Свае нататкі пра прыроду і культуру Швецыі напісала ўдзельніца навучальнай вандроўкі Вольга Жыткая, настаўніца біялогіі з Вушачаў.
Летняя школа па медыяадукацыі праходзіла 15 – 21 мая 2016 г. у г. Кальмары. Разам навучаліся і абменьваліся досведам па медыяадукацыі настаўнікі з Беларусі, Швецыі, Украіны і Польшчы. Арганізоўвала вандроўку для беларускіх настаўнікаў Таварыства беларускай школы па запрашэнні інстытута FOJO, які ўваходзіць у сістэму ўніверсітэта Карла Лінея.
Дзень прыроды і культуры
Так быў названы пяты дзень нашай летняй школы ў Кальмары. Але можна сказаць, што на працягу ўсяго часу знаходжання ў медыялетніку, мы кожны дзень атрымлівалі новую порцыю ведаў аб культуры Швецыі і шведаў. А прырода кожны дзень прапаноўвала нам свае сюрпрызы і цікавосткі.
Перш чым распавесці пра падарожжа на востраў Эланд, хочацца трошкі расказаць пра прыроду, надвор’е і сам Кальмар.
Першы дзень сустрэў нас дажджом і моцным ветрам. Таму на наступны дзень ранішняе знаёмства з наваколлямі Кальмара праходзіла пешшу і пад парасонам. Але гэта не сапсавала нам настрой. Першае, што мы зрабілі, - знайшлі дарогу да пляжа, адкуль можна было палюбавацца Балтыйскім морам. Уразіла шмат птушак, якія зусім не баяцца людзей! Я ніколі не бачыла, каб на вадзе ў рысе горада чомга зрабіла сваё гняздо і спакойна сядзела на яйках, а самец плаваў вакол гнязда. Чаплі дзелавіта займаліся паляваннем, не звяртаючы на нас ніякай ўвагі.
Шведскія дамы ўражвалі сваімі невялічкімі памерамі, прыгожымі дагледжанымі газонамі, вялікай колькасцю родадэндронаў, цюльпанаў, якія квітнелі рознымі колерамі. Асаблівае здзіўленне выклікалі ў нас зайчыкі, якія спакойна перамяшчаліся па вуліцах горада! Спачатку мы засумняваліся, можа гэта трусікі, але Ёран развеяў нашы сумневы. Гэта былі сапраўдныя зайцы. Яшчэ адразу кінулася ў вочы, што няма бяздомных сабак і катоў. Замест іх - зайцы!
Дождж ішоў цэлы дзень, таму было вырашана купіць дажджавікі. Ведаеце, адразу ж адбылася цікавая рэч. Як шведскі мультыплікацыйны персанаж Карлсан, апрануўшыся ў прасціну, напужаў рабаўнікоў, так мы, беларускія настаўнікі, апрануўшы дажджавікі, распужалі шведскія дажджавыя хмары. Уявіце сабе відовішча, калі з магазіна па вуліцы на роварах едзе група беларускіх настаўнікаў з 15 чалавек ў чырвоных дажджавіках! Пасля гэтага адразу скончыўся дождж і цудоўнае надвор’е спрыяла нам на працягу ўсяго знаходжання ў Швецыі!
Калі мы прыехалі ў гасцявы дом, дзе павінны былі жыць, нам выдалі тры ключы: ключ ад пакоя, дзе мы жылі па аднаму (сапраўдная павага да права чалавека на асабістае жыццё!), ключ ад ровара (у кожнага быў уласны ровар!), ключ з паролем ад Wy-Fy. Канечне, упусціць магчымасць карыстацца роварам так, як табе хочацца, было немагчыма. Адразу сабралася група аматараў роварных вандровак, кожную раніцу і вечар мы выбіралі новыя маршруты для знаёмства з горадам і яго наваколлямі. Дарэчы, вандроўка на роварах дастаўляе вялікае задавальненне. Па-першае, гэта самы масавы від транспарту ў Швецыі. Па-другое, тут развітая культура катання на роварах. Ёсць спецыяльныя роварныя дарожкі, тратуар падзелены на паласу для пешаходаў і для ровараў. Існуе адпаведная павага пешаходаў, кіроўцаў аўтамабіляў і раварыстаў адзін да аднаго.
Асобна хочацца сказаць некалькі слоў пра нашу перакладчыцу, Марыю. Гэта сціплая прывабная жанчына ўразіла нас сваім прафесіяналізмам, адказнасцю, чуласцю, тонкімі манерамі. Разам з ёй мы не адувалі сябе адзінока ў чужой краіне. Яна для нас яшчэ была і цудоўным гідам, правяла экскурсію па старому гораду, распавяла пра гісторыю ўзнікнення назвы горада, яго ўзнікнення, пра Кальмарскі замак, крыху паглыбіліся мы і ў гісторыю Швецыі. Аказалася, што на працягу 250 гадоў на тэрыторыі гэтай краіны не было войнаў! Менавіта таму тут жывуць спакойныя, добразычлівыя людзі, скрозь (як у прыродзе, так і ў народзе) пануе павага, спакой і дабрабыт. Можна назіраць карціны добразычлівага суседства паміж сабакамі, якіх выгульваюць гаспадары, і гусямі ды качкамі, якія спакойна рухаюцца па газонах уздоўж каналаў і ў парку. Каб хаця адзін сабака кінуўся на птушку! Вось табе і выхаванне!
Надышоў дзень падарожжа на востраў Эланд. Напярэдадні ўвечары Ёран прапанаваў нам памаліцца ўсім нябесным багам, каб не было дажджу. З самай раніцы цудоўны настрой наладзіўся дзякуючы сонечнаму надвор’ю, прагулцы на роварах ў гарадскі парк, дзе атрымалі моцны зарад цюльпанатэрапіі, ад фатаграфавання квітнеючых сакураў і магнолій, прывітання з качкамі парка, якія віталі нас адразу на ўваходзе ў парк, любавання матуляй-качкай з маленькімі качанятамі. Карацей кажучы, дзень удаўся ад самага пачатку!
Пасля сняданку на камфартабельным аўтобусе рушылі на востраў. Ёран аказаўся выдатным гідам. З дапамогай Марыі, якая суправаджала нас падчас экскурсіі, мы даведаліся не толькі пра гісторыю вострава, яго ролю ў жыцці Швецыі, але атрымалі шмат цікавых звестак пра гісторыю, геаграфію, жывёльны і раслінны свет вострава.
Эланд – другі па велічыні востраў Швецыі, даўжыня яго прыблізна 200 км, шырыня – 10 км, з усіх бакоў абмываецца Балтыйскім морам. Шлях з мацерыка на востраў пралягае праз мост даўжынёй 7 км, які пабудаваны ў 1972 годзе. Пакуль мы ехалі па ім, любаваліся неабсяжнымі прасторамі спакойнага Балтыйскага мора і рабілі цікавыя фотаздымкі.
Востраў размешчаны на вапняковым плато. Урадлівы слой зямлі невялікі па таўшчыні, у асноўным размяшчаецца па ўзбярэжжы. Адметная рыса сельскай гаспадаркі вострава – існаванне вёсак, у нязменным выглядзе захаваліся пашы для кароў. На мацерыковай частцы Швецыі пасля сельскагаспадарчай рэформы вёскі зніклі, з’явіліся хутары. Калі на мацерыковй часцы Швецыі дамы пабудаваны найбольш з драўніны, то на востраве шмат пабудоў з камянёў, таму што шмат каменяломняў. Адрозніваюцца і крыніцы энергіі. На мацерыку – гідраэлектрастанцыі і атамныя станцыі, на востраве энергія здабываецца з дапамогай ветракоў, якія размешчаны ўздоўж узбярэжжа, і гасцінна віталі нас сваімі доўгімі лопасцямі. На востраве захавалася шмат гістарычных помнікаў, якім 1,5-2000 гг. А ўздоўж дарогі ганарліва стаяць маленькія драўляныя млыны. Жыхары і кіраўніцтва іх падтрымлівае, як неад’емную часцінку гісторыі вострава. Увогуле, паўднёвая частка вострава аб’яўлена Сусветнай спадчынай ЮНЭСКА з-за яго ўнікальнай флоры і фауны, багатай гісторыі.
Цэнтральная частка вострава – вапняковае плато Альварэт, дзе выходзіць на паверхню горная парода, - уяўляе сабой тэрыторыю с нізкай расліннасцю, вялікай колькасцю лішайнікаў, ядлоўцаў.
На востраве з даўніх часоў жыве шмат аленяў, таму ў сярэднія вякі і новы час былі створаны каралеўскія паляўнічыя ўгоддзі. Каб простыя людзі не перашкаджалі каралеўскаму паляванню, па загаду караля ў 1654 годзе пабудавалі каменную сцяну, якая аддзяляла паўднёвую частку вострава. А яшчэ Ёран расказаў легенду. Мясцовым жыхарам нельга было трымаць сабак, каб яны не перашкаджалі займацца паляваннем каралеўскім асобам, а калі людзі трымалі, то сабаку адсякалі адну лапу, каб не лавіў звяроў. Бо паляваць мог толькі кароль! Зараз каралеўскія ўгоддзі перайшлі дзяржаве, і сюды прыязджаюць на фотапаляванне за птушкамі арнітолагі.
Яшчэ гэты востраў славіцца сваімі архідэямі. Так-так, архідэямі! На востраве расце і ахоўваецца дзяржавай больш за 30 відаў архідэй. Кожную вясну тысячы паломнікаў прыязджаюць на востраў палюбавацца архідэямі. Калі Ёран паабяцаў, што мы пабачым, як цвітуць архідэі, я была здзіўлена. Як спажыўцы, мы любуемся архідэямі на паліцах кветкавых магазінаў, вокнах кватэр.У нашых падручніках па біялогіі пра іх нічога не напісана, у дапаможніках для кветкаводаў напісана, што гэта эпіфітныя расліны і растуць яны ў трапічных лясах на ствалах дрэў, выпускаючы паветраныя корні. Таму мне, як настаўніку бялогіі, было цікава пачуць, што у Швецыі растуць архідэі! Ёран нават спецыяльна за дзень да нашай экскурсіі адправіўся на востраў, каб пераканацца, што мы сапраўды пабачым гэтыя кветкі! Вось такі ён клапатлівы і адказны чалавек! Звесткі пра шведскія архідэі мяне зацікавілі, захацелася пашукаць больш інфармацыі ў іншых крыніцах. Нажаль, у Інтэрнэце няшмат інфармацыі пра архідэі ў Беларусі. Цяпер я буду сваім вучням паказваць на ўроках батанікі фота архідэяў з вострава Эланд і расказваць пра разнастайнасць гэтых незвычайных кветак. Вось такі атрымаўся цудоўны прыклад практычнай медыяадукацыі.
Першым прыпынкам на востраве была крэпасць Экеторп. Пабудавана яна каля 300 гадоў пасля пасля нараджэння Хрыстова. Жыццё і гісторыя крэпасці падзелена на 3 перыяды ажно да 1170-1240 гг. У варотах нас гасцінна сустрэла гаспадыня Габрыэла (яна ж была і экскурсаводам) ў нацыянальнай вопратцы, якую насілі жанчыны вострава. Ад Габрыэлы мы пачулі расказ пра гісторыю крэпасці, жыццё людзей вострава і крэпасці, іх быт, гандаль, культуру, гісторыю вопраткі. На тэрыторыі крэпасці рэканструяваныя дамы, у якіх жылі людзі; хлявы, дзе трымалі жывёлу, тамсама жылі рабы. Прычым пабудовы адпавядалі розным перыядам жыцця крэпасці.
На шляху з крэпасці да аўтобуса Ёран паказаў нам расліну, якая расце і ў нас, у Беларусі. Гэта Тавалга звычайная або Лабазнік. Ёран распавёў нам пра шведскую традыцыю, якую ён разам з жонкай выканаў напярэдадні вяселля сына. На каранях расліны ёсць патаўшчэнні, так званыя арэшкі. Іх выкопваюць, высушваюць, пераціраюць і дадаюць у муку, з якой пякуць хлеб для нявесты. Гэты хлеб бацькі жаніха дораць нявесце як сімвал багацця і дабрабыту ў сям’і.
Наступным прыпынкам нашай экскурсіі стала паўднёвая кропка вострава на тэрыторыі мясцовасці Отэнбі, куды з’язджаюцца арнітолагі, каб паназіраць за птушкамі і не толькі. Тут нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Ёран паказаў нам від цюленяў, які пражывае на гэтай мясцовасці. Гэта даўгаморды цюлень (Halichoerus grypus). Няўзброеным вокам яго цяжка разгледзець. Але тут нам дапамог бінокль, які заўсёды носіць з сабой Ёран, калі выязджае на прыроду. Спачатку нам здавалася, што на беразе мора ляжаць камяні, якія пабліскваюць на сонцы. Колькі было радасці і захаплення, калі ў бінокль разгледзелі ў гэтых камянях цюленяў! Ды іх было так шмат! Яны спакойна ляжалі хто на камянях, хто проста на беразе на сваіх баках, грэючыся ў промнях цёплага травеньскага сонца, ляніва падымаючы галовы, быццам бы сачылі за намі, людзьмі. А такіх назіральнікаў, як мы, было шмат!
Яшчэ тут жа стаіць маяк, які называецца Доўгі Ян (а на паўночным мысе вострава - маяк Доўгі Эрык). Гэта самы высокі маяк у Швецыі, вышыня якога складае 42 метры. Жадаючыя маглі падняцца на аглядальную пляцоўку, адкуль адкрываюцца дзівосныя краявіды Балтыйскага мора і вострава! Нават з вышыні маяка разгледзелі на камяні цюленя. Хтосьці налічыў да вяршыні маяка 167 цэментных прыступак. Але на аглядальную пляцоўку вялі яшчэ і металічныя прыступкі. Пакуль прайшлі цэментныя, задыхаліся, колькасць металічных прыступак не адолелі палічыць дакладна: хтосьці налічыў 27, хтосьці 28.
Вось такая цікавая форма навучання адбылася ў нас у заключны дзень нашага знаходжання ў Кальмары. Атрымалі шмат інфармацыі пра гісторыю, культуру і прыроду вострава, і Швецыі ўвогуле.
А для сябе, як для настаўніка біялогіі, знайшла шмат цікавых звестак і фактаў, метадаў і форм працы, якія дапамогуць зрабіць мае урокі медыяадукацыйнымі.