«Наш дом / Our Home»: беларуска-англійскі слоўнік у малюнках (глядзець старонкі)

Анастасія Рубанава

Праект «Наш дом», на які цягам апошняга году збіралі грошы праз талаку, нарэшце паспяхова завяршыўся. Фундатарам і валанцёрам у суботу ўвечары прэзентавалі першы беларуска-англійскі слоўнік у малюнках, які выйшаў у выдавецтве «Галіяфы».

 

Суаўтаркі праекта Алена Трацякова (Ялавенка) і Наталля Зенька распавялі, што ідэю шмат гадоў таму падкінуў знакаміты мовазнаўца Зміцер Саўка. Менавіта ён звярнуў увагу тады яшчэ студэнткі Наталлі на тое, што неблага было б выдаць тэматычны беларуска-французскі ці беларуска-англійскі слоўнік.

З таго часу да гэтай тэмы перыядычна вярталіся, але асабліва актуальнай яна стала, калі ў заснавальніц праекту з'явіліся ўласныя дзеці, якіх было вырашана гадаваць па-беларуску. І тады ўзнікла пытанне: а што рабіць маладым бацькам, якія самі не так даўно сталі беларускамоўнымі і самі не заўсёды ведаюць, як тыя ці іншыя рэчы называюцца? Напрыклад, «халадзільнік ці лядоўня?»

Суаўтары кнігі кажуць, што яны імкнуліся стварыць якасны моўны дапаможнік, а таксама зрабіць выданне максімальна карысным для беларусаў.

«Спачатку мы планавалі слоўнік на 1200-1300 слоў, аднак у доме столькі цікавых рэчаў, што кніга «вырасла» да 2000 з гакам адзінак. «Наш дом» змяшчае як амерыканскія, так і брытанскія лексічныя варыянты, якія часта адрозніваюцца ў гэтым семантычным полі. Для транскрыпцый узяты за аснову брытанскі варыянт вымаўлення, які выкладаюць у беларускіх школах і вну», — распавяла Алена Ялавенка. 

Частка кніг накіруецца ў бібліятэкі. Але каб слоўнікі трапілі менавіта да тых, каму яны патрэбны, хто будзе імі карыстацца, некалькі дзясяткаў асобнікаў разыграюць у конкурсе для школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў.

Набыць слоўнік «Наш дом» ўжо зараз можна праз кнігарню «Галіяфы» (http://halijafy.by ). Неўзабаве ён з'явіцца таксама і ў іншых кнігарнях.

Чытаць далей на novychas.by