Мікалай Запрудскі
прафесар кафедры
педагогікі і менеджменту адукацыі АПА,
кандыдат педагагічных навук, дацэнт
Як вядома, плануючы ўрок, лагічна спачатку вызначаць мэту, якой патрэбна дасягнуць настаўнікам і вучням. Пасля вызначаем сродкі, якія неабходны для дасягнення гэтай мэты.
Ніжэй у тэксце абмяркоўваецца, як перакулены ўрок працуе на фарміраванне медыйных кампетэнцый вучняў. Калі кіравацца логікай, што зададзена першымі двумя сказамі, то далей патрэбна напісаць пра сутнасць перакуленага навучання (класа, урока – прымяняюцца тры роўназначныя назвы). А потым – на фарміраванне якіх складнікаў медыйнай граматнасці і якім чынам яно працуе. Так і зробім.
Перакуленае навучанне (flipped learning) – гэта мадэль (тэхналогія), для якой характэрная прынцыпова іншая, чым у традыцыйнай практыцы, арганізацыя дзейнасці настаўніка і вучняў. Настаўнік не тлумачыць новы параграф падручніка, навучэнцы пры падрыхтоўцы да ўрока не паўтараюць вывучаную на папярэднім уроку тэму, а самі апераджальна знаёмяцца з новым тэарэтычным матэрыялам з дапамогай рэсурсаў інтэрнэту, падручніка або іншых крыніц. На наступным жа ўроку адбываецца паглыбленне вывучанага, прымяненне новых ведаў, выкананне навучэнцамі творчых работ. Няцяжка заўважыць, што ў гэтай мадэлі хатняя і класная праца мяняюцца месцамі.
У дадзенай тэхналогіі навучання перакульваюцца:
• свядомасць (мысленне) настаўніка, якое характарызуецца зменай яго адносін, перш за ўсё, да адукацыйных вынікаў навучання: прадметныя вынікі, па меншай меры, не адзіная мэта; важна сфарміраваць у дзяцей жаданне, патрэбу, звычку і ўменне вучыцца, а таксама актуальныя ключавыя кампетэнцыі;
• дзейнасць педагога: з пазіцыі «гаворачая галава» – на пазіцыю арганізатара дзейнасці і пазнавальнай камунікацыі навучэнцаў;
• стаўленне навучэнцаў да працэсу пазнання, да сваёй місіі ў вучэнні, што патрабуе высокага ўзроўню іх матывацыі, якая забяспечваецца дэлегаваннем ім адказнасці за адукацыйныя вынікі, актуалізацыяй іх патрэбаў і стварэннем умоў для самарэалізацыі;
• дзейнасць навучэнцаў: з пазіцыі спажыўца гатовай інфармацыі – на пазіцыю актыўнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу, суб’екта, які сам сябе вучыць, дзеліцца атрыманымі ведамі з аднакласнікамі, набывае вопыт вучэння;
• сутнасць хатняй працы вучняў, якая не зводзіцца да паўтору і прымянення раней вывучанага, а забяспечвае падрыхтоўку да наступнай пазнавальнай дзейнасці, арыентаванай на атрыманне практычнага вопыту ў класе;
• сам урок: з месца, на якім даюць веды – на месца, дзе веды прымяняюцца для іх замацавання і паглыблення, дзе ў навучэнцаў выпрацоўваюцца актуальныя сацыяльныя і пазнавальныя кампетэнцыі.
Перакуленае навучанне (ПН) будуецца на наступных ідэях:
• «гульні на поле навучэнцаў». Вучні ахвотней звяртаюцца за iнфармацыяй не да друкаванага слова, а да інтэрнэту; ім прывабна усё тое, што звязана з камп’ютарам і гаджэтамі. Сучасныя дзеці адчуваюць сябе ў віртуальным свеце ў сваёй талерцы;
• выкарыстання навучэнцамі размешчанага ў інтэрнэце вялізнага масіву інфармацыі, якая часта выглядае больш пераканаўча, чым напісанае ў падручніках, носіць інтэрактыўны характар, утрымлівае альтэрнатыўныя тлумачэнні і ацэнкі з’яў рэчаіснасці;
• актыўнасці ў навучанні. Сапраўды, выконваючы заданні па самастойным вывучэнні матэрыялу, па яго візуалізацыі, па пошуку адказаў на пастаўленыя пытанні, па фармулёўцы пытанняў, навучэнцы праяўляюць і сцвярджаюць сябе ў актыўнай дзейнасці;
• уцягнутасці вучняў у агульную дзейнасць з удзельнікамі сваёй групы. Пры гэтым рэалізуюцца патрэбы навучэнцаў у самарэалізацыіі, зносінах, пошуку;
• камбінавання традыцыйнага і камп’ютарнага навучання. У шматлікіх крыніцах гэты сімбіёз называюць змяшаным навучаннем.
Тэхналагічна ПН выглядае наступным чынам. Перад урокам навучэнцы глядзяць дома відэаролікі, у якіх на працягу ад 5 да 15 хвілін выкладаецца асноўны змест тэмы будучага занятку (магчымая замена відэа параграфам падручніка або іншымі рэсурсамі), і выконваюць заданне (скласці план, намаляваць схему, карту памяці, сфармуляваць пытанні да матэрыялу, зрабіць параўнальную табліцу і інш.). Гэтыя заданні важныя, па-першае, для больш глыбокага разумення тэмы і, па-другое, носяць для вучня дыягнастычны характар, паколькі паказваюць яму, наколькі ён засвоіў асноўныя палажэнні тэмы і ці зможа ён прымяняць атрыманыя веды для практычнай работы ў класе. Магчыма выкананне тэста для самакантролю, які прапануе настаўнік ці маецца ў адпаведных адукацыйных сэрвісах. У выпадку цяжкасцяў вучань можа яшчэ раз паглядзець відэаматэрыял, звярнуцца праз сацыяльную сетку да настаўніка або да сваіх аднагодкаў.
На самім уроку вучні, працуючы кааператыўна, паглыбляюць веды па вывучаным матэрыяле, набываюць вопыт іх практычнага прымянення.
Дзякуючы таму, што дзеці працуюць збольшага самастойна або ў малых групах, настаўнік знаходзіць час, каб дапамагчы навучэнцам, мае магчымасць кансультаваць іх.
У сродках педагагічнай інфармацыі можна прачытаць, што аўтарства ПН прыпісваецца розным людзям. Напрыклад, на адным з сайтаў сцвярджаецца, што аўтарамі школьнай тэхналогіі перакуленага навучання лічацца настаўнікі хіміі Аарон Самс і Джонатан Бергман. У 2008 годзе яны сталі запісваць відэаролікі са сваіх лекцый і прапаноўваць іх вучням для папярэдняга хатняга вывучэння. Бясспрэчным лідэрам у прасоўванні ПН з’яўляецца Салман Хан. Ён навучыў матэматыцы сваю пляменніцу з дапамогай відэа, якое размясціў у інтэрнэце. Вопыт стаўся паспяховым, пасля ён запісаў і выклаў у сеціва некалькі тысяч відэаролікаў па розных прадметах. Бясплатнасць і даступнасць ягоных відэаўрокаў прынеслі яму сусветную вядомасць. Салман Хан кінуў паспяховую кар’еру дзеля развіцця сваёй Акадэміі – khanacademy.org
Практыка апераджальнага навучання, якое мае падабенства з навучаннем перакуленым, была і раней, што асабліва праявілася ў вопыце філолагаў. Навучэнцы атрымлівалі заданне прачытаць тэкст і, скажам, адказаць на прапанаваныя пытанні, а на наступным уроку ў класе арганізоўваецца (часцей за ўсё франтальная) праца, звязаная з прачытаным дома тэкстам. Блізкія да ПН настаўнікі замежных моў, якія перадтэкставы і тэкставы этапы працы з аўдыя-, відэа- ці друкаваным матэрыяламі выносяць на хатняе заданне, а на ўроку праводзіцца паслятэкставы этап – разнастайная камунікатыўная практыка.
Для разумення спецыфікі ПН параўнаем па істотных прыметах перакуленыя ўрокі з урокамі, якія праводзяцца ў рамках традыцыйнай мадэлі навучання.
Традыцыйны і перакулены ўрокі
Параметры для параўнання | Традыцыйны ўрок | Перакулены ўрок |
Тып урока | Вывучэнне новага матэрыялу | Прымянення самастойна атрыманых ведаў |
Педагагічныя мэты настаўніка | Маюць пераважна кагнітыўны характар. Калі да навучэнцаў даводзяцца, то перад пачаткам тлумачэння новага матэрыялу | Арыентаваныя і на засваенне прадметнага матэрыялу, і на развіццё асобаснага патэнцыялу навучэнцаў. Магчыма фармулююцца яшчэ ў працэсе задавання хатняга задання |
Змест урока | Стуктурныя адзінкі вучэбнага прадмета, якія вывучаюцца ў большасці на репрадуктыўным узроўні | Навучальны матэрыял, каштоўнасці, актуальныя кампетэнцыі |
Дзейнасць вучняў | Вучні часцей за ўсё пасіўныя. Па плане настаўніка. Зносіны вучняў на ўроку не вітаюца. Акцэнт робіцца на канкурэнцыю паміж імі. Да ўрока з яго зместам не знаёмяцца. На самім уроку пераважна выконваюць ролі слухачоў і назіральнікаў. Пасля ўроку вучні паўтараюць матэрыял, які «прайшлі» на занятку, набываюць некаторы практычны вопыт пры рашэнні задач і выкананні заданняў |
У асноўным актыўная. Вялікая доля самастойнасці. Вучні актыўна супрацоўнічаюць. Да ўрока яны вывучаюць вучэбны матэрыял новай тэмы і выконваюць заданні настаўніка. На ўроку абмяркоўваюць вывучанае з аднакласнікамі, выконваюць рэпрадуктыўныя і творчыя заданні на паглыбленне і прымяненне ведаў. Атрымліваюць кансультацыі ад настаўніка |
Пазіцыя настаўніка | Транслятар гатовых ведаў, якія прадстаўлены ў падручніку. Аддае перавагу франтальным формам работы. Кантралёр засваення матэрыялу абранымі навучэнцамі. У малой ступені – арганізатар пазнавальнай дзейнасці вучняў | Арганізатар папярэдняга вывучэння навучэнцамі матэрыялу новай тэмы. Арганізатар камунікацыі вучняў у дачыненні да вывучанага. Каардынатар самастойнай індывідуальнай ці парнай (групавой) работы навучэнцаў па прымяненні ведаў на рэпрадуктыўным і творчым узроўнях. Кансультант. Мае вялікія магчымасці для індывідуалізацыі навучання |
Метады і сродкі навучання | Метады: тлумачальна- ілюстратыўны і рэпрадуктыўны. Сродкі: слова настаўніка, камп’ютарныя прэзентацыі як ілюстрацыі сказанага педагогам, рэпрадуктыўныя заданні, тэсты. Выкарыстанне смартфонаў і планшэтаў не падтрымліваецца або забараняецца |
Метады: часткова эўрыстычны, даследчы і праблемны. Сродкі: падручнік, рэсурсы інтэрнэту як навучальныя тэксты і ілюстрацыі; кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні. Смартфоны і планшэты вучнямі могуць выкарыстоўвацца |
Кантроль і аценка | Знешні эпізадычны кантроль. Ацэньваюцца адзнакамі толькі тыя вучні, якія адказвалі. Памылка – гэта дрэнна. Прабелы ў ведах праяўляюцца на кантрольнай рабоце | Пераважаюць узаемакантроль і самакантроль. Татальная ацэнка. Памыляцца можна. Прабелы выяўляюцца па ходзе працы і арганізуецца іх аператыўная карэкцыя |
Такім чынам, перакуленае навучанне – прынцыпова іншая мадэль арганізацыі адукацыйнага працэсу. Якія яна мае магчымасці для фарміраванння ў вучняў медыйных кампетэнцый?
Нагадаем, што асноўны змест медыяграматнасці – валоданне вучнямі наступнымі ўменнямі: знаходзіць патрэбную інфармацыю, аналізаваць яе і крытычна ацэньваць, разумець небяспеку, якую нясуць сродкі масавай камунікацыі (распазнаваць фэйкі, бачыць маніпуляцыі), ствараць уласныя медыяпаведамленні з захаваннем этычных і прававых нормаў.
Разгледзім, як перакуленае навучанне працуе на фарміраванне медыяграматнасці вучняў 1) пры выкананні імі апераджальных хатніх заданняў і 2) на самім уроку.
Прапаноўваючы вучням ў якасці хатняга задання знайсці пэўны відэаматэрыял, які адпавядае зададзеным настаўнікам крытэрыям, ён кіруецца жаданнем спрыяць развіццю ў вучняў уменняў пошуку ў інтэрнэце неабходнай інфармацыі і яе ацэнкі, што спрыяе развіццю крытычнага мыслення асобы. Напрыклад, у расійскіх падручніках фізікі напісана, што шматступенчатую ракету прыдумаў К. Цыялкоўскі, а ў беларускіх – што прыярытэт тут належыць нашаму суайчынніку К. Семяновічу. Вучням прапануецца знайсці першакрыніцы, каб спраўдзіць інфармацыю.
Вучням можна даць спасылкі і прапанаваць прачытаць у інтэрнэце два тэксты, у якіх сцвярджаюцца розныя погляды на гістарычныя падзеі, напрыклад, на ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі, Слуцкага збройнага чыну, падзелаў Рэчы Паспалітай. Крытэрыямі да такога задання могуць быць, напрыклад, наступныя: прыведзена не менш чым тры аргументы на карысць сваёй пазіцыі, паказана гістарычнае значэнне падзеі, абгрунтована, чаму крыніцы можна давяраць.
Карыснымі будуць заданні на дэкадаванне медыяпаведамленняў, выяўленне фэйкаў і маніпуляцый. Адпаведныя сродкі, якімі пажадана ўзброіць вучняў, можна запазычыць у кнізе «Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў: дапаможнік для настаўнікаў».
Вядома, што эфектыўным спосабам аналізу інфармацыі з’яўляецца яе перапрацоўка, структураванне, змяненне фармату прадстаўлення. Таму карыснымі заданямі для вучняў, якія працуюць на фарміраванне медыяграматнасці, з’яўляюцца заданні на прадстаўленне атрыманай інфармацыі ў параўнальных табліцах, схемах, картах памяці і інш.
Вельмі карысным з’яўляецца заданне вучням сфармуляваць да тэксту, які вывучаецца дома, пытанні, на якія яны не знайшлі адказаў, якія ўзніклі ад усведамлення вучнем супярэчнасці, праблемнасці; пытанні на ўдакладненне, на развіццё, калі вучань развівае думкі, якія ён пачуў ці ўбачыў у інтэрнэце або ў падручніку. Пры гэтым фарміруецца адчувальнасць да праблем, супярэчнасцяў, што з’яўляецца важным складнікам крытычнага мыслення.
На самім уроку, працуючы ў групах, са зробленымі дома схемамі, табліцамі, пытаннямі, вучні набываюць вопыт аргументаваць свае погляды, крытычна ставіцца да прапанаванай аднакласнікамі інфармацыі, вучаць адно аднога выкарыстоўваць сродкі для яе аналізу і дэкадавання.
Паколькі на самім перакуленым уроку не выдаткоўваецца час на тлумачэнне настаўнікам новай тэмы, вучні маюць магчымасць не толькі для выканання рэпрадуктыўных заданняў, але і для творчай работы – стварэння медыяпаведамленняў для размяшчэння іх на сайце школы, YouTube-канале, у сацыяльных сетках. Тут павінна быць папярэдняя праца настаўніка, які дае вучням патрабаванні да гэтых тэкстаў. За аснову такой працы педагог можа ўзяць рэкамендацыі кнігі, якія змешчаны на старонках 281–296.
Прыклад перакуленага ўрока медаяадукацыйнай накіраванасці таксама можна ўбачыць у згаданай кнізе (с. 170–173).
1. Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў: дапаможнік для настаўнікаў /М.І. Запрудскі, А.А. Палейка, А.У. Радзевіч, Т.П. Мацкевіч і інш.; пад рэд. М.І. Запрудскага. – Мінск, 2016. – 334 с.