Аксана Ярашонак, Рэгіянальная газета
– Мама, мне сорамна. Я сёння ў класе дзяўчынку падманула. Яна папрасіла мабільнік, каб пагуляць, а я не дала. Сказала, што батарэя села. Не таму, што мне шкада. Проста ў нас у школе мабільнікамі карыстацца не дазваляюць. Я яго дастаю вельмі рэдка, толькі калі табе патэлефанаваць трэба.
Такая споведзь уласнага дзіцяці падштурхнула заняцца тэмай "мабільнікі ў школе". Ці забараняюць дзецям карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў школах нашага рэгіёна? Наколькі мабільнікі перашкаджаюць навучанню? Што думаюць на гэты конт самі вучні, настаўнікі, спецыялісты? І калі раптам мабільнік у школе згубіцца, хто будзе адказваць?
Гуляеш у мабільнік на ўроках – бацькі забяруць тэлефон у кабінеце дырэктара
У Ільянскай школе на Вілейшчыне мабільнікі не забароненыя. Але тут ёсць дакумент, у якім прапісана, што школа не нясе адказнасці за мабільнікі, планшэты, калонкі і іншыя падобныя рэчы, якія вучні прыносяць на ўрокі.
Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Людмілы Мікуліч, на бацькоўскіх сходах бацькам кожны раз нагадваюць пра гэта і просяць не даваць у школу дарагія мабільныя тэлефоны і планшэты.
Калі ўжо без мабільніка ніяк, то дастаткова самай простай мадэлі, каб дзіця магло звязацца з бацькамі, упэўненая намеснік дырэктара.
Хоць дакументальна педагогі і не адказваюць за дарагія рэчы, усё ж калі мабільнік губляецца, яго шукаюць усе. Як прызналася Людміла Мікуліч, і апытанне вучняў праводзяць, і рэчы правяраюць. Гэта пра тым, што ў настаўнікаў і так працы дастаткова.
Але часцей здараецца, што вучні губляюць тэлефоны самі. Некалі зімой у дзяўчынкі знік мабільнік. Бацькі напісалі заяву ў міліцыю. Супрацоўнікі органаў прыходзілі ў школу. Праводзілі работу разам з адміністрацыяй. А вясной, калі сышоў снег, мабільнік знайшлі на клумбе ля школы.
Карыстацца тэлефонамі ў час урокаў, вядома, нельга. Калі ж вучні ні на забарону, ні на заўвагі настаўніка не рэагуюць, тады мабільнік забіраюць і замыкаюць у сейфе дырэктара. Забраць дарагую рэч могуць толькі бацькі. Але прафілактычнай гутаркі ў кабінеце дырэктара ім не пазбегнуць.
Псіхолаг: для дзяцей да 7-8 класа дастаткова звычайнай "званілкі"
Мабільны тэлефон патрэбны для таго, каб мы не хваляваліся за сваё дзіця. Так кажуць шматлікія бацькі.
Сёння школьнікі карыстаюцца мабільнікамі, каб гуляць, знаходзіцца ў сацыяльных сетках і шукаць інфармацыю ў інтэрнэце.
А для званкоў тэлефон патрэбны дзецям у апошнюю чаргу, упэўненая псіхолаг з Вілейшчыны Алеся Сэсарава.
Дзеці шмат інфармацыі атрымліваюць у школе ад настаўніка. Да гэтага далучаецца інфармацыя з інтэрнэта. У выніку школьнікі перагружаныя рознымі звесткамі. Ад гэтага церпяць памяць, увага, мысленне. Вучні з цяжкасцю запамінаюць нават невялікую інфармацыю.
Псіхолаг лічыць, што для дзяцей за 7-8 класа дастаткова простай "званілкі" для сувязі з роднымі і сябрамі. Такі тэлефон не будзе спакушаць вучняў адарвацца ад урокаў у школе і ў час выканання дамашняга задання.
А для пошуку неабходных звестак інтэрнэт трэба выкарыстоўваць пад наглядам бацькоў не больш за 1 гадзіну.
У старшакласнікаў у сацсетках віруе віртуальнае жыццё і зносіны. Ім важна абмежаваць знаходжанне ў сетках, мабільныя гульні.
За зварот жа да розных мабільных дадаткаў з даведнікамі і слоўнікамі настаўнік можа нават пахваліць вучня.
Доктар-педыятр: дрэнны ўплыў радыёхваляў ад мабільніка дастаткова не даказаны
Педыятр з Маладзечна Ірына Беларусец расказала, што розныя выпраменьванні, якімі палохаюць карыстальнікаў тэлефонаў, не маюць дастатковых доказаў. Гэта ўсё замежныя даследванні, якія супярэчаць адно другому.
Аднак дакладна можна сказаць, што празмернае карыстанне школьнікаў мабільнымі тэлефонамі пагражае скаліёзам і пагаршэннем зроку.
Вучань 9 класа: нашто мне ў школе мабільнік? Толькі вучыцца перашкаджае
Шматдзетная мама з Маладзечна Марыя Бельская лічыць, што мабільны тэлефон патрэбны дзіцяці ў школе. Ва ўсялякім разе сваім дзяўчынкам-школьніцам тэлефоны яна дае. Кажа, на ўроках карыстацца не дазваляюць, акрамя сур'ёзных патрэб, для якіх тэлефоны і даюцца. На перапынках, па словах дзяцей, карыстацца мабільнікамі можна.
Адзінаццацікласніца з Ільі Марыя Кіпель прызналася, што мабільнік у школу бярэ заўсёды. Але для дзяўчыны – гэта ўсё ж сродак сувязі, а не цацка. У тэлефоне Марыі ёсць доступ да інтэрнэта. А там можна знайсці дадатковую інфармацыю па прадметах. За гэта настаўнікі хваляць.
А вось дзевяцікласнік з Куранца Валеры Дзік прызнаўся, што мабільнік мае, але ў школу не бярэ. Навошта ён мне, не разумее хлопец, толькі вучыцца перашкаджае.