмент фармавання крытычнага мыслення

Роўна тры гады таму педагогі Беларусі распачалі праграму ўкаранення медыяадукацыі ў школьнае выкладанне. Чаго мы дасягнулі за гэты час? Чым можам пахваліцца і што трэба палепшыць у сваёй працы? Як фармуюць медыяграматнасць вучняў педагогі ў іншых краінах? Як ацэньваць медыйныя кампетэнцыі? Што ёсць індыкатарам развітага крытычнага мыслення і медыяграматнасці?
На гэтыя і іншыя пытанні адказвалі ўдзельнікі з Беларусі, Швецыі і Украіны, якія сабраліся 7 лістапада 2016 г. на міжнародную практычную канферэнцыю «Медыяадукацыя і медыяграматнасць у інфармацыйным свеце».
Прапануем кароткія тэзы, якія прагучалі ў дакладах.

Беларускія медыяадукатары.

Беларусы выступілі камандай. Менавіта гэта каманда распрацавала шляхі ўкаранення медыяадукацыі ў выкладанне школьных прадметаў.

https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/14976531_10211137392136403_6429582657404500447_o.jpg

Своеасаблівым беларускім know-how з’яўляецца створаны год таму дыстанцыйны курс падтрымкі настаўнікаў. Каб дасягнуць вынікаў ён павінен быць доўгатэрміновым (каб настаўнікі і вучні не спяшаліся, не перагружаліся, мелі час прайсці шлях ад усведамлення мэтаў да практычнага іх увасаблення), практычным (усе заданні па ўкараненні медыя ў навучальны працэс трэба выконваць на сваіх занятках разам з вучнямі), інтэрактыўным (у працэсе выканання заданняў ствараецца супольнасць ментараў, настаўнікаў і экспертаў, якая ўзаемадзейнічае, супрацоўнічае, дапамагае дасягнуць вынікаў, калі трэба – нешта змяняе ў заданнях, абмяркоўвае вынікі і шукае новыя шляхі).
Вынікам трохгадовай працы медыяпедагогаў Беларусі стала папулярнасць і запатрабаванасць медыяадукацыі ў педагагічнай супольнасці. Некалькі дзясяткаў школаў маюць інавацыйныя пляцоўкі па фармаванні медыяграматнасці і медыякультуры, якія зацверджаныя Міністэрствам адукацыі; семінары па тэме вядуцца ў АПА і НІА; пакрысе наладжваецца міжсектарнае супрацоўніцтва. Хаця поспехі не варта перабольшваць – пакуль большасць працы ў медыяадукацыйным кірунку трымаецца на энтузіястах.
Беларусы таксама прэзентавалі свой дапаможнік-навігатар «Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў», які быў высока ацэнены замежнымі гасцямі.

Ёран Андэрсан, медыяпедагог, стваральнік сайта mediekompass.se, Швецыя.
Ёран Андэрсан паказаў на прыкладах, як важна мець незалежныя медыя і свабоду слова для існавання дэмакратычнага грамадства, развязвання канфліктаў.

https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/15016386_1167749669959267_4782576011909611706_o.jpg

У Швецыі медыяадукацыя мае важнае значэнне ў сувязі з эміграцыйным крызісам і камерцыялізацыяй медыя. Толькі медыйнаграматныя людзі змогуць вырашыць, як ставіцца да Wikileaks, што рабіць з пірацкім кантэнтам… Сёння купка экстрэмістаў, на якую раней можна было не звяртаць увагі, з дапамогай інтэрнэту і сацыяльных медыя можа распаліць ксенафобію, падвысіць узровень агрэсіі ў грамадстве. 59 працэнтаў артыкулаў, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных СМІ, не чытаюцца да канца. Вучні павінны ведаць, што сацыяльныя сеткі поўняцца дэзынфармацыяй, прапануюць тэсты, віктарыны, каб даведацца пра нас больш. «Мы – прадукт, які "Фэйсбук" прадае сваім рэкламадаўцам» – робіць выснову Ёран Андэрсан.
Мэдыя мяняюць свет.
https://i.guim.co.uk/img/media/cdcdf73298322bf44c83c1788aa8fb642f3d3c25/0_37_1200_720/master/1200.jpg?w=860&q=20&auto=format&usm=12&fit=max&dpr=2&s=e951826454e7dd2abca7f2e51998a16aКрыніца
Гэта фота паказвае, як людзі сустракаюць Хілары Клінтан. Добрая дэманстрацыя таго, як медыя і гаджэты змянілі паводзіны натоўпу.

Ёран прадэманстраваў ролік, які рэкамендуе выкарыстоўваць у працы з падлеткамі.

Магчыма, некаторыя дзяўчынкі пасля яго прагляду пазбавяцца комплексаў, звязаных са сваёй знешнасцю.
Прэзентацыя з выступу Ёрана Андэрсана тут.

Аксана Валашанюк, Акадэмія Украінскай прэсы, Кіеў, Україна.

Аксана Валашанюк расказала пра шлях, які прайшлі ўкраінскія педагогі ў медыяаадукацыі. Сёння яны маюць 6 базавых дапаможнікаў для настаўнікаў, бібліятэкараў, трэнераў, якія фармуюць медыяграматнасць не толькі вучняў, але і дарослага насельніцтва.

https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/14976928_1167753776625523_7911578478430655260_o.jpg
Паводле яе слоў, медыяграматнасць ужо не знікне са школьнай праграмы.
Падрыхтавана Канцэпцыя новай украінскай школы. Асноўным кампанентам новай украінскай школы зʼяўляецца новы змест адукацыі, які закліканы фармаваць у асобы неабходныя для паспяховай самарэалізацыі ў грамадстве кампетэнцыі.

Кампетэнцыі – гэта дынамічная камбінацыя ведаў, уменняў, каштоўнасцяў, якія вызначаюць здольнасць асобы паспяхова вырашаць жыццёвыя праблемы, здольнасць у далейшым вучыцца і весці прафесійную дзейнасць.

Канцэпцыяй прадугледжана 10 ключавых кампетэнцый: зносіны на дзяржаўнай (і роднай, у выпадку адрознення) мове, зносіны на замежных мовах, матэматычная пісьменнасць, кампетэнтнасць ў прыродазнаўчых навуках і тэхналогіях, інфармацыйная і лічбавая кампетэнтнасць, уменне вучыцца на працягу жыцця. А таксама сацыяльныя і грамадскія кампетэнцыі, прадпрымальнасць, агульнакультурная, экалагічная пісьменнасць і здаровы лад жыцця.

Клас Віклунд, медыяпедагог, журналіст, выкладчык вышэйшай музычнай школы, Стакгольм, Швецыя.

Клас Віклунд зрабіў акцэнт на працу з відэа.

https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/klas.jpg

Сёння падлеткі большую частку свайго вольнага часу праводзяць за слуханнем музыкі і праглядам ролікаў на YouTube. Як гэта можна выкарыстаць настаўніку для навучання? Клас Віклунд прадэманстраваў музычны кліп, дзе Барак Абама спявае песню.

Насамрэч, кожная маленькая частка гэтага відэа – гэта праўдзівы ўрывак з прамовы. Аднак з дапамогай мантажу кавалачкі праўды ператвараюцца ў нешта іншае, што праўдай назваць немагчыма.
Такім чынам вучні даведваюцца, як з праўды медыя могуць зрабіць няпраўду.
Наступны кейс Класа Віклунда быў прысвечаны працы з цяжкімі падлеткамі. Ім было прапанавана замест навучання зняць фільм. Тэму і жанр навучэнцы выбралі самі: здымалі фільм жахаў пра школу. Аказалася, што з дапамогай фільма яны распавялі пра свой унутраны свет, пра праблемы школы, якія былі раней незаўважныя для настаўнікаў. Цяпер гэтыя падлеткі ездзяць па школах і распавядаюць пра свой досвед.

Матэрыял Класа Віклунда "Дванаццаць тэзісаў пра сутнасць сродкаў масавай інфармацыі"

Ніна Дземенціеўская, Нацыянальная акадэмія педагагічных навук, Україна.

Ніна Дземенціеўская лічыць, што асновай медыя-інфармацыйнай граматнасці з’яўляецца крытычнае мысленне.

https://nastaunik.eu/sites/default/files/news/image_extra/15000162_1167756863291881_9030813654884088841_o.jpg

Крытычнае мысленне – гэта пазітыўнае мысленне. Калі мы мыслім крытычна, мы выкрываем махлярства і маніпуляцыі, таму пачуваемся больш бяспечна і атрымліваем задавальненне (пазітыў) ад інфармаванасці. З гэтага пункту гледжання, інтэрнэт – гэты "сярэднявечны кірмаш неадфільтраваных спасылак" – можна разглядаць як эфектыўны інструмент для фармавання крытычнага мыслення.
Для малодшых школьнікаў можна мадэляваць сітуацыі. Бо яны не пакупнікі і не выбаршчыкі – у інтэрнэце дэзынфармацыі для іх мала.
З вучняў сярэдніх класаў можна сфармаваць дэтэктыўнае агенцтва, якое будзе выкрываць махлярства ў інтэрнэце. Такім чынам праз гульню дзеці прывучацца крытычна ставіцца да інфармацыі.
Навык крытычнай ацэнкі пераходзіць ва ўсвядомленую кампетэнцыю пасля 15-й удалай спробы, кажа Ніна Дземенціеўская.
Якія існуюць маркеры для ацэнкі надзейнасці інтэрнэт-крыніц? Як ацаніць медыя-інфармацыйныя кампетэнцыі, якія мы фармуем?
Менавіта на гэтым зрабіла акцэнт дакладчыца ў сваёй прэзентацыі.
Прэзентацыя "Фармаванне і ацэньванне ўменняў крытычна мысліць і ацэньванне ўменняў крытычна ацэньваць інтэрнэт і медыярэсурсы"

Сайт Ніны Дземенціеўскай "Інструменты ацэнкі навыкаў крытычнага мыслення, медыяграматнасці на сайце Трэнінга па крытычнаму ацэньванню інтэрнэт-рэсурсаў

Фота Н.Нікалаевай, Ё. Андэрсана