Хто насамрэч стаіць за «неабавязковай» падпіскай у школах?

14.12.2016

Яўгенія Пастарнак, kp.by

Некалькі месяцаў таму, калі ўсплыў новы віток абавязковай падпіскі, я занялася простай арыфметыкай.

70 рублёў з класа памнажаем на 40 класаў у школе (гэта вельмі сярэдняя школа) – атрымліваем 2800 рублёў за паўгода. 5600 рублёў у год марнуе школа на падпіску, якая нікому не патрэбная.

5600 рублёў  гэта 450 (!!!) кніг, якія можна было б купіць у школьную бібліятэку.

Я напісала запыт ва ўпраўленне адукацыі, атрымала стандартны адказ. Што падпіска, маўляў, не з'яўляецца абавязковай, толькі па жаданні бацькоў. З тых часоў у мяне спее падступны план. Я мару стварыць прэцэдэнт.

Я вельмі хачу, каб знайшоўся смелы дырэктар школы. Каб ён пагадзіўся не выкідаць на вецер 5600 рублёў (гэта вялікія грошы), а «ў мэтах выхавання ды іншага бла-бла-бла» (як напісана ў афіцыйным адказе) купіў бы ў школьную бібліятэку кнігі, якія дзеці і падлеткі рэальна змаглі б чытаць.

Не сто сорак пяты асобнік «Вайны і свету», не энцыклапедыі, якія даўно ёсць у сеціве, а жывыя, сапраўдныя кніжкі, якія насамрэч цікавыя школьнікам. Для даведкі: школьныя бібліятэкі ў нас у краіне не фінансуюцца. Яны камплектуюцца падручнікамі, а на мастацкую літаратуру грошай ім не даюць зусім. Ці амаль зусім.

А для школьніка ж менавіта школьная бібліятэка самая даступная, у школе ён бывае штодня, менавіта ў школе працуе «сарафаннае радыё», і школе пад сілу зрабіць чытанне модным, і тады нават у дзяцей нечытаючых бацькоў з'явіцца невялікі шанец стаць чытачамі.

Цяпер сітуацыя з абавязковай падпіскай ў чарговы раз напалілася, і мне б вельмі хацелася расставіць кропкі над «i» або, як кажуць псіхолагі, максімальна высвятліць сітуацыю.

Раз на паўгода дырэктары школ атрымліваюць ліст, у якім напісана, колькі і чаго школа павінна выпісаць. Дакумент прыходзіць без подпісу.

У спісе ёсць цудоўныя выданні. І газета «Во славу родины», і «Коммунист Беларуси», і  не да ночы згаданы  «Юный спасатель» у колькасці 2 штукі ад кожнага класа.

Міністэрства адукацыі да гэтай рассылкі дачынення не мае.

Упраўленне адукацыі таксама кажа, што нічога нікому не рассылае.

Увага, пытанне! Хто ж дасылае спісы дырэктарам?

Дырэктар школы падпарадкоўваецца адначасова дзвюм арганізацыям - Міністэрству адукацыі і Упраўленню адукацыі. Па ідэі, больш ніхто дырэктару загадваць не можа.

Гэта значыць, альбо дзве названыя арганізацыі хлусяць, альбо ў нас у краіне існуе банда махляроў, якія вымагаюць грошы ў бацькоў.

Лагічна?

Тады, паважаныя дырэктары, давайце публікаваць электронныя адрасы, з якіх прыходзяць спісы, і вылічым усім светам, хто ж стаіць за гэтай самай абавязковай «неабавязковай» падпіскай.

І яшчэ раз вяртаемся да простай арыфметыкі.

40 класаў у школе па 25 чалавек у класе гэта тысяча сем'яў.

У Мінску 250 школ - 250 000 сем'яў, але ўлічым шматдзетнасць, хай застанецца палова - 125 000 сем'яў добраахвотна (!) фінансуюць газету «Коммунист Беларуси».

«Юный спасатель», як можна прачытаць у яго на сайце, з 2014 года змяніў фармат, і цяпер гэта поўнакаляровае выданне на 24 старонках. За вашыя грошы любы капрыз, дарагія падпісчыкі! Усяго два асобнікі ад кожнага класа ў краіне - і вось вам поўнакаляровае выданне.

Дарагія бацькі, пацікаўцеся ў сваіх дзяцей, ці бачылі яны калі-небудзь часопіс «Юный спасатель». А потым задумайцеся, калі ласка, навошта вы працягваеце за гэта плаціць?

Уся цяперашняя сістэма падпіскі, псеўдаабавязковых экскурсій ды іншых тэатраў, якія прыязджаюць у школы, пабудаваная на страху і хлусні.

Адмовіцца нельга. Цябе з усіх бакоў шантажуюць тым, што «дзіця знервуецца», «у класнага кіраўніка будуць непрыемнасці», і самы жалезны аргумент  «вы ж разумееце...».

І ўсё бы нічога, але гэтая сістэма працуе наўпрост з нашымі дзецьмі, а сістэма, якая пабудаваная на страху і хлусні, можа навучыць толькі хлусіць і баяцца.

Выдатны дзіцячы паэт Грыгоры Остэр неяк у інтэрв'ю сказаў, што «дарослых лячыць позна. Трэба проста чакаць, пакуль яны вымруць і іх месца зоймуць падрослыя дзеці».

Крыўдна, калі месца  дарослых, што хлусяць і баяцца, зоймуць дзеці, што хлусяць і баяцца.

Ці, можа быць, разарвём гэтае замкнёнае кола?

Я па-ранейшаму чакаю дырэктара школы, які гатовы папоўніць школьную бібліятэку. Дапамагу чым змагу - кнігамі, бібліятэчнымі ўрокамі, сустрэчамі з пісьменнікамі, размовамі з настаўнікамі.