ЮВ, Сяргей П. 19.12.2016
Паводле палітолага Вольгі Харламавай, Расія вядзе інфармацыйную вайну, якая прадугледжвае стварэнне адпаведнага інфармацыйнага фону ды маральных каштоўнасцяў, напаўняючы новым сэнсам такія падвойныя паняцці як: свой-чужы, дабро-зло, правільна-няправільна.
Выкарыстоўваючы доўгатэрміновыя схемы падмены паняццяў «той, хто сёння зʼяўляецца братам, ён заўтра можа стаць ворагам, фашыстам або бандэраўцам», – мяркуе Харламава.
Галоўнымі сродкамі расейскай «інфармацыйнай аперацыі» палітолаг называе навіны ды палітычныя кампаніі па пошуку вонкавага ворага. Але ёсць і нетрадыцыйныя сродкі ўплыву: серыялы, кіно, ток-шоу, чуткі.
«У 90-ых у серыялах “добрымі” былі тыя, хто выступаў супраць праваахоўных органаў. У 2000-ых пачалі здымаць серыялы пра “доблестные” праваахоўныя органы… Праз пэўны час паўстаў вобраз міліцыянта-героя», – распавядае Вольга Харламава.
Паводле яе, Расея стварыла некалькі серыялаў, якія «легітымізуюць» дзейнасць расейскіх сілавікоў на тэрыторыях іншых краінаў.
«Напрыклад, серыял “Морские дьяволы”, у якім з другога сезону працаўнікі расейскіх спецслужбаў пачалі дзейнічаць на тэрыторыі Украіны. Калі такія працаўнікі, “зялёныя чалавечкі” зʼяўляюцца ў Крыме, то яны ўжо не ўспрымаюцца як ворагі, шпіёны або дыверсанты, а як людзі, якія маюць права там знаходзіцца», – дзеліцца сваймі развагамі Харламава.