Надзея Нікалаева, zviazda.by
Днямі Facebook памылкова паведаміў пра смерць некалькіх сотняў сваіх карыстальнікаў, апублікаваўшы ў іх акаўнтах адпаведныя банеры. Такое пасланне з'явілася і на старонцы заснавальніка сацыяльнай сеткі Марка Цукерберга. Дзясяткі людзей падзялілся скрыншотамі сваіх «увекавечаных» старонак. А супрацоўнікі Facebook прынеслі прабачэнні «ахвярам» тэхнічнай памылкі...
Ёран Андэрсан: «59 працэнтаў усіх артыкулаў, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных медыя, не чытаюцца да канца...»
Бацькоў у сябры не дабаўляем?
Каб зразумець, які ўплыў на карыстальнікаў інтэрнэта маюць Facebook і іншыя сацыяльныя сеткі, дастаткова прывесці некалькі фактаў. Менш чым за год Facebook прыцягнуў больш як 200 мільёнаў карыстальнікаў, у той час як тэлебачанню, каб сабраць вакол сябе 60 мільёнаў чалавек, спатрэбілася 13 гадоў. Сёння Facebook — трэцяя «краіна» ў свеце пасля Кітая і Індыі з колькасцю «насельніцтва» 600 мільёнаў чалавек. Кожныя 20 хвілін у Facebook распаўсюджваецца адзін мільён спасылак. Кожную гадзіну 4,5 мільёна чалавек атрымліваюць у сетцы запрашэнне на якое-небудзь мерапрыемства. Палова ўсіх карыстальнікаў праводзіць за стасункамі ў сацыяльнай сетцы ад адной да пяці гадзін у тыдзень. Штохвілінна 100 тысяч чалавек становяцца ў Facebook сябрамі. У кожнага карыстальніка ў сябрах у сацыяльных сетках — у сярэднім 195 чалавек. А колькасць «фаловераў» у Эштана Катчара і Брытні Спірс параўнальная з насельніцтвам Ірландыі і Нарвегіі.
Больш як 90 працэнтаў з тых, хто нарадзіўся ў XXІ стагоддзі, маюць акаўнты ў розных сацыяльных медыя. Між іншым, старэйшаму пакаленню ёсць над чым задумацца: 80 працэнтаў «жыхароў» сацсетак давяраюць меркаванню сваіх анлайн-сяброў больш, чым сябрам у рэальным жыцці. Статыстыка таксама сведчыць, што дзякуючы сацыяльным сеткам у 26 разоў вырасла колькасць сексуальных злачынстваў супраць непаўналетніх. 10 гадоў — сярэдні ўзрост, з якога пачынаецца самастойнае карыстанне сацыяльнымі сеткамі. Толькі 32 працэнты дзяцей пагаджаюцца дабавіць у сябры сваіх бацькоў. Пры гэтым 80 працэнтаў дарослых лічаць, што яны ведаюць, чым займаюцца іх дзеці ў інтэрнэце, а 31 працэнт дзяцей упэўненыя ў адваротным.
Не распаўсюджваем, а чытаем да канца!
— Дарослыя, якія думаюць, што з дапамогай устаноўленых на камп'ютары фільтраў яны могуць абараніць дзяцей ад непажаданай інфармацыі, моцна памыляюцца. Падлеткі прызнаюцца, што паролі яны ўзламваюць ужо на другі дзень, — канстатуе навуковы супрацоўнік Інстытута інфармацыйных тэхналогій і сродкаў навучання Нацыянальнай акадэміі педагагічных навук Украіны, медыятрэнер Ніна ДЗЕМЕНЦІЕЎСКАЯ. — Таму галоўным унутраным фільтрам і асновай медыяінфармацыйнай граматнасці павінна стаць развіццё ў падрастаючага пакалення крытычнага мыслення плюс веданне стратэгій і інструментаў для выкрыцця махлярства ў інтэрнэце.
Адзін з аўтараў тэхналогіі крытычнага мыслення Чарльз Тэмпл назваў інтэрнэт «сярэднявечным кірмашом неадфільтраваных спасылак». І ён меў рацыю.
— Пэўны час таму з'явілася новае паняцце — «вірус аглядальніка», — расказвае шведскі медыяпедагог, стваральнік сайта medіekompass.se Ёран АНДЭРСАН. — Што гэта такое? У Швецыі 71 працэнт маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 22 гадоў штодзень глядзяць YouTube. Мая стужка ў сацыяльных медыя таксама пастаянна папаўняецца ролікамі з гэтага відэахостынгу, таму што сябры пастаянна яго праглядаюць і дзеляцца самымі, на іх погляд, цікавымі сюжэтамі.
Адна з самых папулярных тэм у Швецыі, безумоўна, Нобелеўская прэмія. Гэта падзея прымушае кожны год людзей з усяго свету звярнуць увагу на нашу краіну. І калі летась усе апладзіравалі нобелеўскай лаўрэатцы па літаратуры Святлане Алексіевіч, то ў гэтым годзе пасля абвяшчэння імя новага лаўрэата меркаванні ў грамадстве падзяліліся. Адзін з сатырычных сайтаў размясціў паведамленне пра тое, што Боб Дзілан адмаўляецца ад Нобелеўскай прэміі. Гэтым артыкулам карыстальнікі падзяліліся аж 27 тысяч разоў. Ён аказаўся на другім месцы па колькасці перапошчаных у сетках за тыдзень. У маёй стужцы на Facebook таксама секунда за секундай з'яўлялася гэтае паведамленне, якім дзяліліся сябры. І я таксама паверыў у навіну: падумаў, што Бобу Дзілану ўсё можна... Але гэта аказаўся жарт. Атрымліваецца, што інтэрнэт-карыстальнікі слепа вераць усяму, што пішуць у сеціве, ці ў нас проста не хапае часу, каб прачытаць паведамленне да канца?
Некалькі тыдняў таму адзін са шведскіх журналістаў напісаў у буйной газеце цудоўны артыкул з наступным анонсам: «Навукоўцы сцвярджаюць, што людзі, якія не чытаюць кніг, разумнейшыя за тых, хто іх чытае». Далей паведамлялася, што ў даследаваннях узялі удзел 10 тысяч чалавек. Навукоўцы змаглі дакументальна пацвердзіць той факт, што людзі, якія чытаюць кнігі, маюць горшую здольнасць аналізаваць: паколькі яны чытаюць гатовыя тэксты , у іх быццам бы пагаршаецца здольнасць успрымаць рэчаіснасць. Таму зараз ва ўсіх школах рэкамендуюць выкінуць усе кнігі. У артыкуле быў загаловак, затым пяць сказаў пра высновы даследчыкаў, і толькі ў шостым было напісана: «Не, я проста жартую. Такога ідыёцкага даследавання не праводзілася. Аднак вынікі іншага даследавання сцвярджаюць, што 59 працэнтаў усіх артыкулаў, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных медыя, не чытаюцца да канца. А мы проста атрымліваем задавальненне ад таго, што выставілі ў сваёй стужцы артыкул з цікавым загалоўкам і анонсам. Такім чынам, 6 з 10 чалавек, якія падзеляцца гэтым артыкулам, не дачытаюць яго да канца і будуць лічыць, што калі ты не прачытаў ніводнай кніжкі, то разумнейшы за іншых. Варта задумацца... Адказнасць ляжыць на нас. Гэта мы з вамі ствараем трафік пэўным артыкулам...»
Як нас «прадаюць» у інтэрнэце?
З новых пагроз, якія з'явіліся апошнім часам, Ёран Андэрсан адзначае з'яўленне шматлікіх вэб-старонак з нянавісцю, неанацысцкіх і праваэкстрэмісцкіх сайтаў. Сёння купка экстрэмістаў, на якую раней можна было не звяртаць увагі, з дапамогай інтэрнэту і сацыяльных медыя можа распаліць ксенафобію і павысіць узровень агрэсіі ў грамадстве.
— Яны ўпакоўваюць сваю няпраўду вельмі прафесійна, дадаюць ёй акадэмічнасці, — кажа Ёран Андэрсан. — Адзін з апошніх прыкладаў — форум жывой гісторыі на адным з універсітэцкіх сайтаў. Менавіта там з'явілася "Праўдзівая гісторыя" (яна так і называлася) пра тое, што яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны ніхто не знішчаў, а канцлагер Аўшвіц (Асвенцым — Аўт.) — гэта гістарычная фальсіфікацыя, створаная Савецкім Саюзам.
Клас ВІКЛУНД, журналіст, медыяпедагог, выкладчык Вышэйшай музычнай школы ў Стакгольме падкрэслівае, што ў Швецыі дзяцей вучаць медыяграматнасці не для таго, каб яны потым працавалі ў медыясферы, а для таго, каб крытычна ставіліся да медыя:
— Усе СМІ працуюць на камерцыйнай арэне. Прычым часцей за ўсё працуюць яны як крывое люстэрка. Адны падзеі ў свеце атрымліваюць вельмі шмат увагі, іншыя — наадварот, вельмі мала. Але задача медыяадукацыі — не выпраўленне карцінкі, а разуменне таго, як працуе крывое люстэрка, — тлумачыць Клас Віклунд. — Вельмі важна, каб чалавек мог распазнаць камерцыйныя пасылы, якія яму пастаянна навязваюцца. Вучні павінны ведаць, што сацыяльныя сеткі поўняцца дэзынфармацыяй, прапануюць нам тэсты, віктарыны, каб даведацца пра нас больш. Мы часта думаем, што выкарыстоўваем інтэрнэт, каб адукавацца і атрымаць карысную інфармацыю, а на самай справе нас там разглядаюць і аналізуюць тыя, хто хоча прадаваць рэкламу. Мы — прадукт, які сацыяльныя сеткі прапануюць сваім рэкламадаўцам.
«Магія» сетак...
— Сёння інтэрнэт стаў другой рэчаіснасцю. Гэта месца для стасункаў, абмену інфармацыяй, яе пошуку, задавальнення сваіх унутрыасабовых патрэб, маркетынгу, адукацыі і г.д. Усе мы імкнёмся да ўвагі, хочам быць паспяховымі, выдаткоўваючы на гэта як мага менш асабістых рэсурсаў, — дзеліцца сваім бачаннем сітуацыі педагог-псіхолаг лідскай сярэдняй школы № 11 Артур АДАМОВІЧ. — І сацыяльныя сеткі цудоўна спраўляюцца з гэтай задачай. Бо ўсяго толькі патрабуецца запампаваць асабістае фота і дадаць да яго тэкставую інфармацыю (часцей за ўсё, выдуманую) або зрабіць «рэпост» нейкага тэксту з суполкі — і мы атрымліваем вялікую колькасць «лайкаў» і каментарыяў. Гэта якраз і ёсць тая самая ўвага, прызнанне... Да таго ж ёсць магчымасць прызнанне «рэгуляваць»: дастаткова проста выдаліць непажаданы каментар ці адправіць у чорны спіс нязручнага сябра... Часта такія паводзіны прыводзяць да інфантылізму, кліпавага мыслення і залежнасці. Жаданне вылучыцца, быць не як усе, кампенсаваць тое, чаго на самай справе няма ў чалавека, дэманстрацыя і перабольшанне сваіх якасцяў... Вось чаму сацыяльныя сеткі гэтак прыцягваюць дзяцей і падлеткаў.
Новае пакаленне, якое літаральнае жыве ў сеціве, перастае сумнявацца ў тым, што праўда, а што мана, перастае быць крытычным да сябе і свету, маладыя людзі проста знаходзяцца ў лавіне інфармацыі і «спажываюць» у першую чаргу тую, якая з'яўляецца найбольш камфортнай для засваення, — так бы мовіць, «лёгкакаларыйную».
Інфармацыйны фаст-фуд прыводзіць да стомленасці мозгу, які «аб'ядаецца» інфармацыяй. Вядомы піяршчык Джэк Траўт параўнаў мозг чалавека з губкай, перапоўненай вадой. У такой сітуацыі, каб палегчыць сваю долю, ён пачынае браць толькі самае лёгкае і яркае, а ўсё, што патрабуе разважанняў, ігнаруе. З экранаў мы атрымліваем толькі мноства слабазвязаных паміж сабой фактаў. Адсутнічае логіка, губляецца прычынна-следчая сувязь... Псіхолагі лічаць, што чалавек экраннага мыслення больш павярхоўна ўспрымае інфармацыю. Не ўнікаючы ў яе змест, ён з гатоўнасцю дае ёй ацэнку: прычым хутка і катэгарычна. А самае галоўнае — жывыя чалавечыя стасункі (тварам да твару) — робяцца сучаснаму чалавеку проста ў цяжар. Тымі, хто праводзіць асноўную частку жыцця ў віртуальнай прасторы, значна лягчэй маніпуляваць...
Роўна тры гады таму беларускія педагогі распачалі праграму ўкаранення медыяадукацыі ў школьнае выкладанне. Стварылі дыстанцыйны курс падтрымкі настаўнікаў. Напісалі дапаможнікі па медыяадукацыі. Сёння некалькі дзясяткаў школ маюць інавацыйныя пляцоўкі па фарміраванні медыяграматнасці і медыякультуры, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі. Аднак усе ўпэўненыя, што асноўная праца па фарміраванні ў вучняў крытычнага мыслення яшчэ наперадзе. Каб выйграць бітву з інфармацыйнай прасторай, намаганняў толькі энтузіястаў будзе недастаткова...